Яшуны
| Яшуны лац. Jašuny лет. Jašiūnai | |||
| Населены пункт | |||
Сядзіба Балінскіх | |||
| |||
| Краіна | Летува | ||
|---|---|---|---|
| Павет | Віленскі | ||
| Раён | Салечніцкі | ||
| Часавы пас | |||
| Каардынаты | 54°26′20″ пн. ш. 25°18′40″ з. д.HGЯO | ||
| Насельніцтва | |||
| Колькасьць | 1879 чал. (2001) | ||
| Яшуны на мапе Летувы Яшуны | |||
Яшуны (лет. Jašiūnai) — вёска ў Летуве, на рацэ Мерачанцы. Цэнтар староства Салечніцкага раёну Віленскага павету. Насельніцтва на 2001 год — 1879 чалавек. Знаходзяцца за 17 на паўночны захад ад Салечнікаў, за 18 км ад Вільні; чыгуначная станцыя на лініі Вільня — Ліда.
Яшуны — даўняе мястэчка на мяжы гістарычных Віленшчыны і Троччыны, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. За Міхалам Балінскім мястэчка пераўтварылася ў культурны асяродак: тут бываў Адам Міцкевіч, тройчы прыязджаў Юльюш Славацкі, гасьцявалі Андрэй і Ян Сьнядэцкія, Тамаш Зан, Антоні Эдвард Адынец, князь Павал Брастоўскі, Іяхім Лялевель ды іншыя дзеячы, ладзіліся дыспуты і літаратурныя вечары[1]. Да нашага часу захаваўся палацава-паркавы комплекс Балінскіх, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Асун (Asuni) — імя германскага паходжаньня[2]. Іменная аснова ас- (ос-) (імёны ліцьвінаў Осман, Асьміна, Ашнар; германскія імёны Osman, Osminna, Asinar) паходзіць ад гоцкага *anseis, германскага ans 'паганскае боства, ідал'[3][4].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Jaszuny (5 ліпеня 1515 году)[5].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Першы пісьмовы ўпамін пра Яшуны як уладаньне вялікі князёў датуецца 1402 годам. У гэты час яны ўваходзілі ў склад Троцкага павету Троцкага ваяводзтва[6] (або Віленскага павету Віленскага ваяводзтва[7]) і знаходзілася на ўскраіне Рудніцкай пушчы. У пачатку XVI стагодзьдзя тут збудавалі першы касьцёл (існаваў да першай паловы XVII стагодзьдзя).
На мяжы XVI і XVII стагодзьдзяў Яшуны перайшлі ў валоданьне Радзівілаў. За часамі Рэфармацыі тут пачаў дзеяць кальвінскі збор. У XVIII стагодзьдзі збор разабралі, а на ягоным месцы збудавалі драўляную каталіцкую капліцу (існавала да пачатку XIX стагодзьдзя).
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Яшуны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Віленскім павеце Віленскай губэрні. У 1811 годзе маёнтак набыў Ігнаці Балінскі, па сьмерці якога ў 1819 годзе Янушы перайшлі да ягонага сына Міхала. У 1824—1828 гадох тут збудавалі новы палац, утварылі парк. У 1820—1830-х гадох сядзіба Балінскіх была значным культурным асяродкам на Віленшчыне. У маёнтку спыняліся Тамаш Зан, Юльюш Славацкі, Антоні Эдвард Адынец, Юзэф Мяноўскі, Андрэй Бэнэдыкт Клангевіч і інш. Па сьмерці Міхала Балінскага ў 1864 годзе Яшуны перайшлі да ягонага сына Канстантына. У XIX стагодзьдзі тут працавала цагельня, з 1886 году існавала папяровая вытворчасьць.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Яшуны занялі войскі Нямецкай імпэрыі
- Старая графіка Яшуноў
- Капліца, 1833 г.
- Сядзіба. Э. Гараздоўскі, 1865 г.
- Сядзіба. Н. Орда, 1875 г.
- Магіла Яна Сьнядэцкага, 1878 г.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Яшуны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 8 кастрыніка 1920 году пад мястэчкам, пры пераправе церазь Мерачанку, адбылася дзьвюхгадзінная бойка паміж Беларуска-Літоўскай дывізіяй Люцыяна Жалігоўскага і летувіскім аддзелам. Ліцьвіны страцілі некалькі чалавек забітымі і параненымі. Таго ж году Яшуны апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Віленскім павеце Віленскага ваяводзтва. У 1929 годзе завяршылася будаваньне Касьцёла Сьвятога Яна Хрысьціцеля.
З пачаткам Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 году ўлады СССР перадалі Яшуны Летуве. У чэрвені 1941 ліпені 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1941 годзе нацысты зьнішчылі 575 чалавек, галоўным чынам жыдоў.
У 1950—1995 гадох Яшуны былі цэнтрам раёну. У 2001 годзе афіцыйна зацьвердзілі герб вёскі.
- Мястэчка на старых здымках
- Сядзіба, 1861 г.
- Сядзіба, да 1915 г.
- Сядзіба. Я. Булгак, 1930 г.
- Чыгуначная станцыя, 1915—1918 гг.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля (1929)
- Могілкі Балінскіх (1830)
- Сядзібна-паркавы комплекс Балінскіх (1824)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Пазьняк З. Тэрра Дэй. — Варшава — Нью Ёрк — Вільня: «Беларускія Ведамасьці», Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, 2014. С. 394.
- ↑ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 122.
- ↑ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 38.
- ↑ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 6.
- ↑ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 261.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 2. — Мінск, 2013. С. 88.
- ↑ Насевіч В. Віленскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 433.
- ↑ Wejssenhof J. Jaszuny // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 509.
- ↑ Географическо-статистический словарь Российской империи. T. 5: Таарджалъ — Яя. — СПб, 1885. С. 1000.