Ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Славутасьць
Ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту
лет. Vilniaus universiteto kiemeliai
Схема ансамблю
Схема ансамблю
Краіна Летува
Горад Вільня
Адрас Вуліца Ўнівэрсытэту
Каардынаты 54°40′57″ пн. ш. 25°17′14″ у. д. / 54.6825° пн. ш. 25.28722° у. д. / 54.6825; 25.28722Каардынаты: 54°40′57″ пн. ш. 25°17′14″ у. д. / 54.6825° пн. ш. 25.28722° у. д. / 54.6825; 25.28722
Архітэктурны стыль готыка, рэнэсанс, барока, клясыцызм
Заснавальнік Таварыства Ісуса
Дата заснаваньня 1570
Будаўніцтва 15701873 гады
Будынкі:
Вялікі двор • Касьцёл Сьвятых Янаў
Вядомыя насельнікі Томаш Жыцкі, Ян Зноска, Ян Рустэм, Джозэф Саўндэрс, Караль Падчашынскі
Стан Дзейны
Сайт Афіцыйны сайт
Ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту на мапе Летувы
Ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту
Ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту
Ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту
Commons-logo.svg Ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту на Вікісховішчы

Анса́мбль Ві́ленскага ўнівэрсытэ́ту — архітэктурны комплекс у Вільні, які займае амаль увесь квартал Старога гораду, акрэсьлены межамі вуліцаў Унівэрсытэту, Швянта Ёна (Сьв. Яна), Пілес і Скапа; помнік культуры й гісторыі, у формах якога адлюстроўваюцца пераважныя ў Літве пры фармаваньні комплексу архітэктурныя стылі — готыка, рэнэсанс, барока, клясыцызм. У стварэньні найбуйнейшага й самага складанага архітэктурнага ансамблю Старога гораду на працягу чатырох стагодзьдзяў бралі ўдзел лепшыя архітэктары Літвы.

Ансамбль прадстаўляе Летуву ў парку Міні-Эўропа ў Брусэлі, сярод найбольш выбітных эўрапейскіх славутасьцяў.[1] Наведваньне гэтага комплексу ўваходзіць у праграмы турыстычных экскурсіяў і візытаў кіраўнікоў дзяржаваў і іншых высокіх гасьцей у Летуву. Напрыклад, яго наведвалі Далай лама (2001), папа рымскі Ян Павал II (2003), каралева Нідэрляндаў Бэатрыкс (2008). У кастрычніку 2006 року ўнівэрсытэт наведалі каралева Вялікабрытаніі Лізавета II, герцаг Эдынбурскі Філіп і прынц Чарлз у суправаджэньні прэзыдэнта Валдаса Адамкуса.[2] У траўні 2009 року ва ўнівэрсытэцкіх будынках і дварах пабывала гішпанская каралеўская пара Хуан-Карлас I і каралева Соф’я.[3] У сакавіку 2010 року ўнівэрсытэт падчас свайго афіцыйнага візыту наведаў прэзыдэнт Славеніі Даніла Цюрк з жонкай.[4]

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтральны будынак

Ансамбль пачаў фармавацца каля 1570 року ў раней ужо забудаваным камяніцамі квартале ва ўладаньнях віленскага біскупа. Заснаваная ў 1578 року езуіцкая Акадэмія й Унівэрсытэт набывала новыя дамы, пашыраючы свае памяшканьні ў паўночным і ўсходнім напрамках. У будынках ансамблю разьмяшчаліся па чарзе езуіцкая калегія, ператвораная ў Акадэмію й Унівэрсытэт Таварыства Ісуса, затым Галоўная віленская школа, імпэратарскі Віленскі ўнівэрсытэт, гімназія, Музэй старажытнасьцяў і Віленская археалягічная камісія, пазьней Публічная бібліятэка й архіў, а таксама астранамічная абсэрваторыя, у 1919—1939 гадах — Унівэрсытэт Стэфана Баторыя. Цяпер у памяшканьнях ансамблю месьцяцца адміністрацыя, бібліятэка, філязофскі, гістарычны і філялягічны факультэты Віленскага ўнівэрсытэту.

Агульная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Двор Бібліятэкі. Фрагмэнт банкноты 100 літаў

Ансамбль складаецца з дванаццаці будынкаў зь некалькімі карпусамі, якія злучаюцца адзін з адным, касьцёла Сьвятых Янаў і званіцы, якія ўтвараюць 13 двароў рознай велічыні й пляніроўкі. Прызначэньне памяшканьняў, іхныя назвы, як і назвы двароў, мяняліся. Ансамбль адкрыты для платнага наведваньня ў сакавіку — кастрычніку з 9 да 18 гадзінаў, у лістападзе — лютым з 10 да 17 гадзінаў (уваход з двара Бібліятэкі ў двор Сарбевія); касьцёла Сьвятых Янаў адкрыты для наведваньня з панядзелка да суботы з 10 да 17 гадзінаў. У двор Міцкевіча і двор Стуокі-Гуцявічуса ў летні час таксама можна прайсьці ў будныя дні празь піўны рэстаран «Аўла» (раней кавярня «Жалтвіксьле») на вуліцы Пілес.

Вялікі Двор[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Двор Скаргі (XIX стагодзьдзе)
Двор Скаргі. Фрагмэнт банкноты 100 літаў
Касьцёл Св. Янаў і званіца
Вялікі двор

Вялікі Двор (лет. Didysis kiemas; ранейшая назва — Двор Скаргі, лет. Skargos kiemas; польск. dziedziniec Skargi) утвараюць паўночны й заходні карпусы XVI стагодзьдзя, касьцёл Сьвятых Янаў, узьведзеная ў XVII стагодзьдзі званіца і пабудаваныя ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя паўднёвы корпус і аўла. На фасадзе паўночнага корпусу памятная дошка лац. Academia et Universitas Societatis Jesu Erecta anno 1580. Пры рэканструкцыі пасьля пажару 1610 року былі абсталяваныя адкрытыя галерэі — на двух паверхах паўночнага корпусу і на першым паверсе заходняга корпусу.

У пачатку XVIII стагодзьдзя ўнівэрсытэт набыў дамы гараджанаў па вуліцы Сьвятога Яна (лет. Швянта Ёна) на паўднёвым баку двара. На іх месцы быў пабудаваны вучэбны корпус з адкрытымі галерэямі на першым і другім паверхах. На ўчастку, які прымыкае да званіцы, была пабудаваная новая аўла, паводле праекту, як мяркуецца, архітэктара Яна Гляўбіца. Яна была ўрачыста адкрытая 11 чэрвеня 1762 року. У 1810 року яе перабудоўваў архітэктар Міхал Шульц. Пасьля пажараў 1737 і 1749 гадоў быў дабудаваны трэці паверх паўночнага й заходняга карпусоў і створаны барочны фасад касьцёла.

Аўла

У галерэях Вялікага двара на пяцідзесяці памятных дошках увечнаныя імёны выдатных выхаванцаў і выкладчыкаў унівэрсытэту — знакамітых вучоных, паэтаў, мастакоў Канстанцінаса Сірвідаса, паэта Мацея Казімера Сарбеўскага, Жыгімонта Лаўксьміна, гісторыка Альберта Віюка-Каяловіча, прыродазнаўцы Георга Форстэра, архітэктара Лаўрынаса Стуокі-Гуцявічуса, мастака Францыска Смуглевіча, астранома Марціна Пачобут-Адляніцкага, матэматыка Францішка Нарвойша, філёляга Готфрыд Эрнст Гродэка, батаніка Людвіга Баянуса, мастака Яна Рустэма, лекара, біёляга, хіміка Анджэя Сьнядэцкага, мэдыка Ёзэфа Франка, прававеда й гісторыка Ігнацыя Даніловіча, натураліста Станіслава Баніфацыя Юндзіла, паэтаў Адама Міцкевіча, Юльюша Славацкага, філёзафа Льва Карсавіна і многіх іншых.

На фрэсках пілястраў паўночнага й заходняга крыла намаляваныя герб унівэрсытэту, партрэты біскупа Валяр’яна Пратасевіча, палкаводца Яна Караля Хадкевіча, каралёў Аўгуста II Моцнага і Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У 1929 року да 350-годзьдзя ўнівэрсытэту ў нішах будынка аўлы былі ўсталяваныя алегарычныя фігуры Ісьціны і Прыгажосьці (скульптар Баляслаў Балзукевіч). Яны не захаваліся. Цяпер у нішах устаноўленыя стылізаваныя фігуры студэнтаў. Над фасадам аўлы надпіс па-лацінску: Alma Mater Vilnensis. На першым паверсе дзейнічае кавярня, вядомая па неафіцыйнай назьве «морг». У двары адбываюцца ўрачыстасьці з нагоды пачатку й заканчэньня навучальных гадоў.

Двор абсэрваторыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Двор абсэрваторыі. Фрагмэнт банкноты 100 літаў

Двор абсэрваторыі (лет. Observatorijos kiemas, польск. dziedziniec Poczobuta) — найстарэйшы двор ансамблю Віленскага ўнівэрсытэту. Ніжнія паверхі будынкаў адносяцца да XV стагодзьдзя. Двор утварыўся ў XVI стагодзьдзі будаўніцтвам будынкаў езуіцкай калегіі, таму яго называлі дваром калегіі.

Абсэрваторыя

Цяперашнюю форму двор атрымаў у пачатку XVII стагодзьдзя. У двары ў XVII—XVIII стагодзьдзях вырошчвалі лекавыя расьліны і ў паўднёвым крыле месьцілася аптэка. У 1753 годзе на сродкі ўдавы старосты мсьціслаўскага Л. Пузыні была збудаваная ўласна абсэрваторыя. У канцы XVIII стагодзьдзя ў гэтым жа будынку месьціліся канцылярыя й архіў адукацыйнай камісіі.

