Перайсьці да зьместу

Коўна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Коўна
лац. Koŭna
лет. Kaunas
Коўна
Герб Коўна Сьцяг Коўна
Першыя згадкі: 1361
Магдэбурскае права: 1408
Краіна: Летува
Мэр: Вісвальдас Матыёшайтыс[d]
Плошча: 157 км²
Вышыня: 48 м н. у. м.
Насельніцтва
колькасьць: 297 669 чал.
шчыльнасьць: 1895,98 чал./км²
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: 837
Паштовы індэкс: LT-44001
Нумарны знак: K
Геаграфічныя каардынаты: 54°54′0″ пн. ш. 23°56′0″ у. д. / 54.9° пн. ш. 23.93333° у. д. / 54.9; 23.93333Каардынаты: 54°54′0″ пн. ш. 23°56′0″ у. д. / 54.9° пн. ш. 23.93333° у. д. / 54.9; 23.93333
Коўна на мапе Летувы
Коўна
Коўна
Коўна
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.kaunas.lt/

Ко́ўна (лет. Kaunas; Аўдыё Kaunas.ogg ) — другі велічынёй і значэньнем горад у Летуве, на сутоках дзьвюх найбуйнейшых рэк краіны — Нёману і Вяльлі, а таксама каля Ковенскага вадасховішча, найбольшага вадаёму Летувы. Адміністрацыйны цэнтар Ковенскага павету і Ковенскага раёну, цэнтар Ковенскага арцыбіскупства. Насельніцва на 2019 год — 306,7 тысячаў чалавек. Знаходзіцца за 104 км на паўночны захад ад Вільні.

Коўна — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (разглядаецца як частка Аўкштоты[1]), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на мяжы з гістарычнай Жамойцю[2]. Неафіцыйная сталіца Жамойці за часамі Расейскай імпэрыі, цэнтар летувіскай эканамічнай, акадэмічнай дзейнасьці і культурнага жыцьця. Першая фактычная сталіца незалежнай Летувы. У міжваенны час атрымаў назву «Маленькага Парыжу» праз багатае культурнае і навуковае жыцьцё, пашырэньне сфэры моды, будаваньне незьлічонай колькасьці твораў архітэктуры стылю арт-дэко. Шматлікія будынкі таго часу ёсьць узорам стылю летувіскага нацыянальнага рамантызму[3]. Міжваенная архітэктура гораду лічыцца адным з найлепшых прыкладаў эўрапейскага арт-дэко. Культурная сталіца Эўропы, разам зь люксэмбурскім горадам Эш-сюр-Альзэт (2022 год)[4].

Няма агульнапрынятага тлумачэньня тапоніму Коўна (рас. Ковно, лет. Kaunas, польск. Kowno). Паводле Хронікі Быхаўца і Хронікі літоўскай і жамойцкай[5], назва паселішча ўтварылася ад імя яго заснавальніка легендарнага князя Кунаса[a]. Яшчэ ў 1855 годзе мовазнаўца Станіслаў Мікуцкі выводзіў назву места ад латыскага слова kauns — 'сорам'[7]. Паводле другой вэрсіі, гэтая назва паходзіць ад балтыйскага кораня Kau, які азначае 'нізкае, гразкае, багністае месца'. Трэцяя вэрсія зьвязвае тапонім з асабістым імём, якое паходзіць ад прыметніка kaunus — 'той, хто любіць біцца'.

«Нямецкая ўлада ў Паўночным і Балтыйскім моры». Мапа з гістарычнага атлясу 1901 г., дзе Коўна значыцца часткай Жамойці, падуладнай крыжакам да 1410 г.

Паводле зьвестак археалягічных раскопак, самыя багатыя калекцыі кахлі і іншых артэфактаў, былі знойдзеныя на месцы зьліцьця рэк Нёмана і Вяльлі адносяцца да 2 і 1 тысячагодзьдзя да нашай эры.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Атляс 1702 году, дзе Расены, Коўна і Варні (Меднікі) значацца як галоўныя месты Жамойці
Апісаньне гербу Жамойцкай зямлі з заўвагай, што найважнейшае места гэтай зямлі — Коўна, 1584 г.
Мапа Жамойці 1667 г. з Коўнам і Вількамірам

Паводле археалягічных зьвестак, паселішча на месцы сучаснага Коўна датуецца прынамсі X ст. Горад упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах ў 1361 годзе, калі тут збудавалі мураваны Ковенскі замак. У 1362 годзе замак быў захоплены і разбураны Тэўтонскім ордэнам. Камандзір замкавай залогі Войдат Кейстутавіч разам з 36 мужчынамі спрабавалі прарвацца, але былі ўзятыя ў палон. Гэта была адна з найважнейшых ваенных перамог тэўтонскіх рыцараў у XIV стагодзьдзі супраць Вялікага Княства Літоўскага. Крыжацкая хроніка пад 1367, 1372 і 1391 гадамі менавала Коўну і Трокі землямі Русі (in Rusiam)[8].

Коўна значыцца ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх, складзеным у канцы XIV стагодзьдзя[9]. Замак быў адноўлены ў пачатку XV стагодзьдзя. У 1408 годзе Коўна атрымала Магдэбурскае права ад Вітаўта (у прывілеі вялося пра «хрысьціянскіх мяшчанаў, каторыя былі ані літва, ані таксама русь, але пры старадаўняй веры» і зазначалася, каб з жыхароў места «немцы ніводнага зь літвы або русі да Магдэбурскага права не бралі»[10]) і стала цэнтрам павету ў 1413 годзе, у складзе Троцкага ваяводзтва[11]. Вітаўт саступіў правы на ўласнасьць на гарадзкія вагі, якія выкарыстоўваліся для ўзважваньня тавараў, што ўвозіліся ў горад. Самакіраваньне Коўна выяўлялася ва ўтварэньні трох узаемазьвязаных асноўных інстытутаў: увядзеньне пасады мэра, стварэньне магістрату і ўтварэньне судовага воргану. Коўна пачаў набіраць вядомасьць, бо знаходзіўся на скрыжаваньні гандлёвых шляхоў і рачнога порту[12]. У 1441 годзе горад уступіў у Ганзейскі зьвяз, то бок у Коўна быў адчынены камэрцыйнае прадстаўніцтва зьвязу, які быў адзіным у Вялікім Княстве Літоўскім[13]. Да XVI стагодзьдзя ў горадзе былі пабудаваны дзяржаўная школа і шпіталь.

Мапа Вялікага Княства Літоўскага 1680 г., на якой Коўна з ваколіцамі значыцца як частка Жамойці

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1665 годзе Коўна некалькі разоў атакавалі маскоўскія войскі, а за часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1701 годзе горад заняла швэдзкае войска. У 1657 і 1708 гадох адзначаліся эпідэміі чорнай сьмерці, а ў 1731 і 1732 гадох частку гораду зьнішчалі пажары[14].

Нямецкі энцыкляпэдыст XVII ст. Марцін Цайлер(ru), які карыстаўся шматлікімі гістарычнымі працамі і геаграфічнымі апісаньнямі, у сваім «Новым апісаньнім Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага»[15] (1647 год) зазначаў, што паводле географа Давіда Фройліха, адзіны горад (замак) у Жамойці — гэта Коўня (Caunia)[16], а ў дапоўненым і перапрацаваным «Іншым апісаньні Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага»[17] (1657 год) удакладніў, што паводле Шымана Старавольскага, Коўна (Couna) — гэта адзіны мураваны замак Жамойці[18].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
«Коўна — цяперашняя сталіца Жамойці» (польск. «Kowno dzisiejsza stolica Żmudzi») (подпіс да выявы места). А. Аляшчынскі, 1850 г.
«Коўна — цяперашняя сталіца Жамойці». А. Аляшчынскі, 1850 г.

Пасьля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе, горад быў захоплены Расейскай імпэрыяй і стаў часткай Віленскай губэрні. Падчас францускага ўварваньня ў Расею ў 1812 годзе, войска Напалеона прайшло праз Коўна двойчы, спусташаючы горад абодва разы. З мэтай прадухіленьня магчымага лёгкага доступу праз горад і дзеля таго, каб абараніць заходнія межы Расеі, у канцы XIX стагодзьдзя была пабудавана Ковенская крэпасьць. У 1843 годзе была створана Ковенская губэрня з цэнтрам у Коўна. У 1862 годзе была пабудавана чыгунка, якая злучыла Расейскую імпэрыю з кайзэраўскай Нямеччынай, такім чынам горад стаў важным чыгуначным вузлом краіны. У 1861 годзе было завершана будаўніцтва чыгункавага тунэля, аднаго зь першых у імпэрыі. У 1898 годзе ў горадзе пачала дзейнічаць першая электрастанцыя на тэрыторыі сучаснай Летувы[19].

Пасьля няўдалага студзеньскага паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі царскія ўлады перамясьцілі Варніскую каталіцкую сэмінарыю і ўстановы Жамойскай эпархіі ў Коўна, дзе яны занялі будынкі былога манастыру бэрнардынцаў і касьцёл Сьвятога Юрыя[20]. Толькі абраным шляхцічам было дазволена вучыцца ў сэмінарыі, адзіным выключэньнем стаў сялянскі сын Антанас Баранаўскас, які незаконна атрымаў шляхецкія дакумэнты ад Караліны Праняўскайтэ. Пазьней ён праводзіў лекцыі з выкарыстаньнем летувіскай мовы і аказаў вялікі ўплыў на дух сэмінарыстаў. Многія ягоныя сэмінарысты прымалі актыўны ўдзел у руху кніганошаў, асноўнай мэтай якога было супрацьстаяньне палітыцы русіфікацыі. Ковенская духоўная сэмінарыя, нарэшце, стала цалкам летувіскай толькі ў 1909 годзе калі новы рэктар сэмінарыі Ёнас Майроніс скасаваў выкарыстаньне польскай мовы ва ўстанове і зацьвердзіў выкарыстаньне летувіскай мовы[21].

