Перайсьці да зьместу

Балтыйскія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Балтыйская група
Народнасьць латышы, летувісы, некаторыя іншыя сумежныя народы,
гістарычна — некалькі плямёнаў Усходняй Эўропы
Арэал Усходняя Эўропа (пераважна краіны Балтыі)
Лінгвістычная клясыфікацыя індаэўрапейская сям'я
Склад
заходняя, усходняя галіны
Колькасьць носьбітаў больш за 4,5 млн чал.
ISO 639-5: bat

Балты́йскія мовы — група моваў у складзе індаэўрапейскай сям’і моваў, гістарычна ўжываных на тэрыторыі ад вусьця ракі Віслы на захадзе да межаў Эстоніі на поўначы. Як мяркуецца, адасобілася ў часе разгалінаваньня на балтыйскую і славянскую моўныя групы, зь якой часам аб’ядноўваецца ў вышэйшы таксон — балта-славянскую групу моваў у складзе індаэўрапейскае моўнае сям’і.

На сёньняшні час налічваецца толькі дзьве жывыя балтыйскія мовы — летувіская й латыская, часам з складу апошняй у якасьці асобнай мовы вылучаюць латгальскі дыялект. Усе балтыйскія мовы, у тым ліку й мёртвыя, паходзяць ад прабалтыйскае мовы — мовы, якая ўтварылася ў выніку распаду праіндаэўрапейскае мовы і пазьней распалася на асобныя роднасныя балтыйскія мовы. Прабалтыйская мова ня мае пісьмовых сьведчаньняў, таму ёсьць рэканструяванай мовай.

Назвы балты (ням. Balten) і балтыйская мова (ням. Baltische Sprache) як навуковыя тэрміны прапанаваў у 1845 годзе пруска-нямецкі мовазнаўца Георг Нэсэльман (1811—1881), прафэсар унівэрсытэту ў Кёнігсбэргу.

У беларускай і шэрагу іншых моваў уведзены Нэсэльманам тэрмін цалкам супаў з назвай каралеўскай дынастыі германамоўных вэстготаўБалтамі.

Сучасныя тэрыторыі пашыранасьці балтыйскіх моваў ахопліваюць у асноўным Латвію й большую частку Летувы, уздоўж якіх у Польшчы й Беларусі цягнуцца асобныя дробныя арэалы (летувіская мова). Латыская мова пашыраная амаль паўсюдна ў Латвіі (з улікам латгальскага дыялекту), латгальскі дыялект пашыраны на ўсходзе краіны, прытым ягоны арэал звужаецца з поўдня на поўнач. Летувіская мова ўжываецца ў большай частцы Летувы (з улікам жамойцкага дыялекту), абмяжоўваючыся на ўсходзе краіны ля Беларусі (Віленскі край), дзе маюць выкарыстаньне беларуская і польская мовы; разам з тым, зь беларускага боку мяжы ёсьць шэраг астраўных арэалаў мовы, падобным спосабам летувіская мова пашыраная й у Польшчы[1].

Да пачатку ІІ тыс. н. э. гэты арэал гіпатэтычна ўлучаў таксама пэўныя меркаваныя старажытныя балтыйскія мовы і, магчыма, займаў абшары да правых прытокаў верхняй Волгі, верхняга й сярэдняга Паочча ўлучна з сучаснай Масквой і рэк Сейм і Прыпяць на поўдні. Такі арэал можа тлумачыць моўныя кантакты старажытных балтаў зь фіна-вуграмі, германцамі, іранцамі, тракійцамі і ілірыйцамі[2]. Пазьней, у пэрыяд прыкладна да XVIII стагодзьдзя балтыйскі моўны арэал, як мяркуецца, скарачаўся за кошт славянскай калянізацыі і асыміляцыі (Польшча, Беларусь), ваеннай экспансіі (Прусія) або шляхам паглынаньня адных балтыйскіх моваў іншымі (падобным спосабам зьніклі курская, сэлонская, зэмгальская мовы ў Летуве і Латвіі). Рэшткі некаторых асыміляваных балтыйскіх моваў дагэтуль гіпатэтычна адсочваюцца ў лексыцы польскай, беларускай і летувіскай моваў.

Прыкладна да ХХ стагодзьдзя на тэрыторыі сучаснага Зьдзецельскага раёну Беларусі была пашыраная, як мяркуецца, рэліктавая астраўная гаворка летувіскае мовы, вядомая ў літаратуры як зецельская, і якая спалучае ўсходне- й заходнебалтыйскія рысы[3].

Летувіская мапа «балтыйскіх гідронімаў», якая сьцьвярджае колішнюю «балтыйскасьць» (нібы блізкую да летувіскасьці) ня толькі ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, але і ваколіцаў Масквы, Кіева і Варшавы

Меркаваньне пра вялікае пашырэньне балтыйскіх моваў у старажытнасьці грунтуецца на гіпатэтычных рэканструкцыях «балтыйскіх гідронімаў», праведзеных расейскімі савецкімі мовазнаўцамі Алегам Трубачовым і яго вучнем Уладзімерам Тапаровым, якія сьцьвярджаюць колішнюю «балтыйскасьць» (нібы блізкую да летувіскасьці) ня толькі ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, але і ваколіцаў Масквы, Кіева і Варшавы[4]. На падставе гэтых рэканструкцыяў летувіскія аўтары спрабуюць азначаць летувізацыю (нягледзячы на брак гістарычных сьведчаньняў пра «гвалтоўную славянізацыю» мясцовага насельніцтва) як «аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці» — «вяртаньне да каранёў»[5].

Дасьледнік Іван Ласкоў зьвяртае ўвагу на наступную супярэчлівасьць балтыйскіх этымалёгіяў: «Гідранімія Летувы, Латвіі і Ўсходняй Прусіі такімі дасьледнікамі, як А. Трубачоў і Ў. Тапароў і іх школа, без усякага аналізу абвяшчаецца наскрозь балтыйскай, хоць у большай частцы сваёй з балтыйскіх моваў не разьвязваецца. І знайшоўшы дзесьці такія ж, як у Балтыі, тапонімы, балтафілы сьцьвярджаюць: тут былі балты. Даходзіць да сьмешнага: балты, на погляд іх, сягалі аж да Ўфы — на той падставе, мабыць, што назва Ўфа нагадвае летувіска-латыскае ўпэ 'рака'»[6].

Гісторык Вячаслаў Насевіч у якасьці адной з супярэчнасьцяў прыхільнікаў тэорыі «балтыйскіх гідронімаў» упамінае вядомы шэраг тапонімаў, якія знаходзяць паралелі адначасна ў балтыйскіх і фінска-вугорскіх мовах (у прыватнасьці, гідронімы Ловаць, Пола, Тосна, Цна, Нарва ды іншыя). Ён зьвяртае ўвагу на тое, што гідранімію, якая мае простыя аналёгіі ў Летуве і Латвіі, у апошнія дзесяцігодзьдзі выявілі ня толькі ў верхнім Падняпроўі, але і на верхнім Доне, у басэйнах Акі, Віслы і Одэра, а таксама ва ўсёй Наўгародзкай зямлі. Як зазначае Вячаслаў Насевіч, «працягваючы паводле інэрцыі называць гэтую гідранімію „балтыйскай“, лінгвісты блытаюцца самі і заблытваюць чытачоў; яе пакінулі носьбіты старажытных вымерлых моваў, рэшткі якіх захаваліся (у якасьці запазычаньняў) перш за ўсё ў сучасных балтыйскіх мовах, але часткова таксама ў фінскіх»[7].

Яшчэ ў 1991 годзе летувіскі археоляг Вітаўтас Ушынскас прызнаў тое, што гідронімы, абвешчаныя «балтыйскімі», маглі пакінуць носьбіты старажытнай індаэўрапейскай мовы, і што ўласна балтыйскія гідронімы яшчэ трэба выдзяліць[8].

Апроч таго, арэал балтыйскіх моваў спрабуюць пашыраць на падставе гіпатэтычных балтыйскіх этымалёгіяў імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, а таксама адпаведных адыменных прозьвішчаў і тапонімаў (напрыклад, гэта спрабаваў рабіць гісторык часоў падкантрольнай СССР Польскай Народнай Рэспублікі Ежы Ахманскі[9]). Тым часам францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які пэўны час выкладаў ва ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага ў Коўне, на падставе шматгадовых дасьледаваньняў сьцьвердзіў германскае (гоцкае) паходжаньне імёнаў літоўскіх князёў і баяраў[10]. Раймонд Шмітляйн падкрэсьліваў, што гіпатэтычныя балтыйскія этымалёгіі, якія з канца XIX стагодзьдзя распрацоўвалі пэўныя аўтары (у тым ліку Казімер Буга і Райнгольд Траўтман) ня маюць ніякай навуковай вартасьці[11]. Лінгвіст і літаратуразнаўца-мэдыявіст Аляксандар Бразгуноў разглядае літоўскі анамастыкон як славянска-заходнебалтыйскую рэцэпцыю германска-кельцкага іменаслова. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што гіпотэзу пра летувіскі генэзіс імёнаў літоўскіх князёў і баяраў трэба адкінуць як навукова непраўдападобную[12]. Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда зьвяртае ўвагу на тое, што ўсе імёны сярэднявечнай літоўскай шляхты натуральна тлумачацца з усходнегерманскіх моваў і многія зь іх маюць поўныя адпаведнікі сярод усходнегерманскіх імёнаў[13].

Археоляг Васіль Супрун зьвяртае ўвагу на неверагоднасьць «калянізацыі» славянамі меркавана агромністых прастораў балтаў, што дапаўняецца загадкай дзіўнага выжываньня балтаў толькі на паўднёва-ўсходнім ўзьбярэжжы Балтыйскага мора, якое больш за тысячу гадоў ня мела ніякіх перашкодаў-агароджаў ад славянаў[14].

Папулярнаму меркаваньню пра нейкую даўнюю бесьперапынную (ажно да 1918 або 1939 году) масавую моўную славянізацыю (беларусізацыю) гіпатэтычна летувіскамоўнай большасьці жыхароў Літвы ў вузкім сэнсе супярэчыць супастаўленьне статыстычных зьвестак пра колькасьць летувісаў (жамойтаў) на Віленшчыне: 17,56% ад усяго насельніцтва Віленскай губэрні на 1851 год паводле зьвестак расейска-нямецкага навукоўцы Пятра Кёпэна(ru)[15][16] і 17,58% ад усяго насельніцтва губэрні на 1897 год паводле вынікаў усеагульнага перапісу[17]. Увогуле, сьведчаньнем пераважнай беларускамоўнасьці мясцовых жыхароў з даўніх часоў ёсьць даволі хуткі пераход крымскіх татараў, якіх вялікі князь Вітаўт асадзіў у ваколіцах Вільні і Трокаў, менавіта на беларускую мову (а не летувіскую мову або нейкую балтыйска-славянскую мяшанку), што выявілася ў напісаных гутарковай беларускай мовай татарскіх літаратурных помніках (у тым ліку аль-кітабах)[18][19].

Разьмеркаваньне гаплягрупы Y-храмасомы N

Увогуле, сучасная генэтыка не пацьвярджае лучнасьці балтамоўных летувісаў і латышоў з сучаснымі беларусамі і паўночна-ўсходнімі палякамі (якія гіпатэтычна калісьці размаўлялі на блізкіх мовах да летувіскай і латыскай, але ўрэшце перайшлі на славянскія): «хоць балты (латышы і летувісы), у адрознасьць ад нас, фіна-вуграў, гавораць на індаэўрапейскіх мовах, яны паказваюць той жа набор храмасомаў прыкладна з той жа частасьцю, як і фіны, карэлы, эстонцы, саамы ды іншыя фінска-вугорскія групы <…> Адразу за польскай граніцай… ёсьць дзіўная генэтычная мяжа, нягледзячы на тое, што гэтыя дзьве нацыі суседзі… Той жа самы парадокс назіраецца на паўднёвым усходзе: балты і беларусы маюць паміж сабой аналягічную генэтычную сьцяну, і частасьць мутацыі Y-храмасомы ў Беларусі вельмі нізкая»[a].

