Антон Луцкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Антон Луцкевіч
Anton Luckievič, kartka.jpg
Прэм’ер-міністар БНР
1918 — 1919
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 17 (29) студзеня 1884
Шаўлі, Ковенская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 23 сакавіка 1942 або 30 лістапада 1943[1]
перасыльны пункт Аткарск, Саратаўская вобласьць, РСФСР, СССР
Партыя: Беларуская сацыялістычная грамада, Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя
Дзеці: Лявон Луцкевіч[2] і Юрый Луцкевіч[d]
Бацька: Ян Баляслаў Луцкевіч
Адукацыя: Мінская мужчынская гімназія[d], Санкт-Пецярбурскі дзяржаўны ўнівэрсытэт і Тартускі ўнівэрсытэт
Антон Луцкевіч
[[Файл:{{{Партрэт}}}|200пкс]]
POL COA Nowina.svg
Герб Навіна
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 17 студзеня 1884
Шаўлі, Ковенская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 23 сакавіка 1942
Аткарск, Саратаўская вобласьць, Расейская Савецкая Фэдэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка, СССР
Пахаваны Аткарск
Род Луцкевічы
Бацькі Ян Баляслаў
Зоф’я Эмерыкава з Лычкоўскіх
Жонка Зоф’я з Абрамовічаў
Дзеці два сыны
Рэлігія рыма-каталік
Дзейнасьць палітык, журналіст, мовазнаўца, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык і выдавец

Анто́н Луцке́віч (29 студзеня [ст. ст. 17 студзеня] 1884, Шаўлі, Ковенская губэрня — 23 сакавіка 1942 або 30 лістапада 1943[1], перасыльны пункт Аткарску, Саратаўская вобласьць) — адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху ў ХХ ст., гісторык, літаратуразнаўца, публіцыст. Брат Івана Луцкевіча.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Антон Луцкевіч у часе вучобы ў Юр’еўскім унівэрсытэце. 1910-я гады

Нарадзіўся 29 студзеня 1884 году (па новым стылі) ў г. Шаўлі Ковенскай губэрні. Паходзіў з шляхецкага роду гербу «Навіна». Брат Івана Луцкевіча.

У 1902 годзе скончыў Менскую гімназію. Вучыўся на фізыка-матэматычным факультэце Пецярбурскага ўнівэрсытэту, юрыдычным факультэце Дэрпцкага ўнівэрсытэту. Адзін з заснавальнікаў у 1903 годзе Беларускай рэвалюцыйнай грамады (пазьней — Беларуская сацыялістычная грамада). Арыштаваны ў Менску ў 1904 годзе за распаўсюджваньне партыйнай літаратуры, выпушчаны з пазбаўленьнем права пакідаць горад. У лютым 1906 году перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Уваходзіў у склад рэдакцый газэтаў «Наша доля» й «Наша ніва». Першы артыкул апублікаваў у 1906 годзе ў № 1 газэты «Наша доля». Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Нашай нівы», з 1913 зь Беларускім выдавецкім таварыствам. З 1911 году — саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веды» Б. Даніловіча, з 1914 году — яе ўладальнік.

Пасьля акупацыі Вільні ў 1915 годзе нямецкімі войскамі ўзначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адзін з выдаўцоў газэты «Гоман». У 1915 годзе з братам, паэтэсай Цёткай (А. Пашкевіч) і іншымі заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ), узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК). Адзін з ініцыятараў Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. У 1916 годзе БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году выказваўся за ўключэньне ў склад будучай беларуска-літоўскай дзяржавы ўсіх беларускіх зямель, за наданьне дзяржаўнага статусу ўсім мясцовым мовам, школьнае навучаньне на роднай мове. На Беларускай канфэрэнцыі 1918 абраны старшынём Віленскай беларускай рады (ВБР)[3]. 18 сакавіка 1918 году кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, быў ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Пасьля расколу БСГ адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У верасьні 1918 году прызначаны Радай БНР Старшынём Народнага сакратарыяту й народным сакратаром замежных справаў (з кастрычніка 1918 году — Старшыня Рады Народных Міністраў і міністар замежных справаў БНР). У верасьні — пачатку кастрычніка 1918 году ўзначальваў беларускую надзвычайную дэлегацыю, якая наведала Ўкраіну, сустракалася з гетманам П. Скарападзкім. 3 сьнежня 1918 Рада і ўрад БНР на чале з А. Луцкевічам пераехалі ў Вільню, 27 сьнежня — у Гародню. 14 сьнежня 1918, 2 і 3 студзеня 1919 году Луцкевіч накіраваў ноты пратэсту польскаму ўраду супраць далучэньня да Польшчы Беластоцкага, Бельскага й Аўгустоўскага паветаў. У канцы сакавіка 1919 году перад пагрозай польскай акупацыі Гарадзеншчыны й Віленшчыны ён і некаторыя чальцы ўраду БНР выехалі ў Бэрлін. Дамагаўся таго, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыскай мірнай канфэрэнцыі. У Бэрліне склаў мэмарандум, які быў уручаны старшыні канфэрэнцыі. Па запрашэньні міністра-прэзыдэнта Польшчы І. Падарэўскага выехаў з Парыжу ў Варшаву, дзе ў пачатку верасьня 1919 году быў інтэрнаваны. 1 сьнежня 1919 году вярнуўся ў Менск. Пасьля расколу Рады БНР з 13 сьнежня 1919 году — Старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР.