Мапа абшараў з часткова летувіскамоўным насельніцтвам, на якой Ковенская губэрня азначаецца Жамойцю (ням. Samogitien), 1876 г.

Народжаны ў ваколіцах Расенаў летувіскі гісторык Мечыслаў Давойна-Сільвястровіч у артыкуле «Жамойць» Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў (том 14, 1895 год) азначаў «жамойцкімі» паветамі Шавельскі, Расенскі, Цельшаўскі і заходнюю частку Ковенскага (да ракі Нявежы)[22], прыводзячы наступны нацыянальны склад насельніцтва Ковенскага павету: 73 тыс. жамойтаў, 6 тыс. палякаў, 4,3 тыс. расейцаў, 15 тыс. жыдоў і 1 тыс. немцаў[23]. На базе гістарычнай жамойцкай мовы — архаічных гаворак ваколіцаў Коўна, Шаўляў і Клайпеды — у канцы XIX ст. утварылася сучасная летувіская мова[24].

Мапа Жамойці (Жамойцкага біскупства) з Коўнам, 1919 г.

Да Другой сусьветнай вайны Коўна, як і многія іншыя гарады ва Ўсходняй Эўропе, мелі значны адсотак габрэйскага насельніцтва. Паводле зьвестак Усерасейскага перапісу насельніцтва 1897 году, габрэяў налічвалася ў горадз 25 500 чалавек, то бок 35,3% ад агульнай колькасьці.

Коўна ў міжваенны пэрыяд

Пасьля таго, як Вільня была акупаваная бальшавікамі ў 1919 годзе, урад новаўтворанай Літоўскай Рэспублікі пераехаў у Коўна. Пазьней, калі Вільня была далучана да Польшчы, Коўна атрымаў статус часовай сталіцы Летувы. Гэтае становішча ён займаў да 28 кастрычніка 1939 году, калі Чырвоная армія перадала Вільню Летуве[25]. Устаноўчы сход Летувы ўпершыню правёў сваё паседжаньне ў горадзе 15 траўня 1920 году, дзе прыняў шэраг важных законаў, у прыватнасьці, аб зямельнай рэформе, нацыянальнай валюце, і была прынятая новая канстытуцыя. 17 сьнежня 1926 году ў горадзе адбыўся ваенны пераварот, у выніку дэмакратычны лад быў скасаваны, а кіраўнікоў дзяржавы стаў Антанас Сьмятона[26].

У міжваенны пэрыяд Коўна атрымаў мянушку «Маленькі Парыж» з-за багатага культурнага і навуковага жыцьця. Горад і сама краіна мелі неблагі ўзровень жыцьця з досыць высокімі заробкамі і нізкімі коштамі. На той час кваліфікаваныя рабочыя зараблялі амаль такую ж рэальную заработную плату як рабочыя ў Нямеччыне, Італіі, Швайцарыі і Францыі. Краіна таксама мела высокі паказчык натуральнага прыросту насельніцтва, а прамысловая вытворчасьць Летувы павялічылася на 160% ад 1913 да 1940 году[27].

Паміж сусьветнымі войнамі прамысловасьць квітнела ў Коўне, які на той момант быў самым буйным горадам у Летуве. Пад кіраўніцтвам мэра Ёнаса Вілейшыса (1921—1931) Коўна хутка рос і быў шырока мадэрнізаваны, то бок у горадзе была пабудавана сыстэма водазабесьпячэньня і сьцёкавых водаў, коштам больш за 15 млн літаў. Горад пашырыўся з 18 да 40 км², былі пабудавана больш за 2,5 тысячы будынкаў і тры сучасныя масты празь Вяльлю і Нёман. Усе вуліцы гораду былі выбрукаваны, а конка заменена на сучасныя аўтобусныя лініі, былі створаны новыя паркі і сквэры.

Горад таксама зьяўляўся асабліва важным цэнтрам летувіскіх узброеных сілаў. У студзені 1919 году падчас войнаў за незалежнасьць краіны ў горадзе была створана ковенская вайсковая школа, якая пачала рыхтаваць вайсковыя кадры для патрэбаў нацыянальнага войска[28]. На той час Коўна мела значную колкасьць габрэйскага насельніцтва, каля чвэрці ад агульнай колькасьці насельніцтва гораду. Габрэі зрабілі значны ўнёсак у камэрцыйны, рамесьніцкі і прафэсійны сэктары эканомікі гораду.

Першапачаткова, да Другой сусьветнай вайны Летува абвесьціла пра свой нэўтралітэт[29]. Аднак, 7 кастрычніка 1939 году летувіская дэлегацыя адбыла ў Маскву, дзе яна пасьля павінна была падпісаць дамову аб савецка-летувіскай узаемнай дапамозе ў сувязі зь неспрыяльнай сытуацыяй. Дамовы прывяла да стварэньня пяці савецкіх васйковых баз, усталяваных па ўсёй Летуве ў абмен на гістарычную сталіцу горад Вільню.

