Гедзімін
Гедзімін Вялікі | |
![]() | |
Гедзімін Вялікі (уяўны партрэт) З Коданскай галерэі, 1709 год | |
![]() | |
1316 — 1341 | |
Папярэднік | Віцень |
Наступнік | Яўнут |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 23 лютага 1275, |
Памёр | 1341 , |
Нашчадкі |
сыны: Манівід, Нарымонт-Глеб, Альгерд, Кейстут, Любарт-Фёдар, Карыят-Міхал, Яўнут-Іван дачкі: Альдона-Ганна, Данміла-Лізавета, Бірута (умоўнае імя), Марыя Старэйшую, Аўгустп-Анастасія, Марыя Малодшая і Яўхімія |
Дынастыя | Гедзімінавічы |
Жонка |
1-я: Віда 2-я: Вольга Ўсеваладаўна 3-я: Леанідыя |
Ґедзімін, Ґедымін[2] (23 лютага[3] 1275—1341) — вялікі князь літоўскі (1316—1341).
У часы Гедзіміна Вялікае Княства Літоўскае стала моцнай ўсходне-эўрапейскай дзяржавай, яго тэрыторыя павялічылася ўдвая. Апрача Вільні, мураваныя замкі зьявіліся ў Медніках, Лідзе, Крэве, Віцебску. Узмацнілася запазычаньне элемэнтаў заходне-эўрапейскай культуры. Адначасна Гедзімін паклаў падмурак рускаму вэктару палітыкі ВКЛ, які разьвіваўся ў наступныя дзесяцігодзьдзі. Яго шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедзімінавічаў[4].
Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Агульнапрынятага тлумачэньня імя Гедзімін няма[5]. Існуе некалькі гіпотэзаў, якія ўмоўна можна вызначыць як «хрысьціянскую», «летувіскую», «скандынаўскую» і «заходнебалцкую» («германскую»).
Адна зь першых спробаў растлумачыць імя Гедзімін належыць расейскаму лінгвісту Ўладзіславу Юргевічу. У сваёй працы, апублікаванай у 1883 годзе, ён прыводзіў формы Гедзіман, Едзіман і Едзімей і выводзіў Гедзіміна зь Віндзем'яна. Пры гэтым ён абгрунтоўваў рускі характар імя наяўнасьцю старажытнага сяла Едзімонава каля Цьверы[6].
У летувіскай гістарычнай навуцы імёны вялікіх князёў літоўскіх называць «старажытнымі летувіскімі імёнамі», хоць пры гэтым прызнаюць, што іх цяжка патлумачыць з пункту гледжаньня летувіскай мовы[7]. Прычыну такой супярэчнасьці летувіскія дасьледнікі тлумачаць тым, што г.зв. «летувіскія» двухасноўныя імёны (у адрозьненьне ад аналягічных славянскіх) гістарычна страцілі сваю сэмантыку[7], тым часам летувіская мова (якую параўноўваюць з санскрытам і старажытнагрэцкай мовай) лічыцца адной з найбольш архаічных моваў, бо яна ў найбольшай ступені захавала асаблівасьці праіндаэўрапейскай мовы[8]. Сучасны летувіскі гісторык Томас Баранаўскас тлумачыць імя Гедзімін (лет. Gediminas) празь летувіскую мову як «Той, хто імкнецца думаць» (лет. gedauti — «тужыць» і лет. mintis — «думка»)[9]. Тым часам у сярэдзіне XIX ст. высоўваліся іншыя тлумачэньні: летувіс Даўгдарыс у газэце «Tygodnik petersburski» (ад 17 ліпеня 1850) перакладаў імя «Гедзімін» як «Выдатны сьпявак», у тым жа выданьні іншы летувіскі аўтар Даніла прапаноўваў пераклад «Той, хто топча сорам». Гэтыя тлумачэньні У. Юргевіч вызначыў як «кур’ёзныя»[10].
У беларускай гістарычнай навуцы існуе вэрсія (аўтар Лявон Галяк), паводле якой другая частка імя Гедзімін — «-Гедзі» выводзіцца з скандынаўскіх моваў, у якіх ёсьць слова gedigen — «праўдзівы». Другая частка «мін-» тлумачыцца як min — «мой»[11]. Сучасны беларускі гісторык В. Чаропка паказвае на паралелі імя Гедзімін з кельцкім анамастыконам[12]. Беларускі гісторык П. Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» выказвае меркаваньне, што германскі корань gede- (god-, gode-) паходзіў ад тэрміна god (gud) — «бог» — і ўжываўся ў значэньні «добры», «прыязны», тым часам германскае magin (megin) азначае «сіла», «улада», «энэргія». Адсюль, імя Гедзімін значыла, відаць, «Добры валадар»[13]. Таксама дасьледнік прыводзіць іншае тлумачэньня другой часткі ад minne — «любоў», «каханьне». У такім разе імя Гедзімін магло азначаць «Дабралюб»[13]. Аналягічныя тлумачэньні прыводзіць і гісторык беларускай літаратуры Алесь Бразгуноў[14].
Формы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У сучаснай беларускай гістарычнай літаратуры ўжываюцца формы Гедзімін[5][12][13][15][16][17] і Гедымін. Беларускі мовазнаўца Ігар Капылоў прыводзіць наступныя варыянты імя: Гедиминъ, Гедименъ, Гедиманъ, Едеминъ, Кедмин, Скиндимин, Гердимин, Gеdіmіnnе, Ghоdеmіnnе, Gоdеmіnnus[5]. У пісьмовых крыніцах сустракаюцца варыянты Кгидимин, Кгедимин, Скиндимин, Jedimin, Giedimont[16]. У Хроніцы Быхаўца ўжываецца форма Giedymin, дзе аднак «y» чытаецца як «і». Гісторык Мікола Ермаловіч паказвае на тое, што ўва ўсіх крыніцах гук «д» вымаўляецца як мяккі, таму ў сучаснай беларускай мове гэтае імя павінна пісацца ў форме «Гедзімін»[18].
На думку мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, форма Гедымін (польск. Giedymin) узьнікла пад уплывам польскай мовы. Сваё меркаваньне ён абгрунтоўвае напісаньнем імя ў гістарычных крыніцах, а таксама тым, што балцкія мяккія [d’, t’] па-беларуску перадаюцца празь дзь, ць. Гэта даводзяць агульныя словы (дзірван) і мноства беларускіх назваў балцкага паходжаньня (Гедзевічы, Дзітва, Дзірмуны, Жодзішкі, Гадуцішкі, Гудзішкі, Відзішкі, Юрацішкі і іншыя) і сучаснае беларускае прозьвішча Гедзімін. Тым часам польскія напісаньні беларускіх імёнаў часта не перадаюць дзеканьня-цеканьня (Witebsk, Derewno) і ўтварыліся праз тое, што польскі пісар перадаваў кірылічныя напісаньні палітарна. Апроч таго з імёнамі вялікіх князёў існуе беларуска-польская заканамернасьць: Трайдзень — Trojden, Будзівід і Будзікід — Butywid і Butygejd, Віцень — Witenes, Таўцівіл — Towtywił (апроч таго, імёны Радзівіл, Эрдзівіл перш мелі ў польскай напісаньне Radywił, Erdywił). Цьвёрдасьць у антрапоніме «Гедымін» выразна пярэчыць гэтай сыстэмнай рысе[19].
Тым часам гісторык Аляксандар Краўцэвіч падтрымлівае форму «Гедымін». Ён прызнае, што з пункту гледжаньня мовазнаўства Вінцук Вячорка мае рацыю. Аднак паводле А. Краўцэвіча, у Беларусі склалася практыка ўжываньня формы «Гедымін». У якасьці прыкладу ён прыводзіць «Нарысы гісторыі Беларусі» (Частка 1. Менск, 1994), шасьцітомная «Гісторыя Беларусі» (Т. 2. Менск, 2008), тэксты гісторыкаў Георгія Галенчанкі, Паўла Лойкі, Генадзя Сагановіча[19]. У жніўні 2018 году Рэспубліканская мастацка-экспэртная рада па манумэнтальным і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве (відаць, па запыце ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі) рэкамэндавала для помніка вялікаму князю ў Лідзе подпіс «Гедымін»[19].
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паходжаньне і радавод[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Позьняя традыцыя, зафіксаваная ў літоўскіх (беларускіх) летапісах, лічыла Гедзіміна сынам Віценя, аднак у дыпляматычным ліставаньні Гедзіміна з рыскім магістратам ён завецца братам Віценя[15]. Некаторыя сучасныя дасьледнікі лічаць, што Гедзімін быў сынам ці зяцем яцьвяга Скаламенда, а іншыя — што ягоным бацькам быў Лютавер.
