Аўтобус

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
МАЗ-103 з адкідным пандусам для інвалідаў у Румыніі

Аўто́бус — аўтамабільны транспартны сродак, які выкарыстоўваецца пераважна ў пасажырскіх перавозках. Умяшчальнасьць аўтобусаў не перавышае 300 чалавек.[1][2] Распаўсюд аўтобусы атрымалі ў якасьці аднаго зь відаў грамадзкага транспарту.

Існуе шмат разнастайнасьцяў аўтобусаў: аднапавярховыя аўтобусы, якія найчасьцей сустракаюцца ў гарадах, двухпавярховыя і сучлененыя аўтобусы, мікрааўтобусы. Для перавозак на вялікія адлегласьці існуюць адмысловыя аўтобусы. Звычайна выкарыстоўваюцца рухавікі ўнутранага згараньня, хоць самыя першыя правобразы выкарыстоўвалі конную і паравую цягу. Тралейбусы маюць электрарухавікі і атрымліваюць электрычнасьць ад кантактнай сеткі, якая, як правіла, знаходзіцца па-над транспартным сродкам.

Вытворчасьць аўтобусаў, як і аўтамабіляў, распаўсюдзілася па ўсім сьвеце, таму аўтобусы амаль аднолькавага выгляду можна сустрэць у розных краінах.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

О́мнібус 1861 году, які запрагаўся канямі
Першы ў сьвеце аўтобус з рухавіком унутранага згараньня. 20 сакавіка 1895 году.

Гісторыя аўтобусаў і грамадзкага транспарту ўвогуле пачалася ў 1662 годзе, калі Блезам Паскалем быў запушчаны першы правобраз аўтобуснай лініі (тады называўся Экіпажам) з конскай цягай. На пачатку яна была даволі папулярнай, але зыйшла ў заняпад, калі дваране падвысілі кошты і дазволілі карыстаньне падобным сэрвісам толькі прадстаўнікам вышэйшай супольнасьці. Праз 15 гадоў лінія скончыла сваё існаваньне,[3] і да пачатку XIX стагодзьдзя не было ніякіх новых падобных намаганьняў.[4]

Правобразы аўтобусаў, не канструкцыяй, але функцыяй, запрагаліся конямі і ўяўлялі зь сябе мадыфікаваны дыліжанс. У 1830-х гадах зьявіліся правобразы аўтобусаў на паравой цязе. Паралельна стварэньню аўтобуса з рухавіком унутранага згараньня разьвівалася ідэя выкарыстаньня электрычнай цягі. Тралейбус быў створаны ў 1886 годзе ў Лёндане і разьвіваў хуткасьць да 11,2 км/г.

Аўтобус Карла Бэнца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы аўтобус з рухавіком унутранага згараньня быў распрацаваны заводам «Бэнц» у 1894—1895 гадах. 18 сакавіка 1895 году аўтобус Карла Бэнца пачаў рэгулярны рух паміж нямецкім горадам Зыген і вёскамі Нэтфэн і Дойц. Аўтобус меў бэнзінавы рухавік магутнасьцю 5 к. с., які, разьвіваючы хуткасьць да 15 км/г, дазваляў пераадольваць увесь маршрут за 1 гадзіну 20 хвілін. Умяшчальнасьць аўтобуса складала 8 чалавек.[5] Канструкцыя аўтобуса ня моцна адрозьнівалася ад папярэднікаў з конскай цягай: аўтобус меў вялізныя колы з драўлянымі сьпічакамі, вадзіцель займаў высокае месца звонку, а пасажыры месьціліся ўнутры тымчасовага «салёну». Аўтобус важыў 1200 кг і каштаваў 6000 нямецкіх марак.[6] Першы гарадзкі аўтобус з рухавіком унутранага згараньня пачаў працу ў Лёндане 12 красавіка 1903 году.

Аўтобус у Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя аўтобусы пачалі зьяўляцца ў Беларусі яшчэ на пачатку XX стагодзьдзя. Гэтак, у 1909 годзе ў Слуцку было адкрытае «Прадпрыемства тэрміновых аўтамабільных зносін», якое набыла 3 нямецкія аўтобусы[7] і чыніла перавозкі па маршрутах Слуцак—Старыя Дарогі і Слуцак—Ляхавічы, каб кампэнсаваць адсутнасьць чыгуначнай сувязі.[8][9] Прыкладна ў той час працавала Віленскае омнібусна-аўтобуснае таварыства, якое наладзіла рух па маршрутах БерасьцеСлуцакБабруйскМагілёў, ВостраўДзьвінскКоўна, БеластокБаранавічы.[10]

Функцыянаваньне рэгулярных гарадзкіх маршрутаў у Беларусі было распачатае ў Менску 23 кастрычніка 1924 году.[11] Тры гарадзкія маршруты абслугоўвалі машыны марак Leyland, «Рэно» і MAN. 7 лістапада 1924 году пачаўся аўтобусны рух у Гомелі, а таксама на лініі Гомель—Навабеліца (цяпер адзін з раёнаў Гомелю). 22 траўня 1925 году быў наладжаны першы міжгародні маршрут Менск—Ігумен.