14 чэрвеня 1940 году незадоўга да поўначы адбылося апошняе пасяджэньне летувіскага ўраду ў Коўне, на якім абмярковаўся савецкі ўльтыматум да Летувы. Згодна з умовамі СССР патрабаваў павялічыць савецкі вайсковы кантынгент у Летуве, а летувіскі ўрад павінен быў быць разагнаны. Прэзыдэнт Антанас Сьмятона катэгарычна адмоўваўся прыняць большасьць патрабаваньняў ультыматуму і прыводзіў довады на карысьць ваеннага супраціву, аднак у выніку ўрад быў вымушаны прыняць умовы ўльтыматуму. Раніцай урад сышоў у адстаўку, прэзыдэнт пакінуў краіну[30]. Пасьля акупацыі Саветы адразу прынялі жорсткія меры супраць высокапастаўленых службовых асобаў дзяржавы. Шмат дзяржаўных дзеячаў краіны былі растраляны ці высланы ў Сыбір.

Савецкая і нацыская адміністрацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Жаўнеры Вэрмахту маршыруюць па вуліцы ў Коўна

У чэрвені 1940 году Савецкі Саюз акупаваў і анэксаваў Летуву ў адпаведнасьці з пактам Молатава — Рыбэнтропа[31][32]. Рэальную ўладу ў краіне атрымаў савецкі эмісар Уладзімер Дэканозаў. На тэрыторыі Летувы была ўтворана Летувіская ССР.

Пасьля разьвязваньня рэпрэсіўнага махавіку савецкай улады, ранкам 22 чэрвеня 1941 году, у першы дзень вайны Трэцяга Райху супраць Савецкага Саюзу, Летувіскі фронт актывістаў распачаў чэрвеньскае паўстаньне ў Коўна. Неўзабаве паўстаньне перакінулася ў Вільню ды іншыя месты Летувы. Галоўнай мэтай пашстанцаў было не змаганьне супраць Саветаў, а забесьпячэньне бясьпекі ў гарадох і абвяшчэньне незалежнасьці. Да вечара 22 чэрвеня летувісы кантралявалі Прэзыдэнцкі палац, пошту, тэлефоную і тэлеграфную станцыі і радыёстанцыю. Некалькі дывізіяў Чырвонай арміі, дысьлякаваных у ваколіцах Коўна, былі вымушаны адступіць на тэрыторыю Латвійскай ССР.

26 чэрвеня 1941 году нямецкага ваеннае камандаваньне загадала распусьціць і раззброіць паўстанцкія групы[33]. Праз два дні летувіскія ахоўнікі і патрулі былі таксама вызваленыя ад сваіх абавязкаў. Зноўку сфармаваны летувісамі Часовы ўрад, па словах нямецкага камандваньня быў непрымальны для немцаў. Ён павінен быў ператварыцца ў Нацыянальны камітэт або савет нямецкай ваеннай улады[34]. Часовы ўрад, не пагадзіўшыся стаць прыладай у руках нямецкіх акупантаў, самастойна быў расфармаваны 5 жніўня 1941 году. Нацыскія ўлады сфармавалі Райхскамісарыят Остлянд, які ахопліваў краіны Балтыкі і вялікую частку Беларусі.

Пачынаючы з 1944 году Чырвоная армія пачала наступ на нямецкія пазыцыі, у выніку чаго тэрыторыі балтыйскіх краінаў былі зноўку вернутыя пад савецкі кантроль. Коўна зноўку стаў галоўным цэнтрам супраціву супраць савецкага рэжыму. Ад самага пачатку летувіскай партызанскай вайны, найбольш важнымі раёнамі разьмяшчэньня партызанаў былі ваколіцы гораду.

14 траўня 1972 году 19-гадовы Ромас Каланта зьдзейсьніў у Коўна акт самаспаленьня, выступаючы з асуджэньнем да савецкага падаўленьня нацыянальных і рэлігійных правоў[35]. Падзея вылілася ў палітычна зараджаны бунт, які быў гвалтоўна разагнаны КДБ і савецкай міліцыяй. Гэта прывяло да зьяўленьня новых формаў супраціву — пасіўны супраціў. Коўна разам зь Вільняй сталіся арэнай амаль сталых дэманстрацыяў супраць савецкага прыгнёту.

Адноўленая незалежнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Летувы ў 1990 годзе, савецкія спробы здушыць паўстаньне былі засяроджана на радыёстанцыі Суткунай[36]. Яна абаранялася грамадзянамі Коўна. Папа рымскі Ян Павал II правёў сьвятую імшу для вернікаў Ковенскага арцыбіскупства ў Ковенскім катэдральным саборы, а таксама правёў сустрэчу з моладзьдзю на стадыёне «Дарус ір Гірэнас», падчас свайго візыту ў Летуву ў 1993 годзе.

Ураджэнцы Коўна Вітаўтас Ландсьбяргіс і Валдас Адамкус станавіліся кіраўнікамі дзяржавы ў 1990 годзе, і, адпаведна, у 1998 і 2004 гадох. З моманту аднаўленьня незалежнасьці, было ўсталявана ў асноўным паветраныя і наземныя транспартныя сувязі з Заходняй Эўропай, што зрабілі Коўна лёгка даступным для замежных турыстаў. Коўна добра вядомы дзякуючы свайму легендарнаму баскетбольнаму клюбу «Жальгірыс», які быў заснаваны ў 1944 годзе і быў адным з самых папулярных у краіне, асабліва ў матчах супраць маскавіцкага клюбу ЦСКА.

У парку Ажуолінас знаходзяцца шматлікія старыя дубы, узрост якіх вагаецца ад 100 да 320 гадоў
Нёман

Разьмешчаны каля ўпадзеньня ракі Вяльлі (Вілія, Нярыс, па-летувіску: Neris) у Нёман (Нямунас, па-летувіску: Nemunas). Плошча 157 км². Паркі, гаі, сады, прыродныя запаведнікі, а таксама сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі займаюць 83,29 км²[37]. У заходняй частцы гораду, паблізу правага берага Нёмана, разьмешчана возера Лампедзіс.

Коўна мае вільготны кантынэнтальны клімат згодна з клясыфікацыяй клімату Кёпэна. Сярэдняя гадавая тэмпэратура складае прыкладна 6 °C.

Незважаючы на тое, што Коўна зьяўляецца паўночным горадам, клімат у горадзе адносна мяккі ў параўнаньні зь іншымі месцамі ў тых жа шыротах, у асноўным дзякуючы блізкасьці Балтыйскага мора. З-за сваёй шыраты, сьветлавы дзень цягнецца 17 гадзін у сярэдзіне лета, і толькі 7 гадзінаў прыпадае на сьветлавы дзень у сярэдзіне зімы. Лясы каля суседняга гораду Казлова Руда на захад ад Коўна ствараюць асобны мікраклімат вакол места, рэгулюючы вільготнасьць і тэмпэратуру паветра, і абараняючы горад ад моцных заходніх вятроў.

Лета ў Коўна цёплае і прыемнае зь сярэднімі дзённым тэмпэратурным максымумам 21—22 °C і мінімумам — каля 12 °C. Аднак тэмпэратура можа дасягаць 30 °C на некалькі дзён. Зімы адносна халодныя, а часам сьнежныя зь сярэдняй тэмпэратурай у дыяпазоне ад −8 да 0 °C. Узімку тэмпэратура зрэдку апускаецца ніжэй за −15 °С. Вясна і восень, як правіла, прахалодныя і мяккія.

У 1989 годзе насельніцтва складала 418 087 чалавек, паводле зьвестак усеагульнага перапісу насельніцтва 2001—381 300, у 2004—368 917, у 2016—297 669.

У адрозьненьне ад Вільні і Клайпеды, Коўна — адзін з самых монаэтнічных гарадоў Летувы. Летувісы складаюць амаль 93% яго насельніцтва, асноўнымі этнічнымі меншасьцямі зьяўляюцца расейцы, украінцы і палякі (каля 6%).

Этнічны склад насельніцтва Коўна паводле перапісу 2001 году:

Раней у гісторыі гораду, да Галакосту і масавай дэпартацыі палякаў, асноўнымі меншасьцямі ў месьце былі палякі і габрэі, на якіх у суме прыходзілася да 4/5 насельніцтва дарэвалюцыйнага Коўна.

Этнічны склад насельніцтва Коўна паводле перапісу 1939 году:

Этнічны склад насельніцтва Коўна паводле перапісу 1919 году:

Бізнэс-цэнтар у Коўна, фасад якога стылізаваны пад банкноту наміналам у 1000 літаў
Будынак прадстаўніцтва Банка Летувы ў Коўна

Коўна зьяўляецца буйным цэнтрам прамысловасьці, гандлю і паслугаў у Летуве. Найбольш разьвітыя галіны прамысловасьці ў горадзе — вытворчасьць прадуктаў харчаваньня і напояў, тэкстыльная і лёгкая прамысловасьць, хімічная прамысловасьць, выдавецкая справа і перапрацоўка, фармацэўтычная, мэталюргічная, дрэваапрацоўчая і мэблевая прамысловасьці. У апошні час значна пашыраецца сэктар інфармацыйных тэхналёгіяў і электронікі. Акрамя таго, значную долю таксама складае будаўнічая галіна, якая ўключае ў сябе камэрцыйнае, жыльлёвае і дарожнае будаўніцтва.

Асноўныя замежныя інвэстары ў Коўна зьяўляюцца кампаніі са Швэцыі, ЗША, Фінляндыі, Эстоніі, Даніі і Расеі. У горадзе месьцяцца штаб-кватэры некалькіх буйных міжнародных і летувіскіх кампаніяў, як то «Kraft Foods Lietuva», найбуйнейшы вытворца джэнэрыкаў у Летуве кампанія «Sanitas», вытворца спартовага адзеньня «Audimas», адна з найбуйнейшых будаўнічых кампаніяў «YIT Kausta», «Senukai», найбуйнейшы вытворца ў краіне моцных алькагольных напояў «Stumbras», летувіская броварная кампанія зь фінскім капіталам «Ragutis», «Fazer Gardesis», «Stora Enso Packaging», вытворца фармацэўтычных прэпаратаў, а таксама адзіны вытворца гомэапатычных лекаў у Летуве кампанія «Aconitum». Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу, Коўна лічыцца адным з найбуйнейшых лягістычных цэнтраў у дзяржаве. Буйная лягістычная кампанія, якая займаецца оптам і разьмеркаваньнем тавараў і зьяўляецца лідэрам рынкаў Летувы і Латвіі, кампанія «Sanitex» вядзе сваю дзейнасьць у Коўне.

У горадзе таксама месьцяцца колькі інавацыйных кампаніяў, як то вядучы аптавік кампутарных кампанэнтаў і апэратар захоўваньня мэдыйных зьвестак кампанія «ACME group», інтэрнэт і ТБ-правайдэр, апэратар сувязі «Mikrovisata group», распрацоўшчык і вытворца арыгінальных прадуктаў для тэлевізараў «Selteka». Сумеснае летувіска-нямецкая кампанія «Net Frequency», заснаваная ў Коўна, зьяўляецца мультымэдыйным пастаўшчыком паслуг. У Коўні месьцяцца офісы кампаніі «Baltijos Programinė Įranga», даччынага падразьдзяленьня амэрыканскай кампаніі «No Magic», якая вырабляе праграмнае забесьпячэньне для мадэляваньня. Сьвятлодыёдны зборачны завод асьвятленьня паўднёвакарэйскай кампаніі «LK Technology» быў адчынены ў лютым 2011 году[38]. Таксама ў горадзе месьціцца кампанія «Балтыйскае аўтамабільнае абсталяваньне», якая зьяўляецца адным зь лідэраў у краінах Балтыі ў галіне вытворчасьці электроннага абсталяваньня для самаходаў[39]. Пашырэньню эканомікі гораду спрыяе Ковенская свабодная эканамічная зона, якая была створана ў 1996 годзе. Ковенская ГЭС зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам першаснай энэргіі ў краіне.

У кастрычніку 2017 году вытворца аўтамабільных дэталяў і тэхналёгіяў кампанія «Continental AG» прыняла рашэньне інвэставаць больш за 95 млн эўра ў пабудову новага заводу ў Коўна, што сталася прыкладам прыцягненьня рэкорднай сумы прамых інвэстыцыяў з-за мяжы[40].

Ковенскі міжнародны аэрапорт
Ковенскі чыгуначны танэль

Ковенскі міжнародны аэрапорт (KUN) зьяўляецца другі паводле загружанасьці аэрапортам у Летуве і чацьвёртым паводле загружанасьці аэрапортам у Прыбалтыцы. У 2016 годзе ў ім было абслужана 740448 пасажыраў і ў дадатак адпрацавана 2488 тон грузаў. Аднак пік прыпаў на 2011 год, калі было абслужана 872618 пасажыраў. У лютым 2010 году з гораду пачаліся вылеты ірляндзкай бюджэтнай авіякампаніі «Ryanair», якая абвесьціла Ковенскі аэрапорт сваёй 40-й базай і першай у краінах Цэнтральнай Эўропы. Усяго ў трох кілямэтрах на поўдзень ад цэнтру гораду месьціцца меншы аэрапорт імя Даруса і Гірэніса, які быў пабудаваны ў 1915 годзе. Гэта адзін з найстарэйшых дзеючых аэрапортаў у Эўропе, якія на сёньня выкарыстоўваецца для перавозкі пасажыраў і паветраных спартовых мерапрыемстваў. У цяперашні час там знаходзіцца музэй авіяцыі Летувы.

Аўтамабільныя дарогі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праз Коўна праходзіць шэраг буйных аўтамагістраляў. Эўрапейскі маршрут E67, які злучае Прагу і Хэльсынкі, і праходзіць праз тэрыторыю Польшчы, Коўна, Рыгу і Талін. Частка гэтай аўтамагістралі па маршруце паміж Варшавай і Талінам, на адлегласьці ў 670 км, вядома пад назовам «Via Baltica». Гэта дарога натуральна злучае паміж сабой краіны Балтыі, таму мае велізарнае значэньне ў рэгіёне. Коўна таксама зьвязана аўтадарогай А1, то бок горад пралягае на шляху паміж Вільняй на ўсходзе і Клайпедай на захадзе. Аўтадарога А6 злучае Коўна з латскійскім Дзьвінскам.

Коўна зьяўляецца важным чыгуначным вузлом ў Летуве. Першая чыгуначная сувязь, якая праходзіла праз горад, была пабудавана ў 1859—1861 гадох і быў адчынена ў 1862 годзе[41]. Комплекс складаўся з Ковенскага чыгуначнага тунэлю і чыгуначнага моста праз раку Нёман. Чыгуначны вакзал Коўна зьяўляецца важным цэнтрам абслугоўваньня прамых пасажырскіх злучэньняў у Вільню і Варшаву, а таксама як транзытны пункт некаторых агульнаэўрапейскіх маршрутаў. Міжнародны маршрут, які злучае Калінінград і Харкаў, таксама перасякае Коўна. Першая фаза стандартнай каляіны Rail Baltica вучастка чыгункі ад Шаштокаю да Коўна была завершана ў 2015 годзе.

Грамадзкі транспарт

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У горадзе маюцца 15 тралейбусных і 43 аўтобусных маршрутаў. У 2007 годзе былі ўведзены новыя электронныя месячныя квіткі. Коўна таксама зьяўляецца адным з асноўных рачных партоў ў краінах Балтыі і мае два пірсы, зь якіх адпраўляюцца турыстычныя судны. Разьмешчаныя гэтыя пірсы на берагах Нёмана і Ковенскага вадасховішча — найбуйнейшага ў Летуве штучнага возера[42].

Ковенскі аўтавакзал быў рэканструяваны за шэсьць месяцаў і зноўку адчыніў свае дзьверы 23 студзеня 2017 году. На сёньня гэта самы вялікі і самы сучасны аўтавакзал у краіне[43]. «Kauno autobusai» плянуе кардынальна мадэрнізаваць тралейбусны і аўтобусны паркі да сканчэньня 2018 году[44].

Інтэр’ер «Жальгірыс-Арэны»

Спорт у Коўна мае доўгую і выбітную гісторыю. У горадзе былі створаныя такія гістарычныя спартовыя клюбы, як то футбольны клюб «Коўна» ў 1920 годзе, бэйсбольнаы клюб «Коўна» ў 1922 годзе і баскетбольны клюб «Жальгірыс» у 1944 годзе. Першы хакейны матч у Летуве быў праведзены ў 1922 годзе. Першы чэмпіянат Летувы па хакеі з шайбай складаўся з чатырох камандаў і быў праведзены ў Каўнасе ў 1926 годзе[45].

Коўна зьяўляецца местам разьмяшчэньня для некалькіх гістарычных спартовых арэнаў, як то галоўны стадыён гораду — «Дарус ір Гірэнас», які цяпер зьяўляецца хатнім стадыёнам для футбольных клюбаў «Каўна Жальгірыс» і «Стумбрас», а таксама на ім час ад часу праводзіць свае хатнія матчы нацыянальнай зборная Летувы. Стадыён быў пабудаваны ў 1923 годзе і некалькі разоў зьведваў рэканструкцыю. Акрамя футболу арэна часьцяком прымае спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы.

У ліпені 1938 году ў Коўна і Клайпедзе (дзе праходзілі парусныя і вясьлярныя спаборніцтвы) прайшла Летувіская нацыянальная алімпіяда, якая сабрала летувіскіх спартоўцаў з усяго сьвету[46].

У горадзе месьціцца баскетбольны клюб «Жальгірыс», адзін з наймацнейшых эўрапейскіх баскетбольных клюбаў. У цяперашні час гуляе ў Эўралізе і чэмпіянаце Летувы. Да чэмпіянату Эўропы па баскетболе 2011 году ў горадзе была пабудавана «Жальгірыс-Арэна», якая зьяўляецца самай вялікай крытай арэнай у Летуве. Арэна выкарыстоўваецца ня толькі для правядзеньня спартовых гульняў, але таксама прымае музычныя канцэрты. Горад зьяўляецца месцам нараджэньня ці разьвіцьця прафэсійнай кар’еры шматлікіх зорак баскетболу краіны, сярод якіх варта вылучыць Арвідаса Сабоніса, Шарунаса Марчулёніса, Жыдрунаса Ілгаўскаса, Лінаса Клейзы, Донатаса Мацеюнаса і Шарунаса Ясікявічуса.

Першы гольф-клюб «Elnias» у Летуве быў адчынены ў Коўна ў 2000 годзе. Яхт-клюб працуе ў Рэгіянальным парку Ковенскага вадасховішча.

Дом Пяркунаса
У цэнтры места
  1. ^ Прыклады імёнаў з Хронікі літоўскай і жамойцкай: «Емелюс, кроль албанский, учинил Ромуля и Румулюся… Устиагес, кроль медский… кроль напреднейши гишпанский Болгорос… зостал вторым царем гишпанским по отцу своем и деду, которому то имя дано Габис… Париса сына Приамусового, кролевича троянского»[6]
  1. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 37.
  2. ^ Варонін В. Рака Бярэзіна як мяжа паміж «Руссю» і «Літвой» // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 13 (2006). Сш. 2.
  3. ^ «Kodėl Kaunas buvo vadinamas mažuoju Paryžiumi?» Lietuvos Rytas.
  4. ^ «Kaunas European Capital of Culture 2022», Kaunas2022.eu.
  5. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 16.
  6. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 39—40.
  7. ^ Известия Императорской Академии наук. Т. 4. — СПб., 1855. С. 105.
  8. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 55.
  9. ^ Зайкоўскі Э. Літва гістарычная // Наша Слова. № 26 (917) 1 ліпеня 2009 г., № 27 (918) 8 ліпеня 2009 г.
  10. ^ Jakubowski J. Przywilej Witolda dla miasta Kowna 1408 r. // Ateneum Wileńskie. Z. 3—4, 1930. S. 482—483.
  11. ^ «Trakų vaivadija», Летувіскі інстытут гісторыі.
  12. ^ L.Karalius: «Europos pirkliai puikiai žinojo Kauną LDK laikais». LZinios.lt.
  13. ^ «The Hanseatic League in the Eastern Baltic», Encyclopedia of Baltic History. University of Washington.
  14. ^ «Kaunas», WelcomeTo.lt
  15. ^ Новае апісаньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага… у перакладзе Алега (Давіда) Лісоўскага, Беларуская Палічка
  16. ^ Zeiller M. Newe Beschreibung deß Königreichs Polen und Großherzogthumbs Lithauen. — Ulm, 1647. S. 23.
  17. ^ Іншае апісаньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага… у перакладзе Алега (Давіда) Лісоўскага, Беларуская Палічка
  18. ^ Zeiller M. Anderte Beschreibung deß Königreichs Polen und Großherzogthumbs Lithauen. — Ulm, 1657. S. 127.
  19. ^ «Development of Lithuanian energy sector». Lietuvos Energija
  20. ^ «Žemaičių vyskupystės istorinis ir dailės palikimas». Limis.lt
  21. ^ «Kauno kunigų seminarija — katalikybės ir lietuvybės židinys». Xxiamzius.lt.
  22. ^ Dowojna-Sylwestrowicz M. Żmudź // Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 795.
  23. ^ Dowojna-Sylwestrowicz M. Żmudź // Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 801.
  24. ^ Свяжынскі У. Літоўская мова // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 209.
  25. ^ Senn, Alfred Erich (2007). «Lithuania 1940: Revolution from Above». Rodopi. p. 10. ISBN 90-420-2225-6.
  26. ^ Vardys, Vytas Stanley; Judith B. Sedaitis (1997). «Lithuania: The Rebel Nation». WestviewPress. pp. 34-36. ISBN 0-8133-1839-4.
  27. ^ «Lietuva tarpukariu nebuvo atsilikėlė». Delfi.
  28. ^ «Karo mokyklos kūrimasis 1919 m». Partizanai.org
  29. ^ Liekis, Šarūnas (2010). «1939: The Year that Changed Everything in Lithuania’s History». New York: Rodopi. pp. 119—122. ISBN 9042027622.
  30. ^ «Didžiosios tautos aukos». Partizanai.org.
  31. ^ I. Žiemele. «Baltic Yearbook of International Law, 2001». 2002, Vol.1 p.10
  32. ^ K. Dawisha, B. Parrott. «The Consolidation of Democracy in East-Central Europe». 1997 p. 293.
  33. ^ Bubnys, Arūnas (1998). «Vokiečių okupuota Lietuva (1941—1944)». Vilnius: Lietuvos tautinis kultūros fondas. p. 38. ISBN 9986-757-12-6.
  34. ^ «Kodėl J. Brazaičio perlaidojimo ceremonija sukėlė tiek aistrų?» Delfi.
  35. ^ «Protests in Lithuania not Isolated». Lituanus.
  36. ^ A «Chronicle of the Events of January 1991 and Later Months». Lietuvos Respublikos Seimas.
  37. ^ «Baltic University Programme Urban Forum City Status Report V». Baltic University Programme.
  38. ^ Koreans open LED lighting assembly plant in Kaunas. The Baltic Course.
  39. ^ About Baltic Car Equipment. BCE.lt
  40. ^ «Continental» statys gamyklą Kaune: ruošia 1 tūkst. darbo vietų. Delfi.
  41. ^ The History of the Tunnel.Lietuvos Geležinkeliai.
  42. ^ «Menas valdyti energiją». Lietuvos Energija.
  43. ^ «Atidaryta rekonstruota Kauno autobusų stotis». Verslo žinios.
  44. ^ «„Kauno autobusai“ ruošiasi kardinaliam transporto priemonių parko atnaujinimu». Kas vyksta Kaune.
  45. ^ «Ledo ritulys». Elektrėnų sporto, turizmo ir pramogų centras.
  46. ^ «Lietuvos tautinė olimpiada ir Pasaulio lietuvių sporto žaidynės». Lietuvos olimpinis muziejus.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]