На будынку астранамічнай абсэрваторыі па фрызе знаходзіцца надпіс — цытата на лацінскай мове з Вэргіліюса: лац. Addidit antiquo virtus nova lumina coelo («Адвага дае старому небу новае сьвятло»). Ніжэй: лац. Haec domus Uraniae est: Curae procul este profanae: Temnitur hic humilis tellus: Hinc itur ad astra («Гэта дом Ураніі. Ідзіце прэч, прафаны! Тут зьневажаюць нікчэмную Зямлю: адсюль падымаюцца да зорак»). Яшчэ ніжэй зьмешчаны надпіс у памяць 150-годзьдзя адукацыйнай камісіі й рэформы асьветы. Будынак упрыгожвае дарычны фрыз са знакамі задыяку ў метопах.

На сьцяне заходняга корпусу знаходзіцца памятная дошка з тэкстам на польскай мове ў памяць Марціна Пачобут-Адляніцкага, прафэсара астраноміі й рэктара ўнівэрсытэту.

Двор бібліятэкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бібліятэка й абсэрваторыя (XIX стагодзьдзе)
Цэнтральны будынак унівэрсытэту

Двор бібліятэкі (лет. Bibliotekos kiemas) сфармаваўся ў канцы XVI стагодзьдзя. У XVII—XVIII стагодзьдзях быў закрытым гаспадарчым дваром унівэрсытэту. Пры капітальнай перабудове суседняга генэрал-губэрнатарскага палацу ў пачатку XIX стагодзьдзя адзін з карпусоў быў разабраны. Пазьней двор ад вуліцы аддзяляў каменны плот з брамай у стылі клясыцызму, але й ён быў разабраны. Цяпер двор выглядае як невялікі пляц. Яго ўтвараюць трохпавярховы фасад аднаго з найстарэйшых будынкаў ансамблю — будынак бібліятэкі, ня менш старога корпусу былой астранамічнай абсэрваторыі (справа) і корпус гістарычнага факультэту зьлева.

Надбудову ўласна абсэрваторыі над ранейшым трохпавярховым паўночным корпусам будынка былой езуіцкай калегіі ўпрыгожваюць пілястры з фрэскамі XVIII стагодзьдзя, якія паказваюць матэматычныя й астранамічныя прыборы й сымбалі сямі найбуйнейшых плянэтаў над вокнамі. У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя абсэрваторыю ўпрыгожвалі дзьве барочныя вежы. Заходняя вежа была перабудаваная ў 1838—1842 гадах і стала ніжэйшай. На ёй быў усталяваны тэлескоп, але ў 1867 року згарэў пры пажары. Верхні паверх ўсходняй вежы быў разабраны. На ёй у 1863 року былі ўсталяваны выраблены ў Эдынбургу электрычны гадзіньнік. Ягоны мэханізм рэгуляваўся астранамічнымі прыборамі, таму яны паказвалі вельмі дакладны час. Вайскоўцы на Замкавай гары ў тэлескоп, пазычаны астраномамі, сачылі за гадзіньнікам і паводле іх сьведчаньняў роўна апоўдні стралялі з гарматы. У 1990-я гады ўсходняя вежа была адрэстаўраваная. Яе верхавіну ўпрыгожвае герб Пратасевічаў і флюгер з манаграмай ордэну езуітаў.[5]

У заходнім куце паводле праекту архітэктара Стэфана Нарэмбскага ў 1938 року былі прасечаныя тры аркі. У 1964 року да 250-годзьдзя пачынальніка летувіскай мастацкай літаратуры Крысьціёнаса Данэлайціса ў паглыбленьні ўсталяваная скульптура Данэлайціса (скульптар Канстанцінас Багданас). Ва ўсходнім куце цэнтральны ўваход ва ўнівэрсытэт.

Зьлева ад яго камэмэратыўныя дзьверы ў памяць 450-годзьдзя першай летувіскай кнігі «Катэхізіс» Марцінаса Мажвідаса (скульптар Ёнас Мяшкялявічус) з выявай важнейшых постацяў і падзеяў гісторыі летувіскай культуры. Верхняя частка гранітнага парталу важыць каля 9 тон, бакавіны — каля 6 тон, рухомая бронзавая створка дзьверы — каля 300 кр. Дзьверы, на стварэньне, выраб і мантаж якіх было затрачана паўмільёну літаў (што выклікала крытыку ў адрас былога рэктара ўнівэрсытэту, летувіскага палітыка Раландаса Павіленіса), лічацца самымі дарагімі ў Летуве.

