Перайсьці да зьместу

Палац Слушкаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Палац Слушкаў (Вільня)»)
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палац Слушкаў
лет. Sluškų rūmai
Палац Слушкаў
Палац Слушкаў
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°41′28″ пн. ш. 25°17′50″ у. д. / 54.69111° пн. ш. 25.29722° у. д. / 54.69111; 25.29722Каардынаты: 54°41′28″ пн. ш. 25°17′50″ у. д. / 54.69111° пн. ш. 25.29722° у. д. / 54.69111; 25.29722
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d] і барока
Аўтар праекту Мікелянджэлё Палёні
Статус Ахоўная зона
Палац Слушкаў на мапе Летувы
Палац Слушкаў
Палац Слушкаў
Палац Слушкаў
Палац Слушкаў на Вікісховішчы

Палац Слушкаў — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на левым беразе Вяльлі, паміж вуліцамі Тадэвуша Касьцюшкі і Слушкаў. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мураваны палац у Вільні будаваўся ў 1690—1694[1] гадох на заказ ваяводы полацкага Дамініка Міхала Слушкі. Будынак узьвялі на штучнай паўвысьпе. Пры будаваньні частку рэчышча Вяльлі засыпалі грунтам з Антокальскага пагорка. Дэкаратыўнымі работамі, відаць, займаліся Мікелянджэлё Пальлёні і Ян Пётар Пэрці, які быў архітэктарам палаца[2].

Па пашкоджаньні ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Ніжняга замка стаў месцам знаходжаньня ўраднікаў у часе іх візытаў у Вільню. У 1705 і 1709 гадох тут спыняўся маскоўскі гаспадар Пётар I[3].

Па сьмерці Дамініка Міхала Слушкі ў 1719 годзе перайшоў у валоданьне Патоцкіх, з 1727 году — Пузынаў, з 1745 году — зноў Патоцкіх. У 1756 годзе палац набылі манахі ордэна піяраў, якія ўладкавалі тут калегіюм і друкарню. У 1766 годзе будынак набыў Міхал Казімер Агінскі[4], які адрэстаўраваў яго паводле праекту П’етра Росьсі[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Палац Слушкаў. Н. Орда, 1875 г.

У 1794 годзе палац занялі расейскія войскі, а па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год) улады Расейскай імпэрыі адабралі яго ў Агінскіх і ператварылі ў жылы дом.

У 1803—1831 гадох тут разьмяшчаўся бровар Дамініка Зайкоўскага. Неўзабаве будынак пераплянавалі, колькасьць паверхаў павялічылі да чатырох і з 1872 году палац пачалі выкарыстоўваць пад вайсковую вязьніцу. У гэты ж час зьнішчылі багаты арыгінальны інтэр’ер і экстэр’ер палаца.

За часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі ў будынку працягвала знаходзіцца вязьніца.

У 1957—1959 гадох будынак рэканструявалі: разабралі перагародкі турэмных камэраў, замянілі перакрыцьці, павялічылі вокны. У 1959—2002 гадох у гэтым будынку працавала Віленская 25-я прафэсійна-тэхнічная вучэльня.

З 2002 году ў палацы разьмяшчаецца факультэт тэатру і кіно Летувіскай акадэміі музыкі і тэатру. Тым часам прыбудовы знаходзяцца ў працэсе рэстаўрацыі, галоўная частка палаца чакае аднаўленчых работ. Плянуецца вярнуць арыгінальны падзел на два паверхі і аднавіць маляўнічыя барокавыя вокны.

Помнік архітэктуры барока. Гэта прастакутны ў пляне 2-павярховы будынак з чатырма 3-павярховымі масіўнымі бакавымі вежамі. Ад пачатку фасады будынка былі ўніфікаванымі вялікім ордэрам іянічных пілястраў, якія абрамлялі вялікія вокны. Інтэр’еры аздабляліся італьянскім мармурам, ляпнінай і насьценнымі росьпісамі. Галоўны ўваход на тэрыторыю палаца быў з боку цяперашняй вуліцы Тадэвуша Касьцюшкі празь велічную браму. Палац атачаў парк італьянскага тыпу з каналамі, сажалкамі, фантанамі і экзатычнымі расьлінамі.

Пры рэканструкцыі ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў замест былых двух зрабілі чатыры паверхі з драўлянымі перакрыцьцямі, пазьней замененымі на жалезабэтонныя. У пачатку XX ст. уваходную браму забудавалі 2-павярховымі карпусамі.

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 126.
  2. ^ а б Drėma V. Dingęs Vilnius. — Vilnius: 1991. — С. 341–342. — ISBN 5-415-00366-5
  3. ^ Kirkor A. H. Pasivaikščiojimas po Vilnių ir jo apylinkes. — Vilnius: Viltis, 1991. — С. 146. — ISBN 5-417-00514-2
  4. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 127.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]