Віленскі Траецкі манастыр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Віленскі Траецкі манастыр
Базылянская брама і вежы Траецкай царквы
Базылянская брама і вежы Траецкай царквы
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°40′31″ пн. ш. 25°17′18″ у. д. / 54.67528° пн. ш. 25.28833° у. д. / 54.67528; 25.28833Каардынаты: 54°40′31″ пн. ш. 25°17′18″ у. д. / 54.67528° пн. ш. 25.28833° у. д. / 54.67528; 25.28833
Канфэсія каталіцтва
Архітэктурны стыль беларуская готыка
Дата заснаваньня 1514
Віленскі Траецкі манастыр на мапе Летувы
Віленскі Траецкі манастыр
Віленскі Траецкі манастыр
Віленскі Траецкі манастыр
Віленскі Траецкі манастыр на Вікісховішчы

Віленскі Траецкі манастыр — помнік гісторыі і архітэктуры XVI—XIX стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў паўднёвай частцы Старога Места, на Вастрабрамскай вуліцы[a]. Будаваўся як манастыр для манахаў-базылянаў Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы, з 1991 году дзее ў юрысдыкцыі Ўкраінскай грэцка-каталіцкай царкве. Твор гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, барока і клясыцызму, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку маскоўскай перабудовы. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Комплекс Віленскага базылянскага манастыра складаецца з царквы Сьвятой Тройцы, у тым ліку капліцаў Покрыва Багародзіцы (пазьней да яе прыбудавалі царкву Сьвятога Яна Багаслова) і Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа, званіцы, мужчынскага і жаночага манастырскіх карпусоў, агароджы і манумэнтальнай Базылянскай брамы. У міжваенны час Базылянскія муры[1] былі цэнтрам беларускага культурнага жыцьця: тут працавалі Віленская беларуская гімназія і Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Траецкі манастыр у Вільні ўпершыню ўпамінаецца ў гістарычных крыніцах у канцы XV стагодзьдзя[2]. Ён узьнік пры Траецкай царкве, заснавай у 1347 годзе ў дуброве, на месцы казьні віленскіх мучанікаў. У 1514—1516 гадох Канстантын Астроскі збудаваў мураваную Траецкую царкву абарончага тыпу. У 1584 годзе пры манастыры заснавалі брацтва, якое мела ўласную друкарню і школу. У 1596 годзе тут выйшла з друку першая ўсходнеславянская азбука зь лексісам «Навука ку чытаньню і разуменьню пісьма славянскага: ту тыж аб сьвятой Тройцы, і аб учалавечаньні Гасподнем» Лаўрэнція Зізанія.

Па складаньні Берасьцейскай уніі манастыр стаў галоўным цэнтрам пашырэньня Уніі і асяродкам, дзе ствараўся ордэн базылянаў. У гэты час архімандрытам манастыра стаў Язафат Кунцэвіч. З XVI ст. таксама дзеяў жаночы манастыр, які заняў будынак, перабудаваны ў 1609 годзе з трох суседніх гатычных камяніцаў. Адной з ігуменьняў манастыра была дачка Паўла Сапегі Кацярына.

У канцы XVI — пачатку XVII ст. побач з царквой паставілі мураваную званіцу. У 1620 годзе базыляне збудавалі на месцы драўляных мураваныя карпусы мужчынскага і жаночага манастыроў. Ад пачатку яны падзяляліся драўлянай, а з 1777 году мураванай агароджай. У 1628 годзе да базылянаў перайшла былая друкарня братоў Мамонічаў. У XVII—XVIII стагодзьдзях тут надрукавалі каля дзьвюх сотняў кніг на розных мовах.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе манастыр пацярпеў ад моцнага пажару, які зьнішчыў значную частку места. Па пажарах 1748 і 1760 гадоў праводзілася рэканструкцыя манастырскіх будынкаў. У 1761 годзе архітэктар Ян Гляўбіц збудаваў з боку Вялікай (пазьней Вастрабрамскай) вуліцы манумэнтальную манастырскую браму. У час паўстаньня 1794 году ў манастырскай друкарні выдаваліся адозвы паўстанцаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, манастыр працягваў дзеяць. У 1823 годзе расейскія ўлады перарабілі першы паверх манастырскага корпуса пад турму, вязьнем якой быў Адам Міцкевіч, пазьней у ёй утрымлівалі ўдзельнікаў вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў[3]. Каля 1826 году ігуменьня Дамасцэна Важынская адкрыла пры жаночым манастыры пансіён для дзяўчат. У ім выкладалі манашкі, гувэрнанткі, а таксама сьвецкія настаўнікі, якія навучалі выхаванак пансіёну музыцы і танцам.