Дзьверы-помнік (2001)

У верхняй частцы дзьвярэй разьмешчаны бронзавыя партрэты Мікалая Крыштофа Радзівіла «Сіроткі», які заснаваў ў 1579 року друкарню ў Вільні (пазьней друкарня Віленскай акадэміі і ўнівэрсытэту Таварыства Ісуса, 1585), дзе ў 1613 року была надрукавана першая арыгінальная мапа Вялікага княства Літоўскае «Magni Ducatus Lithuaniae caeterarumque regionum illi adiacentium exacta descriptio»; віленскага біскупа Валяр’яна Пратасевіча, які заснаваў віленскую езуіцкую калегію (1570) і яе бібліятэку; папа рымскі Грыгорыюс XIII, які зацьвердзіў 29 кастрычніка 1579 року булу аб заснаваньні Віленскай акадэміі і ўнівэрсытэту; кардынал Юрый Радзівіл, які зьвярнуўся да папы з просьбай аб прадастаўленьні правоў акадэміі віленскай калегіі; кароль польскі і вялікі князь летувіскі Жыгімонт Аўгуст, які падарыў езуіцкай калегіі сваю бібліятэку (каля 5000 тамоў); кароль польскі і вялікі князь летувіскі Стэфан Баторы, які падпісаў прывілей 1 красавіка 1579 року аб рэарганізацыі езуіцкай калегіі ва ўнівэрсытэт.

Дзьверы-помнік (2006)

Пасярэдзіне разьмяшчаецца герб унівэрсытэту й надпіс «Першай летувіскай кнізе 1547—1997» (лет. Pirmajai lietuviškai knygai 1547—1997). На створках дзьвярэй адлюстраваныя першая старонка «Катэхізіса» Мажвідаса і выдадзенага ў Вільні ў 1595 року зборніка пропаведзяў на летувіскай мове «Пасьціла» Мікалоюса Даўкшы, ніжэй — віды ўнівэрсытэтаў Кёнігсбэргу («Калыска летувіскай кнігі») і Вільні («Ачаг летувіскай навукі»), партрэты першага летувіскага мовазнаўцы Канстанцінаса Сірвідаса, бацькі летувіскай гістарыяграфіі Сіманаса Даўкантаса, патрыярха летувіскага нацыянальнага адраджэньня Ёнаса Басанавічуса, знакамітага кніганошы часоў забароны на летувіскі друк лацінскім шрыфтам Юргіса Белініса, таксама Вінцаса Кудзіркі і біскуп Матэўса Валанчуса, братоў Вацловаса Біржышкі і Міколаса Біржышкі, пісьменьніка Вінцаса Мікалайціса-Пуцінаса. Унізе зьлева сцэна ў старадаўняй друкарне, зьлева — выява скрыптара або пісьменьніка й тэкст з прысьвечанай унівэрсытэту паэмы «Дрэва пазнаньня» Юсьцінас Марцінкявічуса «Тым людзям, што падымалі дах слова, тым кнігам, што калыхалі нашы калыскі» (лет. Tiems žmonėms žodžio stogą kėlusiems, toms knygoms mūsų lopšį supusioms). Дзьверы былі ўрачыста адкрытыя 21 траўня 2001 року.

На трохпавярховым будынку гістарычнага факультэту памятная дошка ў памяць пражываньня ў Вільні ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі, які жыў і тварыў у Вільні ў 1829—1831 гадах. Жыўшы ў Вільні, ён браў урокі маляваньня ў мастака Яна Рустэма, які жыў ў гэтым будынку.

У будныя дні двор Бібліятэкі функцыянуе як аўтастаянка для работнікаў унівэрсытэту. 1 верасьня тут праходзяць урачыстасьці пачатку новага навучальнага року ва ўнівэрсытэце.

Арачныя праходы вядуць ў двор М. К. Сарбевія й М. Даўкшы.

Двор Сарбевія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Звон Свабоды над праходам, якія злучаюць Вялікі двор і двор Сарбевія

Двор М. К. Сарбевія (лет. M. K. Sarbievijaus kiemas, польск. dziedziniec Sarbiewskiego) названы імем Мацея Казімера Сарбевія, польскага лацінскага паэта. На заходнім крыле над брамай устаноўлена памятная дошка зь белага мармуру пра заслугі Сарбевія — паэта-ляўрэата, якога папа рымскі Урбан VIII увянчаў лаўровым вянком і ўзнагародзіў мэдалём.

Да самых старых пабудоваў двара адносяцца будынкі ў яго паўднёвай частцы, якія ў асноўным захавалі структуру XVII стагодзьдзя. Архітэктар Караль Падчашынскі ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя перабудаваў паўднёвы корпус і ўсе тры паверхі ўмацаваў масіўнымі кантрафорсамі.

Ва ўсходнім корпусе ў часы езуіцкай акадэміі разьмяшчаліся стайні. Пасьля рэканструкцыі, праведзенай да 400-годьдзя ўнівэрсытэту (1979), у гэтым корпусе абгрунтаваўся цэнтар літуаністыкі і ўнівэрсытэцкая кнігарня лет. Littera. Скляпеньні і пілоны кнігарні ўпрыгожваюць фрэскі Антанаса Кмеляўскаса з выявамі заснавальніка езуіцкай калегіі біскупа Валяр’яна Пратасевіча, рэктара Галоўнай віленскай школы астранома Марціна Пачобута-Адляніцкага, выбітных выкладчыкаў і выхаванцаў Віленскага ўнівэрсытэту — мастакоў Смуглевіча і Рустэма, гісторыкаў Іяхіма Лялевеля і Даўкантаса, мэдыка Франка, паэтаў Міцкевіча і Славацкага, усходазнаўца Кавалеўскага і іншых.

