Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і Сьвятога Яна Апостала і Эвангеліста (Вільня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і Сьвятога Яна Апостала і Эвангеліста
Švento Jono Krikštytojo ir Švento Jono evangelisto bažnyčia
Касьцёл Сьвятых Янаў і званіца
Касьцёл Сьвятых Янаў і званіца
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°40′57″ пн. ш. 25°17′18″ у. д. / 54.6825° пн. ш. 25.28833° у. д. / 54.6825; 25.28833Каардынаты: 54°40′57″ пн. ш. 25°17′18″ у. д. / 54.6825° пн. ш. 25.28833° у. д. / 54.6825; 25.28833
Канфэсія Каталіцтва
Ордэнская прыналежнасьць езуіцкі
Тып будынка непарафіяльны касьцёл
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Аўтар праекту Ян Гляўбіц
Заснавальнік Ягайла
Асноўныя даты:
1387заснаваньне касьцёла
1571касьцёл перададзены ордэну езуітаў
1655спалены маскоўскімі захопнікамі
1748касьцёл перабудаваны ў стылі віленскага барока
1945касьцёл нацыяналізаваны
1991вяртаньне касьцёла вернікам
Статус Ахоўная зона
Стан дзейны
Сайт Афіцыйны сайт
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і Сьвятога Яна Апостала і Эвангеліста на мапе Летувы
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і Сьвятога Яна Апостала і Эвангеліста
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і Сьвятога Яна Апостала і Эвангеліста
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і Сьвятога Яна Апостала і Эвангеліста
Commons-logo.svg Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і Сьвятога Яна Апостала і Эвангеліста на Вікісховішчы

Касьцё́л Сьвято́га Я́на Хрысьці́целя і Сьвято́га Я́на Эвангелі́ста — помнік архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на рагу вуліцаў Замкавай і Сьвятаянскай пад адрасам вуліца Сьвятаянская, 12. Уваходзіць у ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту, галоўным фасадам выходзіць на ўнівэрсытэцкі Вялікі Двор. Утварае адзіны архітэктурны комплекс з званіцай. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Віленскі касьцёл Сьвятых Янаў лічыцца шэдэўрам архітэктуры і мастацтва віленскага барока, які ня мае аналягаў у сьвеце[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл на пляне езуіцкай акадэміі, 1582

Першы драўляны парафіяльны касьцёл у Вільні збудавалі ў 1387 годзе з фундацыі Ягайлы (паводле іншай вэрсіі, яшчэ ў 1386 годзе[2]). Сьвятыня стаяла на старым Рынку ў цэнтры тагачаснага места, відаць, на месцы ранейшага паганскага капішча[3]. У 1390 годзе будынак спалілі крыжакі. У канцы XIV — першай чвэрці XV ст. на месцы спаленага збудавалі новы мураваны касьцёл, асьвечаны ў 1427 годзе ў гонар Сьвятога Яна Хрысьціцеля і Яна Эвангеліста[4]. Першая гатычная сьвятыня ў тры нэфы неаднаразова рамантавалася і перабудоўвалася. У цяперашнім касьцёле захаваліся асобныя элемэнты готыкі.

Вялікі Двор. Віленскі альбом, 1850

У 1510 і 1530 гадох касьцёл моцна пацярпеў ад пажараў, па якіх франтону галоўнага фасаду надалі рысы Рэнэсансу. У 1568 годзе ў Вільні зьявіліся езуіты, якім біскуп віленскі Валяр’ян Пратасевіч набыў камяніцу побач з касьцёлам на вуліцы Біскупскай (цяпер — Унівэрсытэцкая). Будаваньне езуітамі ўласнага касьцёла ня мела посьпеху, аднак карыстацца касьцёлам Сьвятых Янаў ім не дазволіў ягоны пробашч гішпанец Пэдра Руіз дэ Морас. У 1571 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў сьвятыню езуітам, якія пашырылі будынак. У выніку перабудовы касьцёл стаў большым амаль на траціну сваёй ранейшай даўжыні на ўсход, да Замкавай вуліцы. Даўжыня касьцёла склала 68 м, шырыня — 27 м, ён мог зьмясьціць да 2320 вернікаў[5]. Езуіты заснавалі пры касьцёле калегіюм, пераўтвораны ў 1579 годзе каралём і вялікім князем Стэфанам Баторыем у акадэмію.

