Віленскія гарадзкія ўмацаваньні
Помнік абарончай архітэктуры | |
Віленскія гарадзкія ўмацаваньні
| |
Фраґмэнт рэканструанаванай часткі Віленскага муру
| |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Каардынаты | 54°40′13″ пн. ш. 25°17′32″ у. д. / 54.67028° пн. ш. 25.29222° у. д.Каардынаты: 54°40′13″ пн. ш. 25°17′32″ у. д. / 54.67028° пн. ш. 25.29222° у. д. |
Дата заснаваньня | 1503 |
Статус | Ахоўная зона |
Віленскія гарадзкія ўмацаваньні | |
Віленскія гарадзкія ўмацаваньні на Вікісховішчы |
Віленскія гарадзкія ўмацаваньні — помнік гісторыі і архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце. Твор архітэктуры позьняй готыкі і рэнэсансу. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Комплекс фартыфікацыйных пабудоваў складаўся з гарадзкіх муроў (даўжынёй каля трох кілямэтраў), артылерыйскага бастыёну з Барбаканам, Рудніцкай (Круглай) і Спаскай вежаў, а таксама дзесяці брамаў — Спаскай, Вострай (Медніцкай), Вялейскай (Віленскай), Троцкай, Замкавай, Рудніцкай, Субачу, Татарскай, Мокрай (Марыі Магдалены) і Бэрнардынскай. У 1800—1805 гадох улады Расейскай імпэрыі зьнішчылі муры, вежы і большасьць брамаў. Да нашага часу захавалася Вострая брама, асобныя фрагмэнты муроў (каля 500 мэтраў) і артылерыйскі бастыён.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яшчэ ў 1387 годзе Ягайла дазволіў мяшчанам Вільні збудаваць гарадзкія муры. Аднак рэальныя працы пачаліся толькі ў XVI стагодзьдзі[1]. Сваім прывілеем ад 6 верасьня 1503 году вялікі князь Аляксандар абавязаў жыхароў места абнесьці яго мурамі і вызваліў іх ад вайсковай службы. На затрымку ў будаваньні муроў паўплывала існаваньне зручнай сыстэмы Віленскіх замкаў і адносна спакойнае XV стагодзьдзе. Але пачатак татарскіх наездаў і нарастаньне пагрозы з боку Маскоўскай дзяржавы, а таксама жаданьне кантролю за ўсімі прыезжымі, у тым ліку дзеля спраўнага атрыманьня мыта, прымусілі вялікакняскія і мескія ўлады распачаць будаваньне агульнамескіх фартыфікацыяў.
Памылковая традыцыя датаваць будаваньне гарадзкія муры 1493—1503 гадамі ідзе ад публікацыі Тэадора Нарбута ў 1848 годзе, што давёў у 1926 годзе Генрык Лаўмянскі. Працы першага этапу скончыліся ў 1522 годзе. У абарончую сыстэму ўлучылі прыродныя аб’екты ваколіцаў места. У той час, апроч муроў, збудавалі пяць брамаў: Спаскую, Вострую (Медніцкую, Вялейскую, Троцкую і Замкавую. Пазьней колькасьць брамаў павялічылася да 7, а потым і да 10: Рудніцкая, Субач, Татарская, Мокрая, Бэрнардынская. Апроч таго, збудавалі дзьве вежы — Рудніцкую і Спаскую, а таксама Барбакан. Усе гэтыя аб’екты, як сьведчыць плян умацаваньня Вільні Фрыдрыха Гетканта, збудавалі да 1648 году. Каля 1600 году места абнесьлі другой лініяй гарадзкой сьцяны з драўлянага частаколу[2].
Па тым, як за часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе места захапілі войскі маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча, праводзілася аднаўленьне фартыфікацыяў. У 1672 годзе ўмацаваньнямі зь бярвеньняў і зямлі заклалі Татарскую браму, у 1677 годзе — Мокрую браму[3].
Калі за часамі Вялікай Паўночнай вайны ў красавіку 1702 году Вільню занялі швэдзкія войскі Карла XII, яны ўмацавалі вежы брамаў. У 1748 годзе ўсходнюю частку муроў пашкодзіў пажар. Магістрат не патурбаваўся пра іх аднаўленьне і нават дазволіў разбор муроў. У 1789 годзе праводзіўся грунтоўны рамонт муроў і брамаў.
У час паўстаньня 1794 году гарадзкія ўмацаваньні штурмавалі войскі Расейскай імпэрыі, у выніку чаго пацярпелі Віленская, Троцкая і Спаская брамы. Апроч таго, захопнікі зьнішчылі частку мура паміж Віленскай і Троцкай брамамі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, 1 верасьня 1799 году маскоўскі гаспадар Павал I падпісаў загад аб зьнішчэньні муроў, што ўчынілі ў 1800—1805 гадох[4]. Ацалелі толькі фрагмэнты, спалучаныя зь мескай забудовай.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1959 годзе праводзілася рэстаўрацыя і кансэрвацыя фрагмэнту гарадзкога мура на Завальнай вуліцы. У 1961 годзе адрэстаўравалі фрагмэнт мура на Глухім завулку. У 1965—1970 гадох праводзілася частковая рэстаўрацыя фрагмэнту мура на вуліцы Бакшце з аднаўленьнем яго верхняй часткі (з байніцамі), якая не захавалася[5].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры позьняй готыкі і рэнэсансу. Пры будаваньні муроў выкарыстоўваўся пераважна камень, радзей цэгла. Вышыня муроў 6,5 мэтра, таўшчыня 0,9—1,4 мэтра. Невялікая таўшчыня пацьвярджае меркаваньне, што яны будаваліся пераважна дзеля абароны ад татараў, якія не былі здольнымі да аблогаў. Муры мелі наверсе амбразуры дзеля стральбы і драўляныя галерэі з унутранага боку.
Даўжыня муроў складала каля трох кілямэтраў і атачала большую частку Старога Места з усходу, поўдня і захаду. У паўночна-заходнім кірунку гарадзкі мур злучаўся зь сьцяной Ніжняга замка, ішоў паўднёва-ўсходнім бокам Баніфрацкай вуліцы (Лаўрына Гуцэвіча), перацінаў Людвісарскую вуліцу і агароджу вакол Біскупскага палаца і ішоў да Татарскай брамы на скрыжаваньні Татарскай і Бэнэдыктынскай вуліцаў. Далей мур узьнімаўся Бэнэдыктынскай вуліцай да Віленскай (Вялейскай) брамы на скрыжаваньні Віленскай і Бэнэдыктынскай вуліцаў. Не даходзячы да Завальнай вуліцы, мур паварочваў у паўднёва-ўсходнім кірунку, праходзячы дзялянкай, дзе цяпер разьмяшчаюцца будынкі паміж Клайпедзкай і Троцкай вуліцамі. На скрыжаваньні вуліцаў Троцкай, Завальнай і Вялікай Пагулянкі (Басановіча) стаяла Троцкая брама. Ад Троцкай брамы мур ішоў Завальнай вуліцай да скрыжаваньня з Рудніцкай вуліцай. Тут стаяла найбольшая ў месьце Рудніцкая брама. Ад рогу Завальнай і Базылянскай вуліцаў мур паварочваў ва ўсходнім кірунку да Вострай брамы. Прайшоўшы ўздоўж кляштару кармэлітаў і Духаўскага манастыра, мур спускаўся да Субацкай брамы. Ніжэй за гэтую браму знаходзіцца барбакан. Мур ішоў уздоўж усходняга боку вуліцы Бакшты і паварочваў у бок Зарэчча да Спаскай брамы на месцы скрыжаваньня вуліцаў Спаскай і Сьвятой Ганны (Майроніса). Далей на поўнач за Прачысьценскай саборнай царквой пры мосьце церазь Вільню разьмяшчалася Бэрнардынская брама. Няма зьвестак, ці праходзіў мур далей да злучэньня з умацаваньнямі Ніжняга замка[6].
Захавалася 12 фрагмэнтаў гарадзкіх муроў:
- Базылянская вуліца і вуліца Сьвятога Духа, на ўсход і на поўнач ад Вострай брамы. Вялікі фрагмэнт даўжынёй каля 215 мэтраў, які складае агароджы ансамбляў кляштару кармэлітаў і Духаўскага манастыра. У паўднёва-заходняй частцы з двара кармэліцкага кляштару захаваліся байніцы зь нішамі, разьмешчаныя на адлегласьці 2,5 мэтра адна ад адной. У паўночна-ўсходняй частцы захавалася толькі ніжняя частка мура вышынёй 2,5 мэтра.
- Вуліца Бакшта, з поўначы ад былой Субацкай брамы. Адрэстаўраваны фрагмэнт даўжынёй 150 мэтраў.
- Глухі завулак (вуліца Стразьдзеля), з поўдня ад былой Субацкай брамы. Адрэстаўраваны фрагмэнт даўжынёй 30 мэтраў. У ніжняй частцы мура ёсьць чатыры гнёзды з байніцамі, у верхняй частцы — 10 байніцаў.
- Завальная вуліца, 26 і 28 (частка будынкаў). Расчышчаныя і закансэрваваныя рэшткі паўночнай часткі мура паміж былымі Троцкай і Рудніцкай брамамі
- Завальная вуліца, 38 і 40 (частка будынкаў). Расчышчаныя і закансэрваваныя рэшткі паўднёвай часткі мура таго ж адцінка.
- Завальная вуліца, 50. Фрагмэнт неатынкаванага мура даўжынёй каля 40 мэтраў. Шырыня 1,4 мэтра ў падмурку, у два разы танчэйшая — верхняя частка з чырвонай цэглы з байніцамі. На адлегласьці 3,7 мэтра адна ад адной месьцяцца крытыя нішы для стральбы, у кожнай зь іх — тры байніцы.
- Троцкая вуліца, 2 (частка сьцяны будынка, з двара). Ніжняя частка мура шырынёй каля 1,3 мэтра з закладзенымі нішамі.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Рудніцкая вежа
-
Вострая брама
-
Вялейская (Віленская) брама
-
Рудніцкая брама
-
Брама Субач
-
Троцкая брама
-
Абнесенае мурам места з Боўфалавай гары
-
Мур каля Субацкай брамы
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Артылерыйскі бастыён
-
Мур каля Духаўскага манастыра
-
Адноўленыя мур і Барбакан
-
Вострая брама з мурам
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 436.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 437.
- ^ Levandauskas V. Vilniaus gynybinės sienos liekanos // Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. Т. 1. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų, 1988. P. 40.
- ^ Drėma V. Dingęs Vilnius. — Vilnius: Vaga, 1991. P. 143—144..
- ^ Levandauskas V. Vilniaus gynybinės sienos liekanos // Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. Т. 1. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų, 1988. P. 41.
- ^ Pocevičius D. 100 istorinių Vilniaus reliktų nuo XIV a. iki 1944 m. — Vilnius: Kitos knygos, 2016. P. 51—54.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4