У паўночным корпусе былі кватэры прафэсараў унівэрсытэту. Корпус у 1799—1801 гадах рэканструяваў архітэктар Міхал Шульц. На трэцім паверсе была яго ўласная кватэра. Інтэр’ер чатырох пакояў Шульц дэкараваў ляпнымі арнамэнтамі і формамі розных ордараў і чытаў тут лекцыі, выкарыстоўваючы сваю кватэру як наглядны дапаможнік. Сёньня гэта адзін зь нешматлікіх захаваных клясыцысцкіх інтэр’ераў жылога дому ў Вільні. Пазьней тут жылі графік прафэсар Джозэф Саўндэрс, архітэктар Падчашынскі. Цяпер у былой кватэры Шульца разьмяшчаецца дэканат філялягічнага факультэту.[6] 26 чэрвеня 2011 року адбылося адкрыцьцё памятнай дошкі, устаноўленай на гэтым будынку, у гонар ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, паэта Чэслава Мілаша, які вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце; ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел прэзыдэнт Летувіскай Рэспублікі Даля Грыбаўскайце, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Летуве Януш Скалімоўскі, рэктар Віленскага ўнівэрсытэту Бенедзіктас Юодка і іншыя.[7][8]. Аўтар памятнай дошкі з барэльефам Мілаша й тэкстам на летувіскай, польскай і лацінскай мовах скульптар Арвідас Алішаўскас.[9]

Двор Даўкшы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Двор М. Даўкшы (лет. M. Daukšos kiemas) названы імем Мікалоюса Даўкшы, каталіцкага каноніка, аднаго са стваральнікаў летувіскай пісьменнасьці. У будынках, якія ўтвараюць двор, асталяваўся гістарычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Двор сфармаваўся ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя. У XVII стагодзьдзі пабудаваны паўднёвы корпус, у сярэдзіне XVIII стагодзьдзя — двухпавярховы заходні і аднапавярховыя паўночны і ўсходні, у якіх былі зроблены стайні.

Напачатку XVIII стагодзьдзя на трэцім паверсе паўднёвага корпусу знаходзілася кватэра рэктара Ўладзіслава Даўкшы. У паўднёвым крыле з боку двара захаваўся рэнэсансны фасад.

У 1803 року над паўднёвым і заходнім карпусамі быў надбудаваны трэці паверх. На другім, пазьней на трэцім паверсе заходняга корпусу жыў мастак прафэсар Ян Рустэм. У яго браў урокі Тарас Шаўчэнка, у памяць пра што на будынку з боку двара Бібліятэкі ўстаноўлена памятная дошка з барэльефнай выявай паэта й тэкстам на летувіскай і ўкраінскай мовах.

На другім паверсе таго ж дому жыў матэматык, які некаторы час займаў пасаду дэкана фізыка-матэматычнага факультэту Томаш Жыцкі. Цяпер памяшканьні яго былой кватэры займае дэканат гістарычнага факультэту. Над кватэрай Жыцкага на трэцім паверсе жыў прафэсар палітычнай эканоміі Ян Зноска. Заходні корпус двара рэканструяваўся, з прыстасаваньнем памяшканьняў пад кватэры прафэсараў, па праекце й пад назіраньнем архітэктара Міхала Шульца.[10]

Двор Даўкантаса[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Даўкантас

Двор С. Даўкантаса (лет. S. Daukanto kiemas, польск. dziedziniec Smugliewicza) названы імем выхаванца Віленскага ўнівэрсытэту Сіманаса Даўкантаса, летувіскага гісторыка й пісьменьніка-асьветніка. На сьцяне паўночнага корпусу над аркай разьмяшчаецца барэльеф Даўкантаса (скульптар Р. Казлаўскас). У цэнтры двара расьце дуб; яго саджанец з родных месцаў Даўкантаса быў урачыста пасаджаны падчас сьвяткаваньня 400-годьдзя Віленскага ўнівэрсытэту (1979).

Пліта ў памяць Оны Шымайтэ

Двор утвараюць будынкі розных стагодзьдзяў. З паўднёвага боку двор замыкае будынак, у якім разьмяшчаюцца інстытут замежных моваў Віленскага ўнівэрсытэту й Віленскі інстытут ідыш, з усходняй — лац. Domus Philologiae з катэдрамі, аўдыторыямі і чытальнымі заламі філялягічнага факультэту.