Гедзімін браў шлюб тройчы. Зь першай жонкай, жамойткай Відай, ён меў сыноў Вітаўта (іншым разам лічыцца мітычнай асобай), Манівіда, Нарымонта-Глеба. З другой, з полацкай князёўнай Вольгай Усеваладаўнай — Альгерда і Кейстута. З трэцяй, смаленскай ці тураўскай князёўнай Леанідыяй (яе на падставе зьвестак Тэадора Нарбута часам завуць Еўнай) — Любарта-Фёдара, Карыята-Міхала, Яўнута-Івана. Іхныя шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедзімінавічаў. Апроч таго, меў 7 дачок — Альдону-Ганну, Данмілу-Елізавету, Біруту (умоўнае імя), Марыю Старэйшую, Аўгусту-Анастасію, Марыю Малодшую і Яўхімію.
Воін-Васіль Полацкі і Фёдар Кіеўскі часам лічацца братамі Гедзіміна і, адпаведна, сынамі Віценя, але хутчэй за ўсё ня мелі дачыненьня да роду Гедзіміна, хоць і дзейнічалі ў хаўрусе зь ім.
Валадараньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Княжаньне Гедзіміна распачалося паміж кастрычнікам 1315 году (апошні ўпамін пра Віценя) і чэрвенем 1317 году. Пачатак ягонага валадараньня вызначыўся ўтварэньнем у Вялікім Княстве Літоўскім самастойнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі, падпарадкаванай беспасярэдне канстантынопальскаму патрыярху (існавала ў 1317—1330 гадох, цэнтар — Новагародак), і спробай нармалізаваць адносіны з каталіцкім Захадам.
Не пазьней за 1320 год Гедзімін заснаваў мураваны замак у Вільні, які стаў яго галоўнай рэзыдэнцыяй. Таксама ў гэтым жа годзе ён заснаваў Беласток. Каля 1321 году Гедзімін збудаваў у Вільні касьцёл для манахаў-францішканаў і аднавіў іх касьцёл у Наваградку, збудаваны яшчэ Віценем і спалены ў выніку нападу крыжакоў.
У 1318 годзе сын Гедзіміна Альгерд ажаніўся з дачкой апошняга віцебскага князя з Рагвалодавічаў, а ў 1320 годзе пачаў княжыць у Віцебску. У 1320 годзе шлюбам дачкі Гедзіміна Марыі зь вялікім князем цьвярскім Дзьмітрыем Міхайлавічам быў замацаваны хаўрус зь Вялікім княствам Цьвярскім. У 1322 годзе другі зяць Гедзіміна і яго намесьнік у Горадні Давыд Даўмонтавіч быў кароткі час князем Пскова, што прывяло да выхаду Пскова з-пад кантролю Ноўгараду. Каля 1322 году пад уладу Вялікага Княства Літоўскага перайшлі Берасьцейшчына і Падляшша, пра што паведамляюць позьнія літоўскія (беларускія) летапісы (ускосна пацьвярджаецца пералікам ваяводаў Галіцка-Валынскага княства 1335 году, у якім адсутнічаюць ваяводы з гэтых зямель). У 1323 годзе адбыўся набег літоўскага войска на наўгародзкую воласьць Вялікія Лукі. Пад беспасярэднюю ўладу Гедзіміна адыйшлі ў 1320-я гады Таропецкае і Ржэўскае княствы на поўначы Смаленскай зямлі.

У траўні 1323 году Гедзімін праз Рыгу зьвярнуўся з шэрагам лістоў да Рымскай Курыі, Ганзейскага хаўрусу, саксонскіх рэзыдэнцыяў францішканскага і дамініканскага ордэнаў. У гэтых лістах Гедзімін, тытуляваны як «кароль Літвы і Русі, уладар і князь Жамойці», запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае манахаў і майстроў розных спэцыяльнасьцяў, гарантаваў ім розныя прывілеі. 20 кастрычніка 1323 году Гедзімін склаў мір з рыскім арцыбіскупам і магістратам Рыгі (гэтак званая Дамова 1323 году). Межы Вялікага Княства Літоўскага і Лівонскага ордэна абвяшчаліся адкрытымі для гандлю і вольнага перамяшчэньня людзей. Дачыненьні з Тэўтонскім ордэнам на прускай мяжы засталіся варожымі, у пачатку 1324 адбыўся шэраг нападаў на Жамойць, у ліпені — аблога войскамі Вялікага Княства Літоўскага ордэнскага замка Хрыстмэмэль. У кастрычніку 1324 году рымскі папа Ян XXII накіраваў сваіх легатаў, упаўнаважаных ахрысьціць Гедзіміна. Аднак у апошні момант Гедзімін адмовіўся ад прыняцьця каталіцтва, бо задаволіўся мірам з Тэўтонскім ордэнам, складзеным у лістападзе 1324 году з дапамогай легатаў. Адначасна вялікі князь наладзіў добрыя стасункі з Польшчай і ў 1325 годзе выдаў сваю дачку Альдону-Ганну за Казімера, сына караля Ўладзіслава Лакетка.
Полацкі князь Воін-Васіль і менскі князь Фёдар Сьвятаслававіч зваліся «братней» Гедзіміна, гэта значыць былі ў васальнай залежнасьці ад яго, хоць і мелі высокі статус, бо зваліся «братамі» (відаць, малодшымі), а не «сынамі». З гэтага бачна, што пачатыя яшчэ пры Войшалку стасункі Вялікага Княства Літоўскага з Полацкай зямлёй не перапыняліся. Гэтыя князі ў 1326 годзе былі пасламі Гедзіміна ў Ноўгарадзе (Воін-Васіль узначальваў яго), вынікам якога было складаньне міру з Ноўгарадам і аднаўленьне міру зь Інфлянтамі. Сфэра ўплыву Гедзіміна на Русі няўхільна пашыралася. У 1327—1329 гадох у Пскове па Давыдзе княжыў цьвярскі князь Аляксандр Міхайлавіч, які абапіраўся на падтрымку Гедзіміна.
У 1326 годзе Гедзімін накіраваў войска ў 1200 вершнікаў на чале з Давыдам Гарадзенскім, якое спустошыла зямлю варожага Польшчы Брандэнбурскага маркграфства. А ў 1328 годзе ўмяшаўся ў канфлікт паміж рыскім магістратам і Лівонскім ордэнам, напэўна, спадзеючыся, што гэта прывядзе да ліквідацыі ордэна. Увосень 1329 году ён на просьбу рыжанаў спустошыў уладаньні ордэна, а ўвесну 1330 году — уладаньні рыскага арцыбіскупа. Аднак закалот скончыўся паразай месьцічаў і дакананьнем імі міру з ордэнам (30 сакавіка 1330 году), што прывяло да аднаўленьня вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і крыжакамі. Супольны напад прускай і лівонскай галін ордэна на Жамойць адбыўся ўжо ў сакавіку 1330 году. У адказ у верасьні таго ж году Гедзімін паслаў войска на дапамогу польскаму каралю, які ажыцьцявіў напад на Прусію. У далейшым напады ордэнскіх рыцараў на Вялікае Княства Літоўскае сталі рэгулярнымі: яны адбываліся ў 1332, 1333 (да Полацку), 1334 (да Полацку), 1339, 1340 гадох.
Аднаўленьне вайны на захадзе не спыніла рускіх справаў Гедзіміна, хоць і ўскладніла іх. Хаўрусьнік Гедзіміна цьвярскі князь Аляксандар у 1329 годзе страціў Пскоў, але ў 1331 годзе ў другі раз атрымаў яго пры дапамозе Гедзіміна і заставаўся пскоўскім князем да 1337 году. У 1331 годзе Гедзімін зрабіў няўдалую спробу правесьці на вакантную пасаду пскоўскага япіскапа свайго вылучэнца Арсенція. Пра памер уплыву Гедзіміна на Русі ў гэты час сьведчыць тое, што другі кандыдат у япіскапы, якога Гедзімін імкнуўся захапіць, праехаў у Ноўгарад з Валыні толькі вакольным шляхам праз Бранск і Таржок, прычым ля Кіева яго ледзь не захапіў кіеўскі князь Фёдар.
Хаўрусьнікамі Гедзіміна ў той час былі смаленскі князь Іван Аляксандравіч (называў Гедзіміна «братъ мой стареиший Кедименъ»[a]), казельскі князь Аляксандар Мсьціслававіч — зяць Гедзіміна. У 1331 годзе Гедзімін аддаў сваю дачку Яўфімію за галіцка-валынскага князя Баляслава-Юрыя. У 1333 годзе сын Гедзіміна Нарымонт-Глеб быў запрошаны князем у Ноўгарад, што было праявай палітычнага зьвязу паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Ноўгарадам, накіраванага супраць маскоўскага валадара Івана Каліты. Аднак Гедзімін пазьбягаў наўпростага супрацьстаяньня з Масквой і ў 1333 годзе аддаў дачку Аўгусту за Сямёна Гордага, сына Каліты. Да 1338 году Нарымонт зьехаў з Ноўгараду і пачаў княжыць у Полацку і, магчыма, таксама ў Пінску, але захаваў сваіх намесьнікаў у некалькіх воласьцяў, падараваных яму ноўгародцамі (Ладазе, Арэшку, Карэле і палове Капор’я).
Літоўскія летапісы паведамляюць пра заваяваньне Гедзімінам Кіеўскай зямлі, але гэты сюжэт большасьць дасьледнікаў лічыць мітычным. Тым часам у Кіеве ў 1322—1363 гадох княжыў Фёдар — хутчэй за ўсё брат Гедзіміна (роднае імя Фёдара было, імаверна, Міндоўг). Запісы канцылярыі маскоўскага мітрапаліта Феагноста называюць князя Фёдара «братам Гедзіміна»[20]. Існуюць зьвесткі, што князь Фёдар падпарадкоўваўся татарскаму баскаку. У 1340 годзе памёр апошні галіцка-валынскі князь Баляслаў-Юры, што дазволіла ўладкавацца на Валыні малодшаму сыну Гедзіміна Любарту. Канчатковы падзел галіцка-валынскай спадчыны паміж Вялікім Княствам Літоўскім, Ардой і Польшчай адбыўся ўжо па сьмерці Гедзіміна. Ён загінуў узімку 1341—1342 гадоў, напэўна, пры аблозе ордэнскага замка Баэрбург. На падставе чэскай крыніцы існуе вэрсія пра атручваньне Гедзіміна[21].
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Уяўныя партрэты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Уяўныя партрэты вялікага князя Гедзіміна
З хронікі А. Гваньіні «Апісаньне Эўрапейскай Сарматыі», 1578 г.
У мастацтве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікі князь Гедзімін у мастацтве
Уваход Гедзіміна ў Кіеў. З кнігі Л. Ходзькі «La Pologne», 1824 г.
Гедзімін будуе Віленскі замак. М. Э. Андрыёлі, 1882 г.
Лізьдзейка тлумачыць сон Гедзіміна. М. Э. Андрыёлі, 1882 г.
Пахаваньне Гедзіміна. К. Альхімовіч, 1888 г.
Папярэднік Віцень |
Вялікі князь літоўскі 1316—1341 |
Наступнік Яўнут |
Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Liv-, Est-, und Kurlandisches Urkundenbuch. T. 2, №746. P. 332.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Бэрлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118746545 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016.
- ^ Ґедымін = Giedymin(недаступная спасылка) // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ Дзьве даты: 23 лютага // Чырвоная зьмена. — 23 лютага 2011. — № 7 (15658). — С. 2.
- ^ Насевіч В. Гедзімін // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 520.
- ^ а б в Капылоў І. Гедзіміны(недаступная спасылка) // «Звязда». №85, 8 мая 2012. С. 4.
- ^ Юргевич В. Опыт объяснения имён литовских князей // Чтения в императорском обществе истории и древностей российских. — М., 1883. Кн. 3. С. 27.
- ^ а б Литва. Краткая энциклопедия / ред. Микаллаюнас. — Вильнюс: Главная редакция энциклопедий, 1989. С. 121.
- ^ Свяжынскі У. Літоўская мова // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 208.
- ^ Баранаўскас Т. Древние литовские имена(рас.). Пэрсанальны сайт Томаса Баранаўскаса. Праверана 17 кастрычніка 2010 г.
- ^ Юргевич В. Опыт объяснения имён литовских князей // Чтения в императорском обществе истории и древностей российских. — М., 1883. Кн. 3. С. 28.
- ^ Галяк Л. Аб паходжаньні вялікіх князёў літоўскіх // «Спадчына». № 6, 1993. С. 54—62.
- ^ а б Чаропка В. Паходжанне і радавод вялікіх князёў літоўскіх // «Беларускі гістарычны часопіс» №6 (?), 2001. С. 42—53.
- ^ а б в Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2003. С. 143.
- ^ Бразгуноў А. Генезіс імёнаў вялікіх князёў літоўскіх // Беларуская анамастыка. Гісторыя і сучаснасць: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Менск, 20 красавіка 2010 г.) / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы; рэдкал.: І. Капылоў і інш.]. — Менск: Права і эканоміка, 2010. С. 209—213.
- ^ а б Насевіч В. Гедзімін // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 519.
- ^ а б Ермаловіч М. Гедзімін // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 501.
- ^ Ермаловіч М. Гедзімін // БЭ. Т. 5. — Менск, 1997. С. 131.
- ^ Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. — Менск: ВЦ «Бацькаўшчына», 1994. С. 10.
- ^ а б в «Гедымін» перамог «Гедзіміна». Навукоўцы паспрачаліся праз помнік князю ў Лідзе // Радыё Свабода, 24 жніўня 2018 г.
- ^ Шабульдо Ф. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. — Киев: «Наукова Думка», 1987. [1]
- ^ Ермаловіч М. Гедзімін // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 502.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1997. — 576 с.: іл. ISBN 985-11-0090-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гедзімін — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|