Віленскае ваяводзтва
Віленскае ваяводзтва | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага |
Адміністрацыйны цэнтар | Вільня |
Дата ўтварэньня | 1413 |
Дата скасаваньня | 1795 |
Ваяводы | Ваяводы віленскія |
Кашталяны | Кашталяны віленскія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 44,2 тыс. км² |
Час існаваньня | 1413—1795 |
Месцазнаходжаньне Віленскага ваяводзтва | |
![]() | |
![]() |
Віленскае ваяводзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 44,2 тыс. км². Сталіца — места Вільня. Найбольшыя месты: Ашмяны, Ліда, Вількамір і Браслаў[1].
Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «белая Пагоня ў чырвоным полі».
Ваяводзкая харугва была чырвонага колеру з выяваю гербу Пагоня ў цэнтры.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Утварылася ў 1413 згодна з Гарадзельскім прывілеем на аснове Віленскага княства. У склад ваяводзтва ўвайшла большая частка заходніх, цэнтральных і ўсходніх земляў сучаснай Беларусі (воласьці і буйныя маёнткі з цэнтрамі Ашмяны, Бабруйск, Барысаў, Браслаў, Быхаў, Глуск, Крычаў, Ліда, Магілёў, Менск і інш.), а таксама паўночна-ўсходнія землі цяперашняй Летувы (воласьці і буйныя маёнткі з цэнтрамі Вількамір, Уцяна, Біржы, Кернаў, Сьвянцяны).
У вайсковых адносінах ваяводу віленскаму падпарадкоўваліся намесьнік наваградзкі, а таксама Слуцкае, Клецкае (да 1521) і Амсьціслаўскае (да 1529) княствы, якія таксама фармальна ўваходзілі ў склад ваяводзтва (фактычна былі аўтаномнымі). На Беларусі мела цераспалосныя дзялянкі з Троцкім ваяводзтвам у Бабруйскай воласьці — «віленскую палавіну» (места Бабруйск і 18 сёлаў)[2].
У студзені 1507 з складу Віленскага вылучылася Наваградзкае ваяводзтва. У 1537 у склад ваяводзтва ўвайшла Гомельская воласьць[3].
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) зь Віленскага вылучылася Менскае ваяводзтва. У 1654 на тэрыторыі ваяводзтва (ад Браслава да Вільні) расьсялілася смаленская шляхта, якая мела тут экстэрытарыяльную арганізацыю з Старадубскага і Смаленскага паветаў (соймікі зьбіраліся ў Вільні). Гэта было намінальнае Смаленскае ваяводзтва[4].
У 1791, згодна з Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай, утварыўся Завілейскі (з цэнтрам у Паставах) і Эйшыскі паветы. У 1793 вальны сойм пераўтварыў Браслаўскі павет у ваяводзтва. 20 сьнежня 1793 адбылася ліквідацыя намінальнага Смаленскага ваяводзтва.
У выніку Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) тэрыторыя Віленскага ваяводзтва апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі.
Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На паўночным захадзе і поўначы межавала з Троцкім ваяводзтвам і Курляндыяй, на ўсходзе — з Полацкім і Менскім ваяводзтвамі, на поўдні — з Наваградзкім ваяводзтвам, на захадзе — з Троцкім ваяводзтвам[1].
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ваяводзтва падзялялася на 5 паветаў: Віленскі, Ашмянскі, Лідзкі, Вількамірскі і Браслаўскі.
Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Вільні. У павятовых цэнтрах месьціліся падкаморскія, земскія і гродзкія суды, праходзілі павятовыя соймікі.
Ашмянская, браслаўская, віленская, вількамірская і лідзкая шляхта абірала дзесяць паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама дзесяць дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На 1775 Віленскае ваяводзтва налічвала каля 70 тыс. дымоў, зь якіх мескія складалі 7 тыс.[1]
Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўныя артыкулы: ваяводы віленскія і кашталяны віленскія
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Віленскае ваяводзтва мела трох прадстаўнікоў — біскупа, ваяводу і кашталяна. За ўвесь час свайго існаваньня ваяводзтва мела 29 біскупаў, 33 ваяводы, 37 кашталянаў[1].
Ваяводзкі мундзір складаўся зь цёмна-сіняга («гранатовага») кунтуша, ярка-пунсовых адваротаў і жупана[5].
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б в г Jelski A. Województwo wileńskie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 337.
- ^ Грыцкевіч А. Віленскае ваяводства // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 148—149.
- ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 38.
- ^ Грыцкевіч А. Віленскае ваяводства // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 272.
- ^ Грыцкевіч А. Віленскае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 409.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.