Беларускае выдавецкае таварыства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Знак Беларускага выдавецкага таварыства ў «Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры» Ігната Дварчаніна.

Белару́скае выдаве́цкае тавары́ства (БВТ) існавала ў Вільні ў 19131915 і 19191930 гг., выдавала і распаўсюджвала творы беларускай літаратуры.

Заснавана 01(14) ліпеня 1913 г. на базе выдавецтва «Нашай Нівы» Б. Даніловічам, І. Луцкевічам, К. Шпакоўскім і іншымі. Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Галоўную мэту сваёй дзейнасьці бачыла ў духоўным адраджэньні беларускага народу. У 1913—1914 сакратаром выдавецтва працаваў Янка Купала. Старшынём яго стаў Вацлаў Іваноўскі, які прадставіў суполцы памяшканьне і грашовыя сродкі, значныя субсідыі таварыству выдзяляла княгіня Магдалена Радзівіл.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы этап існаваньня (1913—1915)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На першым этапе існаваньня выпусьціла ў сьвет 15 кніг агульным тыражом 50 тыс. экз. Сярод іх творы Я. Коласа, М. Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К. Буйло, П. Беларуса, Я. Лёсіка і інш., «Велікодная пісанка», «Апавяданьні і легенды вершам», «Беларускія календары» на 1914, 1915.

Цэнтрам распаўсюджаньня выдадзеных кніг стала заснаваная ў жніўні 1913 пры ўдзеле БВТ беларуская кнігарня Вацлава Ластоўскага. У той час гэта было адзінае беларускае выдавецтва, якое выплачвала аўтарскія ганарары.

Выдавецтва спыніла дзейнасьць у 1915 з прычыны Першай сусьветнай вайны.

Другі этап існаваньня (1919—1930)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таварыства аднавіла дзейнасьць ў 1919 (напачатку з дадаткам у назьве «Крыніца»). Выпускала навукова-папулярную, навучальную і мастацкую літаратуру. Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў сярэдзіне 1920-х гадоў актывізаваў працу выдавецтва. У яго кіраўніцтва (працавала на каапэратыўных пачатках) уваходзілі вядомыя культурна-грамадзкія дзеячы Заходняй Беларусі. Вядчае месца заняло выданьне мастацкай літаратуры.

У другі пэрыяд існаваньня ў таварыстве выйшлі «Выбраныя твооры» Я. Коласа, п’есы «У іншым шчасьці няшчасьце схавана» К. Каганца, «Суд» У. Галубка, «Атрута» М. Гарэцкага, «Лекары і лекі» А. Гаротнага, зборнік вершаў «зорным шляхам» Х. Ільяшэвіча, зборнік заходнебеларускіх паэтаў і пісьменьнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І. Дварчаніна, крытычныя нарысы «Адбітае жыцьцё» А. Навіны, філасофскія эцюды «Адвечным шляхам» І. Абдзіраловіча (І. Канчэўскага), успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» А. Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі» М. Доўнар-Запольскага і іншыя.

У перакладзе на беларускую мову выдадзены творы М. Лермантава, У. Караленкі, У. Гаршына, Г. Сянкевіча. Выдала кнігу палітычных і эканамічных артыкулаў "Зборнік «Наша ніва», працы па пэдагогіцы С. Паўловіча, вучэбныя дапаможнікі «Беларуская правапісь з практыкаваньнямі» і «Правапісь чужых слоў» Я. Станкевіча, зборнік артыкулаў аб каапэрацыі, кнігі па сельскай гаспадарцы Я. Пачопкі, «Беларускі сьпеўнік з нотамі» (вып. 1, у яго ўвайшлі народныя песьні і творы, народжаныя вызваленчым рухам), «Беларускія календары» на 1926, 1927 і 1929.

Спыніла дзейнасьць у пачатку 1930-х гадоў пасьля забароны ўрадам Польшчы легальных форм вызваленчага руху.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларуская кнігарня. // Беларуская справа : газэта. — 9 красавіка 1926. — № 1. — С. 1, 5.
  • Александровіч, С. Пуцявіны роднага слова. - Мн., 1971.
  • Туронак, Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі / Юры Туронак. - Мн., 2006.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]