Будапэшт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Будапэшт
вуг. Budapest
Будапэшт
Герб Будапэшту Сьцяг Будапэшту
Дата заснаваньня: 17 лістапада 1873
Краіна: Вугоршчына
Прэзыдэнт места: Гергель Карачань[d][1][2][3]
Плошча: 525,2 км²
Насельніцтва (2009)
колькасьць: 1 712 210 чал.
шчыльнасьць: 3260,11 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: 1
Паштовы індэкс: 1011–1239
Геаграфічныя каардынаты: 47°29′54″ пн. ш. 19°2′27″ у. д. / 47.49833° пн. ш. 19.04083° у. д. / 47.49833; 19.04083Каардынаты: 47°29′54″ пн. ш. 19°2′27″ у. д. / 47.49833° пн. ш. 19.04083° у. д. / 47.49833; 19.04083
Будапэшт на мапе Вугоршчыны
Будапэшт
Будапэшт
Будапэшт
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://budapest.hu, https://budapest.hu/sites/english/

Будапэ́шт (па-вугорску: Budapest) — сталіца й найбуйнейшы горад Вугоршчыны. Насельніцтва на 2016 год складала 1,759 мільёну жыхароў. Горад месьціцца на рацэ Дунаі. Будапэшт зьяўляецца адным з самых густанаселеных буйных гарадоў у Эўрапейскага Зьвязу[4]. Аглямэрацыя Будапэшту мае плошчу ў 7626 км², а насельніцтва скаладе каля 3,3 млн чалавек, што ёсьць 33% ад агульнага насельніцтва краіны. Сталічны рэгіён Будапэшту акумулюе СУП у памеры 129,4 млрд эўра, што складае 49,6% ад СУП Вугоршчыны[5]. СУП на душу насельніцтва ў горадзе складае 64283 даляраў, што складае 148% ад сярэдняга паказчыка па ЭЗ, вымеранага паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці. Такім чынам горад уваходзіць у лік 100 найбуйнейшых гарадоў паводле СУП у сьвеце[6], што робіць яго адным з найбуйнейшых рэгіянальных эканомік у краінах Эўрапейскага Зьвязу[7].

Будапэшт зьяўляецца вядучым глябальным горадам з моцнымі сфэрамі камэрцыі, фінансаў, сродкаў масавай інфармацыі, мастацтва, моды, навуковых дасьледаваньняў, тэхналёгіяў, адукацыі і забаваў[8]. Будапэшт зьяўляецца другім найбольш хутка разьвіванай гарадзкой эканомікай у Эўропе, пасьля Стамбулу[9]. У горадзе месьціцца другая паводле велічыні рынкавай капіталізацыі фондавая біржа ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе[10]. Больш за 40 каледжаў і ўнівэрсытэтаў знаходзяцца ў Будапэшце, у тым ліку Будапэшцкі ўнівэрсытэт, унівэрсытэт Зэмэльвайса і Будапэшцкі ўнівэрсытэт тэхналёгіі і эканомікі, якія ўваходзяць у лік 500 найлепшых у сьвеце[11]. У 1896 годзе ў была адчынена сыстэма мэтрапалітэну, якая ​​абслугоўвае 1,27 мільёна пасажыраў, у той час як трамвайная сетка гораду абслугоўвае 1,08 мільёнаў пасажыраў штодня. Будапэшт прызнаны адным з самых прыдатных для жыцьця горадам у сьвеце[12].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рымскі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Будапэшту налічвае больш за дзьве тысячы гадоў. Ужо ў I стагодзьдзі да н. э. на яго месцы існавала буйнае кельцкае селішча Ак-Інк, а пасьля таго як гэта тэрыторыя ўвайшла ў склад Рымскай імпэрыі, яно стала адміністрацыйным цэнтрам правінцыі Панонія. Горад быў пераназваны ў «Аквінкум» — ад слова «аква» — «вада», і даслоўна перакладаўся як «багатыя воды». Напэўна, таму што тут было мноства гарачых крыніц. Рымляне хутка заўважылі гаючыя ўласьцівасьці тутэйшай вады й пабудавалі мноства купалень, шматлікія шляхетныя патрыцыі прыязджалі сюды падправіць здароўе. Акрамя гэтага яны праклалі ў горадзе брукаваныя камянём дарогі, пабудавалі вежы, амфітэатры й умацаваньні, шматлікія зь іх захаваліся дагэтуль. На сёньняшні дзень у музэі «Аквінкум» можна паглядзець на рэшткі гарадзкіх рымскіх збудаваньняў і багатую калекцыю археалягічных помнікаў.

Старажытная Буда

У сярэдзіне IV стагодзьдзя рымлянаў выцесьнілі гуны й заснавалі ў гэтых месцах сваю імпэрыю. Вугорскія плямёны зьмянілі іх толькі ў самым канцы IX стагодзьдзя. На месцы былога рымскага Аквінкуму вырас вугорскі горад Буда — менавіта ён стаў цэнтрам дзяржаўнасьці будучай дзяржавы. Залатым стагодзьдзем Буды звычайна лічаць XII—XV стагодзьдзі. З 1350 году Буда стала афіцыйнай рэзыдэнцыяй вугорскіх каралёў. Тады тут вялося актыўнае будаўніцтва: быў пашыраны й перабудаваны сам замак, збудавана некалькі цэркваў, якія й цяпер прыцягваюць мноства турыстаў — напрыклад, царква сьв. Мацяша. Гэта гатычная царква — адна з галоўных славутасьцяў Будапэшту; яна, як і большасьць сярэднявечных сабораў на працягу цэлых стагодзьдзяў дабудоўвалася й перабудоўвалася.

Нашэсьце татара-манголаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Татара-мангольскае нашэсьце было для маладой краіны гэтак жа разбуральна, як і для Расеі: горад Буда быў цалкам разбураны. Пасьля вызваленьня ў сярэдзіне XIII стагодзьдзя на Прыгоннай гары быў збудаваны ўмацаваны замак — менавіта яго й сталі цяпер называць Будай. А раён былога Аквінуму й горад, які вырас там, з тых часоў завецца Абудай ці па-іншаму Старой Будай. На процілеглым беразе Дунаю неўзабаве паўстала яшчэ адно селішча, якое атрымала назву Пэшт, там сяліліся галоўным чынам купцы й рамесьнікі. Да другой паловы XIX стагодзьдзя так і існавала тры гарады — Буда, Абуда й Пэшт. Толькі ў 1873 годзе адбылося аб’яднаньне іх у адзін горад, які атрымаў назву Будапэшт. Пэшт стаў культурным, палітычным і гандлёвым цэнтрам краіны, а Буда гістарычным раёнам.

Пад уладаю туркаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напачатку XVI стагодзьдзя Вугоршчына была заваявана туркамі. Для гораду гэта быў сумны час — каралеўскі палац быў разбураны, а царква сьв. Мацяша пераўтворана ў мячэт. Але туркі ня толькі руйнавалі, яны яшчэ й будавалі. Ім спадабаліся тутэйшыя тэрмальныя крыніцы, і ў часы іх валадарства шматлікія старыя купальні былі перабудаваныя, а таксама пабудавана дзевяць новых. На жаль, пабудаваныя ў Пэшце купальні не захаваліся, да нас дайшлі толькі зьвесткі пра іх.

У складзе Аўстра-Вугоршчыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1686 годзе Вугоршчына вызвалілася ад турэцкага валадарства й увайшла ў склад Аўстра-Вугоршчыны. Пры Габсбургах быў адноўлены Каралеўскі палац, у ім зьмясьцілася рэзыдэнцыя эрцгерцагаў. Зрэшты, у гэты пэрыяд актыўна разьвіваўся й рос галоўным чынам гандлёвы Пэшт. Зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя, калі была адменена забарона габрэям сяліцца ў горадзе, тут утварылася значная габрэйская абшчына. Сынагога, пабудаваная ў Пэшце ў 1859 годзе, зьяўляецца самай вялікай у Эўропе. 18 студзеня 1864 году заснаваная «Вугорская біржа». У 1873 годзе зьявілася электрычнае асьвятленьне на вуліцах гораду, а ў 1887 годзе па іх быў пушчаны першы трамвай.

Асабліва актыўнае будаўніцтва вялося на мяжы XIX і XX стагодзьдзяў. Вугоршчына тады пышна адзначала «Тысячагодзьдзе здабыцьця Радзімы»: роўна за тысячу гадоў да гэтага першыя мадзьярскія плямёны абгрунтаваліся на Дунаі. З 1885 па 1906 год узводзіўся велічны будынак Парлямэнту. Цяпер вялізарны нэагатычны Парлямэнт — адна з галоўных «візытных картак» Будапэшту: ён зьвернуты фасадам да Дунаю і нібыты парыць над ракой, падпарадкоўваючы сабе атачальныя прасторы. У 1905 годзе скончана будаўніцтва Сабора сьв. Іштвана (Сьвяты Іштван — кіраўнік, зь імем якога злучаюць пачатак дзяржаўнасьці й прыняцьце хрысьціянства).

У тыя ж гады было створана адно з найпрыгажэйшых збудаваньняў цяперашняй Буды — так званы «Рыбацкі бастыён». Гэты пышны беласьнежны будынак, які заснаваны на месцы былога рыбнага рынку. Цяпер бастыён зьяўляецца чымсьці накшталт гіганцкай назіральнай пляцоўкі, бо зь яго галерэй адкрываецца пышны выгляд на Дунай і Парлямэнт з аднаго боку й на царкву сьв. Мацяша зь іншай. Да сьвята «Тысячагодзьдзя здабыцьця Радзімы» ў Будапэшце быў пабудаваны яшчэ адзін аб’ект — найстарэйшае ў Эўропе мэтро, першы напрамак якога быў пушчаны ў 1886 годзе.

Дзьве вайны — адзін горад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Савецкія танкі ў Будапэшце ў 1956 годзе

Перад самай Першай сусьветнай вайной былі збудаваны знакамітыя купальні «Сечані». Купальні выдатна функцыянуюць дагэтуль, а цёплая вада адтуль абагравае таксама гарадзкі заапарк, які разьмешчаны побач. Заапарк Будапэшту, які функцыянуе зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя, таксама лічыцца адным з самых старых у Эўропе. 24 чэрвеня 1924 году заснавалі «Вугорскі нацыянальны банк».

У 1944 годзе прыкладна за год да заканчэньня Другой сусьветнай вайны Будапэшт пакутваў ад брытанскіх і амэрыканскіх паветраных налётаў. Першы такі налёт быў зьдзейсьнены 4 красавіка 1944 году[13]. З 24 сьнежня 1944 па 13 лютага 1945 году горад быў абложаны падчас бітвы за Будапэшт. Горад быў нанесены сур’ёзны ўрон надыходзячымі савецкім і румынскім войскамі, у той час абарону трымалі сумесныя нямецкія і вугорскія сілы. Больш за 38 тысячаў мірных жыхароў загінула падчас гэтай бітвы. Усе масты былі зьнішчаны немцамі. Каменныя ільвы, якія ўпрыгожвалі Ланцужны мост з 1852 году перажыў разруху вайны[14]. Папакутавалі шматлікія гістарычныя збудаваньні і велізарная колькасьць будынкаў.

Паміж 20% і 40% ад 250-тысячнага габрэйскага насельніцтва Вялікага Будапэшта памерла празь дзейнасьць нацыстаў і партыі скрыжаных стрэлаў, накіраваную на вынішчэньне габрэяў, падчас нямецкай акупацыі Вугоршчыны з 1944 году да пачатку 1945 году[15].

Швайцарскі дыплямат Карл Люц выратаваў дзясяткі тысячаў габрэяў, выдаючы швайцарскія дакумэнты па абароне і пазначаючы шматлікія будынкі, у тым ліку цяпер вядомы «Шкляны дом» на вуліцы Вадас 29, як швайцарская ахоўная тэрыторыя. Каля 3 тысячаў вугорскіх габрэяў знайшлі прытулак у «Шкляным доме» і ў суседнім будынку.

Пасьля вызваленьня Вугоршчыны ад Нямеччыны Чырвонай Арміяй, пачалася савецкая ваенная акупацыя, якая скончылася ў 1991 годзе. Саветы аказвалі значны ўплыў на вугорскія палітычныя справы. У 1949 годзе ў Вугоршчыне была абвешчана камуністамі Вугорская Народная Рэспубліка. Новы камуністычны ўрад палічыў былы будынак Будайскага замку як сымбаль ранейшага рэжыму, таму на працягу 1950-х гадох замак быў разбураны, а ўсё інтэр’еры былі зьнішчаныя. 23 кастрычніка 1956 году грамадзяне правялі вялікую мірную дэманстрацыю ў Будапэшце з патрабаваньнем дэмакратычных рэформаў. Дэманстранты пайшлі на Будапэшцкую радыёстанцыю і запатрабавалі апублікаваць свае патрабаваньні. Рэжым загадаў войскам страляць у натоўп, аднак вугорскія жаўнеры адмовіліся ад выкананьня загаду і перайшлі на бок дэманстрантаў. Гэта паклала пачатак вугорскай рэвалюцыі 1956 году. Дэманстранты патрабавалі прызначыць Імрэ Надзя ў якасьці прэм’ер-міністра краіны. Да іхняга зьдзіўленьня, цэнтральны камітэт «Вугорскай працоўнай народнай партыі» зрабіў гэта ў той жа вечар. Пасьля таго, як Надзь абвесьціў, што Вугоршчына мусіць пакінуць Варшаўскую дамову і стаць нэўтральнай краінай, у краіну былі ўведзены савецкія танкі і войскі, каб звалтаваць паўстаньне. Барацьба працягвалася да сярэдзіны лістападу, у выніку чаго было забіта больш за 3 тысячы чалавек.

Аднаўленьне гораду пасьля Другой сусьветнай вайны вялося на працягу ўсёй другой паловы мінулага стагодзьдзя, і цяпер горад Будапэшт ізноў паўстае перад намі ва ўсёй сваёй прыгажосьці, прыцягваючы мноства турыстаў з усіх краінаў сьвету.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак вугорскага парлямэнту, пабудаванага ў 1904 годзе
Самы вядомы будапэшцкі мост — Ланцужны мост, пабудаваны ў XIX стагодзьдзі

Будапэшту архітэктурна характэрныя будынкі розных стыляў і рознага часу заснаваньня, ад старажытных рымскіх часоў да сучаснасьці, як то палаца мастацтваў, сучасны мастацкі музэй і канцэртная заля[16][17]. Большасьць будынкаў у Будапэшце зьяўляюцца адносна нізкімі. Гэтак у пачатку 2010-х гадоў налічвалася каля 100 будынкаў вышэй за 45 мэтраў. Колькасьць вышынных будынкаў падтрымліваецца на нізкім узроўні шляхам стварэньня заканадаўства, якое накіравана на захаваньне гістарычнага гарадзкога ляндшафту, а таксама ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі захаваньня Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Жосткія правілы ставяцца да плянаваньня і дазволу будаўніцтва вышынных будынкаў і, такім чынам, стары горад і цэнтар Будапэшту амаль ня маюць высокіх будынкаў.

Царква Мацяша ў Будапэшце, пабудаваная ў гатычным і нэагатычным стылі

Адным з самых старажытных збудаваньняў гораду зьяўляецца разваліны старажытнага гораду Аквінкум, гісторыя якога цягнецца яшчэ з рымскіх часоў. Будынкі ў гатычным стылі можна знайсьці ў ваколіцах Будайскага замку. Гэтак будынкі з нумарамі 18, 20 і 22 па вуліцы Орсагаз (вуг. Országház), якія ўзыходзяць да XIV стагодзьдзя, зьяўляюцца клясычнымі прыкладамі гатычнай архітэктуры. Яшчэ адзін будынак з гатычнымі элемэнтамі зьяўляецца царква ў гістарычным раёне Бэльвараш, пабудаваная ў XII стагодзьдзі[18]. Найбольш характэрным будынкам, пабудаваным у гатычным стылі, але на самой справе нэаготыкі, зьяўляецца будынак вугорскага парлямэнту.

Таксама ў горадзе хапае пабудоваў у стылі рэнэсансу. Стыль зьявіўся ў горадзе пасьля шлюбу караля Мацяша Корвіна і Бэатрысай Нэапальскай у 1476 годзе. Многія італьянскія мастакі, рамесьнікі і масоны прыехалі да вугорскага двару раза з новай каралевай. На сёньня шмат пабудоваў першапачатковых будынкаў у гэтым стылі зьніклі за гады гісторыі Буды, але Будапэшт усё яшчэ багаты на будынкі стылю рэнэсанс і нэа-рэнэсанс. Да такіх пабудоваў адносяцца знакаміты Вугорскі дзяржаўны опэрны тэатар, Базыліка Сьвятога Іштвана і будынак Вугорскай акадэміі навук[19].

За часам турэцкай акупацыі (1541—1686), ісламская архітэктура і культура квітнела ў Будапэшце, у горадзе былі пабудаваны шматлікія мячэты і лазьні. Варта адзначыць, што асманская архітэктура не абмяжоўвалася толькі турэцкай будаўнічай традыцыяй, але і знаходзілася пад уплывам іранскай, арабскай і нават бізантыйскай традыцыямі. У нейкі момант часу цэнтральная плошча гораду сталася шумны ўсходнім базарам[20]. Пасьля вызваленьня гораду ад турэцкага прыгнёту большасьць мячэтаў Будапэшту былі ператвораны ў цэрквы, а мінарэты былі перабудаваны ў званіцы і шпілі сабораў. Будапэшт зьяўляецца фактычна адным зь нешматлікіх месцаў у сьвеце, у якім функцыянуюць арыгінальныя турэцкія лазьні, пабудаваныя яшчэ ў XVI стагодзьдзі, як то лазьні Рудас ці Кірай. Яшчэ адным малавядомым фактам зьяўляецца тое, што ў Будапэшце месьціцца самая паўночная грабніца сярод суфійскіх дэрвішаў, якая належыць уплывомаму ісламскаму турэцкаму дэрвішу Гюлю Баба.

Пасьля 1686 году барочная архітэктура сталася дамінуючым стылем мастацтва ў каталіцкіх краінах, не выключэньнем стаў і Будапэшт. Адным з самых выбітных прыкладаў арыгінальнай архітэктуры ў стылі барока зьяўляецца царква Сьвятой Ганны на плошчы Бацьяні. У раёне III вакол галоўнай плошчы былога гораду Обуда маюцца выдатныя гістарычныя будынкі з арыгінальнымі барочнымі фасадамі. Раён Будайскага замку таксама зьяўляецца яшчэ адным месцам для наведваньня, дзе месьцяцца шматлікія будынкі ў барочным стылі, як то каралеўскі палац[21].

У горадзе працавалі адразу два майстры клясычнай і нэаклясычнай архітэктуры Міхай Полак і Ёжэф Гільд, якія пабудавалі шмат прыгожых будынкаў у стылі клясыцызму ў горадзе. Да самых вядомых будынкаў гэтага стылю адносяцца Вугорскі нацыянальны музэй, Лютэранская царква Будавар і Шандор-палац. Адным з самых знакавых і шырока вядомых збудаваньняў у клясычным стылі стаў Ланцужны мост[22]. Да пабудоваў эпохі рамантызму адносяцца Вялікая сынагога і канцэртная заля Вігада на ўзьбярэжжы Дунаю. Абодва будынкі былі распрацаваны архітэктарам Фрыдэшам Фэсьлем. Яшчэ адным характэрным будынкам зьяўляецца Заходні чыгуначны вакзал у Будапэшце, які быў распрацаваны Агюстам дэ Сэрам і пабудаваны парыскай кампаніяй Гюстава Эйфэля ў 1877 годзе[23].

Стыль мадэрн зьявіўся ў Будапэшце на выставах 1896 году, якія былі арганізаваныя з нагоды сьвяткаваньня тысячагодзьдзя Вугоршчыны[24]. Вугорскі мадэрн уяўляе сабой сумесь некалькіх архітэктурных стыляў, з акцэнтам на вугроскія асаблівасьці. Адзін зь вядучых архітэктараў у стылі мадэрн, Ёдэн Лехнэр, быў натхнёны індыйскай і сырыйскай архітэктурай, а таксама традыцыйнымі вугорскімі дэкаратыўнымі канструкцыямі. Адным з самых прыгожых ягоных будынкаў у Будапэшце зьяўляецца Музэй прыкладнога мастацтва. Да прыкладу мадэрну таскама адносяцца Палац Грэшэм перад Ланцужным мостам, гатэль Гелерт, Музычная акадэмія Фэрэнца Ліста, а таксама будынкі Будапэшцкага заапарку і батанічнага саду[16].

Раёны гораду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа раёнаў Будапэшту

Большасьць сёньняшняга Будапэшта зьяўляецца вынікам перабудовы і рэканструкцыі гораду канца XIX стагодзьдзя. Шырокія бульвары пралягаюць паміж значна больш старымі кварталамі, асабліва ў цэнтры гораду. Першапачаткова Будапэшт складаўся з 10 раёнаў пасьля таго, як места было заснавана ў выніку аб’яднаньня трох гарадоў у 1873 годзе. Пачынаючы з 1950 году Вялікі Будапэшт падзяляўся з 22 раёны. А ў 1994 годзе быў створаны новы 23-і раён.

  • Раён I — гэта невялікая частка цэнтральнай Буды (заходняя), уключаючы Будайскую крэпасьць.
  • Раён II — таксама частка Буды (паўночны ўсход)
  • Раён III — распасьціраецца ўздоўж паўночнай часткі Буды
  • Раён IV — знаходзіцца ў Пэшце (усходняя й паўночная часткі)
  • Раён V — знаходзіцца ў самым цэнтры Пэшту
  • Раёны VI, VII, VIII і IX — знаходзяцца да ўсходу й поўдню
  • Раён X — разьмешчаны яшчэ ўсходней, таксама ў Пэшце
  • Раёны XI і XII — разьмешчаны ў Будзе, да поўначы.
  • Раёны XIII, XIV, XV, XVI, XVII, XVIII, XIX і XX (галоўным чынам, вонкавыя часткі гораду) — утвараюць паўкола ў паўднёвай частцы Будапэшту
  • Раён XXI — распасьціраецца ўздоўж Дуная (паўночны ўскраек выспы Чэпель) у паўднёвы бок
  • Раён XXII — знаходзіцца на паўднёвым захадзе Буды
  • Раён XXIII — гэта паўднёвая ўскраіна Пэшту

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Офісы ў цэнтральным бізнэсовым раёне Будапэшту. Тут знаходзяцца штаб-кватэры і офісы камапніяў OTP Bank і Erste Bank.

Будапэшт зьяўляецца важным эканамічным цэнтрам, клясыфікуецца як горад альфа-сьвету ў вывучэньні глябалізацыі й гарадоў сусьветнай навукова-дасьледчай сеткі[25]. На нацыянальным узроўні Будапэшт, безумоўна, зьяўляецца галоўным горадам Вугоршчыны адносна эканомікі й бізнэсу, на які прыпадае 39% нацыянальнага даходу[26]. Будапэшт меў валавы сталічны прадукт амаль 100 млрд даляраў у 2012 годзе[27], што робіць ягоную эканоміку адной з найбуйнейшай рэгіянальнай эканомікай у Эўрапейскім зьвязе. Згодна сасатыстыкай Эўрастату СУП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасьці Будапэшту складае 147% ад сярэдняга паказчыку па ЭЗ, а гэта значыць, 37 632 эўра на душу насельніцтва.

Горад зьяўляецца буйным цэнтрам банкаўскай справы й фінансаў, розьнічнага гандлю, транспарту, турызму, нерухомасьці, мэдыя, рэклямы, юрыдычных паслуг, бухгальтарскага ўліку, страхаваньня, моды й мастацтва. У Будапэшце месьцяцца ня толькі штаб-кватэры амаль усіх нацыянальных інстытуцыяў і дзяржаўных установаў, але й для многіх айчынных і міжнародных кампаніяў. У 2014 годзе ў горадзе было зарэгістраван 393 289 кампаніяў[28]. Большасьць зь іх маюць штаб-кватэры ў цэнтральным бізнэсовым раёне гораду. Буйны розьнічны гандаль таксама сканцэнтраваны ў цэнтры гораду, у прыватнасьці праз два найбуйнейшаыя гандлёвыя цэнтры ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, цэнтар WestEnd City Center (на 186 тысячаў м²) і Arena Plaza (180 тысячаў м²)[29].

Будапэшт таксама мае й значны інавацыйны патэнцыял, як то разьвіцьцё тэхналёгіяў і запуск цэнтру, дзе шматлікія стартапы маюць свае штаб-кватэры і пачынаюць свой бізнэс. Сярод добра вядомых такім стартапаў варта вылучыць Prezi, LogMeIn і Nav N Go. Добры паказчык, таксама, і патэнцыялу гораду для інавацыяў і дасьледаваньняў, пра што сьведчыць разьмяшчэньня штаб-кватэры Эўрапейскага інстытуту інавацыяў і тэхналёгіяў. Акрамя таго, глябальны аспэкт навукова-дасьледчай дзейнасьці гораду праяўляецца праз адкрыцьцё ў Будапэшце Эўрапейска-кітайскага навукова-дасьледчага інстытуту[30]. Іншыя важныя сэктары ўключаюць таксама, як дасьледваньні ў галіне натуральных навук, інфармацыйных тэхналёгіяў і мэдычных дасьледаваньняў, разьмяшчэньне ў горадзе некамэрцыйных арганізацыяў і ўнівэрсытэтаў. Сярод вядочых бізнэс-школ і ўнівэрсытэтаў у Будапэшце маюцца Будапэшцкая бізнэсовая школа, CEU Business School і ўнівэрсытэт Корвіна, якія прапануюць цэлы спэктар курсаў у галіне эканомікі, фінансаў і кіраваньня на ангельскай, францускай, нямецкай і вугорскіх мовах выкладаньня[31]. Узровень беспрацоўя ў горадзе адзін з самых нізкіх у краіне й складае 2,7%, аркамя таго ў Будапэшце працуюць многія тысячы замежных грамадзянаў[32].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Hongrie : l'écologiste Gergely Karacsony remporte Budapest, défaite pour Viktor OrbanLCI, 2019.
  2. ^ а б M.-L. W. Hongrie : le parti d'Orban battu aux municipales à BudapestLe Parisien, 2019.
  3. ^ а б Blow for Hungary PM Orbán as opposition wins Budapest mayoral raceThe Guardian, 2019.
  4. ^ «Population by type of settlement — annually». Hungarian Central Statistical Office.
  5. ^ Ed F. Nozeman; Arno J. Van der Vlist (2014). «European Metropolitan Commercial Real Estate Markets». Springer. p. 169. ISBN 978-3-642-37852-2.
  6. ^ «Which are the largest city economies in the world and how might this change by 2025?» PricewaterhouseCoopers.
  7. ^ «Global MetroMonitor | Brookings Institution». Brookings.edu.
  8. ^ «Hungary: Emerging Economic Power In Central And Eastern Europe». Thomas White International.
  9. ^ «Budapest Europe’s Second Fastest-Developing Urban Economy, Study Reveals». Hungary Today.
  10. ^ «Budapest Stock Exchange sponsors Master Investor Show». Master Investor.
  11. ^ «Academic Ranking of World Universities 2015». ShanghaiRanking Consultancy.
  12. ^ «Budapest is the 50th Most Liveable City in the World». Tower International.
  13. ^ RAF raids Budapest — second heavy attack. Sydney Morning Herald.
  14. ^ «Chain bridge». Bridges of Budapest.
  15. ^ Budapest. United States Holocaust Memorial Museum.
  16. ^ а б «Budapest Architecture». Visit Budapest.
  17. ^ «The Incredible Architecture of Budapest». PBase.com.
  18. ^ «The oldest church in Pest». Visit Budapest.
  19. ^ «The Basilica of Saint Stephen». Lovely Budapest.
  20. ^ «Glimpsing Hungary’s Ottoman Past». The New York Times.
  21. ^ «Budapest, including the Banks of the Danube, the Buda Castle Quarter and Andrássy Avenue — UNESCO World Heritage Centre». UNESCO.
  22. ^ «Széchenyi Chain Bridge». Structurae
  23. ^ «Nyugati Railway Station». We Love Budapest.
  24. ^ «Budapest Tour: Early Art Nouveau 1897—1904». Budapest Architect.
  25. ^ The World According to GaWC 2010. www.lboro.ac.uk.
  26. ^ Online gazdasági újság. Portfolio.hu
  27. ^ Global MetroMonitor. Brookings Institution
  28. ^ STADAT — 6.3.2.1.2. A regisztrált vállalkozások száma — GFO’11. Ksh.hu
  29. ^ Budapest City Report 2013. Jones Lang LaSalle.
  30. ^ Budapest to be CEE Region Headquarters for Chinese Research Institute. Promote CEE
  31. ^ Bachelor, Master and PhD study programs in foreign languages. Budapest Business School
  32. ^ Budapest status of employment. Budapest Public Employment Service Non-profit Company

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]