Перайсьці да зьместу

Раён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Раё́н — назва адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Беларусі (мэханічна перанесеная з савецкіх часоў), а таксама Расеі, Азэрбайджану, Кыргыстану, Летувы, Малдовы, Таджыкістану, Узбэкістану і Ўкраіны. Традыцыйная беларуская назва адпаведнай адміністрацына-тэрытарыльянай адзінкі ад часоў Вялікага Княства Літоўскага — павет[1][2]. Таксама адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка або пэўная частка гораду.

Пры падзеле краіны звычайна месьціцца на два ўзроўні ніжэй за нацыянальны і можа быць часткай наступных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак:

Звычайна раёны маюць пэўную ступень самакіраваньня ў форме публічнага абраньня адміністрацыі раёну (райсавету) і мясцовага кіраўніка адміністрацыі, які часам абіраецца, а часам прызначаецца.

Слова раён утварылася ад франц. rayon — 'прамень, радыюс'[3], а ў якасьці адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ўводзілася савецкай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1923—1929 гадоў, якая замяніла былыя воласьці і паветы Расейскай імпэрыі на раёны. Прытым раёны як эканамічная катэгорыя (рас. район) існавалі яшчэ за часамі Расейскай імпэрыі на Данбасе[4].

Падзел на раёны ў Беларусі застаўся ад распаду СССР. Раён ёсьць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай вобласьці. На 1 студзеня 2000 году ў Беларусі налічвалася 118 раёнаў.

У буйных гарадох Беларусі існуе адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на раёны. Кожны раён мае сваё раённае самакіраваньне. На раёны падзяляюцца ўсе абласныя цэнтры краіны і места Бабруйск. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Менску на раёны існуе з 1938 году, цяпер налічваецца 9 адміністрацыйных раёнаў гораду. На 1 студзеня 2004 году ў Беларусі налічвалася 24 гарадзкія раёны[5].

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Найбольшая колькасьць раёнаў у Менскай вобласьці — 22.
  • Найменшая колькасьць раёнаў у Берасьцейскай вобласьці — 16.
  • У Беларусі ёсьць 10 раёнаў, у склад якіх уваходзяць два места: Бярозаўскі, Жыткавіцкі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Койданаўскі, Лідзкі, Лунінецкі, Мёрскі, Столінскі, Чашніцкі.
  • Самая доўгая афіцыйная назва раёну Беларусі — Дрысенскі (Верхнядзьвінскі) (15 літараў).
  • Самая кароткая назва раёну Беларусі — Глускі, Ельскі, Лідзкі, Мёрскі, Пінскі, Слуцкі і Ўшацкі (па 6 літараў).
  • Найбольшы паводле плошчы раён — Столінскі (3 342,06 км²)
  • Найменшы паводле плошчы раён — Жабінкаўскі (684,17 км²)
  • Найбольшы паводле колькасьці насельніцтва раён — Барысаўскі (2009 год — 187,6 тыс.)
  • Найменшы паводле колькасьці насельніцтва раён — Краснапольскі (2009 год — 11,1 тыс.)
    1. ^ Чайчыц А. Карыснае практыкаваньне ад Зянона Пазьняка, Радыё Свабода, 24 красавіка 2017 г.
    2. ^ Народная Праграма Вольная Беларусь — гэта праект новай Беларусі. — Варшава — Нью-Ёрк — Менск: «Беларускія Ведамасьці», 2017. С. 17—18.
    3. ^ ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 71.
    4. ^ Верменич Я. В. Район // Енциклопедія історії України. Т. 9. — К., 2012. С. 124.
    5. ^ БЭ. — Мн.: 2004 Т. 18. Кн. 2. С. 724.