Ангельшчына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ангельшчына
лац. Angielščyna

England
Сьцяг Ангельшчыны Герб Ангельшчыны
(Сьцяг) (Герб)
Нацыянальны дэвіз: Dieu et mon droit (фр.)
„Бог і мая рацыя“
Дзяржаўны гімн
«»
Месцазнаходжаньне Ангельшчыны
Афіцыйная мова анґельская
Сталіца Лёндан
Найбуйнейшы горад Лёндан
Форма кіраваньня парлямэнцкая манархія
Карл III
Рышы Сунак[1]
Плошча
 • агульная

130 395 км²
Насельніцтва
 • агульнае (2011)
 • шчыльнасьць

53 012 456[2]
407/км²
Валюта Фунт стэрлінгаў (GBP)
Часавы пас
 • улетку
GMT (UTC+0)
BST (UTC+1)
Аўтамабільны знак GB
Дамэн верхняга ўзроўню .uk
Тэлефонны код ++44

Анґе́льшчына[3] ці А́нґлія, таксама Ангельшчына, Англія (па-анґельску: England) — найбольшая і найшчыльней населеная частка Вялікабрытаніі і аднайменнага востраву.

Назва «Анґлія» часта памылкова ўжываецца ў якасьці сыноніма назвы Злучанага Каралеўства альбо вострава Вялікабрытанія. Тапонім «Анґлія» паходзіць ад анґлаў — племені, якое пасялілася тут паміж V і VI стагодзьдзямі.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Анґельшчына займае дзьве траціны востраву Вялікабрытанія. На поўначы мяжуе з Шатляндыяй, на захадзе — з Валіяй.

Ляндшафт Ангельшчыны складаецца ў асноўным з спусьцістых грудоў, да поўначы мясцовасьць становіцца больш гарыстай. Горная і раўнінная мясцовасьць умоўна падзяляюцца па лініі, якая праходзіць паміж вусьцем ракі Ціс на паўночным усходзе і вусьцем ракі Экс на паўднёвым захадзе. На ўсходзе разьмяшчаецца нізінная багністая мясцовасьць, якая ў асноўным была асушаная для сельскагаспадарчага выкарыстоўваньня.

Шэсьць найбуйнейшых гарадоў Анґельшчыны (па зьмяншэньні колькасьці насельніцтва): Лёндан, Бірмінґгэм, Лідс, Шэфілд, Лівэрпул і Манчэстэр. Сярод славутасьцяў Анґельшчыны — знакамітыя ўнівэрсытэты: Кэмбрыдзкі і Оксфардзкі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрыторыя сучаснай Анґельшчыны на момант уварваньня Юліюса Цэзара ў 55 г да н. э., як і стагодзьдзе праз, да часу захопу імпэратарам Кляўдыюсам, была населеная кельцкімі плямёнамі, якія зваліся брытамі. У выніку захопу ўся паўднёвая частка востраву (сучасныя Анґельшчына і Валія) стала часткай Рымскай Імпэрыі да яе распаду ў V стагодзьдзі н. э.

Без дапамогі рымскіх легіёнаў Рымская Брытанія не магла доўга процістаяць барбарам-германцам, якія зьявіліся ў V—VI стст., як сьведчаць хронікі, па запрашэньні саміх брытаў, якія зь іх дапамогай разьлічвалі абараніцца ад кельцкіх плямёнаў з поўначы — піктаў і скотаў. Прышэльцы ўяўлялі сабой тры ґрупы — юты, саксы й англы. Асвоіўшы тэрыторыі брытаў, гэтыя германцы сталі адціскаць іх на тэрыторыю Валіі і Карнўола. З часам на занятымі германскімі прышэльцамі землях сфармаваліся асобныя каралеўствы, якія утварылі, у прыватнасьці, «Анґельшчына-саксонскую гептархію» (зьвяз сямі каралеўстваў). Час ад часу адзін зь сямі анґельшчына-саксонскіх каралёў, званы «Брытвальда», што можна вольна перакласьці як «Кіраўнік Брытаніі», атрымліваў кантроль над большай часткай Анґельшчыны — так што цяжка назваць момант, калі Анґельшчына была канчаткова аб’яднаная. Па некаторых апісаньнях, аб’яднаньне наступіла разам з нашэсьцем дацкіх вікінгаў, якія захапілі ўсходнюю частку Анґельшчыны. Эгбэрт, кароль Ўэсэкса (памёр у 839), часта завецца першым каралём усяе Анґельшчыны, хоць тытул «Кароль Анґельшчыны» паўстаў толькі два пакаленьня праз — у пэрыяд кіраваньня Альфрэда Вялікага (871—899).

