Перайсьці да зьместу

Вежа Гедзіміна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік абарончай архітэктуры
Вежа Гедзіміна
лет. Gedimino pilies bokštas
Вежа Гедзіміна
Вежа Гедзіміна
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°41′12″ пн. ш. 25°17′27″ у. д. / 54.68667° пн. ш. 25.29083° у. д. / 54.68667; 25.29083Каардынаты: 54°41′12″ пн. ш. 25°17′27″ у. д. / 54.68667° пн. ш. 25.29083° у. д. / 54.68667; 25.29083
Тып будынка вежа
Архітэктурны стыль готыка
Дата заснаваньня XIV стагодзьдзе
Асноўныя даты:
1660—1661 — аблога і разбурэньне
1832будаваньне двух драўляных паверхаў
1930-яаднаўленьне трэцяга паверху
1948—1960 — рэстаўрацыя
1995аднаўленьне
Сайт lnm.lt/en/museums… (анг.)
Вежа Гедзіміна на мапе Летувы
Вежа Гедзіміна
Вежа Гедзіміна
Вежа Гедзіміна
Вежа Гедзіміна на Вікісховішчы

Вежа Гедзіміна — помнік гісторыі і архітэктуры XIV—XV стагодзьдзяў у Вільні, заходняя вежа Верхняга замка. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на Замкавай гары. Твор архітэктуры позьняй готыкі. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Вежа Гедзіміна — адзіная частка Верхняга замка, якая захавалася да нашых дзён у добрым стане. Тут працуе філія Нацыянальнага музэю Летувы.

Будаваньне вежы Гедзімінам. М. Андрыёлі, 1882 г.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Віленскія замкі ўпамінаюцца ў пасланьні вялікага князя Гедзіміна да Нямецкага ордэну і Рыгі ад 2 кастрычніка 1323 году. Мяркуецца, што мураваны Верхні замак збудавалі ў першай палове XIV ст. і перабудавалі ў пачатку XV ст. (магчыма па пажары 1419 году[1]).

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) вежа пацярпела разам з усім замкам ад маскоўскіх захопнікаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у 1832 годзе (паводле іншых зьвестак — у 1838 годзе) на двух захаваных ярусах вежы збудавалі 2-павярховую драўляную пабудову з маяком аптычнага тэлеграфу Санкт-Пецярбург — Варшава і памяшканьнямі для вайскоўцаў. Да 1878 году разам зь Віленскімі замкамі стала часткай расейскай цытадэлі.

Па ліквідацыі цытадэлі драўляную надбудову вежы выкарыстоўвала пажарная ахова места, у цагляных ніжніх паверхах разьмяшчалася кавярня.

Па Першай сусьветнай вайне драўляную надбудову разабралі. У 1930-я гады праводзілася аднаўленьне трэцяга паверху. У Другую сусьветную вайну вежа значна пацярпела.

У 1948—1950 гадох праводзілася рэстаўрацыя вежы. У 1960 годзе тут адкрыўся музэй Віленскіх замкаў[2]. У 1995 годзе ў вежы правялі рамонтна-рэнавацыйныя работы, па якіх экспазыцыя музэю істотна абнавілася: гэта археалягічныя знаходкі, узоры дасьпехаў і зброі, макеты Віленскіх замкаў, а таксама панарамны плян Вільні 1576 году.

Знаходзіцца на вышыні 48 мэтраў ад падэшвы гары (142 мэтры над узроўнем мора). Патрапіць да вежы можна пехам сьпіральнай дарожкай, пракладзенай схілам гары ў 1895—1896 гадох, альбо на фунікулёры, збудаваным у 2003 годзе. Схілы Замкавай гары стромкія (35°—40°).

Мае васьмікутную форму і тры паверхі, вышыня вежы складае 20 мэтраў. Будавалася з бутавага каменю і чырвонай цэглы. Наверсе знаходзіцца аглядная пляцоўка, зь якой адкрываецца від на Старое Места і даліну Вяльлі. На флагштоку над вежай знаходзіцца дзяржаўны сьцяг Летувы.

Сымбалічнае значэньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 студзеня 1919 году невялікая група добраахвотнікаў летувіскага войска пад камандаю Казіса Шкірпы ўпершыню ўзьнялі над вежай сьцяг Летувы. Пазьней яго зноў узьнялі тут 26 жніўня 1920 году па тым, як савецкія часьціны падчас адступленьня перадалі Вільню летувісам. Да 20 верасьня 1939 году над вежай лунаў польскі сьцяг, зьняты савецкімі войскамі ў верасьні 1939 году. Па Другой сусьветнай вайне над вежай быў сьцяг Летувіскай ССР. 7 кастрычніка 1988 году зь ініцыятывы руху Саюдзіс адбылася цырымонія ўзьняцьця даваеннага сьцяга Летувы, які на той момант яшчэ трактаваўся як неафіцыйны, але ўжо і не забаронены нацыянальны сьцяг (18 лістапада 1988 году яго ўзаконіла сэсія Вярхоўнага Савету як дзяржаўны сьцяг Летувіскай ССР). У памяць пра першае ўзьняцьце сьцяга на вежы летувісы абвясьцілі 1 студзеня памятным днём — днём Сьцяга Летувы (лет. Lietuvos Vėliavos diena). Штогод у гэты дзень адбываецца ўрачыстая цырымонія зьмены сьцяга на вежы.

У XX стагодзьдзі вежа набыла значэньне аднаго з сымбаляў Летувіскай дзяржавы. Яе выяву зьмясьцілі на купюры ў 50 літаў і памятнай манэце наміналам у 5 літаў. Вежа згадваецца ў шматлікіх летувіскіх вершах і песьнях.

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Дзярновіч А. Віленскія замкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 438.
  2. ^ Дзярновіч А. Віленскія замкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 439.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]