Перайсьці да зьместу

Бялград

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бялград
сэрб. Београд, Beograd
Населены пункт
Сьцяг Герб
Краіна Сэрбія
Першыя згадкі III стагодзьдзе да н. э.
Кіраўніцтва і ўлада
Кіраўнік адміністрацыі Аляксандар Шапіч[d]
Геаграфія
Плошча
  • 359,96 км²
Вышыня НУМ 117 ± 1 м
Часавы пас
Каардынаты 44°49′14″ пн. ш. 20°27′44″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць
Афіцыйная мова сэрбская
Этнахаронімы Belgrader, Beogradano, Belgradois[2][3], Belgradoise[2][3], belgradense, Београђанин, Београђанка, Београђани, Београђанке, Beograjčan і Beograjčanka
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +381 11
Паштовы індэкс 11000
Нумарны знак BG
Сайт www.beograd.rs
Бялград на мапе Сэрбіі
Бялград
Бялград
Бялград

Бялгра́д (па-сэрбску: Београд/Beograd) — сталіца і найбуйнейшы горад Сэрбіі. З 1918 да 1992 году быў сталіцай Югаславіі. Насельніцтва — каля 1,7 млн чалавек. Горад стаіць на сутоках рэк Савы і Дунаю. Бялград зьяўляецца адным з найстарэйшых гарадоў у Эўропе, упершыню стаў сталіцай сэрбскага каралеўства за часам Стэфана Драгуціна, пасьля знаходзіўся пад уладай Асманскай імпэрыі і Габсбургаў. У 1841 годзе места зноўку сталася сталіцай, на гэты раз незалежнай Сэрбіі. Пасьля стварэньня Югаславіі ў 1918 годзе горад стаў сталіцай утворанай дзяржавы. Бялград мае асаблівы адміністрацыйны статус у складзе Сэрбіі[4] і зьяўляецца адным зь пяці статыстычных рэгіёнаў Сэрбіі. Ягоная сталічная тэрыторыя падзеленая на 17 муніцыпалітэтаў, кожны са сваім уласным мясцовым саветам[5]. Ён займае 3,6% тэрыторыі Сэрбіі і 22,5% насельніцтва краіны жыве ў гэтым горадзе. У 2020 годзе Бялград быў культурнай сталіцай Эўропы.

Тэрыторыю гораду да рымскай заваёвы насялялі плямёны тракійцаў і дакаў. Пасьля ўварваньня кельтаў у 279 годзе да н. э. горад быў названы Сынгідун. У 3433 гадох да н. э. рымскае войска на чале з Сылянам дасягнула Бялграду, горад быў заваяваны, а назва лацінізавана ў Сынгідунум у I стагодзьдзі н. э.[6] У 331 годзе ў горадзе нарадзіўся рымскі імпэратар Ёвіян, вядомы тым, што аднавіў у якасьці галоўнай рэлігіі імпэрыі хрысьціянства, пасьля кароткага адраджэньня традыцыйных рымскіх вераваньняў пры ягоным папярэдніку Юліяне Апастыце. У 395 годзе места было перададзенае ў склад Бізантыйскае імпэрыі[7].

Бялград на выяве 1400 году да заваёвы Асманскай імпэрыяй.

Пад сваёй сэрбскай назвай горад упершыню згадваецца ў IX стагодзьдзі. У IX—X стагодзьдзях Бялградам валодалі баўгары, у XI—XII стагодзьдзях ён знаходзіўся пад уладай Бізантыі, а затым баўгараў, вугорцаў і сэрбаў. З 1427 году Бялград зьяўляўся вугорскай памежная крэпасьцю, ля сьценаў якой у 1456 годзе войскі вугорскага вайскаводу Янаша Хуньядзі разьбілі войска турэцкага султану Мэхмэда II. У 1521 годзе Бялград усё ж такі быў захоплены туркамі. Падчас аўстра-турэцкіх войнаў Бялград тройчы пераходзіў у рукі аўстрыйцаў (1688—1690, 1717—1739, 1789—1791). У 1806 годзе ён быў вызвалены ад турэцкай няволі, а сэрбскай сталіцай стаў у 1841 годзе калі прынц Міхайла Абрэнавіч перанёс сюды сталіцу з гораду Крагуевац. 21 лістапада 1894 году заснавалі Бялградзкую біржу.

