Арсень Ліс
Арсень Ліс лац. Arsień Lis | |
Арсень Сяргеевіч Ліс | |
Дата нараджэньня | 4 лютага 1934 |
---|---|
Месца нараджэньня | в. Вётхава Маладэчанскага павету Віленскага ваяводзтва (цяпер Смаргонскі раён) |
Дата сьмерці | 28 траўня 2018 (84 гады) |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | БДУ |
Занятак | пісьменьнік, літаратуразнаўца |
Навуковая сфэра | фальклярыстыка літаратуразнаўства |
Месца працы | Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Вядомы як | суаўтар акадэмічнага збору «Беларуская народная творчасць» |
Узнагароды | Дзяржаўная прэмія БССР (1986) |
Арсе́нь Сярге́евіч Ліс (4 лютага 1934, вёска Вётхава Маладэчанскага павету Віленскага ваяводзтва, цяпер Смаргонскі раён — 28 траўня 2018[1]) — беларускі фальклярыст, літаратуразнаўца, літаратар. Доктар філялягічных навук (1997). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986). Сябра Саюза пісьменьнікаў СССР (1967) і Саюза беларускіх пісьменьнікаў (1991). Сябра Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» з часу яго заснаваньня.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скончыў БДУ (1956). Працаваў настаўнікам, рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, з 1959 году асьпірант у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 1961 навуковы супрацоўнік гэтага ж інстытуту. Дасьледуе традыцыйную культуру беларусаў, літаратуру, гісторыю і пэрыядычны друк Заходняй Беларусі, жыцьцё і дзейнасьць дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыю культуры.
У 1965 годзе загітаваў Алеся Белакоза на арганізацыю акцыі накіраваньня лістоў слухачоў курсаў удасканаленьня настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ў Менску на адрас ЦК КПБ з выкладам праблемаў адносна статусу беларускай мовы. Акцыя выклікала незадаволенасьць уладаў.[2]
Навуковая спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адзін з укладальнікаў, аўтараў уступных артыкулаў і камэнтарыяў шматтомнага акадэмічнага збору «Беларуская народная творчасць». Актыўны аўтар унівэрсальнай і галіновых беларускіх энцыкляпэдый. Адзін з удзельнікаў шасьцітомнай навукова-тэарэтычнай працы «Беларускі фальклор. Жанры, віды, паэтыка» (2001—2007) і чатырохтомніка «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.» (вялікі разьдзел па літаратуры Заходняй Беларусі аўтарства А. Ліса разьмешчаны ў 2-м томе). Аўтар аўтабіяграфічнага твора «Ад матчыных песень» (1973), манаграфій «Браніслаў Тарашкевіч» (1966), «М. Шчакаціхін: Хараство непазнанай зямлі» (1968), «Пётра Сергіевіч» (1970), «Купальскія песні» (1974), «Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча» (1984), «Пякучай маланкі след: Эцюды да партрэта мастака Горыда» (1981), «Валачобныя песні» (1989), «Жніўныя песні» (1991). Аўтар кніг «Gloria victis!» (2010), «Арсень Ліс. Выбранае» (2014) з сэрыі кніг «Беларускі кнігазбор».
У яго кнігу «Цяжкая дарога свабоды» (1994) увайшлі літаратурныя партрэты А. Смоліча, Р. Шырмы, Ул. Караткевіча, А. Грыневіча, Т. Грыба, Л. Родзевіча, А. Уласава, А. Цьвікевіча. Пісаў нарысы пра творчасьць Я. Драздовіча: «Шляхі і пошукі»; пра зьбіральніка песеннага фальклёру Антона Грыневіча «Песня прасілася ў свет».
Арсень Ліс — укладальнік зборнікаў «Беларускія народныя песні» (1970), «Жніўныя песні» (1974), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы» (з Янкам Саламевічам, 1984), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), зборніка твораў Б. Тарашкевіча «Выбранае. Публіцыстыка» (1991). Рэдагаваў мэмуары Паўліны Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця». Аўтар падручнікаў для студэнтаў ВНУ «Беларуская вусная народная творчасць» (1979) і «Беларуская вусная народная творчасць» (2000), аўтар вялікага разьдзела ў падручніку для студэнтаў ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.» (2000).
Аўтар і суаўтар сцэнарыяў дакумэнтальных фільмаў «Песня на ўсё жыццё» (пра Р. Шырму, 1984), «Прысады жыцця» (пра М. Гарэцкага, 1985), «Зямля Тарашкевіча» (1991), «Аркадзь Смоліч» (1992), «Дзядзька Уласаў» (пра А. Уласава 1992), «Адвечныя званы» (пра М. Доўнар-Запольскага, 1993).
З 2004 па 2008 год быў сябрам экспэртнага савета Найвышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі. Намесьнік старшыні вучонага савета па абароне дысэртацыяў па спэцыяльнасьцях фальклярыстыкі і этнаграфіі.
За актыўны ўдзел у нацыянальным Адраджэньні Камітэтам Ушанаваньня ганараваны мэдалём Язэпа Драздовіча «За руплівасьць на ніве беларускага мастацтва» (25.03.1998), мэдалём Анатоля Бярозкі «Цвяток Радзімы» і адпаведнымі дыплёмамі. Занесены ў Кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь»[3].
Арсень Ліс памёр 28 траўня 2018 году й пахаваны на могілках у вёсцы Залесьсе Смаргонскага раёну.[4][5][6]
Узнагароды і прэміі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1986 — Дзяржаўная прэмія БССР
- 1994 — Ляўрэат літаратурнай прэміі імя Максіма Гарэцкага (за кнігу «Цяжкая дарога свабоды»).
- 1998 — Мэдаль Язэпа Драздовіча («за руплівасьць на ніве беларускага мастацтва»).
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Народна-паэтычная творчасць Заходняй Беларусі (1919—1939гг.): Дысэртацыя кандыдата філялягічных навук. — Інстытут літаратуры імя Я. Купалы. — Менск: 1965. — 382 с.
- Браніслаў Тарашкевіч.. — Менск: Навука і тэхніка, 1966. — 165 с. — 1800 ас.
- Мікола Шчакаціхін (1896—1940 гг.). Хараство непазнанай зямлі. — Менск: Навука і тэхніка, 1968. — 163 с. — 1500 ас.
- Пётра Сергіевіч. / Рэдактар Пятро Глебка. — Менск: Навука і тэхніка, 1970. — 87 с. — 2150 ас.
- Беларускія народныя песні / Рэдкал.: Пімен Панчанка і інш. — Менск: Беларусь, 1970. — 175 с. — (Бібліятэка беларускай паэзіі).
- Купальскія песні / Рэдактар Уладзімер Калесьнік. — Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Менск: Навука і тэхніка, 1974. — 208 с. — 2700 ас.
- Пякучай маланкі след: эцюд да партрэта мастака Горыда / Рэдактар: Сямёнава А. І.. — Менск: Мастацкая літаратура, 1981. — 118 с.
- «Вечны вандроўнік»: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча / прадмова М. Танка; мастак Мікола Купава. — Менск: «Юнацтва», 1984. — 253 с. — 6000 ас.
- Валачобныя песні / Рэдактар В. I. Марціновіч. Мастак Д. А. Мілаванаў. — Менск: Навука i тэхніка, 1989. — 207 с. — 1350 ас. — ISBN 5-343-00145-9
- Песню — у спадчыну. Мастацтвазнаўчыя артыкулы. / Рэцэнзент Б. І. Бур'ян Мастак Б. Г. Лалыка. — Менск: Мастацкая літаратура, 1989. — 295 с. — ISBN 5-340-00080-Х
- Жніўныя песні. — Менск: Навука i тэхніка, 1993. — 238 с. — ISBN 5-343-01052-0
- Цяжкая дарога свабоды: артыкулы, эцюды, партрэты. — Менск: Мастацкая літаратура, 1994. — 412 с. — 2200 ас. — ISBN 5-340-01395-2
- Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў. Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект. — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя. — Менск: Беларуская навука, 1998. — 188 с. — ISBN 985-08-0208-1
- Gloria victis! Збор твораў.. — Менск: Выдавец: І. П. Логвінаў, 2008. — 574 с. — (Кнігарня Наша Ніва). — ISBN 978-985-6901-21-1
- Беларуская каляндарна-абрадавая песня ў кантэксце фальклорных традыцый славян.. — Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. — Менск: Беларуская навука, 2008. — 296 с. — 300 ас. — ISBN 978-985-08-0973-5
- Аляксандр Цвікевіч : выдатны публіцыст. — Менск: Харвест, 2014. — 61 с. — (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры). — 1500 ас. — ISBN 978-985-18-2913-8
- Выбранае. / укладаньне й камэнтары аўтара; прадмова Міхася Казлоўскага. — Інстытут літаратуры імя Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — Менск: Беларуская навука, 2014. — 588 с. — (Гісторыка-літаратурныя помнікі). — 2000 ас. — ISBN 978-985-08-1659-7
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ памёр Арсень Ліс, Наша Ніва, 28-05-2018
- ^ Белакоз Алесь Электронная бібліятэка Праверана 25 траўня 2012 г.
- ^ http://kamunikat.org/Lis_Arsien.html Аосень Ліс на Камунікаце
- ^ Аксана Колб. Памяці Арсеня Ліса. / Аксана Колб // Новы час : газэта. — Менск: «Час навінаў», 1 чэрвеня 2018. — № 20 (583). — С. 2.
- ^ Сымон Барыс. Слова пра фалькларыста, сябра і земляка. / Станіслаў Суднік // Наша слова : газэта. — Ліда: 06 чэрвеня 1918. — № 23 (1382). — С. 5.
- ^ Сяргей Панізьнік. Пры ўскалыхах адвечных званоў — рупліўцы твае, Беларусь. Прасьвячаецца валачобніку Арсеню Лісу. / Станіслаў Суднік // Наша слова : газэта. — Ліда: 06 чэрвеня 1918. — № 23 (1382). — С. 5.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ліс Арсень // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Ліс Арсень // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X