Касьцёл і званіца.
Ю. Азямблоўскі, 1853

Паміж 1574 і 1588 гадамі на гатычных мурах таўшчынёй 2,3 м надбудавалі рэнэсансавую частку вежы-званіцы. Яна неаднаразова рамантавалася па пажарах і іншых пашкоджаньнях. У XVI—XVII стагодзьдзях да касьцёла прыбудавалі капліцы, крыпты і дапаможныя памяшканьні. У гэты час у касьцёле адбываліся ўрачыстыя прыёмы каралёў і вялікіх князёў Стафана Баторыя, Жыгімонта Вазы, Уладзіслава Вазы, Яна Казімера, праводзіліся сьвяты езуіцкай акадэміі, а таксама дыспуты і абароны навуковых працаў. З асаблівай урачыстасьцю ў 1636 годзе прайшла цырымонія дактарызацыі паэта і прыдворнага прапаведніка Сарбевія ў прысутнасьці Ўладзіслава Вазы і ягонага двара.

У час вялікага пажару ў Вільні 1 ліпеня 1610 году згарэлі дах касьцёла і ўся прылеглая да помніка драўляная забудова. Але інтэр’ер сьвятыні не пацярпеў. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паслалітай пры захопе вільні маскоўскімі войскмі ў 1655 годзе згарэў дах касьцёла, казакі разрабавалі сьвятыню і зрабілі ў ёй стайню. У 1660 годзе Вільню вызвалілі войскі гетмана Міхала Казімера Паца, аднак аднаўленьне касьцёла з прычыны браку сродкаў адклалі на больш позьні тэрмін. У 1674 годзе скляпеньні, пашкоджаныя пажарам, пад узьдзеяньнем атмасфэрных ападкаў абваліліся. У аднаўленьні сьвятыні ўдзельнічаў езуіцкі майстар Ян Толкач. У 1698 годзе ў касьцёле збудавалі новую закрысьцію[6]. У 1728 годзе адбылася ўрачыстая цырымонія «ўвядзеньня ў касьцёл» сьвятых — кананізаваных у 1726 годзе езуітаў Станіслава Косткі і Алаіза Ганзагі.

Касьцёл і званіца, 1882

У пажары, які адбыўся 2 чэрвеня 1737 году, выгарала значная частка Вільні зь некалькімі касьцёламі. Полымя ахапіла таксама касьцёл Сьвятых Янаў з званіцай і калегіюм. Згарэлі драўляныя алтары, крыжы, абразы, новы арган і труны ў капліцах. Ацалела толькі закрысьція, дзьверы якой мелі жалезнае пакрыцьцё. У 1739—1745[7] гадох паводле праекту Яна Гляўбіца ў касьцёле ўзьвялі новыя скляпеньні, усталявалі арганныя хоры, збудавалі вялікі алтар, дэкаравалі галоўны фасад і франтон прэзьбітэрыюму. Дзякуючы гэтай рэканструкцыі, касьцёл стаў выдатным творам архітэктуры і мастацтва віленскага барока.

Касьцёл і званіца на старой літаграфіі

23 кастрычніка 1740 году ў дзень Сьвятога Яна Кантэга, духоўнага заступніка Віленскай езуіцкай акадэміі, адбылося першае набажэнства ў практычна адноўленай сьвятыні. У 1745 годзе касьцёл асьвяцілі, але яго рэканструкцыя працягвалася. Па скасаваньні ордэна езуітаў (1773) касьцёл перайшоў да Галоўнай віленскай школы (пазьней Віленскі ўнівэрсытэт).

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795) касьцёл працягваў дзейнічаць. У 1826—1829 гадох з ініцыятывы ўладаў імпэратарскага Віленскага ўнівэрсытэту праводзілася грунтоўная пераробка інтэр’еру. У 1827 годзе каля ўваходу на паўднёвым фасадзе паводле праекту архітэктара Караля Падчашынскага збудавалі портык у стылі клясыцызм з чатырма калёнамі карынфскага ордэру.

