Люцыян Жалігоўскі
Люцыян Жалігоўскі польск. Lucjan Żeligowski | |
17 кастрычніка 1865 — 9 ліпеня 1947 (81 год) | |
![]() Ген. Люцыян Жалігоўскі | |
Месца нараджэньня | в. Солы, Ашмянскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя |
---|---|
Месца сьмерці | Лёндан, Лёнданскае графства, Ангельшчына, Вялікая Брытанія |
Прыналежнасьць | ![]() ![]() ![]() |
Род войскаў | Пяхота |
Гады службы | 1885—1927 |
Званьне | ![]() |
Частка | ![]() |
Камандаваў | ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() |
Пасада | ![]() ![]() ![]() ![]() |
Бітвы/войны | Расейска-японская вайна, І сусьветная вайна, Польска-ўкраінская вайна, Польска-савецкая вайна, ІІ сусьветная вайна |
Узнагароды | |
Люцыя́н Жаліго́ўскі (1865, фальварак Пераходы, цяпер Смаргонскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь[1] — 1947, Лёндан, Ангельшчына) — вайсковы і палітычны дзяяч, генэрал.
Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дзяцінства і маладосьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Люцыян Жалігоўскі быў сынам Густава Жалігоўскага й Уладыславы з Трачэўскіх. 5 кастрычніка 1865 году адбыўся хрост дзіцяці ў Касьцёле Маці Божай Ружанцовай у вёсцы Солы (Ашмянскі павет, Гарадзенская губэрня; цяпер Смаргонскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь)[1] пад імем Люцыян Мечыслаў Рафал. Хросныя бацькі — капітан 2-га Сафійскага палку Люцыян Мікаш і ўдава Палагея Зданеўская [2].
Бацька Люцыяна Жалігоўскага разам з жонкаю і двума братамі быў высланы ў Сыбір за ўдзел у студзеньскім паўстаньні, адкуль яны не вярнуліся. Люцыян быў выхаваны цёткай Катарынай, якая жыла ў мястэчку Жупраны (Ашмянскі павет; цяпер Ашмянскі раён, Гарадзенская вобл., Беларусь). Тамсама наведваў мясцовую школу, зь якой перайшоў у клясычную гімназію ў Вільні, у якой скончыў 7 клясаў.
Служба ў Войску Расейскае імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Па атрыманьні атэстату сталасьці 30 сакавіка 1885 паступіў у школу юнкераў I ступені ў Рызе, дзе рыхтаваліся афіцэры пяхоты Расейскага войску. Скончыў яе ў 1888, атрымаўшы першую афіцэрскую годнасьць. У годнасьці падпаручніка накіраваўся ў 138-ы пяхотны полк у Новачаркаск (вобласьць Войска Данскога, Расейская імпэрыя; цяпер Растоўская вобласьць, Паўднёвая фэдэральная акруга, Расея). Па прыбыцьці да камандзіра палку адмовіўся зь ім выпіць за здароўе цара. Тады камандзір палку адправіў камандзіру дывізіі справаздачу з прапановай аддаць Жалігоўскага пад трыбунал, аднак прызначаны камітэт апраўдаў яго. Камандзіра ж палка адхілілі ад займанай пасады. Праз год Жалігоўскі напісаў успамін: «Я атрымаў ад гэтага інцыдэнту выйгрыш у прадукцыйнасьці ўзьдзеяньня на далейшае жыцьцё: 1) Ён назаўсёды адштурхнуў мяне ад гарэлкі і п'яных людзей. Ён зрабіў мяне адзіночкай. Я павярнуўся да літаратуры і францускае мовы. 2) Я сустрэў Валанскага, які меў уплыў на маё жыцьцё. 3) Я сустрэў украінскую нацыю, Шаўчэнку, Гогаля, песьні, стэпы, шырокі Дняпро»[3].
Браў удзел у расейска-японскай вайне (1904–1905) у годнасьці капітана. Далей служыў у Растове-на-Доне. У 1905 року быў пастаўлены перад судом за свае перакананьні (галоўным чынам этычна-маральныя). Разгляд справы скончыўся апраўдальным прысудам. З 1912 дзейнічаў у кансьпірацыйным Зьвязе Збройнае барацьбы ў Расеі.
Пад час выбуху Першае сусьветнае вайны быў у годнасьці падпалкоўніка камандзірам батальёну. 6 траўня 1915 быў падвышаны да годнасьці палкоўніка й прызначаны камандзірам 261 палка пяхоты.
Вайна за незалежнасьць Польшчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Калі 9 верасьня 1915 году пачалося фармаваньне польскае адзінкі пры расейскім войску — Польскае брыгады стральцоў, па ўласнай просьбе перайшоў да брыгады, дзе стаўся камандзірам батальёну. У чэрвеню 1916 Польская брыгада стральцоў дасягнула баявое гатоўнасьці і 27 ліпеня 1916 прайшла баявы хрост фарсуючы раку Шчару. У студзені 1917 на базе Польскае брыгады стральцоў распачалася арганізацыя Дывізіі польскіх стральцоў і Жалігоўскі стаў камандзірам 1 палку той дывізіі. У чэрвені 1917 той полк вызначыўся ў баях на галіцыйскім фронце пад Гусятынам.
Па лютаўскай рэвалюцыі ў 1917 у сувязі з ростам рэвалюцыйных настрояў у расейскім войску наступіла рэарганізацыя Дывізіі польскіх стральцоў у 1 Польскі корпус, а палкоўнік Жалігоўскі быў накіраваны зноў у расейскае войска. Хутка, аднак, вярнуўся да яго і стаў камандзірам 1 дывізіі пяхоты. Па выбуху кастрычніцкага перавароту справа дайшла да канфлікту паміж ім і даводцам I Польскім корпусам у Расеі генэралам Юзэфам Доўбар-Мусьніцкім, які выступаў за падтрымку расейскага Часовага ўраду, а Жалігоўскі лічыў, што польскія адзінкі павінныя заставацца нэўтральнымі ў дачыненьні да сытуацыі ў Расеі. У выніку таго канфлікту ўвесну 1918 ген. Доўбар-Мусьніцкі зволіў Жалігоўскага з усіх пасадаў.
Жалігоўскі выехаў тады да Кіева, дзе ўвайшоў у склад Найвышэйшага польскага вайсковага камітэту, які праводзіў размовы з францускай вайсковай місіяй наконт стварэньня польскіх адзінак у Францыі і Расеі. Па атрыманьні дапамогі з боку Францыі распачалося фармаваньне Блакітнае арміі ген. Юзэфа Галера. Жалігоўскі 3 ліпеня 1918 быў прызначаны ген. Галерам камандзірам Польскага Войска на Ўсходзе і ўзьведзены ў годнасьць генэрала падпаручніка.
Сярод створаных тады ў Расеі адзінак паўстала ў 1918 на Кубані 4-я Дывізія польскіх стральцоў, якую ўзначаліў Жалігоўскі.
У красавіку 1919 дывізія ўвайшла ў склад францускага інтэрвэнцыйнага корпусу. У красавіку і траўні 1919 яна праводзіла баі з адзінкамі Чырвонае Арміі і разам з корпусам сыйшоў да Адэсы, скуль перайшоў да Бэсарабіі. 23 траўня 1919 дывізія была зьнятая зь лініі фронту, a потым скіраваная да Польшчы, куды прыбыла ў чэрвені 1919.
У Войску Польскім быў спачатку камандзірам Літоўска-Беларускага Фронту, потым апэрацыйнае групы ў раёне Менску, а таксама камандзірам 10 Дывізіі пяхоты (1919) у Польска-савецкай вайне.
