Сяргей Бусел

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Сяргей Бусел
Siarhiej Busieł.jpg
Род дзейнасьці грамадзкі дзяяч
Дата нараджэньня 19 лютага 1901(1901-02-19)
Месца нараджэньня Сухоўчыцы[d], Слуцкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці не раней за 1940
Альма-матэр Чэскі тэхнічны ўнівэрсытэт
Занятак палітык і аграном

Сярге́й Нічы́паравіч Бу́сел (19 лютага 1901, Сухоўчыцы, Слуцкі павет, Расейская імпэрыя — пасьля 1940) — беларускі нацыянальны дзяяч. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фота са справы НКУС

Нарадзіўся ў 1901 годзе ў вёсцы Сухоўчыцы Слуцкага павету (цяпер Капыльскі раён Менскай вобласьці) ў сялянскай сям’і. Пасьля заканчэньня Раманаўскае вышэйшае пачатковае вучэльні (1916), у жніўні 1917 году паступіў у Слуцкую агульную земскую (беларускую гімназію). Быў адным зь лідэраў таварыства «Папараць-Кветка», удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху. З 1918 году ў складзе Беларускае партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, уваходзіць у склад ейнага Слуцкага павятовага камітэту. У часе польска-савецкае вайны актыўна ўдзельнічае ў антыпольскім падпольным руху, сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту Случчыны. Удзельнік партыйных зьездаў БПСР у сакавіку й кастрычніку 1920 году ў Смаленску й Менску. Адзін з арганізатараў Беларускага зьезду Случчыны 14—15 лістапада 1920 году[1]. У часе Слуцкага збройнага чыну на даручэньне старшыні Беларускае Рады Случчыны Ўладзімер Пракулевіча прымаў ўдзел у фармаваньні Першае Слуцкае брыгады войскаў БНР у мястэчку Семежава.

Па ліквідаваньні збройнага чыну — у складзе аднаго з аддзелаў Беларускае вайсковае камісіі (БВК), пад прыкрыцьцём мандату рэвідэнта БВК па культурна-асьветных справах праводзіў эсэраўскую прапаганду сярод беларускіх сялянаў Гарадзеншчыны і жаўнераў беларускага батальёну ў Лодзі. Пасьля скасаваньня палякамі БВК у 1921 годзе пераяжджае ў Вільню, дзе выконвае заданьні Загранічнага бюро БПСР. Каб пазьбегнуць арышту, пераяжджае ў Коўна (Летува), дзе нейкі час працуе ў Прадстаўніцтва БНР і Міністэрстве беларускіх справаў. У 1922 годзе, паводле рэкамэндацыі Ўраду БНР і пэрсанальна Вацлава Ластоўскага едзе вучыцца ў Прагу (Чэхаславаччына), у Вышэйшую тэхнічную школу[1].

У часе навучаньня на агранамічным факультэце актыўна ўдзельнічае ў жыцьці беларускае эміграцыі: блізка сыходзіцца з Тамашом Грыбам, Язэпам Мамонькам, Палутай Бадуновай, Міколам Чарнецкім, уваходзіць у Загранічнае бюро БПСР, актывіст эсэраўскае студэнцкае арганізацыі «Вольная Грамада». У 1929 годзе, пасьля заканчэньня навучаньня і атрыманьня дыплёма агранома вяртаецца ў Вільню, дзе спрабуе ўзнавіць мясцовую суполку беларускіх эсэраў. Некаторы час мае сувязь з Цэнтрабелсаюзам Антона Луцкевіча і Радаслава Астоўскага, потым перапыняе кантакты з гэтай групоўкай, выяўляючы сваю рэзкую пазыцыю да палітыкі польскіх уладаў, у прыватнасьці, да прыхільнікаў палітычнага рэжыму Юзэфа Пілсудзкага. Удзельнічаў у працы Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні, супрацоўнічаў з часопісам «Золак»[1].

У кастрычніку 1939 году, калі Чырвоная армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, арыштаваны спэцыяльнай групай НКВД БССР і вывезены ў Менск. У лютым 1940 году прыгавораны да 15 гадоў працоўна-папраўчых лягераў. Далейшы лёс невядомы[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 293—294. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]