Па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі манастыр у Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1841 годзе (паводле іншых звестак, у 1842 годзе) жаночы манастыр, увогуле, ліквідавалі. Тым часам мужчынскі манастыр на прапанову Ёсіфа Сямашкі прылічылі да трэцяй клясы (паводле штату 1842 году яму належылі адзін архімандрыт, пяць ераманахаў, адзін манах і чатыры паслушнікі). Вызваленыя будынкі, якія раней належалі манастыру, аддалі пад праваслаўную духоўную сэмінарыю, пераведзеную сюды ў 1845 годзе з Жыровічаў.

У 1869 годзе манастыр канчаткова ліквідавалі, тады ж паводле праекту расейскага архітэктара Мікалая Чагіна маскоўскай перабудовай зьнявечылі мастацкае аблічча царквы.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе абразы, якія захоўваліся ў манастырскай царкве, вывезьлі ў Расею.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1920-я гады былы манастыр стаў цэнтрам беларускага культурнага жыцьця: тут працавалі Віленская беларуская гімназія, Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, Беларускае навуковае таварыства, беларускі сірочы прытулак. У іншай частцы манастырскіх будынкаў разьмясьцілася духоўная сэмінарыя ПАПЦ.

Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады Летувы ліквідавалі ўсе беларускія ўстановы, а царкву зачынілі. У 1946—1960 гадох манастырскія будынкі займаў Віленскі пэдагагічны інстытут, у 1964—1969 гадох — Віленская філія Ковенскага політэхнічнага інстытуту, з 1969 году — Віленскі інжынэрна-будаўнічы інстытут.

У 1991 годзе ўлады Летувы перадалі царкву Ўкраінскай грэцка-каталіцкай царкве. Невялікую частку памяшканьняў былога манастыра занялі манахі-базыляне.

У 1992 годзе на будынку манастыра, у якім дзеяла Беларуская гімназія, адкрылі дзьве мэмарыяльныя шыльды — у памяць паэткі Натальлі Арсеньневай, якая тут навучалася ў 1921—1921 гадох, і настаўніка, клясыка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Адкрытую ў 2005 годзе мэмарыяльны шыльду ў памяць беларускага сьвятара Адама Станкевіча, аднаго з заснавальнікаў Беларускай гімназіі і сірочага прытулку, неўзабаве выкралі невядомыя[4].

У верасьні 2002 году ў браме адкрылі мэмарыяльную шыльду ў памяць Ігната Дамейкі з барэльефам (скульптар Валдас Бубялявічус, архітэктар Ёнас Анушкявічус). З 2008 году ў частцы будынкаў манастыра разьмяшчаецца гатэль і рэстаран «У базылянаў» (лет. «Pas Bazilijonus»).

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Траецкая царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Царква Сьвятой Тройцы (Вільня)

Гатычны храм абарончага тыпу зьмянілі пазьнейшыя перабудовы, аднак у цэлым ён захаваў сваю пачатковую структуру, і пэўныя ўласьцівыя царкоўнай гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага элемэнты: тры паўцыркулярныя апсыды і дзьве абарончыя вежы, злучаныя арнамэнтальным пасам у выглядзе аркатурнага фрыза, падобна да царквы ў Сынковічах.

Мастацкае аблічча помніка пацярпела ў выніку маскоўскай перабудовы другой паловы XIX ст.

