Віленская ратуша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Віленская ратуша
Віленская ратуша
Віленская ратуша
Краіна Летува
Места Вільня
Адрас Ратушны пляц
Каардынаты 54°40′41″ пн. ш. 25°17′13″ у. д. / 54.67806° пн. ш. 25.28694° у. д. / 54.67806; 25.28694Каардынаты: 54°40′41″ пн. ш. 25°17′13″ у. д. / 54.67806° пн. ш. 25.28694° у. д. / 54.67806; 25.28694
Архітэктурны стыль клясыцыстычная архітэктура[d]
Аўтар праекту Лаўрын Гуцэвіч
Віленская ратуша на мапе Летувы
Віленская ратуша
Віленская ратуша
Віленская ратуша
Віленская ратуша на Вікісховішчы

Віленская ратуша — помнік гісторыі і архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў у Вільні, адзін з сымбаляў места. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на Ратушным пляцы[a]. Твор архітэктуры клясыцызму. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян ратушы, 1638 г.

Мураваную ратушу ў Вільні, відаць, збудавалі па атрыманьні местам Магдэбурскага права ў 1387 годзе. У пісьмовых крыніцах яна ўпершыню ўпамінаецца ў 1432 годзе.

У 1662 годзе на апошнім ярусе вежы ўсталявалі мескі гадзіньнік. У час рамонту 1680 году галоўны і бакавы фасады аздобілі скульптурамі анёлаў.

У 1725 годзе стары гадзіньнік замянілі на новы з пазалочанымі літарамі работы віленскага майстра А. Скачкоўскага. Тады ж на вежу ўзьнялі званы, а будынак ратушы накрылі новай дахоўкай. У гэты час вышыня вежы ратушы дасягала 44,85 мэтра[1]. У выніку пажараў 1848 і 1749 гадоў будынак значна пацярпеў, а паседжаньні магістрату часова перанесьлі ў прыватны дом. У 1769 годзе будынак ратушы аднавілі паводле праекту архітэктара Яна Гляўбіца. Аднак у 1781 годзе абвалілася вежа, якая пашкодзіла частку будынка. У 1786—1789 гадох ратушу аднавілі паводле праекту архітэктара Лаўрына Гуцэвіча[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, расейскія ўлады скасавалі Магдэбурскае права. Ратуша перастала выконваць свае функцыі.

У 1811—1924 гадох у будынку ратушы разьмяшчаўся мескі тэатар[3]. У 1854 годзе тут адбылася прэм’еры опэры Станіслава Манюшкі «Галка».

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1936—1939 гадох праводзілася рэстаўрацыя будынка ратушы паводле праекту С. Нарэмбскага. У 1940 годзе тут адкрыўся Віленскі мескі музэй[4]. Па Другой сусьветнай вайне з 1944 году ў будынку ратушы месьціўся Мастацкі музэй.

У 1995 годзе экспазыцыю Мастацкага музэя перамясьцілі ў іншыя памяшканьні Нацыянальнага мастацкага музэя Летувы, а ў будынку ратушы разьмясьціўся Палац работнікаў мастацтваў, які займаў перад тым Біскупскі палац, які стаў рэзыдэнцыяй прэзыдэнта Летувы. У 1999 годзе ў будынку ратушы пачала працаваць дзяржаўная ўстанова «Віленская ратуша», рэарганізаваная ў 2001 годзе ў грамадзкую ўстанову. Тут праходзяць урачыстыя паседжаньні, сьвяткаваньні дзяржаўных сьвятаў, цырымоніі ўручэньня розных узнагародаў і прэміяў Віленскага самакіраваньня, прыёмы дэлегацыяў, прэзэнтацыі выданьняў, выставы, балі, канцэрты, сэмінары і канфэрэнцыі.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік архітэктуры позьняй готыкі, сьпярша перабудаваны ў стылі барока, а потым — клясыцызму (пры апошняй перабудове выкарыстоўвалася частка муроў і сутарэньні старога будынка). Ад пачатку гэта быў 2-павярховы будынак зь вежай на восі галоўнага фасаду. У аснове вежы быў чацьвярык, вышэй — васьмярык. Па апошняй перабудове гэта квадратны ў пляне 2-павярховы будынак, які мае строгія прапорцыі і сымэтрычнасьць формаў. Галоўны фасад, зьвернуты да трыкутнага гістарычнага Рынку (цяпер Ратушны пляц) і пастаўлены восьсю пляцу, вылучаецца ўрачыстым портыкам з шасьцю калёнамі дарыцкага ордэру зь невысокім трыкутным франтонам.

Дэкор унутраных памяшканьняў, аздобленых барэльефамі і калёнамі, багацейшы і больш разнастайны за вонкавы. Пакоі на першым паверсе разьмяшчаюцца вакол прасторнага вэстыбюлю (ад пачатку гэта быў пакой дзеля мескіх шаляў, цяпер фае першага паверху плошчай 277 м²) і шырокіх цэнтральных сходаў, аздобленых іянічнымі калёнамі. На другім паверсе разьмяшчаліся галоўная парадная заля і анфіляда вакол яе, купецкая заля і заля магістрату. Галоўная заля (цяпер Вялікая або Калённая, плошча 336 м²) слыла добрай акустыкай. На другім паверсе знаходзяцца Камэрная заля плошчай 109 м², Шэрая заля плошчай 95 м² і рэпрэзэнтацыйная гасьцёўня мэра Вільні.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Афіцыйны адрас — Didžioji g. 31

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Drėma V. Dingęs Vilnius. — Vilnius, 1991. P. 146.
  2. ^ Кушнярэвіч А. Віленская ратуша // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 417.
  3. ^ Kłos J. Wilno: przewodnik krajoznawczy Juljusza Kłosa. — Wilno, 1937. S. 174—175.
  4. ^ Медонис А. Туристу о Вильнюсе. — Вильнюс, 1965. С. 90.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]