Сярэдняя Літва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад кастрычніка 1920 камандаваў 1-я Беларуска-літоўскай дывізіяй Польскага войска, у складзе якой пераважалі жаўнеры зь Віленскай губэрні. 8 кастрычніка 1920 г. падняў дывізію на вядомы «бунт» са згоды кіраўніка Польшчы Юзэфа Пілсудзкага (1918—1922), пасьля сустрэчы зь ім у Баранавічах (Наваградзкі павет, Менская губэрня; цяпер Берасьцейская вобласьць, Беларусь)[3]. У выніку бунту 9 кастрычніка 1920 году заняў Вільню і сфармаваў Часовую кіраўнічую камісію Сярэдняе Літвы, якая была абвешчаная як самастойная і незалежная ад Польшчы дзяржава. За часам той апэрацыі "выказаў непаслухмянасьць" Найвышэйшаму правадыру. У рэчаіснасьці гэта была акцыя, ідэя якое належала Юзэфу Пілсудзкаму і мела мэтай далучэньне Вільні да Польшчы праз пасярэдні стан. У тагачаснай складанай палітычнай сытуацыі польскай дзяржаве афіцыйна весьці збройныя дзеяньні было ня вельмі зручна. У кастрычніку 1920 Жалігоўскі атрымаў ганаровае грамадзянства места Варшавы.
![]() |
9 кастрычніка 1920 г… заняў Вільню не польскі генэрал Жалігоўскі, а літвін Жалігоўскі. Мараю гэтага апошняга было жыць сярод суайчыньнікаў на літоўскай зямлі. Я не вылучаў сярод іх ні палякаў, ні русінаў, ні жмудзінаў. Будучы літвінам, я ніколі не пераставаў быць палякам. Два гэтыя паняцьці зьвязаныя між сабою. Яны ўзаемна дапаўняюць адно другое. | ![]() |
—Успаміны Люцыяна Жалігоўскага |
Служба ў Войску Польскім[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
1 сьнежня 1921 быў падвышаны да годнасьці генэрала паручніка. З 20 лістапада 1921 да 27 лістапада 1925 быў інспэктарам арміі ў Варшаве. Кіраваў працаю Інспэктарату 2-ое Арміі.
31 траўня 1924 Прэзыдэнт Польскае Рэспублікі Станіслаў Вайцяхоўскі на ўнёсак міністра вайсковых справаў, ген. Уладыслава Сікорскага падвысіў яго да годнасьці генэрала броні [4].
27 лістапада 1925 атрымаў пасаду міністра вайсковых справаў у кабінэце Аляксандра Скрынскага. На той пасадзе дапамагаў Пілсудзкаму ў падрыхтоўцы і правядзеньні травеньскага перавароту. Абавязкі міністра выконваў да 10 траўня 1926. За часам рэарганізацыі найвышэйшых вайсковых уладаў далей узначаліў Інспэктарат 2-ое Арміі. Паміж гэтым, ад 18 траўня да 15 ліпеня 1926 узначальваў Ліквідацыйную Камісію створанай Пілсудзкім з мэтамі:
- заканчэньня ўсялякіх вайсковых апэрацыяў,
- вяртаньне вайсковых аддзелаў, узяўшых удзел у здарэньнях да нармальнага стану,
- раззбраеньне цывільных аддзелаў, уцягнутых у падзеі,
- урэгуляваньне ўсялякіх стратаў матэрыялу, які фармуе мабілізацыйнае забесьпячэньне войскаў і пакаёвага абсталяваньня аддзелаў, а таксама матэрыяльных стратаў цывільным асобам, пашкоджаных у выніку дзеяньняў,
- заспакаеньня вайсковых аддзелаў і афіцэрскага корпусу.
У жніўні 1926 па ўтварэньні Генэральнага Інспэктарату Збройных Сілаў стаў інспэктарам арміі. 31 жніўня 1927 году па ўласнай просьбе сышоў на адпачынак.
Па-за войскам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сыходу ў адстаўку, Жалігоўскі пасяліўся ў маёнтку Андрэяў тургельскае гміны віленска-троцкага павету. Браў удзел у палітычным жыцьці, займаўся грамадзкімі і гаспадарчымі справамі. Ад 1928 выконваў функцыі прэзыдэнта Капітулу Ордэну Polonia Restituta. Ад 1929 быў сябрам Трыбуналу Дзяржавы [5]. З 1935 па 1939 быў паслом на Сойм IV (1935 — 1938) і V (1938 — 1939) кадэнцыяў [6]. У 1930 выдаў кнігу Вайна ў годзе 1920. Успаміны і разважаньні.
Быў старшынём камісіі па ўсталёўцы помніку Адаму Міцкевічу ў Вільні. Камітэт ладзіў у 1930 году конкурс, пераможцам якога ў ліпені 1931 году быў абвешчаны Генрык Куна.
25 жніўня 1939 году, непасрэдна перад Другой сусьветнай вайной зьвярнуўся на маршала Сьміглага-Рыдза з просьбаю аб вяртаньні на вайсковую службу, але зварот генэрала застаўся без адказу.
![]() |
Генэрал Люцыян Жалігоўскі — маршалу Польшчы. Пане Маршалу! Я даводжу паслушэнства да пана Маршала! Хаця я ёсьць старым чалавекам, але Бог захаваў мае сілы і здароўе, якія буду шчасьлівы ўжыць пана Маршала да барацьбы з вечным ворагам Польшчы. Люцыян Жалігоўскі, генэрал. | ![]() |
—[7] |
У верасьнёўскай кампаніі 1939 году непасрэднага ўдзелу не браў. Ноччу зь 7 на 8 верасьня 1939 выехаў з Варшавы да Берасьця з ген. Сасноўскім і двума афіцэрамі ягонага штабу. 9 верасьня ўчатырох пайшоў выехалі ад Берасьця да Перамысьлю праз Уладава, Замасьце, Раву-Рускую і Явораў. Ген. Сасноўскі прыехаў да Перамысьлю ўвечары 9 верасьня, у становішчы генэрала для загадаў Найвышэйшага галоўнакамандуючага з заданьнем вызначэньня фактычнага становішча «Арміі „Малое Польшчы“». 10 верасьня абодва генэралы накіраваліся ў Львоў, дзе Сасноўскі даведаўся, што ён прызначаны камандуючым групай арміяў паўднёвых. Жалігоўскі дапамагаў камандуючаму Паўднёвым фронтам да 13 верасьня, пакуль ген. Сасноўскі ён паляцеў зь Львова ў Перамысьль.
Пасьля капітуляцыі Львова эвакуяваўся праз Румынію ў Францыю, а пасьля яе капітуляцыі — у Вялікую Брытанію. На эміграцыі быў сябрам Лёнданскай Нацыянальнай Рады Польшчы і старшынём яе Вайсковае камісіі, а таксама канцлерам Капітула ордэна Virtuti Militari. Пры гэтым за апошняе пасады быў звольнены ў студзені 1945 году прэзыдэнтам Рачкевічам, бо выказаў нязгоду з узнагародаю ген. Бур-Камароўскага Вялікім крыжам ордэна Virtuti Militari.
