Перайсьці да зьместу

Майшагола

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Майшагола
лац. Majšagoła
лет. Maišiagala
Населены пункт
Агульны выгляд
Агульны выгляд
Герб
Краіна Летува
Павет Віленскі
Раён Віленскі
Першыя згадкі 1254
Магдэбурскае права 23 лютага 1792
Часавы пас
Каардынаты 54°52′20″ пн. ш. 25°04′00″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 1636 чал. (2011)
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Паштовы індэкс LT-14025
Майшагола на мапе Летувы
Майшагола
Майшагола
Майшагола

Майшагола, Мейшагола[1] (лет. Maišiagala) — мястэчка ў Летуве, на рацэ Мусе. Цэнтар староства Віленскага раёну Віленскага павету. Насельніцтва на 2011 год — 1636 чал. Знаходзіцца за 25 км на поўнач ад Вільні, каля аўтамабільнай дарогі Вільня — Панявеж.

Майшагола — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Віленшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і сядзіба Гоўвальтаў, помнікі архітэктуры XIX стагодзьдзя.

Летувіскі тапаніміст Аляксандрас Ванагас мяркуе, што назва Майшагола складаецца зь дзьвюх частак: невядомага з гістарычных крыніцаў асабістага імя і балтыйскага слова galas — 'канец'[2]. Тым часам менскі дасьледнік Алёхна Дайліда зьвязвае другую частку назвы (на прыкладзе Эйраголы) з гоцкім goljan ― 'вітаць'[3].

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Моишокгола (1553 год)[4].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Мескі герб, 1792 г.

Паводле паданьня, Майшагола існавала яшчэ ў 1254 годзе, калі тут былі драўляны княскі замак і «вясковы двор. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра Майшаголу датуецца 1365[1] годам, калі крыжакі спалілі аднайменныя двор і замак. У 1377 годзе па адмове ад стальцу на карысьць свайго сына Ягайлы ў Майшаголе жыў і памёр у глыбокай старасьці вялікі князь Альгерд. Як сьведчаць летапісныя крыніцы, тут яго пахавалі паводле паганскіх звычаяў.

Майшагола значыцца ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх, складзеным у канцы XIV стагодьдзя[5]. У канцы XV ст. вялікі князь Аляксандар фундаваў тут будаваньне касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы, а Станіслаў і Сымон Багдановічы ў 1495 годзе ахвяравалі сродкі на стварэньне ў ім алтара. Алтар рабіў майстар «Пётар Алтарыста». У 1503 годзе вялікі князь Аляксандар надаў месту прывілей на пэўныя вольнасьці, пацьверджаны 27 сьнежня 1571 году Жыгімонтам Аўгустам. У XVI ст. дзяржаўцам майшагольскім быў староста гарадзенскі Юрай Мікалаевіч, князь Радзівіл. Ён лічыўся таксама «гараднічым майшагольскага двара яго каралеўскай міласьці»[6].

У 1773—1775 гадох вальны сойм пастанавіў парадаць Майшаголу і шэраг іншых старостваў віленскаму біскупу Масальскаму ў абмен на Ляхавіцкае староства, якое мела на той час добра ўмацаваны замак. На 1789 год у Майшаголе было 35 дымоў. 23 лютага 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст надаў месту прывілей на Магдэбурскае права і герб «у чорным полі выява сьвятога Антонія». Гэтым прывілеем усе юрыдыкі ў Майшаголе скасоўваліся і падпарадкоўваліся магістрату, мяшчанам прадпісвалася збудаваць у месьце ратушу, цагельню да паспалітых патрэбаў і гасьціны двор для заезных купцоў[6].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Майшагола апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Віленскім павеце Віленскай губэрні. Каля 1885 году ў Майшаголе было 59 будынкаў. Паводле этнаграфічнай мапы, складзенай Я. Карскім, на захадзе ад мястэчка праходзіла мяжа расьсяленьня беларусаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Майшаголу занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Майшагола абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1920 годзе мястэчка апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 году ўлады СССР перадалі мястэчка Летуве.

  • XVIII стагодзьдзе: 1789 год — каля 245 чал.
  • XIX стагодзьдзе: каля 1885 году — 715 чал.[7]
  • XXI стагодзьдзе: 2011 год — 1636 чал.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Касьцёл
  • Гарадзішча
  • Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1865)
  • Могілкі: вайсковыя германскія часоў 1-й сусьветнай вайны, габрэйскія, каталіцкія, старыя каталіцкія
  • Сядзіба Гоўвальтаў (XIX ст.)
  1. 1 2 ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 347.
  2. Vanagas A. Lietuvos miestų vardai (antrasis leidimas). — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. P. 147—150.
  3. Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 31.
  4. Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 166.
  5. Зайкоўскі Э. Літва гістарычная // Наша Слова. № 26 (917) 1 ліпеня 2009 г., № 27 (918) 8 ліпеня 2009 г.
  6. 1 2 Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 195.
  7. Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 244.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]