Грунтуючыся на зьвестках папуляцыйнай генэтыкі, гісторык Вячаслаў Насевіч мяркуе, што летувіскія носьбіты гаплягрупы Y-храмасомы N ёсьць напраўду «балтызаванымі» фінамі[21]. Ён жа зьвяртае ўвагу на тое, што адметнасьці летувіскай і асабліва латыскай мовы збліжаюць іх зь фінска-вугорскімі мовамі[22].

У сучаснай балтыстыцы ў асноўным прыняты наступны варыянт клясыфікацыі балтыйскіх моваў:

  • Заходнебалтыйская падгрупа †
  • Усходнебалтыйская падгрупа

Практычна ўсе заходнебалтыйскія мовы ёсьць на сёньняшні час вымерлымі, вымерлыя мовы сустракаюцца таксама сярод моваў усходнебалтыйскай падгрупы. Заходнебалтыйскія мовы, такія як яцьвяская й галіндзкая, могуць разглядацца як дыялекты прускае мовы. Расейскі савецкі мовазнаўца Уладзімер Тапароў, які доўгі час займаўся дасьледаваньнямі балтыйскіх моваў, акрэсьлівае заходнебалтыйскія мовы пад тэрмінам «вонкавыя», проціпастаўленыя «ўнутраным», то бок усходнебалтыйскім. Сваім парадкам, унутры сучасных балтыйскіх моваў, летувіскай і латыскай, існуюць крос-моўныя (перакрыжаваныя) сувязі між асобнымі дыялектамі (напрыклад жамойцкі («ніжнелетувіскі») — ніжнелатыскі й аўкштайцкі («верхнелетувіскі») — верхнелатыскі).

Адзначаецца большая блізкасьць славянскіх моваў да заходнебалтыйскіх[23].

Унутры індаэўрапейскай сям’і балтыйская група збліжаецца з усходнімі галінамі гэтай сям’і (індаіранскія, славянскія), належачы да ізаглёсы сатэм, прытым з усіх індаэўрапейскіх сатэмных моваў у балтыйскіх мовах сатэмізацыя адбылася менш за ўсё. Асабліва блізкія славянскай групе ўнутры індаэўрапейскай сям’і. Асаблівая блізкасьць дзьвюх групаў тлумачыцца рознымі гіпотэзамі, сярод якіх асноўнымі ёсьць наяўнасьць у мінулым агульнай балта-славянскай мовы (якая вылучылася з праіндаэўрапейскай); прыналежнасьць да адной групы індаэўрапейскіх дыялектаў, што перажыла рад агульных працэсаў і мела геаграфічную блізкасьць; позьняе збліжэньне балтаў і славянаў або паходжаньне славянскіх моваў як адгалінаваньня балтыйскіх; прытым найбольш папулярнай ёсьць гіпотэза пра агульную колішнюю балтыйска-славянскую мову. Назіраюцца таксама сувязі балтыйскіх моваў зь іншымі індаэўрапейскімі мовамі, тракійскай і ілірыйскімі[2].

Лінгвістычная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адносна іншых індаэўрапейскіх моваў балтыйскія мовы праўляюць высокую ступень архаічнасьці[24].

Фанэтыка, фаналёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фаналягічная структура балтыйскіх моваў адзначаецца шэрагам агульных рысаў, рэалізаваных прыкладна на аднолькавым інвэнтары фанэмаў. Уласьцівыя супрацьпастаўленьні палятальных і непалятальных, простых зычных і афрыкатаў, напружаных і ненапружаных галосных. Некаторыя фанэмы ([f, x], у летувіскай таксама [c, d͡z] і [d͡ʒ] у латыскай) сустракаюцца толькі ў запазычаньнях зь іншых моваў. У пачатку словаў дапускаецца сьцячэньне ня больш як з трох зычных; склад можа быць адкрытым і закрытым, а ягоны вакалічны цэнтар можа ўтвараць манафтонг і дыфтонг. Націск у летувіскай мове — вольны, можа падаць на любы склад, у латыскай — заўсёды на першы склад (за выняткам запазычваньняў і ўласных назваў). Ёсьць тон, які мае сэнсаадрозную ролю (латыск. plãns «гліняная падлога», plâns «тонкі»; лет. áušti «астываць», aũšti «сьвітаць»), такую ж ролю мае даўжыня галоснага (лет. butas «кватэра», būtas «былы»)[2].