![]() |
Мы ўсе апэлявалі даўнімі катэгорыямі. Пад словам літвін мы разумелі паняцьце Літвы гістарычнай, Літву вялікіх мэтаў, вялікіх людзей, вялікай ідэі. Мы шанавалі нашыя традыцыі, нават попел Зьніча пад Катэдрай. Нічога з прышласьці не пакінула сьледу, новаяўлены «літвін» аказаўся ворагам… і чакаў прыезду на трон літоўскі — Гагенцолерна, пад імем — о іронія — Міндоўга ІІ. Найбольш перажываў за гэта Маршалак. Чакаў, верыў у людзкое разуменьне і розум. Толькі люднасьць мясцовая адкідала ўсё, што звалася літоўскім. Ніхто не хацеў чуць пра навуку жмудзкай мовы, ніхто не прызнаваў «літоўскага» чыноўніка, і любая кабета не хацела ісьці ў касьцёл, дзе служыў «літоўскі» ксёндз. Чаму мы, адвечныя насельнікі Літвы, мусілі ўнікаць той дарагой для нас назвы, а іншыя людзі, што ня маюць зь Літвой нічога супольнага, — называць сябе літвінамі? | ![]() |
—Успаміны Люцыяна Жалігоўскага |
Пасьля вайны, дэкляраваў вяртаньне на радзіму, але ў ходзе падрыхтоўкі да падарожжа памёр 9 ліпеня 1947 году ў Лёндане. Згодна волі нябожчыка, ягонае цела было перавезена ў Варшаву і было пахаванае на вайсковых могілках. Транспарт арганізаваў ген. Станіслаў Татар, выкарыстаўшы гэтую магчымасьць, каб перавезьці да Польшчы захаваныя ў Вялікабрытаніі часткі архіваў Народнага фонду абароны.
Годнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- падпаручнік — 01.09.1887
- паручнік — 01.09.1891
- штабскапітан — 06.05.1900
- капітан — 06.05.1901
- падпалкоўнік
- палкоўнік — 06.05.1915
- генэрал падпаручнік — 03.07.1918
- генэрал паручнік — 01.12.1921
- генэрал броні — 31.03.1924
Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1907 узяў шлюб з Тацьцянай Пятроўнай, меў зь ёй блізьнятаў Яніну й Тадэвуша.
Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Крыж Камандорскі Ваеннага Ордэну Virtuti Militari (Польшча)
- Крыж Срэбны Ваеннага Ордэну Virtuti Militari
- Крыж Вялікі Ордэну Адраджэньня Польшчы
- Крыж Незалежнасьці
- Крыж Валечных (чатырохразова)
- Крыж Заслугі Войскаў Сярэдняе Літвы
- Памятны Мэдаль за вайну 1918-1921
- Мэдаль 10-годзьдзя здабыцьця Незалежнасьці
- Крыж Камандорскі Ганаровага Легіёну (Францыя)
- Крыж Ваенны (Францыя)
- Ордэна сьв. Юрыя IV ступені (Расейская Імпэрыя) (1915)
- Ордэн сьв. Уладзімера зь мячамі IV ступені (Расейская Імпэрыя)
- Ордэн сьв. Ганны II ступені (Расейская Імпэрыя) (1909)
- Ордэн сьв. Ганны IIІ ступені (Расейская Імпэрыя) (1905)
- Ордэн сьв. Станіслава з мячамі II ступені (Расейская Імпэрыя) (1905)
Тытулы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Ганаровы грамадзянін места Варшавы (ад кастрычніка 1920)
- Доктар honoris causa юрыдычных навук Віленскага ўнівэрсытэту (1923)
Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Імем ген. Жалігоўскага названы вуліцы ў Варшаве і Лодзі (з 1936 году)[8]. Таксама вуліца яго імя была ў Лідзе, але 9 студзеня 1940 году яна была перайменаваная ў вуліцу Ф. Дзяржынскага[9].
- Да Дня адзінства балтаў у 2018 годзе быў запісаны сецівовы сынгл «Генэрал Люцыян» (таксама «Hieneral Liucyjan»). У запісе прыймалі ўдзел «ШЫХТ», «EIZVA» ды «Паўночны Воўк»[10][11].
Кнігаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Lucjan Żeligowski. O idee słowiańska. — Londyn: F. Mildner & Sons, 1941. — 29 с.
- Lucjan Żeligowski. Zapomniane prawdy. — Londyn: F. Mildner & Sons, 1943. — 43 с.
- Lucjan Żeligowski. Wojna w roku 1920: wspomnienia i rozważania. — Warszawa: Wydawn. Ministerstwa Obrony Narodowej, 1990. — 157 с. — ISBN 83-11-07841-6
На Беларусі была выдадзеная толькі адна праца Люцыяна Жалігоўскага — Zapomniane prawdy[12][13].
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б З роду Жалігоўскіх(недаступная спасылка)
- ^ Нацыянальны гістарычны архіў у Горадні. Ф. 920, воп. 2, спр. 1. Мэтрыкі аб нараджэньні Сольскага касьцёла.
- ^ а б Валер Бычкоўскі. Генэрал Броні Люцыян Жалігоўскі // Новы час : газэта. — 3 чэрвеня 2016. — № 22 (487). — С. 10-11. — ISSN 2218-2244.
- ^ Dziennik Personalny M.S.Wojsk. Nr 32 z 02.04.1924 r.
- ^ Lucjan Żeligowski (1865-1947)(пол.) Portal Historyczny PAP/MHP. Polska Agencja Prasowa. Праверана 11 чэрвеня 2011 г.
- ^ Lucjan Żeligowski(пол.) Dwudziestolecie międzywojenne. Kalkulator walut, parlamentarzyści, statystyki…. Adrian Zandberg. Праверана 13 чэрвеня 2011 г.
- ^ Mieczysław Machulak Turgiele(пол.) Soleczniki.pl. Mieczysław Machulak. Праверана 13 чэрвеня 2011 г.
- ^ Żeligowskiego Lucjana Gen.(пол.) Bazy on-line. Ulice Łodzi - wykaz nazw ulic łódzkich (obecna nazwa i wszystkie poprzednie, z podaniem lat w których obowiązywały te nazwy). Wojewódzka i Miejska Biblioteka Publiczna im. Marszałka Józefa Piłsudskiego w Łodzi. Праверана 13 чэрвеня 2011 г.
- ^ Валеры Сліўкін (2 (22) красавік – чэрвень 2003) Урбанонімы горада Ліды (pdf) Лідзкі Летапісец. Pawet.net - Старонка № 1 горада Ліды і Лідскага павета. Праверана 16 чэрвеня 2011 г.
- ^ Песьня, прысьвечаная генэралу Жалігоўскаму на Youtube
- ^ Песьня на soundcloud.com
- ^ Lucjan Żeligowski Zapomniane prawdy // Z.S. "Związek Polaków na Białorusi" Magazyn Polski: czasopismo naukowo-społeczno-kulturalne. — 2006. — № 2. — С. 4–13.
- ^ Lucjan Żeligowski Zapomniane prawdy // Z.S. "Związek Polaków na Białorusi" Magazyn Polski: czasopismo naukowo-społeczno-kulturalne. — 2006. — № 3/4. — С. 4–12.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Dariusz Fabisz. Generał Lucjan Żeligowski 1865-1947. Działalność wojskowa i polityczna. — Warszawa: DiG, 2007. — 374 с. — ISBN 978-83-7181-504-1
- Radosław Zabłocki. Wyprawa gen. Lucjana Żeligowskiego na Wilno // Nad Wilią i Niemnem. Wileńszczyzna w dziejach militarnych Polski XX wieku (wybrane zagadnienia). — Kraków: IH PAN/PBB, 2004. — С. 185–202.
- Krzysztof Grygajtis. Wyprawa na Wilno gen. Lucjana Żeligowskiego // Mars. — IH PAN/PBB, 2004. — Т. 17. — С. 25–46.
- Dariusz Fabisz. Ocena kampanii wrześniowej 1939 r. w "Dzienniku" generała Lucjana Żeligowskiego // Studia historyczne nad polityką, gospodarką i kulturą. Księga pamiątkowa z okazji siedemdziesiątej rocznicy urodzin prof. Mariana Eckerta. — Zielona Góra: IH PAN/PBB, 2002. — С. 215-220.
- Dariusz Fabisz. Walka generała Lucjana Żeligowskiego o Wileńszczyznę w październiku 1920 r. // Idea niepodległości i suwerenności narodowej w działalności Polaków w kraju i na obczyźnie (1918-1998). Konferencja naukowa 10-11 listopada 1998 r. w Rogach koło Gorzowa Wlkp. : Prace Naukowe Rady Porozumiewawczej Badań nad Polonią. Materiały z Konferencji; 4. — Gorzów Wlkp.: IH PAN/PBB, 2000. — С. 90-96.
- Dariusz Fabisz. Generał Lucjan Żeligowski w walce o Polskę i jej granice w latach 1914-1921 // Listopad 1918 z perspektywy osiemdziesięciolecia. — Zielona Góra: IH PAN/PBB, 2000. — С. 90-96.
- Jacek Piotrowski. Kuszenie generała // Przegląd Historyczno-Wojskowy. — Kraków: IH PAN/PBB, 2000. — С. 113-120.
Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Люцыян Жалігоўскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Алесь Хацкевіч Люцыян Жалігоўскі. «Наша Ніва». Праверана 3 чэрвеня 2011 г.
- Алег Гардзіенка Кароткая гісторыя яшчэ адной Літвы. «Наша Ніва». Праверана 3 чэрвеня 2011 г.
- Желиговский Люциан-Мечислав-Рафаил Густавович(рас.) Русская армия в Первой мировой войне. Alexey Likhotvorik. Праверана 3 чэрвеня 2011 г.
- Rola gen. Lucjana Żeligowskiego w życiu politycznym J. Piłsudskiego(пол.) Sciaga.pl. Freshmind Sp. z o.o. (23 кастрычніка 2003). Праверана 3 чэрвеня 2011 г.
- Uroczystości pogrzebowe gen. Lucjana Żeligowskiego(пол.) Serwis fotograficzny XX wieku Праверана 10 чэрвеня 2011 г.
- Dariusz Fabisz (19 кастрычніка 2009) Fragment książki «Generał Lucjan Żeligowski»(пол.) Polityka.pl Праверана 10 чэрвеня 2011 г.
- Жалігоўскі Люцыян. Вайна ў 1920 годзе. Успаміны і разважанні (Пераклад Станіслава Судніка) // Наша слова.pdf № 18, 4 траўня 2022 - № 39, 28 верасня 2022.
- Узнагароджаныя ордэнам Віртуці Мілітары
- Узнагароджаныя Срэбным крыжам ордэна Віртуці Мілітары
- Узнагароджаныя Вялікім крыжам ордэна Адраджэньня Польшчы
- Узнагароджаныя крыжам Незалежнасьці
- Узнагароджаныя крыжам Мужных
- Узнагароджаныя Памятным мэдалём за вайну 1918—1921
- Узнагароджаныя мэдалём 10-годзьдзя Здабыцьця Незалежнасьці
- Камандоры ордэна Ганаровага легіёну
- Кавалеры францускага Ваеннага Крыжу
- Кавалеры ордэна Сьвятога Георгія IV ступені
- Кавалеры ордэна Сьвятога Ўладзімера 4 ступені
- Кавалеры ордэна Сьвятой Ганны
- Узнагароджаныя ордэнам Сьвятога Станіслава (Расейская імпэрыя)
- Нарадзіліся ў Ашмянах
- Польскія генэралы
- Удзельнікі расейска-японскай вайны
- Удзельнікі Першай сусьветнай вайны
- Удзельнікі польска-савецкай вайны
- Удзельнікі польска-ўкраінскай вайны
- Удзельнікі Другой сусьветнай вайны
- Кавалеры ордэна Ганаровага легіёну
- Кавалеры ордэна Сьвятога Ўладзімера
- Палітыкі Беспартыйнага блёку супрацоўніцтва з урадам
- Дэпутаты Сойму Польскай Рэспублікі (1918—1939)
- Міністры Польскай Рэспублікі (1918—1939)
- Міністры абароны Польшчы
- Памерлі ў Лёндане
- Пахаваныя ў Варшаве