Палац Слушкаў
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Палац Слушкаў
Sluškų rūmai | |
![]() Палац Слушкаў
| |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Каардынаты | 54°41′28″ пн. ш. 25°17′50″ у. д. / 54.69111° пн. ш. 25.29722° у. д.Каардынаты: 54°41′28″ пн. ш. 25°17′50″ у. д. / 54.69111° пн. ш. 25.29722° у. д. |
Архітэктурны стыль | барокавая архітэктура[d] |
Статус | Ахоўная зона |
Палац Слушкаў на мапе Летувы ![]() ![]() Палац Слушкаў | |
![]() |
Палац Слушкаў — помнік архітэктуры XVII ст. у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на левым беразе Вяльлі, паміж вуліцамі Тадэвуша Касьцюшкі і Слушкаў. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Зьмест
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Будаваўся ў 1690—1694[1] гадох на заказ ваяводы полацкага Дамініка Міхала Слушкі. Будынак узьвялі на штучным паўвостраве. Пры будаваньні частку рэчышча Вяльлі засыпалі грунтам з Антокальскага пагорка. Дэкаратыўнымі работамі, відаць, займаліся Мікелянджэлё Пальлёні і Ян Пётар Пэрці, які быў архітэктарам палаца[2].
Па пашкоджаньні ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Ніжняга замка стаў месцам знаходжаньня ўраднікаў у часе іх візытаў у Вільню. У 1705 і 1709 гадох тут спыняўся маскоўскі гаспадар Пётар I[3].
Па сьмерці Д. М. Слушкі ў 1719 годзе перайшоў у валоданьне Патоцкіх, з 1727 году — Пузынаў, з 1745 году — зноў Патоцкіх. У 1756 годзе палац набылі манахі ордэна піяраў, якія ўладкавалі тут калегіюм і друкарню. У 1766 годзе будынак набыў Міхал Казімер Агінскі[4], які адрэстаўраваў яго паводле праекту П’етра Росьсі[2].
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1794 годзе палац занялі расейскія войскі, а па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год) улады Расейскай імпэрыі адабралі яго ў Агінскіх і ператварылі ў жылы дом.
У 1803—1831 гадох тут разьмяшчаўся бровар Дамініка Зайкоўскага. Неўзабаве будынак пераплянавалі, колькасьць паверхаў павялічылі да чатырох і з 1872 году палац пачалі выкарыстоўваць пад вайсковую вязьніцу. У гэты ж час зьнішчылі багаты арыгінальны інтэр’ер і экстэр’ер палаца.
Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
За часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі ў будынку працягвала знаходзіцца вязьніца.
У 1957—1959 гадох будынак рэканструявалі: разабралі перагародкі турэмных камэраў, замянілі перакрыцьці, павялічылі вокны. У 1959—2002 гадох у гэтым будынку працавала Віленская 25-я прафэсійна-тэхнічная вучэльня.
З 2002 году ў палацы разьмяшчаецца факультэт тэатру і кіно Летувіскай акадэміі музыкі і тэатру. Тым часам прыбудовы знаходзяцца ў працэсе рэстаўрацыі, галоўная частка палаца чакае аднаўленчых работ. Плянуецца вярнуць арыгінальны падзел на два паверхі і аднавіць маляўнічыя барокавыя вокны.
Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Помнік архітэктуры барока. Прастакутны ў пляне 2-павярховы будынак з чатырма 3-павярховымі масіўнымі бакавымі вежамі. Першапачаткова фасады будынка былі ўніфікаванымі вялікім ордэрам іянічных пілястраў, якія абрамлялі вялікія вокны. Інтэр’еры ўпрыгожваліся італьянскім мармурам, ляпнінай і насьценнымі росьпісамі. Галоўны ўваход на тэрыторыю палаца быў з боку цяперашняй вуліцы Тадэвуша Касьцюшкі празь велічную браму. Палац атачаў парк італьянскага тыпу з каналамі, сажалкамі, фантанамі і экзатычнымі расьлінамі.
Пры рэканструкцыі ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў замест былых двух зрабілі чатыры паверхі з драўлянымі перакрыцьцямі, пазьней замененымі на жалезабэтонныя. У пачатку XX ст. уваходную браму забудавалі 2-павярховымі карпусамі.
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Палац Слушкаў у мастацтве
Ф. Смуглевіч, 1785 г.
З кнігі К. Тышкевіча, 1871 г.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 3. — Менск, 2010. С. 126.
- ^ а б Drėma V. Dingęs Vilnius. — Vilnius: 1991. — С. 341–342. — ISBN 5-415-00366-5
- ^ Kirkor A. H. Pasivaikščiojimas po Vilnių ir jo apylinkes. — Vilnius: Viltis, 1991. — С. 146. — ISBN 5-417-00514-2
- ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 3. — Менск, 2010. С. 127.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 3: Дадатак А — Я. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — 690 с.: іл. ISBN 978-985-11-0487-7.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Палац Слушкаў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў