Хроніка Віганда
Хроніка Віганда — летапісны звод, складзены ў 1394 Вігандам з Марбурга, герольдам пры двары магістра Тэўтонскага ордэну Конрада Валенрода. Уяўляе сабой узор рыцарскага эпасу і прысьвячаецца галоўным чынам апісаньню войнаў зь Вялікім Княствам Літоўскім у пэрыяд з 1293 да 1394 рокі.
Утрымлівае багаты матэрыял з гісторыі Беларусі ХІІІ — ХІV стст. Зьмяшчае зьвесткі пра рыцарскія паходы на тэрыторыю Літвы (Беларусі), у прыватнасьці, Гарадзеншчыну і Берасьцейшчыну. Аўтар падрабязна апісаў бітву на рацэ Стрэве, паходы крыжакоў на Горадню пасьля 1363, правільна лякалізаваў зямлю дрыгавічоў на Берасьцейшчыне, «замак Нойгартэн» — на левым беразе Нёмана, насупраць Гарадзенскага замка, збудаванага Вітаўтам. У хроніцы даецца інфармацыя пра аблогу Полацку (1381) Скіргайлам і магістрам Лівонскага ордэна, пра штурм Гарадзенскага замка шматнацыяльным рыцарскім войскам (1393), і пра іншыя ваенныя дзеяньні крыжакоў. Аўтар ідэалягічна абгрунтоўваў палітыку Тэўтонскага ордэну.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7. — С. 35.
- Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага / Рэд. Георгі Штыхаў. — Мн.: Беларуская навука, 1998. — 208 с. ISBN 985-08-0249-9.