Імя ў балтыйскіх мовах вызначаецца катэгорыямі роду (мужчынскі, жаночы, сьляды ніякага), ліку (адзіночны, множны, сьляды парнага), склону (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны, клічны, у асобных летувіскіх дыялектах — фіна-вугорскія сьляды). Прыметнік (часам і іншыя часьціны мовы) можа быць поўным і няпоўным, мае тры ступені параўнаньня.

Балтыйскі дзеяслоў адзначаецца катэгорыямі часу (мінулы, цяперашні, будучы), асобы (першая, другая, трэцяя), ладу (у латыскай — уплыў фіна-вугорскіх) і стану[2].

Ядро сказу ў балтыйскіх мовах утварае канструкцыя тыпу «назоўнік у назоўным склоне + дзеяслоў у асабістай форме». Кожная з частак, назоўнік або дзеяслоў, могуць ускладняцца: напрыклад, да назоўніку могуць далучацца прыметнік, іншы займеньнік, прыназоўнік і займеньнік, да дзеяслову — прыслоўе, да асабістага дзеяслову — іншы асабісты дзеяслоў і да т.п. Вялікую ролю ў падобных сынтаксічных пераўтварэньнях адыгрывае родны склон, які можа прымаць на сябе амаль усе зносіны, апрача тых, што ўласьцівыя назоўнаму склону[2].

Лексычны фонд жывых балтыйскіх моваў, а таксама захаваных да цяперашняга часу асобных помнікаў мёртвых моваў пераважна мае спрадвечнае індаэўрапейскае паходжаньне. Такім чынам, балтыйскім мовам характэрнае амаль поўнае адзінства ў лексыцы, што асабліва падкрэсьліваецца адзінствам у галінах словаўтваральных элемэнтаў, службовых словаў, займенных элемэнтаў і ў галоўных сэмантычных галінах: лічэбнікі, тэрміны роднасьці, часткі цела, назвы расьлінаў і жывёлаў, элемэнтаў пэйзажу, нябесных целаў, элемэнтарных дзеяньняў і г.д. Лексычныя адрозьненьні ў асноўным датычаць асобных выключэньняў.

У лексычных дачыненьнях балтыйскія мовы з усіх індаэўрапейскіх набліжаюцца да славянскіх моваў, што тлумачыцца архаічнасьцю і агульным паходжаньнем абедзьвюх групаў; гэтай блізкасьці таксама паспрыялі славянскія запазычваньні ў сацыяльна-эканамічнай, рэлігійнай, бытавой і прафэсійнай лексыцы балтыйскіх моваў. У анамастычнай лексыцы адзначаныя ізаглёсы (формы, па якіх бачнае асаблівае збліжэньне будзь-якіх рысаў) з вымерлай тракійскай мовай, якая належала да індаэўрапейскіх[24].

Ва ўзбагачэньні лексычнага фонду таксама бралі ўдзел германскія і, у асобных дыялектах латыскай мовы, фіна-вугорскія мовы. Інтэрнацыяналізмы ў балтыйскія мовы пранікалі дзякуючы пасярэдніцтву гістарычна больш уплывовых моваў (расейская, польская, нямецкая) або з мовы-арыгіналу[2]. Балтыйскія мовы аказалі лексычны ўплыў на іншыя суседнія мовы. Лексэмы балтыйскага паходжаньня назіраюцца ў мардоўскіх мовах, якія ў мінулым межавалі з крайнімі ўсходнімі межамі балтыйскага арэалу (гл. вышэй), а таксама ў беларускай мове. Сярод беларускіх словаў балтыйскага паходжаньня можна вылучыць дзякла (< лет. doklas) і пуня (< латыск. pūne). Заходнебалтыйскія элемэнты, між іншым, назіраюцца ў тэксьце Іпацьеўскага летапісу[3].

Лічыцца, што балтыйскія народы ня мелі ўласнай пісьмовасьці, атрымаўшы яе ў выніку кантактаў зь іншымі этнасамі.

Першымі ўзорамі пісьменнасьці на балтыйскіх мовах лічацца літургічныя тэксты, якія складаліся нямецкімі місіянэрамі на землях хрысьціянскіх ордэнаў у Балтыцы. Так, на латыскую й прускую мову нямецкімі місіянэрамі перакладаліся малітоўныя тэксты, складаліся слоўнікі гэтых моваў (напрыклад, вядома пра існаваньне двух слоўнікаў прускае мовы для двух асобных дыялектаў). Дзякуючы нямецкім запісам вядомыя й іншыя балтыйскія мовы (у тым ліку мёртвыя: напрыклад, сэлонская, зэмгальская, яцьвяская), але гэтыя пісьмовыя фіксацыі абмежаваныя толькі асобнымі словамі й кароткімі фразамі (вядомы пералік прымавак па-яцьвяску).

Гаворкі, што ляглі ў аснову летувіскае мовы, знаходзіліся на тэрыторыях, што трапілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. За амаль увесь час існаваньня дзяржавы масавых публікацыяў на мове не вялося, летувіскія творы выдаваліся пераважна ў суседняй Прусіі. Найбольш вядомым прыкладам ужываньня летувіскай мовы на тэрыторыях ВКЛ ёсьць летувіскі пераклад Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 году.

З другой паловы XVII стагодзьдзя большая частка латгальскіх зямель трапляе ў склад Рэчы Паспалітай, што абумоўлівае адрыў ад літаратурнага разьвіцьця ў астатняй Латвіі й уплыў каталіцкай традыцыі на літаратурнае разьвіцьцё ў Латгаліі. Гэта прывяло да адрозьненьняў у шрыфце (у Латгаліі не выкарыстоўваўся нямецкі гатычны стыль) і артаграфіі (польскі ўплыў). Празь некаторы час землі, на якіх захоўвалася неасыміляванае балтыйскае насельніцтва, трапляюць у склад Расеі.

Найбольш значнай падзеяй у гісторыі пісьмовасьці балтыйскіх моваў гэтага пэрыяду можна лічыць забарону на кнігадрукаваньне лацінскім альфабэтам па Студзеньскім паўстаньні. Расейскі ўрад пачаў пераводзіць латгальскую й летувіскую пісьмовасьць на кірылічны альфабэт, але ў адказ разгарнуўся рух г.зв. кніганошаў — кнігі лацініцай сталі нелегальна пастаўляцца з замежжа. Лацінскі альфабэт латгальскай і летувіскай моваў дагэтуль мелі сьляды польскага ўплыву (як вынік палянізацыі ў былой Рэчы Паспалітай, дзе пражывалі носьбіты гэтых моваў), латыскі — нямецкага (вынік, адпаведна, нямецкага ўплыву, які захоўваўся і пры расейскай Латвіі празь нямецкіх абшарнікаў).

З другой паловы ХІХ стагодзьдзя латыскі, латгальскі й летувіскі альфабэты паступова пазбаўляюцца польскага й нямецкага ўплыву і пачынаюць працэсы ўнармаваньня. У прыватнасьці, у тры альфабэты пранікаюць літары з дыякрытычнымі знакамі. Працэс нармалізацыі трох альфабэтаў сканчваецца прыкладна ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя, калі з латыскага альфабэту зьнікаюць літары ō, ŗ і дыграф ch. Цяперашнія латыскі й летувіскі альфабэты адрозьніваюцца шырынёю ўжываньня дыякрытычных знакаў (якіх значна больш у латыскім), латгальскі й латыскі альфабэты амаль ідэнтычныя. Ва ўсіх трох альфабэтах няма літараў q, w і x, якія сустракаюцца толькі пры перадачы ўласных назваў. Пры засваеньні інтэрнацыяналізмаў з гэтымі літарамі яны звычайна замяняюцца на kv, v/u, ks адпаведна.

  1. ^ анг. «Although the Balts (the Latvians and Lithuanians) each speak an Indo-European language, unlike us Finno-Ugrians, they exhibit this chromosome pattern roughly as often as do the Finns, the Karelians, the Estonians, the Sámi, and other Finno-Ugrian group. <…> Just across the border in Poland, however, it disappears abruptly. There’s a very striking genetic frontier there… The same paradox exists to the south-east: the Balts and the Belarusians have a similar genetic wall between them, and the frequency of the Y chromosome mutation in Belarus is very low»)[20]
  1. ^ Судник Т. М. Диалекты славянско-литовского пограничья. Очерки фонологических систем. — М.: Наука, 1975.
  2. ^ а б в г д е Топоров В. Н. Балтийские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: 1990.
  3. ^ а б Кибинь А. С. К происхождению зетельского говора // Э.А. Вольтер и балтистика как комплексная дисциплина. — СпБ: 2006.
  4. ^ Тапароў У., Трубачоў А. Лінгвістычны аналіз гідронімаў верхняга Падняпроўя // Спадчына. № 4, 1993. С. 53—62.
  5. ^ Алесь Краўцэвіч: Ліцвінства — выдумка ворагаў, якую падтрымалі дурні, Наша Ніва, 28 сакавіка 2017 г.
  6. ^ Ласкоў І. Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойць // Літаратура і мастацтва, № 19, 1993. С. 14.
  7. ^ Носевич В. Истоки славянства // Предыстория беларусов с древнейших времен до XIII века. — Минск, 2010. С. 467—507.
  8. ^ Ушинскас В. Балты. К проблеме этногенеза // Folia Archaeologica. № 12, 1991. С. 35.
  9. ^ Сіцька З. Утроп Літвы. — Смаленск: Новая школа, 2009. С. 140—142.
  10. ^ Notes de toponymie lituanienne, dans Actes et Mémoires du premier Congrès International de Toponymie et d’ Anthroponymie. — Paris, 1938. P. 221.
  11. ^ Schmittlein R. Toponymes finnois et germaniques en Lituanie // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1948. P. 103.
  12. ^ Бразгуноў А. Генезіс імёнаў вялікіх князёў літоўскіх // Беларуская анамастыка. Гісторыя і сучаснасць: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Менск, 20 красавіка 2010 г.) / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы; рэдкал.: І. Капылоў і інш.]. — Менск: Права і эканоміка, 2010. С. 210.
  13. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 19.
  14. ^ Супрун В. За смугою часу: (даследаванні і меркаванні). — Менск: Полымя, 1994. С. 24—43.
  15. ^ Кеппен П. Об этнографической карте Европейской России. — СПб., 1852. С. 35.
  16. ^ Кеппен П. Девятая Ревизия. Исследование о числе жителей в России в 1851 году. — СПб., 1857. С. 26.
  17. ^ Перепись 1897 года. Виленская губерния, Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
  18. ^ Станкевіч Я. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом. — Вільня, 1933. С. 8—9, 13—16.
  19. ^ Канапацкі І. Татары // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 663—664.
  20. ^ Rislakki J. The Finno-Ugric connection, genetics-wise, could be bigger than imagined (расейскі пераклад артыкула) // Helsingin Sanomat(en). 24.01.2001.
  21. ^ Вячаслаў Насевіч, Этнічнасць нашых продкаў, Пэрсанальны сайт беларускага гісторыка Вячаслава Насевіча, 2023 г.
  22. ^ Вячаслаў Насевіч, Беларусы з перспектывы сучасных генетычных даследаванняў // Даклад на навуковым сэмінары «Пачаткі беларускасці: калектыўныя ідэнтычнасці на землях Беларусі (да 1918 г.)», Варшава, 27 верасня 2024 г.
  23. ^ Мартынаў В. Балтыйскія мовы // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 73.
  24. ^ а б Откупщиков Ю. В. Балтийские языки и индоевропейские рконструкции. — Балто-славянские исследования. Вып. XVII. — М.: 2006. — С. 110—115.
  • Saag L., Laneman M., Varul L. et al. The arrival of Siberian ancestry connecting the eastern Baltic to Uralic speakers further East // Current Biology. Vol. 29 (10), 2019. P. 1701—1711.
  • Амбразас В. Некоторые следы балто-финских контактов в синтаксисе балтийских языков // Проблемы этногенеза и этнической истории балтов. — Вильнюс: Мокслас, 1985. С. 188—196.