Некаторыя гісторыкі пачынаюць адлік кіраўнікоў з нарманскай заваёвы ў 1066 г., нумэрацыя анґельскіх манархаў таксама выкарыстоўвае гэтую падзею як нулявую кропку (напрыклад, Эдуард I, каранаваны ў XIII стагодзьдзі, ня быў першым каралём з такім імем — але ён быў першым Эдуардам з 1066 г.). Аднак Вільгэльм I Заваёўнік не заснаваў і не аб’ядноўваў краіну, а толькі захапіў існую Анґельшчыну, насадзіўшы франка-нарманскае кіраваньне.

У канцы XIII стагодзьдзя суседняе княства Валія было канчаткова заваяванае Анґельшчынай і стала часткай анґельскага каралеўства. Гісторыя Анґельшчыны як незалежнай дзяржавы ідзе празь Сярэднявечча і Адраджэньне да пэрыяду кіраваньня Лізаветы І, апошняй каралевы з дынастыі Т’юдараў, пасьля якой валадарыў Якаў I, былы каралём Шатляндыі пад імем Якава VI. Зьвяз Анґельшчыны і Шатляндыі быў дапоўнены стагодзьдзем пазьней Актам аб зьвязе (1707), які канчаткова аб’яднаў Анґельшчыну і Шатляндыю ў Злучанае Каралеўства (па-анґельску: United Kingdom).

Адміністрацыйнае дзяленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычна найбуйнейшай адміністрацыйнай адзінкай у Анґельшчыне былі ґрафствы. Гэтыя адзінкі паўсталі з больш старажытных, існых да аб’яднаньня Анґельшчыны: каралеўстваў (як Сасэкс і Эсэкс), герцаґстваў (як Ёркшыр, Корнўал і Лянкашыр) або проста ўчасткаў зямлі, якімі ўзнагароджвалі дваран — такіх як Бэркшыр. Да 1867 году яны былі падзеленыя на мяльчэйшыя адзінкі, якія зваліся сотнямі.

Самакіраваньне ў межах ґрафства пасьля аб’яднаньня практычна адсутнічала, таму межы ґрафстваў не былі сапраўды вызначаныя і ня мелі практычна ніякае ролі. Пасьля прамысловай рэвалюцыі ў выніку ўзьнікненьня буйных індустрыяльных цэнтраў утварыліся мэтрапольныя ґрафствы, цэнтрамі якіх сталі найбуйнейшыя гарады.

У цяперашні час Анґельшчына складаецца з 39 ґрафстваў, 6 мэтрапольных ґрафстваў і Вялікага Лёндану.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ravenhill, William , Kishlansky, Mark A. , Atkins, Ralph Charles , Josephson, Paul R. , Joyce, Patrick , Hastings, Margaret , Prestwich, Michael Charles , Colley, Linda J. , Whitelock, Dorothy , Barr, Nicholas A. , Morrill, John S. , Briggs, Asa , Kellner, Peter , Chaney, William A. , Smith, Lacey Baldwin , Gilbert, Bentley Brinkerhoff , Frere, Sheppard Sunderland and Spencer, Ulric M. (14 красавіка 2023) United Kingdom. Encyclopedia Britannica. Праверана 15 красавіка 2023 г.
  2. ^ Перапіс насельніцтва Анґельшчыны ў сакавіку 2011 году(анг.)
  3. ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. — 160 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]