Калі па здушэньні вызвольнага паўстаньня ўлады Расейскай імпэрыі ў 1832 годзе зачынілі ўнівэсытэт, касьцёл перайшоў да Мэдычна-хірургічнай акадэміі і пачаў звацца Акадэмічным касьцёлам Сьвятога Яна. Па скасаваньні Віленскай Мэдычна-хірургічнай акадэміі (1842) сьвятыня пазбавілася афіцыйнага скарбовага ўладальніка і стала самастойным парафіяльным касьцёлам.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усходні фасад касьцёла, 1840

З часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі і да 1941 году вікарыем касьцёла быў беларускі ксёндз Станіслаў Глякоўскі[8]. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зачынілі касьцёл. У адабраным у вернікаў будынку некаторы час быў склад паперы камуністычнай газэты «Цеса» (лет. «Tiesa»). У 1965—1978 гадох праводзілася рэстаўрацыя ўсяго архітэктурнага комплексу[9], па якой касьцёл перадалі Віленскаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту. У будынку разьмясьціўся Музэй навукі (Музэй навуковай думкі) з адпаведнай экспазыцыяй.

Па зьмене дзяржаўнага ладу касьцёл у парадку рэстытуцыі вярнулі каталікам і 11 ліпеня 1991 году нанова асьвяцілі. У наш час дзейнічае як непарафіяльны касьцёл Віленскага дэканату, які кіруецца айцамі-езуітамі. Набажэнствы праходзяць на летувіскай мове, у нядзелі — на лаціне.

Зрэдку арганізоўваюцца канцэрты і рэгулярна адбываюцца ўрачыстыя цырымоніі іматрыкуляцыі студэнтаў, уручэньні дыплёмаў бакаляўраў і магістраў, заканчэньня навучальнага году, іншыя ўнівэрсытэцкія ўрачыстасьці. 5 верасьня 1993 году ў касьцёле адбылася сустрэча інтэлігенцыі з Папам Рымскім Янам Паўлам II[10].

У касьцёле праходзяць разьвітаньні зь нябожчыкамі, якія мелі значныя заслугі ў галіне навукі і мастацтва, напрыклад, з журналістам, пісьменьнікам, гісторыкам літаратуры Ёнасам Булотам у чэрвені 2004 году, пісьменьніцай Бірутай Пукялявічуце (23 — 24 верасьня 2007 году, сьпеваком, акторам і тэлевядоўцам Вітаўтасам Кярнагісам 16 сакавіка 2008 году.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Капліца Сьвятой Ганны

Помнік архітэктуры віленскага барока, у якім прасочваюцца рысы ранейшага гатычнага касьцёла: высокія вузкія стральчатыя аконныя праёмы і контрфорсы на бакавых фасадах. Першы мураваны касьцёл меў выцягнуты 3-нэфавы каталікон, 8 апорных слупоў падтрымлівалі скляпеньні роўнавысокіх травеяў цэнтральнага і бакавых нэфаў, утвараючы, такім чынам, залявы аб’ём.

Галоўны заходні фасад выходзіць да ўнівэрсытэцкага Вялікага Двара (ранейшая назва — двор Скаргі). Яго адносяць да найбольш арыгінальных твораў архітэктуры віленскага барока. Архітэктар Ян Гляўбіц, не парушаючы агульнага гатычнага характару, надзяліў фасад барокавай абалонкай. Барокавыя рысы атрымалі ранейшыя дзьвярныя і аконныя праёмы. Аснову кампазыцыі галоўнага фасаду складае гарманічны рытм гарызантальных і вэртыкальных элемэнтаў пры ўскладненьні формаў зьнізу ўверх.

Цэнтральны партал

Галоўны фасад падзяляецца на чатыры часткі шырокімі хвалістымі лініямі складанага профілю. Партал цэнтральнага ўваходу ўпрыгожваюць дзьве невялікія калёны, якія падтрымліваюць дэкаратыўны балькон. Ніжні параўнальна сьціплы ярус скупа ўпрыгожваецца рустам; на ім вылучаецца пышны партал і ўсталяваная пазьней табліца ў памяць другога рэктара езуіцкай калегіі Якуба Вуека і першага рэктара віленскай езуіцкай акадэміі і ўнівэрсытэту Пятра Скаргі.

Цэнтральны нэф

Аздабленьне другога яруса фасаду пышнейшае. У глыбокія нішы зьмяшчаюцца тры высокіх вузкіх акна. Чатыры групы пілястраў і дэкаратыўных калёнаў у міжаконьнях працягваюць рызаліты ніжняга ярусу. Дзьве зь іх працягваюцца ў трэцім, вузкім і нізкім ярусе, злучаным буйнымі валютамі, што надае фасаду складнасьць і вышынную скіраванасьць. Паміж калёнамі трэцяга ярусу месьцяцца фігуры Яна Хрысьціцеля, эвангеліста Яна, Сьвятога Ігнацыя і Сьвятога Ксавэрыя, створаныя скульптарам Янам Гедэлем. У цэнтры трэцяга ярусу знаходзіцца ніша, паабапал — характэрныя смоўжападобныя валюты. У верхняй частцы фасаду таксама зьмяшчаецца ніша. Верхні ярус упрыгожваюць барэльефы, скульптурныя дэталі, ажурны крыж і ажурныя вазы з каванага мэталу. Два верхнія ярусы ўтвараюць дынамічны контур плястычных формаў.

Аналягічны выгляд мае барокавы франтон (фацыта) усходняга фасаду касьцёла, які адносіцца да таго ж пэрыяду і найлепш разглядаецца з рогу вуліцаў Замкавай і Сьвятаянскай. Як і галоўны фасад, ён упрыгожваецца багатымі калёнамі, пілястрамі, ламанымі карнізамі, скульптурамі, картушамі і творамі мэталёвай плястыкі. Хвалістыя роўніцы сьценаў і пастаўленыя пад кутом калёны і пілястры надаюць франтону яшчэ большую дынаміку. Бакавыя фасады збольшага захавалі гатычныя формы і канструкцыі.

На вонкавай сьцяне прэзьбітэрыюму з боку вуліцы Замкавай месьціцца вялікая мармуровая памятная табліца роду Храптовічаў, упрыгожаная ў стылі ракако (1759). Над ёй першапачаткова знаходзілася ўкрыжаваньне з пазалочанай фігурай Збаўцы. На ўсходнім фасадзе касьцёла была вялікая фрэска з выявай сцэнаў эпідэміі чумы 1710 году, зафарбаваная ў XIX ст.

Інтэр’ер[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўны алтар

У інтэр’еры захавалася ўрачыстасьць гатычнай сьвятыні, узмоцненая барокавай пышнасьцю. Алтар касьцёла ўтварае ансамбль зь дзесяці алтароў на розных узроўнях, у розных роўніцах. Галоўны алтар, збудаваны на сродкі маршалка Альбрэхта Радзівіла, месьціцца паміж дзьвюма масіўнымі калёнамі, у якіх разьмяшчаюцца іншыя алтары. Каля калёнаў стаяць скульптуры Яна Залатавуста, Папы Рымскага Рыгора Вялікага, Сьвятога Ансэльма і Сьвятога Аўгустына. Галоўны алтар злучаецца з алтарамі Сьвятога Ігнацыя і Сьвятога Ксавэрыя. За гэтай групай ля паўднёвай сьцяны разьмяшчаецца алтар Марыі Ларэцкай, аточаны дэкаратыўнай загарадзьдзю каванага жалеза з варотамі. У бакавых паўночным і паўднёвым нэфах разьмяшчаюцца паўкругам, паўтараючы форму апсыды, яшчэ шэсьць алтароў — Сьвятога Язафата, Сьвятога Казімера, Хрыста Ўкрыжаванага і сьвятых Пятра і Паўла, Сьвятога Мікалая і смуткуючай Маці Божай.

Капліца Агінскіх

Яшчэ трынаццаць барокавых алтароў XVIII ст. знаходзіліся ля пілёнаў, якія падтрымліваюць скляпеньні. Іх разбурылі ў час рэканструкцыі інтэр’еру ў 1820-х гадох. На кансолях у 1826 годзе паставілі скульптуры сьвятых з алтароў, разбураных пры рэканструкцыі (паводле іншых сумніўных зьвестак, статуі перанесьлі з ранейшых касьцёлаў Сьвятога Казімера, Сьвятога Ігнація і францішканскага касьцёла, канфіскаваных расейскімі ўладамі[11]. Калёны цэнтральанага нэфу, зьвернутыя адна да ўваходу, другая ўсярэдзіну касьцёла, упрыгожваюцца 18 гіпсавымі фігурамі па дзьве каля кожнай калёны. Зь іх 12 адлюстроўваюць розных сьвятых Янаў — Яна Непамука, Яна Дамаскіна, Яна Хрысьціцеля, Яна Залатавуста, Яна Клімака, Яна Капістрана і іншых, а таксама Сьвятога Банавэнтуру, Ігнацыя Лаёлу, Станіслава Костку і іншых. Статуі адносяцца да другой паловы XVIII стагодзьдзя[12].

Скляпеньні цэнтральнага нэфу мелі фрэскавыя росьпісы, зафарбаваныя пры рэканструкцыі 1820-х гадоў. У касьцёле захавалася сем бакавых капліцаў рознага аб’ёму, формаў і стыляў, якія ўпрыгожваюцца скульптурамі, фрэскамі, алтарамі, калёнамі і пілястрамі. Зь іх найбольшую цікавасьць мае капліца Божага Цела, інакш — капліца-пахавальня магнатаў Агінскіх, збудаваная ў 1768 годзе. Яе партал выканалі ў стылі клясыцызму. У капліцу Сьвятой Ганны вядзе вытанчаны партал у стылі ракако.

Помнік Адаму Міцкевічу

Вялікія вітражы ў вокнах прэзьбітэрыюму вырабілі, відаць, у 1898 годзе ў майстэрні Эрнта Тадэ ў Рызе. У 1948 годзе, калі касьцёл быў зачынены, вітражы практычны зьнішчылі. Пры рэканструкцыі іх аднавілі.

Пліта ў памяць стагодзьдзя сьмерці Тадэвуша Касьцюшкі

У касьцёле знаходзяцца некалькі мэмарыяльных плітаў, бюстаў і помнікаў. Сярод іх — помнік першаму рэктару імпэратарскага Віленскага ўнівэрсытэту па рэформе 1803 году і біскупу віленскаму Гераніму Страйноўскаму (1752—1815). Помнік збудавалі ў 1828 годзе на сродкі, сабраныя выкладчыкамі ўнівэрсытэту і месьцічамі (621 рубель 86 капеек)[13]. Помнік, створана паводле праекту Караля Падчашынскага, складаецца з эпітафіі на лаціне на белай мармуровай пліце і бюста працы Казімера Ельскага. Эпітафію апраўляюць дзьве пары пілястраў, злучаныя авальным паўкупалам. Дзе высокія сьвяцільні паміж пілястрамі сымбалізуюць высокі ранг біскупа і рэктара. На пілястрах стаяць дзьве фігуры смуткуючых анёлаў з апушчанымі, то ёсьць згаслымі факеламі жыцьця ў руках. Побач зь імі стаяць сьлязьніцы (лац. lacrimatoria). Да падножжа помніка прымацоўваецца мэталёвая пліта з гербам Страйноўскіх, сродкі на якую ахвяраваў граф Адам Храптовіч.

D. O. M.

HIERONYMO COMITI STRZIEMEN STROYNOWSKI
EPISCOPO VILNENSI ORD. S. ANNAE ET
S. STANISLAI I CL EQUITI SCHOLARUM PER
LITHVANIAM MODERATORI ANTECESSORI
ET ACADEMIAE VILNENSIS RECTORI E VIVIS
EREPTOTO. A. MDCCCXV D. V. AUGUSTI. AETATIS LXII
VIRO GENERIS NOBILITATE MORUM
INTEGRITATE COMITATE ELOQUIO AC
DOCTRINA PERSPECTO LIITTERARUM
INCREMENTIS NATO EARUMQUE AMORE
NULLI SECUNDO DE ACADEMIA VERO DUM
ALEXANDRI PRIMI
MUNIFICENTIA EADAM INSTAURARETOR ET AUGERETUT
IMMORTALITER MERITO COLLEGAE CIVISQUE
TANTAE VIRTUTIS MEMORES AERE COLLATION

CENOTAPHIUM HOCCE POSUERE A. MDCCCXXVIII

У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў ува ўмовах, калі будаваньне помнікаў дзеячам культуры Рэчы Паспалітай на вуліцах і пляцах Вільні забаранялася расейскімі ўладамі, у касьцёле зьявілася некалькі помнікаў літаратарам. Сьвярша ў зьвязку з стагодзьдзем з дня нараджэньня вялікага паэта, паводле праекту архітэктара Тадэвуша Стрыенскага збудавалі помнік Адаму Міцкевічу з бронзавым бюстам працы Марцэлія Гуйскага. Помнік Міцкевічу ўсталявалі ў паўднёвым нэфе ў тым месцы, дзе, паводле паданьня, любіў стаяць паэт. Ён мае форму саркафагу на ножках у выглядзе львіных лапаў, які ўзвышаецца на высокім пастамэнце; над саркафагам у авальнай нішы паміж дзьвюма калёнамі стаіць бронзавы бюст, апраўлены бронзавым пазалочаным ляўровым лісьцем. Калёны падпіраюць фрыз зь імітацыяй мармуру, над ім у аправе зь ляўровага лісьця копія абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Адкрыцьцё помніка, збудаванага на сабраныя грамадзкасьцю сродкі (4648,39 рублёў[14]), адбылося 6 (18) чэрвеня 1899 году. 26 лістапада (9 сьнежня) 1901 году ў касьцёле паставілі помнік сябру А. Міцкевіча паэту Антонію Эдварду Адынцу (стараньнямі і на сродкі яго пляменьніка Тадэвуша Адынца) зь бюстам на пастамэнце зь дзьвюх пакладзеных адна на адну кніг, разгорнутым аркушам паперы і гусіным пяром у нішы паміж дзьвюма пілястрамі. На процілеглым паўночным баку ў 1908 годзе адкрылі помнік паэту Ўладзіславу Сыракомлю з бронзавым бюстам паводле праекту скульптара Піюса Веленскага, выкананым Пятрасам Рымшам[15]. Гэтыя элемэнты інтэр’еру надавалі касьцёлу характар нацыянальнага пантэона і служылі падтрыманьню патрыятычных настрояў.

Пліта ў памяць Сімонаса Даўкантаса

У 1917 годзе, у зьвязку з стагодзьдзем сьмерці нацыянальнага героя, у паўночную сьцяну ўмуравалі гіпсавую табліцу ў памяць Тадэвуша Касьцюшкі працы скульптара Антонія Вівульскага. Выкананая ў форме шырокага крыжа, яна адлюстроўвае правадыра паўстаньня 1794 году і зброю паўстанцаў — дзіды з выпрастанымі лёзамі косаў. На пліце напісаны лёзунг паўстаньня польск. Za wolność i swobodę ludów («За вольнасьць і свабоду народаў») і дата стагодзьдзя сьмерці Касьцюшкі, намаляваны шчыт з гербамі Беларусі, Летувы і Польшчы. Абарваны ніжні край пліты сымбалізуе паразу паўстанцаў і крушэньне надзеяў.

У 1979 годзе да юбілею 400-годзьдзя ўнівэрсытэту ў касьцёле ўсталявалі гарэльефы ў памяць летувіскіх гісторыка Сіманаса Даўкантаса (аўтар Гядзімінас Якубоніс) і лексыкографа Канстантынаса Сірвідаса (аўтар Юозас Кедайніс), а таксама партрэты Сарбевія, паэта і фальклярыста Людвікаса Рэзы, біскупа-асьветніка Мацеюса Валанчуса, паэта і грамадзкага дзеяча Кіпрыёнаса Незабітаўскаса-Забіціса (мастак Вітаўтас Цыпліяўскас), гісторыка Тэадора Нарбута (мастак Валдас Юрявічус), мовазнаўца Казімераса Бугі, іншых дзеячоў літаратуры, навукі, асьветніцтва.

Арган[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы арган усталявалі на сродкі Альбрэхта Радзівіла каля 1590 году. У 1700 годзе збудавалі новыя арганныя хоры і паставілі новы арган, у 1729—1735 гадох зьявіліся новыя хоры зь іншым арганам, які згарэў у пажары 1737 году. Арганныя хоры, збудаваныя паводле праекту Яна Гляўбіца па гэтым пажары, захаваліся да нашага часу. Стараньнямі рэктара Марціна Пачобута-Адляніцкага ў 1782 годзе ў касьцёле зьявіўся новы арган.