На сьцяне паўночнага корпусу, побач з уваходам у інстытут ідыш, устаноўлена памятная пліта ў памяць Оны Шымайтэ (1894—1970), праведніцы сьвету. Яна падчас Другой сусьветнай вайны працавала ў бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту й аказвала дапамогу зьняволеным Віленскага гета. З дазволу акупацыйных уладаў зьбіраць у гета кнігі, узятыя студэнтамі да вайны зь бібліятэкі, яна насіла ў гета прадукты, выносіла з гета лісты і запіскі вязьняў. Схопленая пры спробе вывесьці з гета габрэйскую дзяўчынку, Яна Шымайтэ была закатаваная і затым адпраўлена ў канцэнтрацыйны лягер.[11]

У паўднёва-ўсходнім вуглу двара захаваўся каштоўны фрагмэнт рэнэсанснага атыку. Паўднёвы будынак узводзіўся на мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў для гаспадарчых патрэбаў: тут разьмяшчаліся стайні, сталярныя майстэрні, бровар, склады. Корпус пасьля перабудовы ў канцы XVIII стагодзьдзя быў адведзены пад прафэсарскія кватэры. Падчас рэстаўрацыі памяшканьняў катэдры перакладу на сьцяне адной з былых кватэраў быў выяўлены фрагмэнт фрэскі, на якім захавалася дата — 1794 рок.

На другім паверсе ўсходняга корпусу разьмяшчаецца вэстыбюль музаў з сграфіта вядомага графіка й скульптара Рымтаўтаса Гібавічуса, якая адлюстроўвае дзевяць музаў (1969). Доўгі калідор вядзе да іншага вэстыбюлю, упрыгожанага апошняй фрэскай Гібавічуса. Яна адлюстроўвае самых вядомых гісторыкаў, паэтаў, мастакоў, архітэктараў Летувы, большай часткай зьвязаных зь Віленскім унівэрсытэтам. Ад вэстыбюлю музаў калідор налева вядзе да чытальнай залі замежных моапў. У калідоры перад чытальнай заляй захаваліся старадаўнія драўляныя бэлькі столевага перакрыцьця. Чытальная заля ўпрыгожаны фрэскай Шарунаса Шымулінаса «Мажвідас на фоне Рагайнэ». Калідор на першым паверсе вядзе да катэдры клясычнай філялёгіі. Вэстыбюль перад ёю ўпрыгожвае мазаіка Віталіса Трушыса, якая адлюстроўвае летувіскіх паганскіх богаў і багінь — Пяркунаса, Габіі, Медэйны і іншых пэрсанажаў летувіскай міталёгіі.[12]

З калідору першага паверху па-лацінску: Domus Philologiae можна патрапіць у двор Станявічуса. З самога двара Даўкантаса можна прайсьці ў двор Міцкевіча й двор Аркад.

Двор Аркад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Двор Аркад

Двор Аркад (лет. Arkadų kiemelis) ад вул. Скапа аддзяляе дом, набыты ўнівэрсытэтам у 1815 року. У 1832 року па праекце архітэктара Караля Падчашынскага ў іх былі абсталяваны кватэры для вучняў гімназіі. Па праекце архітэктара Лявіцкага ў 1873 року будынкі паўночнай часткі двара С. Даўкантаса былі злучаны крытай галерэяй на масіўных чатырохвугольных калёнах, утварыўшы невялікі панадворак з аркамі і нішамі. Двор рэканструяваўся ў 1974 року па праекце архітэктара Э. Урбаненэ. Дэкаратыўная мэталёвая брама вядзе на Скопавку (цяпер вуліца Скапа).

Двор Стуокі-Гуцявічуса[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памятная дошка

Двор Л. Стуокі-Гуцявічуса (лет. L. Stuokos-Gucevičiaus kiemas) названы імем выхаванца й выкладчыка Віленскага ўнівэрсытэту (у той час Галоўная школа Вялікага Княства Літоўскага) Лаўрынаса Стуокі-Гуцявічуса, адметнага прадстаўніка архітэктуры клясыцызму ў Літве.

Двор утварыўся пасьля перабудоваў XIX стагодзьдзя. Будынкі, якія ўтвараюць яго, набыты адукацыйнай камісіяй у 1775 року, дзякуючы чаму ўнівэрсытэцкі комплекс пашырыўся да Замкавай вуліцы (Пілес). У гэтых будынках разьмяшчалася артылерыйскае вучылішча, у якім Стуока-Гуцявічус чытаў лекцыі па матэматыцы, тапаграфіі і фартыфікацыі.

У сьцяну паўночнага корпусу ўмуравана дошка ў памяць Стуокі-Гуцявічуса з барэльефам архітэктара (скульптар Канстанцінас Багданас). Доўгі вузкі праход злучае двор Стуокі-Гуцявічуса з дваром Аркад. Двор рэстаўраваўся ў 1972 року па праекце архітэктара Эляны Ўрбаненэ. З двара вядзе ўваход у Цэнтар арыенталістыкі і ў падзямельле, якое займае з 1990 року адзін са студэнцкіх тэатраў Віленскага ўнівэрсытэту — тэатрам «Мінімум» (пад кіраўніцтвам рэжысэра Рымантаса Венцкуса); заля ўмяшчае 45 гледачоў.[13]

Двор Міцкевіча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Двор А. Міцкевіча (лет. A. Mickevičiaus kiemas, польск. dziedziniec Mickiewicza) названы імем выхаванца Віленскага ўнівэрсытэту Адама Міцкевіча, беларускага польскамоўнага паэта. Двор сфармаваўся пасьля рэканструкцыі другой паловы XIX стагодзьдзя. Брама злучае яго з вуліцай Замкавай (Пілес) і дваром С. Даўкантаса. З усходняга боку ў XVI стагодзьдзі было тры дамы, у другой палове XVIII стагодзьдзя аб’яднаных у адзін будынак. Яно было падорана ўнівэрсытэту біскупам Масальскім у 1775 року. Паўднёвае крыло збудавана ў канцы XVIII стагодзьдзя. У 1873 року па праекце архітэктара Лявіцкага забудавана заходняя частка двара.

Двор Станявічуса[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Двор Станявічуса

Двор С. Станявічуса (лет. S. Stanevičiaus kiemas) у апошні час часам не ўключаюць у склад ансамблю Віленскага ўнівэрсытэту, паколькі тры з чатырох будынкаў, якія ўтвараюць яго, не належаць унівэрсытэту. Зваўся імем выхаванца й выкладчыка Віленскага ўнівэрсытэту Сіманаса Станявічуса, летувіскага паэта, фальклярыста й гісторыка. Вузкі і доўгі двор разьмяшчаецца на поўдзень ад двара А. Міцкевіча. На яго выходзяць вокны доўгіх калідораў першага й другога паверху філялягічнага факультэту, катэдры францускай філялёгіі, якая была катэдрай славянскай філялёгіі.

Доўгі двухпавярховы дом, які выходзіць на Замкавую вуліцу (цяпер вуліца Пілес), і гаспадарчыя пабудовы ў глыбіні двара адносяцца да мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў. Па праекце архітэктара Лявіцкага ў 1873 року будынкі калідорамі другога паверху былі злучаны з корпусамі ансамблю Віленскага ўнівэрсытэту. Фасады двара з драўлянымі бальконнымі галерэямі абноўлены ў 1966—1968 гадах па праекце архітэктара Станіславаса Мікулёніса.

Двор Сірвідаса[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Двор Сірвідаса
Двор Сірвідаса
Двор Друкарні

Двор К. Сірвідаса (лет. K. Sirvydo kiemas) названы імем Канстанцінаса Сірвідаса, езуіта, складальніка польска-лацінска-летувіскага слоўніка й аднаго з пачынальнікаў летувіскай пісьменнасьці.

У двор вядзе нешырокі праход паміж паўночным крылом Вялікага двара й касьцёлам Сьвятых Янаў. Ва ўсходняй частцы двара можна бачыць двухпавярховы будынак рызьніцы касьцёла. З поўначы ўнівэрсытэцкі двор адгароджаны дэкаратыўным ажурным мэталічным плотам. Тут жа адзін зь дзясяткаў «белых анёлачкаў» скульптара Вайдаса Рамошкі, якія з 2004 року ўсталёўваюцца ў розных, часам нечаканых, кутках Вільні.[14] На двор з поўдня выходзіць паўночны нэф касьцёла з трыма капэламі, сярод іх вылучаецца капэла (капліца) Сьвятога Станіслава Косткі з купалам.

Двор Старой друкарні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Двор Старой друкарні (лет. Senosios spaustuvės kiemas) разьмяшчаецца за дваром абсэрваторыі. У заходняй частцы двара была аптэка, ва ўсходняй — друкарня езуіцкай акадэміі, заснаваная ў 1586 року.

Дошка ў памяць 400-годьдзя бібліятэкі ўнівэрсытэту
Дошка ў памяць Юзэфа Завадзкага і «Балядаў і рамансаў» Адама Міцкевіча

Тут былі надрукаваны «Катэхізіс» (1595), першая кніга на летувіскай мове, выдадзеная ў Літве, і «Пасьціла» (1599) М. Даўкшы, «Трохмоўны слоўнік» і зборнік пропаведзяў «Пункты запаведзяў» (абедзьве 1629) К. Шырвідаса. Нягледзячы на рэлігійны зьмест гэтых выданьняў, яны сыгралі вялікую ролю ў гісторыі летувіскай мовы, літаратуры і асьветніцтва.[15]

У 1970 року на вуліцы Б. Сруогас, як яна тады звалася (цяпер вуліца Швянта Ёна) на месцы дома, разбуранага падчас вайны ў 1944 року, было пабудавана трохпавярховае сховішча бібліятэкі Віленскага ўнівэрсытэту (па праекце архітэктараў Алдоны Швабаўскенэ і А. Брусокаса). У фасад яе з вуліцы Швянта Ёна ў 1970 року была ўмуравана памятная дошка ў памяць 400-летняга юбілею бібліятэкі (мастак Рымтаўтас Гібавічус) з датамі юбілею 1570—1970 гадоў. Той, здавалася б, парадаксальны факт, што бібліятэка апыняецца на дзевяць гадоў старэйшай за сам ўнівэрсытэт, тлумачыцца тым, што яна была заснавана пры адкрытай у 1570 року езуіцкай калегіі, якая ў 1579 року была ператворана ў акадэмію й унівэрсытэт.