Манастыр[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жылы корпус мужчынскага манастыра — помнік архітэктуры барока і клясыцызму. Да заходняга фасаду 3-павярховага заходняга корпуса далучаецца 2-павярховы флігель і 3-павярховая круглая вежа. Фасад аздабляецца дарычнымі пілястрамі, паміж якімі разьмяшчаюцца прастакутныя вокны. Дзьве калёны падтрымліваюць драўляны франтон над уваходам з усходняга фасаду заходняга корпуса.

Базылянская брама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У манастырскі двор зь Вастрабрамскай вуліцы вядзе Базылянская брама — выдатны помнік архітэктуры віленскага барока. Мае шырыню 10,8 мэтра і вышыню 17,5 мэтра, адна з найбольшых манастырскіх брамаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Гэта манумэнтальны 3-ярусны аркавы праезд. Пышны хвалісты фасад аздабляецца складанай кампазыцыяй пілястраў і антаблемэнтаў хвалістага профілю. Два хвалістыя антаблемэнты зь зьвілістымі карнізамі падзяляюць фасад на тры ярусы. У ніжнім ярусе разьмяшчаюцца прафіляваныя аркавыя праёмы. З бакоў на пастаментах стаяць пілястры з карынцкімі капітэлямі, па тры з кожнага боку. У цэнтры другога ярусу разьмяшчаецца балькон, аздоблены мэталічнымі кратамі з вытанчаным каваным арнамэнтам. За кратамі знаходзіцца ніша з рэльефам, які адлюстроўвае Ўсёвідушчае Вока. На краях другога яруса разьмяшчаюцца пілястры, дэкараваныя ляпнінай з расьліннымі матывамі. На кутах узвышаюцца валюты з дэкаратыўнымі вазамі. На франтоне, які ўтварае трэці ярус, разьмяшчаецца барэльефная кампазыцыя «Сьвятая Тройца і куля зямная». Франтон завяршаюць валюты на кутох і выгнуты карніз.

Аркавы праезд перакрываецца крыжовым скляпеньнем. Над ім разьмяшчаецца даволі вялікае крытае памяшканьне з бальконам[5]. У даўнія часы з гэтага балькона выступаў манастырскі аркестар пры сустрэчы рэлігійных працэсіяў, якія ладзіліся на царкоўныя сьвяты і асабліва ў дзень Сьвятога Язафата Кунцэвіча.

Званіца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У паўночнай частцы вялікага манастырскага двара стаіць масіўная званіца, якая злучаецца з флігелем паўднёвага корпуса будынка былога жаночага манастыра. Гэта амаль квадратная ў пляне (9,8 на 9,5 мэтраў), пабудова вышынёй 22,5 мэтра з таўшчынёй сьценай 2,3 мэтра, накрытая 4-схільным дахам. Манумэнтальныя фасады стрыманых, маюць ляканічныя формы. Сьцены нізкага цокальнага паверху праразаюцца невялікімі прастакутнымі вокнамі. Другі высокі ярус мае зрэзаныя вуглы і высокія аконныя праёмы з закругленымі аркамі, над імі ў фрызе — авальныя нішы.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Афіцыйны адрас — Aušros Vartų g. 7b

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Базылянскія муры. / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Вільня: 21 верасьня 1919. — № 14. — С. 1.
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 435.
  3. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 436.
  4. ^ Poklad T. Baltarusiškas Vilnius: paveldas ir atminimas // Naujasis Vilniaus perskaitymas: didieji Lietuvos istoriniai pasakojimai ir daugiakultūrinis miesto paveldas. Straipsnių rinktinė / Sudarytojai A. Bumblauskas, Š. Liekis, G. Potašenko. — Vilnius: Vilniaus universiteto leidykla, 2009. P. 249—254.
  5. ^ Минкявичюс Й. Вильнюс. Базилианские ворота. // Памятники искусства Советского Союза. Белоруссия. Литва. Латвия. Эстония: Справочник-путеводитель. 2-е издание. — Москва, Лейпциг: Искусство, 1986. С. 404—405.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]