Пасьля адкрыцьця чыгункі зь Бялграду да Нішу насельніцтва гораду пачало хутка павялічвацца, у 1900 годзе ў горадзе пражывала прыкладна 69 100 чалавек. Неўзабаве, у 1905 годзе насельніцтва павялічылася да 80 тысячаў чалавек, а да пачатку Першай сусьветнай вайны ў 1914 годзе да 10 тысячаў жыхароў. Пасьля Першай сусьветнай вайны і акупацыі аўстра-вугорскімі і нямецкімі войскамі, Бялград зноўку пачаў імкліва разьвівацца і мадэрнізавацца ў якасьці сталіцы Каралеўства Югаславіі.

25 сакавіка 1941 году Югаславія падпісала Траісты пакт і такім чынам далучылася да краінаў нацыскага боку. 27 сакавіка ўрад, які падпісваў пакт быў зрынуты, а краіна адышла ад дагавору. 6 і 7 красавіка горад быў бамбардзіраваны нямецкімі паветранымі сіламі. Югаславія падвергнулася нападу нямецкіх, італьянскіх, вугорскіх і баўгарскіх сілаў, з дапамогай альбанцаў і харватаў. Пасьля капітуляцыі Каралеўства Югаславіі, Бялград быў уключаны ў склад Незалежнай дзяржавы Харватыі, якая кантралявалася Трэцім Райхам. Змаганьне за вызваленьне Бялграду пачалося 13 кастрычніка, горад быў канчаткова вызвалены 20 кастрычніка 1944 году сумеснымі сіламі партызанаў і Чырвонай арміі.

Відарысы Бялграду 1890 году.

У пасьляваенны пэрыяд Бялград зьяўляўся сталіцай новай Югаславіі, і неўзабаве ператварыўся ў буйны прамысловы цэнтар. У 1951 годзе пачалося будаўніцтва новага раёну гораду — Новы Бялград, па іншым боку ракі Савы. На працягу ўсіх 1970-х горад заставаўся арэнай студэнцкіх і палітычных дэманстрацыяў. У траўні 1980 году ў горадзе памёр пажыцьцёвы прэзыдэнт Югаславіі Ёсіп Броз Ціта. На ягоным пахаваньні прысутнічала амаль 700 тысячаў чалавек.

9 сакавіка 1991 году прайшлі масавыя дэманстрацыі на чале з Вукам Драшкавічам супраць Слабадана Мілошавіча[8]. Паводле зьвестак розных СМІ на мітынгах удзельнічала ад 100 тысячаў да 150 тысячаў чалавек. Падчас пратэстаў два чалавекі былі забітыя, 203 параненыя і 108 арыштаваныя, і ў той жа на вуліцы былі ўведзены танкі, каб аднавіць парадак[9]. Далейшыя пратэсты прайшлі ў Бялградзе зь лістапада 1996 па люты 1997 году пасьля меркаванага выбарчага махлярства ў мясцовых выбарах[10]. Паводле гэтых пратэстаў Зоран Джынджыч стаў першым мэрам Бялграда пасьля Другой сусьветнай вайны, які не належыў да лігі камуністаў Югаславіі або ягонай больш позьнім адгалінаваньнем, Сацыялістычнай партыі Сэрбіі[11].

У 1999 годзе падчас вайны ў Косава бамбардзіроўкі НАТО зрабілі істотны ўрон гораду. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2000 году Бялград зноўку зьведаў буйныя грамадзкія пратэсты, у якіх прыняла ўдзел больш за 500 тысячаў чалавек. Гэтыя дэманстрацыі прывялі да страты ўлады Мілошавічам[12].

Народны банк Сэрбіі.

Бялград уважаецца фінансавым цэнтрам Сэрбіі і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, з агульнай плошчай офісных памяшканьняў у 17×10⁶ м². Тут таксама месьціцца Цэнтральны банк краіны. У ліпені 2020 году ў 120 286 кампаніях, 76 307 прадпрыемствах і 50 000 крамах працавала 750 550 чалавек. Сам Бялград валодае 267 147 м² арэнднага офіснага памяшканьня.

Станам на 2019 год у Бялградзе было занята 31,4% працаздольнага насельніцтва Сэрбіі, і горад генэраваў больш за 40,4% ВУП краіны. Паводле ацэнак, гарадзкі ВУП у 2023 годзе паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці складаў 73 млрд даляраў, што адпавядае 43 400 даляраў на душу насельніцтва. Намінальны ВУП у 2023 годзе ацэньваўся ў 31,5 млрд даляраў, што складала 18 700 на чалавека.

Новы Бялград ёсьць цэнтральным бізнэсовым раёнам краіны. Ён прапануе шырокі спэктар аб’ектаў, такіх як гатэлі, кангрэс-холы, офісныя будынкі клясаў А і Б, а таксама бізнэсовыя паркі. Тут працуе Бялградзкая біржа. У Бялградзе месьцілася дзяржаўнае прадпрыемства «Электраэнэргетыка Сэрбіі», на якое прыпадала вытворчасьць 97% электраэнэргіі ў Сэрбіі. «Пошта Сэрбіі» мела галаўную сядзібу ў грамадзе Палілула. «Тэлекам Сэрбіі» месьціўся ў Старым горадзе.

Пляц Рэспублікі з Нацыянальным музэем (зьлева) і Нацыянальным тэатрам (справа).

Бялград зьяўляецца цэнтрам сэрбскай культуры, адукацыі і навукі. У горадзе сканцэнтраваны найбольшы лік установаў нацыянальнага значэньня з галіны навукі і мастацтва. У Бялградзе штогод ладзіцца мноства міжнародных культурных імпрэзаў, у тым ліку кінафэстываль, тэатральны фэстываль, летні фэстываль, Бэмус, фэстываль старадаўняй музыкі, кніжны кірмаш, фэстываль харавога мастацтва і Эўрабачаньне 2008 году[13]. Амаль уся сэрбская кінаіндустрыя базуецца ў Бялградзе. Штогадовы кінафэстываль ФЭСТ ладзіцца ў горадзе з 1971 году. Да 2013 году яго агулам за ўсе гады наведалі чатыры мільёны гледачоў, якія паглядзелі амаль 4 тысячы фільмаў[14].

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Іва Андрыч напісаў свой найбольш вядомы твор «Мост на Дрыне» ў Бялградзе[15]. Сярод іншых выбітных пісьменьнікаў Бялграду вылучаюцца Браніслаў Нушыч, Мілаш Црнянскі, Борыслаў Пекіч, Міларад Павіч і Мэша Сэлімавіч[16]. Найбольш вядомымі на міжнароднай арэне мастакамі зь Бялграду былі Чарлз Сіміч, Марына Абрамавіч і Мілаван Дэстыл Маркавіч.

У Бялградзе знаходзяцца Храм Сьвятога Савы (самая вялікая царква на Балканах), Калемегдан (Бялградзкая крэпасьць), помнікі культуры і іншыя нерухомыя культурныя каштоўнасьці, шматлікія археалягічныя раскопы з узорамі матэрыяльнай культуры, якія сьведчаць аб разьвітой цывілізацыі і культуры на тэрыторыі Бялграду ад мінулага да сёньняшняга часу. У Бялградзе месьціцца больш за 1650 публічных скульптураў[17].

Музэй гісторыі Югаславіі.

Найбуйнейшым музэем Бялграду ёсьць Нацыянальны музэй, які быў адкрыты ў 1844 годзе і рэканструяваны з 2003 па 2018 гады. У ягонай калекцыі захоўваецца больш за 400 000 экспанатаў, у тым ліку больш за 5600 карцінаў і 8400 малюнкаў і гравюраў. Тут маюцца працы замежных майстроў, як то Геранімуса Босха, Хуана дэ Фляндэса, Тыцыяна, Тынтарэта, Пітэра Паўля Рубэнса, Поля Сэзана, Джаваньні Батысты Т’епалё, П’ера-Агюста Рэнуара, Клёда Манэ, Анры дэ Тулюз-Лятрэка, Анры Матыса, Паблё Пікаса, Поля Гагена, Марка Шагала, Вінцэнта ван Гога, Піта Мандрыяна і іншых. Таксама ў музэі захоўваецца знакамітае Міраславава Эвангельле[18]. Этнаграфічны музэй, заснаваны ў 1901 годзе, мае ў сваёй калекцыі больш за 150 000 прадметаў, якія адлюстроўваюць сельскую і гарадзкую культуру Балканаў, асабліва краінаў былой Югаславіі[19].

Музэй сучаснага мастацтва стаў першым музэем сучаснага мастацтва ў Югаславіі і адным зь першых такіх музэяў у сьвеце[20]. Пасьля свайго заснаваньня ў 1965 годзе ён назьбіраў шырокую калекцыю з больш чым 8000 твораў мастацтва, створаных на тэрыторыі былой Югаславіі. Калекцыя ўлучае працы выбітных сэрбскіх і югаслаўскіх мастакоў XX стагодзьдзя, сярод якіх вылучаюцца Сава Шуманавіч, Надзея Петравіч, Пэтар Добравіч, Мілена Паўлавіч-Барылі, Мілан Конявіч, Зора Петравіч, Джорджэ Андраевіч-Кун, Уладзімер Велічкавіч ды іншыя. Музэй быў зачынены ў 2007 годзе, але зноў адкрыты ў 2017 годзе, сфакусаваўшыся як на сучасным мастацтве, гэтак і на югаслаўскай мастацкай сцэне[21]. Ураджэнка Бялграду Марына Абрамавіч зладзіла ў Музэі сучаснага мастацтва выставу, якую The New York Times назвала адной з найважнейшых культурных падзеяў у сьвеце ў 2019 годзе[22]. Выставу наведалі амаль 100 000 чалавек, а Марына Абрамавіч выступіла з прамовай і пэрформансам перад 20 000 гледачоў. У самым цэнтры Бялграду таксама маецца Музэй прыкладнога мастацтва, які ў 2016 годзе атрымаў прэмію інстытут году[23].

  1. https://publikacije.stat.gov.rs/G2023/Pdf/G20234001.pdf
  2. 1 2 arrêté du 4 novembre 1993 relatif à la terminologie des noms d'États et de capitales
  3. 1 2 http://cnig.gouv.fr/wp-content/uploads/2020/02/CNT-PVM_r%C3%A9vis%C3%A9_2020-01-27-1.pdf
  4. Assembly of the City of Belgrade. City of Belgrade.
  5. Urban Municipalities. beograd.rs
  6. Rich, John (1992). The City in Late Antiquity. CRC Press. p. 113. ISBN 978-0-203-13016-2.
  7. History (Ancient Period). Beograd.rs
  8. Prvi udarac Miloševićevom režimu. Danas
  9. Srbija na mitinzima (1990–1999). Vreme
  10. History (Disintegration Years 1988–2000). Beograd.rs
  11. Jane Perlez (23 February 1997). New Mayor of Belgrade: A Serbian Chameleon. The New York Times
  12. Parties, citizens mark October 5. B92
  13. «Culture and Art (Cultural Events)». Beograd.rs.
  14. «Belgrade Film Festival — FEST». VoiceOfSerbia.org.
  15. «The biography of Ivo Andrić». The Ivo Andrić Foundation.
  16. Tabbi, Joseph (26.07.2005). «Miloš Crnjanski and his descendents». Electronic Book Review.
  17. Kovačević, Neda (2016). «Beogradski spomenarnik: putovanje srpskom istorijom putem spomenika u Beogradu. Ličnosti u beogradskim spomenicima. Deo prvi». Neda Kovačević. ISBN 978-86-919895-0-7.
  18. Cvjetićanin, Tatjana. «From the history of the National Museum in Belgrade». National Museum of Serbia.
  19. «Museums 3». Discover Belgrade.
  20. Lompar, Milo (2018). «Knjiga o Lubardi». Beograd: Serbian Literary Guild. — С. 181.
  21. «Art gathers dust as Serbia museums kept shut». BBC News.
  22. Farago, Jason (9.09.2019). «28 Art Shows Worth Traveling For». The New York Times.
  23. «ICOM Serbia, Award for the Institution of the Year 2016». Музеј примењене уметности Београд.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]