У двары разьмяшчаюцца службовыя памяшканьні бібліятэкі і аддзел рэстаўрацыі.

У 1805 року друкарня была перададзена Юзэфу Завадзкаму, друкару й выдаўцу, які атабарыўся ў Вільні ў 1803 року. Завадзкі займаўся выданьнем і продажам, у прыватнасьці, падручнікаў і кніг па розных галінах навукі. У 1816 року ён тут жа адкрыў кнігарню. У 1828 року Завадзкі страціў тытул унівэрсытэцкага друкара й быў вымушаны пакінуць унівэрсытэцкія памяшканьні.[16]

У 1999 року на сьцяне старой унівэрсытэцкай друкарні з боку вуліцы Швянта Ёна была зьмешчана памятная дошка ў памяць выдаўца Юзэфа Завадзкага, які ў чэрвені 1822 року выдаў першы зборнік знакамітага пазьней беларуска-польскага паэта Адама Міцкевіча польск. Ballady i romanse («Баляды і рамансы»). Гэтым зборнікам, якія зьявіўся маніфэстам польскага рамантызму[17], пачалася новая рамантычная эпоха ў польскай літаратуры[18].

Двор бурсы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Двор бурсы

Двор бурсы ўтвараюць будынкі XVI—XVIII стагодзьдзяў, якія неаднаразова перабудоўваліся, у якіх пасьля працяглага рамонту зь лютага 2005 року разьмяшчаецца філязофскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэту.

Уваход з плошчы С. Даўкантаса, на якую выходзіць галоўным фасадам палац Прэзыдэнтуры і палац дэ Рэўсаў з клясыцысцкім портыкам Марціна Кнакфуса (у XIX стагодзьдзі Палацавая плошча, затым плошча Мураўёва, у міжваенныя гады плошча Напалеона, пасьля Другой сусьветнай вайны плошча Кутузава).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Міні-Эўропа ў Брусэлі(анг.)
  2. ^ Палова летувісаў жыве ў боязі перад Расеяй. REGNUMПраверана 18 чэрвеня 2009 г.(рас.)
  3. ^ В Литву прибыла королевская чета Испании. Литовский курьер. Праверана 18 чэрвеня 2009 г.(рас.)
  4. ^ В Литву с визитом прибывает президент Словении. Delfi (10 марта 2010). Праверана 12 марта 2010-03-12 г.(рас.)
  5. ^ Vilniaus universiteto Bibliotekos kiemas(лет.). Vilniaus universitetas (2009-01-05). Праверана 11 лютага 2009 г.
  6. ^ Nijolė Bulotaitė. (сакавіка 2009) Vilniaus universiteto M. K. Sarbievijaus kiemas(лет.). Vilniaus universitetas. Праверана 4 марта 2009 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
  7. ^ Грыбаўскайтэ: Чэслаў Мілаш аб'ядноўвае летувіскі і польскі народы ru.DELFI.lt. LT Delfi (27 чэрвеня 2011 р.). Праверана 2011-06-29 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
  8. ^ Č. Milošas — pasaulio pilietis, jungiantis lietuvių ir lenkų tautas(лет.) Diena. UAB "Diena Media News" (2011-06-26). Праверана 2011-06-29 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
  9. ^ Viktoras Denisenko (2011-06-27) Vilniaus universitete atidengta paminklinė lenta „paskutiniam LDK piliečiui“(лет.) Universiteto naujienos. Vilniaus universitetas. Праверана 2011-06-29 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
  10. ^ Nijolė Bulotaitė. (7 красавіка 2009) Vilniaus universiteto Mikalojaus Daukšos kiemas(лет.). Vilniaus universitetas. Праверана 7 красавіка 2009 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
  11. ^ Любовь Салимова. (23 сентября 2008) Цветы в гетто не росли… Праверана 19 чэрвеня 2009 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
  12. ^ Nijolė Bulotaitė. (17 чэрвеня 2009) Simono Daukanto kiemas(лет.). Vilniaus universitetas. Праверана 18 чэрвеня 2009 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
  13. ^ Vilniaus universiteto teatras «Minimum»(лет.)
  14. ^ Vilniuje nutūps angeliukas(лет.)
  15. ^ А. Папшис. Вильнюс. Вильнюс: Минтис, 1977. С. 48.
  16. ^ Juozapas Zavadskis(лет.)
  17. ^ Б. Ф. Стахеев. Польская литература (первой половины XIX в.) // История всемирной литературы: В 9-ти т. Т. 6. М.: Наука, 1989. С. 477—492
  18. ^ Marta Szymańska. Poszukiwanie Absolutu. Jedność antynomii i aprioryczna nieskończoność(лет.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Wilno. Przewodnik krajoznawczy Juliusza Kłosa, Prof. Uniwersytetu St. Batorego. Wydanie trzecie popraione po zgonie autora. Wilno, 1937. S. 152—163.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]