Княжыч Казімер
Сьвяты Казімер | |
Казімер | |
![]() Сьвяты Казімер | |
Сьвяты | |
---|---|
Нарадзіўся | 3 кастрычніка 1458 |
Памёр | 4 сакавіка 1484 |
Кананізаваны | 1602 |
Дзень памяці | 4 сакавіка |
Патрон | моладзі |
Сьвяты Казімер (3 кастрычніка 1458, Кракаў — 4 сакавіка 1484, Горадня) — дзяржаўны дзяяч Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Сьвяты Рымска-Каталіцкага Касьцёла, апякун моладзі.
Сьвяты Казімер ушаноўваецца як заступнік земляў колішняга Вялікага Княства Літоўскага, сьвяты патрон Вільні[1] і шэрагу рымска-каталіцкіх дыяцэзіяў сучасных Беларусі, Летувы і Польшчы.
Казімер — адзіны сьвяты з такім імём.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Другі сын караля і вялікага князя Казімера Ягайлавіча і ягонай жонкі Альжбеты Аўстрыйскай. Атрымаў добрую гуманітарную адукацыю. Сярод ягоных настаўнікаў былі гісторык і пісьменьнік Ян Длугаш, выкладнік тэалёгіі ў Ягелонскім унівэрсытэце Я. Канта, італьянскі пісьменьнік і гуманіст Ф. Калімах[1]. Добра авалолаў лацінскай і нямецкай мовамі.
Выхоўваўся як будучы кароль вугорскі (ягоная маці была адзінай законнай спадчыньніцай чэскага і вугорскага стальцаў)[2]. У 1471 на запрашэньне адной зь мясьцовых партыяў рушыў з 12-тысячным войскам у Вугоршчыну, аднак адступіў перад пагрозай вайны з партыяй караля Мацея Корвіна і вярнуўся дадому.
Па заняцьці чэскага стальца старэйшым братам Уладзіславам (1471) зрабіўся спадкаемцам польскага і вялікалітоўскага пасаду. З гэтага часу часта наведваў Вільню.
Браў удзел у перамовах з вэнэцыянскім амбасадарам А. Кантарыні (1474), у часе якіх абмяркоўвалася стварэньне антытурэцкай лігі. Таксама ўдзельнічаў у перамовах з крыжакамі ў Мальбарку (1476).
У 1475—1476 (разам з бацькам) і 1479—1481 знаходзіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Па выкрыцьці змовы (1481) і ад’езьдзе Казімера Ягайлавіча ў Вялікае Княства, зрабіўся каралеўскім намесьнікам у Кароне. Таго ж году праз зарок цнатлівасьці адмовіўся ад шлюбу з дачкой імпэратара Фрыдрыха III.
Увесну 1483 бацька выклікаў Казімера ў Вільню, дзе той пачаў выконваць функцыі падканцлера кароннага. У Вільні вызначыўся клопатамі пра патрэбы месьцічаў і апекай над касьцёламі. У канцы таго ж 1483 захварэў на сухоты і на шляху ў Люблін памёр у Горадні[2]. Пахавалі княжыча ў капліцы Маці Божай Віленскага катэдральнага касьцёла.
Кананізацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пра набожнасьць Казімера пісалі ўсе ягоныя біёграфы, ад Захарыя Фэрэры і Пятра Скаргі да аўтараў XIX ст.[3]:
![]() |
На самым ранку, як толькі адчыняліся дзьверы сьвятыні, сьвяты каралевіч ужо кленчыў перад алтаром, з узьнесенай душой, у постаці натхнёнай і разам з тым пакорнай і пакутніцкай, і заставаўся ў касьцёле, пакуль яго не зачынялі. Тут ён забываўся пра ўсе патрэбы цела: не адчуваў голаду, холаду, стомленасьці; быў нібы ў сьвятой зачараванасьці, імгненным, але бесьсмяротным разрыве зь целам… Сярод цёмнай ночы зрываўся з ложка, тайком выходзіў з пакою, адзін, босы прыбягаў да замкавай сьвятыні, і, найчасьцей знайшоўшы яе замкнёнай, клаўся ніц перад яе парогам, акрапляў яго сьлязьмі і ў сьвятым узьнясеньні малітвы заставаўся да сьвітанку...». | ![]() |

Упершыню пра сьвятасьць Казімера і цуды, што адбываліся пры ягонай пахавальні, сьведчыў пасол вялікага князя Аляксандра пробашч віленскай катэдры Эразм Цёлка ў сваёй прамове перад папам Аляксандрам VI (1501).
У 1516 з ініцыятывы біскупа віленскага В. Радзівіла, капітулы і мясцовых бэрнардынаў распачаўся працэс бэатыфікацыі Казімера, які аднак прыпыніўся празь сьмерць папы Льва X (1521), а матэрыялы, дасланыя зь Вялікага Княства Літоўскага, загінулі ў 1527 у часе нападу на Рым нямецкага войска.
Кананізацыю Казімера і літургію на ягонае сьвята ў 1602 зацьвердзіў папа Клімэнт VIII. У 1636 парэшткі сьвятога перанесьлі ў новую капліцу катэдральнага касьцёла.
Ушанаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сынод Віленскай дыяцэзіі ў 1613 пастанавіў лічыць патронамі Літвы сьвятых Юрыя, Мікалая і Казімера, у 1636 гэта вызнаў папа Урбан VIII. У XVII ст. культ Сьвятога Казімера пашырыўся па ўсёй Рэчы Паспалітай, у тым ліку сярод уніятаў. 3 XVIII ст. вялікую папулярнасьць набыў віленскі фэст у яго гонар (4 сакавіка), які суправаджаўся кірмашом («казюкі»).
Атрыбуты Сьвятога Казімера: мітра; надпіс пры руцэ: «Omni die» (першыя словы гімну пра Сьвятога Казімера «Omni die Marie» — «кожнага дня маліся Марыі»[4].
11 чэрвеня 1948 року папа Піюс XII абвясьціў сьвятога Казімера нябесным заступнікам моладзі. Акрамя таго, у Летуве ён лічыцца заступнікам рамесьнікаў, а ў Ружанах — заступнікам мястэчка[5].
У Беларусі шэраг каталіцкіх касьцёлаў носяць тытул Сьвятога Казімера: у Жлобіне, Лагойску, Лепелі, Ліпнішках, Маладэчне і Расьне. Апроч таго касьцёлы Сьв. Казімера існавалі ў Берасьці, Бешанковічах, Камені, Магілёве і інш. 4 сакавіка на «Казюкі» (дзень сьвятога Казімера) прынята пекчы абаранкі (смаргонскія) і пернікі ў выглядзе сэрца[6].
Генэалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Сьвяты Казімер у мастацтве
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б Людміла Карнілава. Казімір // ЭГБ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 9.
- ^ а б Валеры Пазднякоў. Казімір // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 13.
- ^ Аляксандр Ярашэвіч. Святы Казімір у гісторыі і мастацтве // «Наша Вера» № 1 (19), 2002.
- ^ Святы Казімір у Паазер’і: 400 гадоў каталіцызма ў Лепельскім краі. — Лепель: Выдавецкая ініцыятыва LEPLE, 2004. С. 7.
- ^ Марына Вакульская. (14 траўня 2014) На дабрачынны рахунак для рэстаўрацыі капліцы сьвятога Казімера ў Ружанах паступіла ўсяго каля 3 мільёнаў рублёў. Раённыя будні. Праверана 25 траўня 2014 г.
- ^ Ніна Шчарбачэвіч. «Рэстаратары нарэшце сталі да мяне прыслухоўвацца» // Ігуменскі тракт. — 5 лістапада 2013. — № 37 (52).
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Святы Казімір у Паазер’і: 400 гадоў каталіцызма ў Лепельскім краі. — Лепель: Выдавецкая ініцыятыва LEPLE, 2004.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Аляксандр Ярашэвіч. Святы Казімір у гісторыі і мастацтве // «Наша Вера» № 1 (19), 2002.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Княжыч Казімер — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў