Беларускія выдавецкія суполкі пачатку XX стагодзьдзя
Гэты артыкул мусіць быць істотна перароблены ў адпаведнасьці са стандартамі Вікіпэдыі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, адрэдагаваўшы яго. Падрабязнасьці могуць быць на старонцы абмеркаваньня. |
Белару́скія выдаве́цкія супо́лкі пача́тку XX стаго́дзьдзя — шэраг выдавецкіх суполак, што існавалі ў пачатку XX стагодзьдзя, якія займаліся выдавецтвам і распаўсюджаньнем твораў мастацкай літаратуры, падручнікаў, календароў, царкоўна-рэлігійных выданьняў і іншай літаратуры на беларускай мове.
Акцыйная суполка друкарскай штукі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Акцыйная суполка друкарскай штукі» — беларуская выдавецкая суполка, якая дзейничала ў Санкт-Пецярбургу ў пачатку XX ст. Вядома толькі адна кніжка, выдадзеная гэтай суполкай у 1914 г. — «Кароткая сьвяшчэнная гісторыя» ксяндза Шустэра. Тыраж склаў 3000 экз. Перакладчык выданьня схаваўся пад крыптанімам X. Невядома, аднак, зроблены пераклад з польскага або нямецкага выданьня.
Беларускае выдавецкае таварыства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларускае выдавецкае таварыства (БВТ) існавала ў Вільні ў 1913—1915 і 1919—1930 гг., выдавала і распаўсюджвала творы беларускай літаратуры.
Заснавана 1 (14) ліпеня 1913 г. на базе выдавецтва «Нашай Нівы» Б. Даніловічам, І. Луцкевічам, К. Шпакоўскім і іншымі. Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Галоўную мэту сваёй дзейнасьці бачыла ў духоўным адраджэньні беларускага народу. У 1913—1914 гадах сакратаром выдавецтва працаваў Янка Купала. Старшынём яго стаў Вацлаў Іваноўскі, які прадставіў суполцы памяшканьне і грашовыя сродкі, значныя субсідыі таварыству выдзяляла княгіня Магдалена Радзівіл.
Таварыства аднавіла дзейнасьць ў 1919 годзе (напачатку з дадаткам у назьве «Крыніца»). Выпускала навукова-папулярную, навучальную і мастацкую літаратуру. Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў сярэдзіне 1920-х гадоў актывізаваў працу выдавецтва. У яго кіраўніцтва (працавала на каапэратыўных пачатках) уваходзілі вядомыя культурна-грамадзкія дзеячы Заходняй Беларусі. Вядчае месца заняло выданьне мастацкай літаратуры.
Спыніла дзейнасьць у пачатку 1930-х гадоў пасьля забароны ўрадам Польшчы легальных формаў вызваленчага руху.
Выдавецтва Антона Грыневіча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выдавецтва «Вясёлка»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выдавецтва газэты «Беларус»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]"Выдаўніцтва газэты «Беларус»(be) — беларуская выдавецкая суполка, якая дзейничала ў Вільні ў 1913—1915 гадах.
У канцы 1913 г. выдавецтва выпусьціла невялікую брашуру К. Сваяка «Алкаголь». За два наступныя гады выйшла яшчэ 8 кніг агульным накладам больш за 15 000 экз. У асноўным гэта была літаратура рэлігійнага зьместу. Усе кнігі былі надрукаваныя лацінкай у друкарні «Зьніч».
Выдавецтва газэты «Гоман»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]"Выдаўніцтва газэты «Гоман» — беларуская выдавецкая суполка, якая дзейнічала ў Вільні ў 1916—1918 гадах.
Некалькі беларускіх кніг выйшла ў 1916 г. пры садзейнічаньні гэтай газэты. Сярод іх «Беларускі каляндар на 1917 год», падручнік арытмэтыкі Г. Юрэвіча для пачатковай школы, якія прызначаліся для першых трох гадоў навучаньня.
У 1917 г. у друкарні Марціна Кухты ў серыі «Беларускія легенды» былі апублікаваны два творы беларускага пісьменьніка Яна Баршчэўскага.
Зьміцер Жылуновіч даў такую ацэнку дзейнасьці выдавецтва[1]:
Спусьціўшы нейкі час, з 1916 г. рэдакцыя газэты сабралася зь сіламі і пачала выпускаць кніжкі. На гэты раз выпускаліся выключна падручнікі, дзякуючы двум важнейшым прычынам: 1) зацягнутасьці акупацыі, што заставіла думаць беларускіх культурнікаў пра адчыненьне беларускіх школ; адсутнасьць песьняроў і пісьменьнікаў і немажлівасьць атрымаць іх рукапісы праз фронт. Некаторыя з гэтых выданьняў — больш-менш сталыя кніжкі, а большасьць — брашурнага выгляду. Адносна тэхнікі — як адна, слабыя ва ўсіх адносінах, беручы ад паперы і заканчваючы наборам.
Выдавецтва «Люцыян Хвецька і суполка»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Люцыян Хвецька і суполка» — беларуская выдавецкая суполка, якая дзейнічала ў Санкт-Пецярбургу ў пачатку XX ст.
Вядомыя дзьве кніжкі, выдадзеная гэтай суполкай у 1917 годзе. Абедзьве надрукаваныя лацінкай. Гэта былі «Касьцёльныя песьні / Сабраў Вінцэнты Гожэльняскі» (30 старонак з нотамі). Аўтарам другой быў ксёндз Аляксандар Астрамовіч: «Зязюля А. Слова праўды аб мове і долі беларуса (пасьвячаю беларускай моладзі): [Верш(ы)]». Яна мела 16 старонак.
Выдавецтва «Нашай нівы»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выдавецтва «Наша хата»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Наша хата» — беларускае кнігавыдавецкае таварыства. Створана 15 (28) сьнежня 1908 году ў Вільні. Заснавальнікі: В. Бонч-Асмалоўскі, Б. Даніловіч, Я. Манькоўскі, А. Уласаў, У. Цэтэрман.
Мела на мэце выданьне кніг пра Беларусь на беларускай і іншых мовах. У 1909—1911 гг. выпусьціла творы мастацкай літаратуры: ананімную беларускую паэму «Тарас на Парнасе», «Дзед Завала», Ядвігіна Ш., «Дзядзька голад» С. Віткевіча, «Дым» М. Канапніцкай, «Архіп і Лявонка» М. Горкага, падручнік «Другое чытаньне для дзяетак беларусаў» Якуба Коласа, а таксама навукова-папулярныя кнігі.
У 1911 годзе спыніла дзейнасьць у сувязі з эканамічнымі цяжкасьцямі.
Выдавецтва «Мянчук»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Мянчук» — кніжнае таварыства. Заснавана 14 сьнежня 1906 году ў Менску на каапэратыўнай аснове для выданьня і распаўсюджваньня беларускіх кніг і газэт. Заснавальнікі — Антон Шабуня, Уладзімер Самойла, Сяргей Скандракоў і іншыя. Разам з выдавецтвам «Наша Ніва» кніжнае таварыства «Мянчук» выдала ў 1907 годзе кірыліцай і лацінкай апавяданьне Элізы Ажэшкі «Гедалі». Рыхтавала да друку «Жалейку» Янкі Купалы. Спыніла дзейнасьць з-за адсутнасьці сродкаў.
Выдавецкае таварыства «Палачанін»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выдавецтва часопіса «Лучынка»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выдавецтва часопіса «Саха»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Круг беларускай народнай прасьветы і культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Круг беларускай народнай прасьветы і культуры, Круг беларускі — культурна-асьветная арганізацыя, якая існавала ў Санкт-Пецярбургу ў 1903—1904 гады.
У «Круг беларускай народнай прасьветы і культуры» ўваходзілі Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч, Антон Неканда-Трэпка, Францішак Умястоўскі, беларускія студэнты, якія вучыліся ў ВНУ Пецярбурга. Арганізацыя займалася друкаваньнем і распаўсюджаньнем беларускіх выданьняў, у тым ліку тых, што выпускалія за мяжой, пошукам сродкаў для выданьня беларускай літаратуры ў Расіі.
Фінансавую і іншую дапамогу арганізацыі аказвалі Амброжы Кастравіцкі і Казімір Кастравіцкі. «Круг…» меў таксама сувязі з прыхільнікамі беларускай кнігі ў Варшаве і Кракаве.
Да канца 1904 «Круг…» спыніў сваё існаваньне. В. Іваноўскі, А. Пашкевіч і інш. ўключыліся ў дзейнасьць Беларускай сацыялістычнай грамады.
Загляне сонца і ў наша аконца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Загля́не со́нца і ў на́ша ако́нца» («Загляне сонцэ и ў нашэ ваконцэ») — беларуская выдавецкая суполка, заснаваная ў траўні 1906 году ў Пецярбургу.
Паўстала з ініцыятывы выкладчыка Пецярбурскага ўнівэрсытэту Браніслава Эпімах-Шыпілы. Ставіла перад сабой асьветніцкія задачы.
Суполкай было выдадзена 38 кніжных найменьняў кірыліцай і лацінкай агульным накладам болей за 100 тысячаў асобнікаў. Сярод іх першыя падручнікі на беларускай мове «Беларуская чытанка, ці Першае чытаньне для дзетак беларусаў» Каруся Каганца, «Першае чытаньне для дзетак беларусаў» Цёткі, творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, пераклад паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. Быў выпушчаны альманах «Маладая Беларусь».
Суполка скончыла дзейнасьць у 1914 (1916?) годзе.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Жылуновіч Зм. Эвалюцыя беларускае кніжкі // Полымя, 1925 С. 128—129.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Александровіч, С. Пуцявіны роднага слова. — Мн., 1971.
- Бярозкіна Н. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI пачатак — XX ст.). СПб, 2009, С. 135—136.
- Гісторыя беларускай кнігі. У 2 Т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / М. Нікалаеў і інш. Мн.: БелЭН, 2011. С. 53.
- Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. СПб, 2009, С. 249.
- Жылуновіч Зьм. Эвалюцыя беларускае кніжкі // Полымя, 1925 С. 128—129.