Арган і бюст Станіслава Манюшкі

У 1839 годзе ў касьцёле ўсталявалі арган у 22 рэгістры працы майстра з Караляўца Адама Готлаба Каспарыні, дастаўлены ў 1836 годзе з закрытай Полацкай езуіцкай акадэміі. Перамовы пра набыцьцё аргана спачатку ўнівэрсытэту, потым, па яго скасаваньні, мэдычна-хірургічнай акадэміі зь віленскім біскупам, кіраўніцтвам ордэна піяраў, да якіх перайшла маёмасьць Полацкай акадэміі, міністэрствам унутраных справаў Расейскай імпэрыі працягваліся зь перапынкамі, выкліканымі паўстаньнем 1830—1831 гадоў і рэарганізацыямі навучальных установаў, з 1830 да 1835 году. Мэханіку Брунэру даручылі дэмантаваць арган і арганізаваць яго дастаўку ў Вільню; адпраўлены ў Полацак у чэрвені 1835 году, ён там памёр. Па гэтым дастаўкай аргана, якая запатрабавала дадатковых выдаткаў (да 1000 рублёў срэбрам) і зьвязаных зь імі перамоваў, займаўся арганны майстар Антоні Гурыновіч. Арган даставілі ў лютым 1836 году ў 84 скрынях, ён важыў 1264 пуда (20,25 т). З жніўня 1837 году да кастрычніка 1839 году мантажом і аднаўленьнем пашкоджаных дэталяў займаліся арганныя майстры Тэадор Тыдэман і яго сыны Тэадор і Франц Тыдэман, за што ім заплацілі 3000 рублёў срэбрам. У адрэстаўраванага аргана было 40 галасоў, або рэгістраў, і 2438 трубаў. Ранейшы арган мэдычна-хірургічная акадэмія ў сьнежні 1839 году бязвыплатна перадала ў капліцу Віленскага дабрачыннага таварыства[16].

Адноўлены па шматгадовых працах да ліпеня 2000 году цяперашні арган на 65 галасоў і з 3600 трубамі — найбольшы ў Летуве. На арганных хорах стаіць бюст кампазытара Станіслава Манюшкі, які ў 1840—1858 гадох жыў у Вільні і некалькі гадоў быў арганістам касьцёла (гадавая плата складала 100 рублёў срэбрам).

Званіца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Званіца з боку вуліцы Сьвятаянскай

У канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзях побач з касьцёлам на сродкі магістрату збудавалі званіцу з характэрным для рэнэсансавых пабудоваў рытмічным падзелам ярусаў і разьмяшчэньнем праёмаў. У ніжнім паверсе званіцы жыў кантар касьцёла. У званіцы ў чатыры ярусы было тры званы; у пажарах і войнах званы неаднаразова пашкоджваліся і зьнішчаліся, наўзамен адліваліся новыя. Адзін зь іх касьцёлу па пажары 1628 году падараваў Леў Сапега. За часамі Першай сусьветнай вайны перад уваходжаньнем у Вільню нямецкага войска ўсе званы вывезьлі з касьцёла. Пры рэстаўрацыі званіцы ў 1955—1957 гадох на яе ўзьнялі барокавы медны звон вядомага віленскага майстра Яна Дэламарса, адліты ў 1675 годзе для касьцёла Сьвятога Міхала. Вышыня звона 58 см, дыямэтар 92 гл.

Верхні ярус званіцы дабудавалі ў сярэдзіне XVIII ст. паводле праетку Яна Гляўбіца. Ён адрозьніваецца барокавымі формамі. Куты трох ніжніх ярусаў падкрэсьліваюць пілястры, чацьвертага — пары калёнаў, значна вузейшага пятага — пастаўленыя пад кутом пілястры. Куты чацьвертага і пятага ярусаў упрыгожваюць дэкаратыўныя вазы (адноўленыя разам з купалам пры рэстаўрацыі ў 1955—1957 гадох). Вузкія вокны аднолькавай шырыні ў скупым апраўленьні падкрэсьліваюць вэртыкальнасьць званіцы. Жалезны крыж, выкаваны ў XVIII ст., у вышыню складае 6,2 м[17].

Брама паміж касьцёлам і званіцай, якая была галоўным уваходам у комплекс унівэрсытэту, звычайна зачынена. З разгляднай пляцоўкі на званіцы (вышыня 45 м) адкрываецца краявід на вуліцы і завулкі Старога Места, а таксама на былыя прадмесьці паўднёвыя (Росы, Новае Места) і заходнія (Панары), якіх не відаць зь вежы Гедыміна праз забудову. З 2011 году турысты могуць трапіць на разглядную пляцоўку вітымі ўсходамі або з дапамогаю ліфта.

Паэт Фёдар Глінка пакінуў наступныя ўражаньні ад разгляду Вільні з касьцельнай званіцы[18]:

Па двухстах пяцідзесяці прыступках узышоў я на самы верх званіцы Сьвятога Яна, адкуль усё места, з усімі яго цэрквамі, манастырамі і замкамі, як на далоні… Учора ранкам глядзеў адтуль на Вільню, падпяразаную квітнеючымі ўзгоркамі.

Касьцёл і званіца, якая доўгі час была найвышэйшым будынкам у Вільні (зьвесткі вагаюцца ад 63[19] да 68 м з крыжам[20]), вызначылі панаваньне барока ў ансамблі ўнівэрсытэту і сталі архітэктурнай дамінантай барокавай панарамы места.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Lietuvos architektūros istorija. T. II: Nuo XVII a. pradžios iki XIX a. vidurio. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1994. P. 68.
  2. ^ Čaplikas A. R. Vilniaus gatvių istorija. Pilies gatvė. — Vilnius: Charibdė, 2005. P. 194.
  3. ^ Kirkoras A. D. Pasivaikščiojimas po Vilnių ir jo apylinkes. Vertė Kazys Uscila. — Vilnius: Mintis, 1991. P. 45.
  4. ^ Кушнярэвіч А. Віленскі касцёл Яна Хрысціцеля і Яна Евангеліста // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 423.
  5. ^ Čaplikas A. R. Vilniaus gatvių istorija. Pilies gatvė. — Vilnius: Charibdė, 2005. P. 196.
  6. ^ Кушнярэвіч А. Касцёл св. Яна ў Вільні — помнік фарнай готыкі // Беларускі гістарычны часопіс. 2004. № 1.
  7. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 216.
  8. ^ Лашкевіч К. «Страчаная сталіца». Шэсць бажніц, якія варта наведаць беларусу ў Вільні. TUT.BYПраверана 20 лютага 2017 г.
  9. ^ Кушнярэвіч А. Віленскі касцёл Яна Хрысціцеля і Яна Евангеліста // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 424.
  10. ^ Šventojo Tėvo kalba inteligentijai Vilniaus universiteto Šv. Jonų bažnyčioje(лет.) Праверана 20 лютага 2017 г.
  11. ^ Wilno. Przewodnik krajoznawczy Juliusza Kłosa, Prof. Uniwersytetu St. Batorego. Wydanie trzecie popraione po zgonie autora. — Wilno, 1937. S. 150.
  12. ^ Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. T. 1. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. P. 539.
  13. ^ Kirkoras A. H. Pasivaikščiojimas po Vilnių ir jo apylinkes. Vertė Kazys Uscila. — Vilnius: Mintis, 1991. P. 48.
  14. ^ Drėma V. Vilniaus Šv. Jono bažnyčia. — Vilnius: R. Paknio leidykla, 1997. P. 232.
  15. ^ Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. T. 1. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. P. 540.
  16. ^ Drėma V. Vilniaus Šv. Jono bažnyčia. — Vilnius: R. Paknio leidykla, 1997. P. 195—197.
  17. ^ Čaplikas A. R. Šv. Jono, Dominikonų, Trakų gatvės. — Vilnius: Charibdė, 1998. P. 60.
  18. ^ Глинка Ф. Письма русского офицера о Польше, австрийских владениях, Пруссии и Франции, с подробным описанием Отечественной и заграничной войны с 1812 по 1815 год. Печатаны с издания 1815 году без перемен. — Москва: Типография «Русского», 1870. С. 256. [1]
  19. ^ Čaplikas A. R. Vilniaus gatvių istorija. Pilies gatvė. — Vilnius: Charibdė, 2005. P. 201.
  20. ^ Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. T. 1. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. P. 542.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
  • Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
  • Кушнярэвіч А. Касцёл св. Яна ў Вільні — помнік фарнай готыкі // Беларускі гістарычны часопіс. 2004. № 1.
  • Drėma V. Vilniaus Šv. Jono bažnyčia. — Vilnius: R. Paknio leidykla, 1997. ISBN 9986-830-00-1.
  • Jaloveckas R., Dambrauskaité T. Buv. Šv. Jono bažnyčios vilniuje restauraciniai tyrimai // Architektūros paminklai. T. 2. — Vilnus, 1972.
  • Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. T. 1. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. ISBN 9786-094-400-41-4.
  • Paszenda J. Kościół Św. Jana w Wilne w okresie jezuickim 1571—1773 // Kwartalnik Architektury i Urbanistyki. — W-wa, 1985. R. XXX. Z. 3.
  • Paszenda J. Stiuki wileńskie XVIII wieku w świetle archiwów jezuickich // Biuletyn Historii Sztuki. — W-wa, 1974. R. XXXVI. № 2.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і Сьвятога Яна Апостала і Эвангеліста (Вільня)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў