Перайсьці да зьместу

Павал Урбан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Павал Урбан

лац. Pavał Urban
Дата нараджэньня 27 сакавіка 1924(1924-03-27)
Месца нараджэньня в. Закаліўе Лепельскага раёну
Дата сьмерці 2 лютага 2011(2011-02-02) (86 гадоў)
Месца сьмерці Мюнхэн
Месца вучобы Лювэнскі ўнівэрсытэт
Занятак навуковец
Навуковая сфэра гісторыя
Месца працы Інстытут вывучэньня СССР у Мюнхэне. (1956—1974)
Радыё Свабода (1974—1989)
Навуковая ступень кандыдат гістарычных навук[d]

Павал Урбан (псэўд. Паўлюк Вазёрны, Паўла Урбан; нар. 27 сакавіка 1924, в. Закаліўе Лепельскага раёну — 2 лютага 2011[1]) — беларускі гісторык, актыўны дзяяч эміграцыі. Кандыдат гістарычных навук.

Зь сялянскай сям'і, сын Кастуся і Аўгіньні. Бацька меў 9 гектараў зямлі і быў абрабаваны («раскулачаны») савецкімі акупацыйнымі ўладамі ў калектывізацыю. У 1940 годзе паступіў у школу фабрычна-завадзкога навучаньня ў Віцебску.

У Другую сусьветную вайну браў удзел у беларускім нацыянальным жыцьці, служыў у беларускай паліцыі, БКА. Зь лета 1944 году на эміграцыі.

З 1950 году — у Бэльгіі, скончыў гістарычны факультэт Лювэнскага ўнівэрсытэту. Абараніў дысэртацыю «Вялікае Княства Літоўскае за часамі вялікага князя Аляксандра (1492—1506)». У 1955—1974 гадох[2] працаваў у Інстытуце вывучэньня СССР (Мюнхэн), быў скарбнікам і адміністратарам выдавецтва «Бацькаўшчына». У 1974—1989 гадох — супрацоўнік беларускай рэдакцыі радыё «Свабода».

Рыхтаваў матэрыялы і пісаў артыкулы для часопіса «Запісы БІНІМ», газэты «Бацькаўшчына», Беларускай рэдакцыі радыё «Свабода» ў Мюнхэне[3].

У 1972 годзе выдаў кнігу «У сьвятле гістарычных фактаў», дзе паказаў, што брашура Л. Абэцэдарскага «В свете неопровержимых фактов» (1969 год), носіць шавіністычна-расейскі характар і ёсьць сьвядомым абкраданьнем гісторыі беларускага народу[4], там жа вялікую ўвагу вылучыў крытыцы мэтадалёгіі гісторыі ў тагачаснай гістарыяграфіі гісторыі Беларусі.

У 2001 годзе ў Менску выйшла праца Паўла Урбана «Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць» (2-е выданьне — 2003), прысьвечаная дасьледаваньню этнічнай прыналежнасьці старажытных ліцьвінаў і гістарычнага тэрміну «Літва».