Віды аўтобусаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аднапавярховы Solaris Urbino 15 CNG III на вуліцы Братыславы
Двухпавярховы Setra S 431 DT у Мангайме
Сучленены Ikarus 417 у Табары
Нізкапольны Mercedes-Benz Citaro у Гілфардзе

У першых аўтобусаў рухавік разьмяшчаўся наперадзе, а дзьверы для ўваходу — ззаду. У працэсе разьвіцьця і спрашчэньня абслугоўваньня аўтобусаў канструкцыйныя ўласьцівасьці аўтобусаў значна зьмяніліся. Цяпер рухавік разьмяшчаецца ззаду ці ў цэнтральнай частцы, а аўтобус мае адні дзьверы наперадзе, ці некалькі. Аўтобусы зь пярэднім разьмяшчэньнем рухавіка выкарыстоўваюцца ў вузкаспэцыяльных галінах, напрыклад, школьныя аўтобусы ў ЗША ці аўтобусы ў краінах зь меней разьвітай эканомікай.

Большасьць аўтобусаў мае дзьве калёсныя пары. Сучлененыя аўтобусы звычайна маюць тры пары. Як правіла, павелічэньне колькасьці калёсных пар патрабуецца для павелічэньня габарытаў, і, як вынік, умяшчальнасьці.

Аднапавярховыя аўтобусы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аднапавярховыя аўтобусы — аўтобусы з аднім узроўнем для пасадкі пасажыраў. Такія аўтобусы звычайна маюць дзьве калёсныя пары, але сустракаюцца і 3-парныя варыянты (напрыклад, МАЗ-107). Рухавік зазвычай разьмяшчаецца ў канцы аўтобуса. У салёне дзьверы разьмяшчаюцца наперадзе (часам выконваюць і ролю дзьвярэй для вадзіцеля), усярэдзіне салёну і ззаду.

Двухпавярховыя аўтобусы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Двухпавярховыя аўтобусы выкарыстоўваюцца, калі патрэбнае павелічэньне ўмяшчальнасьці без павелічэньня гарызантальных габарытаў. Зь сябе яны ўяўляюць аднапавярховыя аўтобусы з дадатковым узроўнем для пасажыраў, пад’ём на які ажыцьцяўляецца празь лесьвіцу, звычайна вінтавую. Двухпавярховыя аўтобусы выкарыстоўваюцца як у гарадзкім руху, гэтак у міжгароднім і міжнародным. Выкарыстоўваюцца на турыстычных маршрутах. Сымбалем двухпавярховых аўтобусаў стаў Рутмастэр, які да апошняга часу выкарыстоўваўся ў Лёндане.

Сучлененыя аўтобусы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучлененыя аўтобусы ўяўляюць зь сябе звычайныя аднапавярховыя аўтобусы, якія падоўжаныя дадатковай часткай, счэпленай з галаўной адмысловым прыстасаваньнем, якое празванае «гармошкай».[12] Рухавік у такіх аўтобусах можа разьмяшчацца як у галаўной частцы (цягнучая схема), так і ў хваставой (штурхаючая схема).[13]

Нізкападлогавыя аўтобусы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нізкападлогавыя аўтобусы (напр., МАЗ-205) адрозьніваюцца ад звычайных тым, што ня маюць на выхадах для пасажыраў прыступак. Такія аўтобусы болей даступныя для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. На самой справе, у большасьці нізкападлогавых аўтобусаў прыступак няма толькі ў пярэдніх выхадаў, а задні мае прынамсі адну прыступку: ззаду разьмяшчаецца рухавая частка абсталяваньня, а прывад ажыцьцяўляецца на заднюю калёсную пару.

Тралейбусы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Тралейбус

Канструкцыйна тралейбус зь сябе ўяўляе аўтобус, які замест рухавіка ўнутранага згараньня мае электрарухавік, які сілкуецца ад кантактнай сеткі. Тралейбусы зьявілія амаль у той жа час, што і аўтобусы, і цяпер выкарыстоўваюцца як від грамадзкага транспарту. Тралейбусы таксама бываюць адна- і двухпавярховыя, нізкападлогавыя, сучлененыя і гэтак далей. Некаторыя тралейбусы ствараюцца на базе аўтобусаў, таму маюць уніфікаваныя вузлы.[14]

Даступнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паколькі ў розных краінах робяцца захады па пашырэньню даступнасьці ўсіх сфэраў жыцьця для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, у аўтобусах таксама ствараюцца прыстасаваньні для павелічэньня даступнасьці. Першапачаткова існавалі адмысловыя аўтобусы, але пазьней даступныя магчымасьці займелі і звычайныя аўтобусы, якія выкарыстоўваюцца ў гарадзкіх пасажырскіх перавозках. У адных аўтобусах гэта ліфты для інвалідных калясак, у іншых — выдвіжныя пандусы для заезду ў салён. Таксама некаторыя аўтобусы маюць болей шырокія дзьверы. Нізкапольная канструкцыя кузава таксама павышае даступнасьць аўтобуса для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.

Экалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачынаючы з 1930-х гадоў, перавозчыкі і вытворцы аўтобусаў экспэрымэнтавалі з рухавіком у пошуках альтэрнатывы дызэльнаму рухавіку, які і на сёняшні дзень зьяўляецца стандартным відам рухавіка ў аўтобусе. За ўвесь час існаваньня аўтобусаў найбольш пасьпяховымі былі экспэрымэнты з электрарухавіком, гібрыдным рухавіком, рухавікамі на сьціснутым прыродным газу і біядызэлі. У 1940-х гадох таксама праводзіліся экспэрымэнты з гірабусам, але ён не набыў папулярнасьці.

Шляхі выкарыстаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грамадзкі транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш агульным шляхам выкарыстаньня аўтобусаў зьяўляюцца мескія, міжмескія і міжнародныя пасажырскія перавозкі. Прынцыпы дзеяньня транспарту ў розных краінах сьвету адрозьніваюцца, розныя і канструкцыйныя асаблівасьці аўтобусаў, якія залежаць непасрэдна ад прызначэньня сродку транспарту. Звычайна аўтобусы рухаюцца па перадвызначаных маршрутах згодна папярэдне складзенага раскладу руху, супыняючыся на адмыслова наладжаных пунктах для пасадкі і высадкі пасажыраў; у некаторых выпадках расклад руху і напрамкі могуць зьмяняцца ў залежнасьці ад розных фактараў. Аўтобусны рух ладзіцца адмысловымі прадпрыемствамі прыватнай ці дзяржаўнай формы ўласнасьці.

Школьныя аўтобусы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Школьны аўтобус у Нью-Ёрку, ЗША.

У некаторых краінах, асабліва ў ЗША і Канадзе, установы адукацыі забясьпечваюць дастаўку навучэнцаў ад сваіх дамоў да школаў ці каледжаў. Яны фарбуюцца ў жоўты школьны аўтобусны колер (па-ангельску: School bus yellow) ў ЗША, каб быць болей заўважанымі ў аўтамабільным патоку. У Беларусі школьныя аўтобусы фарбуюцца ў жоўты ці аранжавы колер, а таксама маюць тэхнічныя застасаваньні для абмежаваньня хуткасьці аўтобуса да 60 км/г і забесьпячэньня бясьпекі ўнутры.[15]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Альтэрнатыва метро. Звязда. Архіўная копія
  2. ^ China’s longest bus unveiled in Shanghai Архіўная копія
  3. ^ La préhistoire des transports urbains  (фр.)
  4. ^ 10 août 1826: Premiers omnibus à Nantes  (фр.)
  5. ^ Karl Benz builds the world’s first bus (анг.). Mercedes-Benz. Архіўная копія
  6. ^ The first buses make do with a single-cylinder engine (анг.). Mercedes-Benz. Архіўная копія
  7. ^ Транспорт, Слуцкі раённы выканаўчы камітэт  (рас.)
  8. ^ Ціткоўскі І. Слуцк чыгуначны: учора і сёньня. Інфа-Кур’ер, 9 жніўня 2010 году
  9. ^ В поисках утраченного, Беларусь Сегодня  (рас.)
  10. ^ Гісторыя грамадзкага транспарту ў Баранавічах Архіўная копія
  11. ^ История минского автобуса (рас.) Архіўная копія
  12. ^ У Віцебску паступова знікнуць «Ікарусы» з так званай «гармошкой», Народныя навіны Віцебска
  13. ^ В. Арлоў, «Сочлененники» готовятся в рейс, «Основные Средства» №10/2008  (рас.)
  14. ^ Троллейбус МАЗ-103Т (рас.) Архіўная копія
  15. ^ Школьныя аўтобусы памалююць у жоўты й аранжавы колеры. Польскае радыё для замежжа. Архіўная копія

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтобуссховішча мультымэдыйных матэрыялаў