Беларуская канфэрэнцыя (1918)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Удзельнікі канфэрэнцыі
Сьцяг удзельнікаў канфэрэнцыі

Беларуская канфэрэнцыя — канфэрэнцыя, адбылася 25—28 студзеня 1918 году ў Вільні. Скліканая Арганізацыйным камітэтам, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных сацыяльных колаў і беларускіх арганізацыяў з акупаванай Нямеччынай тэрыторыі Беларусі.

Правядзеньне канфэрэнцыі было выкліканае падзеямі ў Расеі (кастрычніцкі пераварот 1917 году), ва ўсходняй частцы Беларусі (Ўсебеларускі зьезд, антыбеларуская палітыка бальшавікоў) і на тэрыторыі, акупаванай нямецкімі войскамі (абвяшчэньне Летувіскай Рэспублікі ў сьнежні 1917). У сувязі з гэтым узьнікла неабходнасьць узгадніць мэты розных беларускіх арганізацыяў, «апрацаваць асновы беларускага народнага прадстаўніцтва» й «палажыць першы камень пад будоўлю нашай гасударственнай будучыні». 3 прычыны таго, што нямецкія акупацыйныя ўлады й Летувіская Тарыба падазрона ставіліся да беларускага вызваленчага руху, Арганізацыйны камітэт у сваёй абвестцы прапанаваў склікаць падрыхтоўчую нараду, якая, «разгледзеўшы сучаснае палітычнае палажэньне і вырабіўшы сабе ясны погляд на яго, павінна апрацаваць асновы арганізацыі беларускага народнага прадстаўніцтва».

Прэзыдыюм канфэрэнцыі

Нарада сабралася 25 студзеня 1918 году ў Вільні й абвясьціла сябе Беларускай канфэрэнцыяй. Дэлегатам належала разгледзець 2 канцэпцыі: выпрацаваную ў верасьні 1917 канфэрэнцыяй Беларускага народнага камітэту, Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы й Віленскага камітэту Беларускай сацыялістычнай грамады й выпрацаваную арганізацыяй Сувязь незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі. Пасьля ўзгадненьня сваіх пазыцыяў беларускія арганізацыі не адмовіліся ад ідэі Беларуска-Летувіскай дзяржавы. На думку ўдзельнікаў канфэрэнцыі, гэтая дзяржава павінная была стаць канфэдэрацыяй 2 аўтаномных тэрыторыяў — беларускай і летувіскай; у склад канфэдэрацыі, павінны былі ўвайсьці ўсе беларускія й усе летувіскія землі.

На канфэрэнцыі быў абраны каардынацыйны цэнтар беларускіх арганізацыяў і прадстаўнічы орган акупаванай Нямеччынай тэрыторыі Беларусі — Віленскую беларускую раду.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]