Ян Дамель
Ян Дамель | |
![]() Ян Дамель. Аўтапартрэт | |
Дата нараджэньня | 1780 |
---|---|
Месца нараджэньня | Мітава, Курляндыя |
Дата сьмерці | 30 жніўня 1840 |
Месца сьмерці | Менск |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | маляр |
Месца працы | |
Жанры | партрэт, гістарычны жывапіс і рэлігійнае мастацтва[d] |
Плынь | клясыцызм, рамантызм |
Ян Дамель (1780, Мітава ў Курляндыі — 30 жніўня 1840, Менск) — беларускі маляр, прадстаўнік мастацкай школы Віленскага ўнівэрсытэту. Пакінуў значны сьлед у мастацтве сучасных Беларусі і Летувы.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт (1809), быў вучнем вядомых мастакоў Ф. Смуглевіча і Я. Рустэма. У 1809—1820 выкладаў на катэдры малюнку і малярства.
У 1820 праз хлусьлівае абвінавачаньне расейскія ўлады саслалі Я. Дамеля ў Сыбір[1]. Знаходзіўся ў ссылцы ў Табольску, Томску, Енісейску. Выконваў размалёўку тамтэйшых бажніцаў, зблізіўся з кіраўніком Сыбіры графам М. Сьпяранскім, што аблегчыла ягоную долю ссыльнага і дапамагло хутчэй вярнуцца на радзіму.
Па вызваленьні з 1822 жыў у Менску.
Пахавалі мастака ў Касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа на Кальварыйскіх могілках Менску. Замест помніка над ягонай магілай павесілі карціну «Маленьне збаўцы», якую Я. Дамель лічыў адным з найлепшых сваіх твораў.
Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Творчасьць Яна Дамеля сфармавалася пад уплывам клясыцызму[2].
Пісаў пераважна на гістарычныя тэмы: «Сьмерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам», «Сьмерць князя Панятоўскага» (абедзьве 1820-я), «Хрышчэньне славянаў», «Сьмерць Глінскага ў няволі», «Вызваленьне Т. Касьцюшкі зь цямніцы» (1830-я), «Твардоўскі паказвае Жыгімонту Аўгусту цень яго жонкі Барбары», «Напалеон на бівуаку пад Аўстэрліцам», «Адступленьне французаў праз Вільню ў 1812» і іншыя.
Сярод працаў мастака партрэты князя Д. Радзівіла, графаў Я. Храптовіча, К. Тышкевіча, рэктара Віленскага ўнівэрсытэту С. Малеўскага, ксяндза Ф. Галанскага, «М. Равіч з сынам», «Атон Горват з жонкай», «Валадковіч з жонкай», М. Сьпяранскага, С. Строганава, Е. Кабылінскага і іншых. Уласьцівасьцю найлепшых зь іх зьяўляецца тонкая псыхалягічная характарыстыка. Некаторыя партрэты (аўтапартрэт, партрэт прафэсара Я. Рустэма) маюць рысы рамантызму.
Выканаў таксама творы рэлігійнай тэматыкі: «Сьвятая Дзева зь дзіцем», «Хрыстос і самарыцянка», «Адрачэньне Сьвятога Пятра», «Палажэньне ў труну», «Маленьне пра чашу», «Спакушэньне Хрыста», «Агар у пустыні».
Стварыў пэйзажы Менску і ягоных ваколіцаў, малюнкі і замалёўкі на тэмы побыту народаў Сыбіры.
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Працы Яна Дамеля
Вызваленьне Т. Касьцюшкі зь цямніцы
Партрэт Тамаша Ваўжэцкага
Партрэт Станіслава Богуш-Сестранцэвіча
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ ДАМЕЛЬ Ян // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ Дамель Ян // ЭГБ. — Менск: 1996 Т. 3. С. 203.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.