Палац Тышкевічаў (Вільня)
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Палац Тышкевічаў
| |
Палац Тышкевічаў
| |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Каардынаты | 54°40′47″ пн. ш. 25°16′42″ у. д. / 54.67972° пн. ш. 25.27833° у. д.Каардынаты: 54°40′47″ пн. ш. 25°16′42″ у. д. / 54.67972° пн. ш. 25.27833° у. д. |
Архітэктурны стыль | барокавая архітэктура[d] |
Аўтар праекту | Лаўрын Гуцэвіч |
Статус | Ахоўная зона |
Палац Тышкевічаў | |
Палац Тышкевічаў на Вікісховішчы |
Палац Тышкевічаў — помнік архітэктуры XV—XIX стагодзьдзяў ў Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на рагу Троцкай і Завальнай вуліцаў. Твор архітэктуры позьняга клясыцызму. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы мураваны будынак збудавалі яшчэ ў XV ст., калі ён належаў панам Жылінскім, пазьней — да роду Карпаў. У 1783 годзе камяніцу рэканструявалі пад палац у стылі позьняга клясыцызму, меркавана паводле праекту архітэктара Лаўрына Гуцэвіча. Аднак гісторык Тэрэсе Дамбраўскайце даводзіць, што зьвесткі пра архітэктара не знаходзяць дакумэнтальнага пацьверджаньня[1].
Праз шлюб Яны Карп зь Міхалам Юзэфам Тышкевічам палац каля 1790 году перайшоў ва ўласнасьць Тышкевічаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 1839 году ўладальнікам палаца быў Юзэф Міхал Тышкевіч, па сьмерці якога палац атрымаў у спадчыну яго сын Юзэф Тышкевіч. У 1840 годзе архітэктар Тамаш Тышэцкі рэканструяваў будынак. У сярэдзіне XIX ст. паводле праекту архітэктара Мікалая Чагіна да палаца прыбудавалі партал з бальконам над ім, які падтрымліваюць два атлянты (скульптары Франчэска Андрыёлі і яго вучань Юзэф Казлоўскі)[2].
Яўстах Тышкевіч, стваральнік Лагойскага і Віленскага музэяў старажытнасьцяў, захоўваў тут частку сваіх археалягічных збораў, якія сталі асновай для першага беларускага музэю. У 1863 годзе ў доме патаемна зьбіраліся паўстанцы. У 1884—1898 гадох у разьмешчаным тут Віленскім акруговым судзе служыў адвакатам Францішак Багушэвіч.
У канцы XIX стагодзьдзя палац набыў Адольф Вэндарф. У траўні 1907 году ў будынак перабралася рэдакцыя газэты «Наша Ніва», якая працавала тут да 1908 году. Менавіта сюды надрукаваць свае творы ўпершыню завітаў Канстантын Міцкевіч (Якуб Колас)[3].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па Першай сусьветнай вайны ўладальнікам палаца стаў старшыня сындыката працаўнікоў друку Канстантын Буконскі, жанаты на дачцы Адольфа Вэндарфа. У будынку разьмяшчалася пякарня Рэзьніка і хлебная крама.
У 1944—1991 гадох у гэтым будынку працавала Віленская спэцыяльная сярэдняя школа падрыхтоўкі начальніцкага складу МУС СССР вучэльні імя Юозаса Барташунаса. Пазьней тут разьмяшчалася Віленская вучэльня права (1991—1997), а ў цокальным паверсе з боку Завальнай вуліцы — аптэка і кавярня. З 1997 году тут разьмяшчаецца архітэктурны факультэт Віленскага тэхнічнага ўнівэрсітэту Гедзіміна.
У 2017 годзе на доме адкрылі мэмарыяльную дошку ў гонар Якуба Коласа[4].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры позьняга клясыцызму. 2-павярховыя карпусы з трох бакоў атачаюць прадаўгаваты замкнёны ўнутраны двор. З паўднёва-ўсходняга боку двор закрываюць іншыя будынкі, у адным зь якіх ёсьць праезд з боку вуліцы. Фрагмэнты гатычнага мура захаваліся ў сьцяне ўсходняга корпуса, які выходзіць на Кейданскую вуліцу. Сьцены цокальнага паверху аздабляюцца рустам. Роўніцы сьценаў другога паверху падзяляюцца паўкалёнамі тасканскага ордэра з канэлюрамі. У авальных нішах пад вокнамі другога паверху — гарэльефныя мужчынскія і жаночыя галовы. Галоўны паўночны фасад выходзіць на Троцкую вуліцу. Уваход вылучаецца парталам з паўкруглай аркай і бальконам, які падтрымліваюць атлянты. Над карнізам у цэнтры галоўнага фасаду, над парталам, узвышаецца франтон хвалістай лініі з гербам Тышкевічаў «Ляліва».
У інтэр’еры захаваліся элемэнты дэкору ў стылі клясыцызму.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Ю. Чаховіч, 1885 г.
-
Я. Булгак, 1915—1916 гг.
-
Я. Булгак, 1915—1920 гг.
-
Я. Булгак, 1915—1937 гг.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Выгляд з боку Троцкай
-
Выгляд з боку Завальнай
-
Балькон з атлянтамі
-
Герб Тышкевічаў
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Čaplinskas A. R. Vilniaus gatvių istorija. Šv. Jono, Dominikonų, Trakų gatvės. Apybraiža. — Vilnius: Charibdė, 1998. P. 274.
- ^ Stankevičienė R. Tiškevičių rūmai // Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. Т. 1. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. P. 495—496.
- ^ Корбут В. Па віленскім бруку. Беларускія вуліцы літоўскай сталіцы [1] // Туризм и Отдых. № 29 (664). 24 ліпеня 2008.
- ^ Кастусь Лашкевіч, 10 адрасоў паўстанцаў Каліноўскага, якія варта наведаць у Вільні, Радыё Свабода, 21 лістапада 2019 г.