Антон Луцкевіч

Не знайшоўшы паразуменьня з Польшчай, 28 лютага 1920 году падаў у адстаўку і выехаў у Вільню. Там аднавіў выданьне газэты «Наша ніва» (выйшла 9 нумароў), да канца 1920 году склаў і выдаў зборнікі «Наша ніва» і «Памяці Івана Луцкевіча». У ліпені — жніўні 1920 году зьняволены бальшавікамі. З 1921 году — старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. У ліпені 1921 году заснаваў Беларускую школьную раду, якая пазьней зьлілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Яго намаганьнямі пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) арганізаваны Беларускі музэй імя І. Луцкевіча. У 1922 годзе ўзначаліў у Вільні Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт, распрацаваў тактыку й структуру Беларускага пасольскага клубу.[3] Пасьля ўтварэньня ў 1925 годзе Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) працаваў у яе рэдакцыйным камітэце, куды быў запрошаны С. Рак-Міхайлоўскім. Арыштаваны польскімі ўладамі ў кастрычніку 1927 году, абвінавачаны ў супрацоўніцтве зь нямецкай і савецкай разьведкай; апраўданы судом у пачатку 1928 году. У 1928 годзе арыштоўваўся яшчэ раз і зноў апраўданы. У сярэдзіне 1929 году А. Луцкевіч выключаны з ТБШ, дзе камуністы мелі моцныя пазыцыі. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюзу культурных і гаспадарчых арганізацыяў (Цэнтрасаюзу), які адмаўляў рэвалюцыйныя мэтады змаганьня з санацыйным рэжымам Ю. Пілсудзкага й выступаў за парлямэнцкія мэтады барацьбы. Незадавальненьне КПЗБ выклікала крытыка А. Луцкевічам нацыянальнай і аграрнай палітыкі, якую савецкае кіраўніцтва пачало ў 1929 годзе, асабліва артыкул «Цень Азефа» (1930), дзе ён даў рэзка адмоўную характарыстыку Сталіну й яго акружэньню. Антон Луцкевіч праяўляў вялікую актыўнасьць у галіне культурна-публіцыстычнай, між іншым быў старшынём Беларускага навуковага таварыства. У 1930 годзе польскія ўлады забаранілі дзейнасьць Беларускага выдавецкага таварыства, якім кіраваў Антон Луцкевіч. У 1931 годзе звольнены з работы ў Віленскай беларускай гімназіі. Антон Луцкевіч стаў аб’ектам палітычных спэкуляцый і нападаў. У гэты час выявіліся супярэчнасьці паміж лідэрамі Цэнтрасаюзу. Яго старшыня Ф. Акінчыц крытыкаваў А. Луцкевіча за марксісцкі сьветапогляд. 3 абвінавачваньнямі ў палітычных праліках выступілі ў друку і хрысьціянскія дэмакраты. У 1933—1939 гадах беларускія газэты яго не друкавалі. Антон Луцкевіч выступаў пераважна ў газэце «Przeglad Wileński» («Віленскі агляд»), часопісе «Калосьсе», «Гадавіку» Беларускага навуковага таварыства. Адышоў ад палітычнай дзейнасьці, працаваў у БНТ і Беларускім музэі, выступаў зь лекцыямі й рэфэратамі.

Пасьля ўступленьня ў Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі яго запрасілі на сход беларускай інтэлігенцыі. У верасьні 1939 году арыштаваны бальшавікамі ў Вільні й перавезены ў Менск. Асобай нарадай НКВД СССР прыгавораны да 8 гадоў канцлягераў. Памёр у саратаўскай вязьніцы НКВД. Быў пахаваны ў спэцсэктары камунальных могілак Аткарску.

Рэабілітаваны ў 1989 годзе.

Навуковая дзейнасьць і публіцыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы артыкул «Што будзе?» надрукаваў у газэце «Наша доля» (1906, № 1). Паступова стаў вядучым беларускім публіцыстам. У артыкулах і нататках пачатку ХХ ст. крытыкаваў аграрную й нацыянальную палітыку царызму, выказваўся за сацыяльнае й нацыянальнае вызваленьне беларускага народу, асуджаў нацыяналізм («Краёвае становішча», 1914). Разьвіцьцё беларускага вызваленчага руху зьвязаў з разьвіцьцём капіталістычных адносінаў і станаўленьнем нацыянальнай буржуазіі («Эканамічная эвалюцыя і беларускі рух», 1917). Склаў курсы лекцый па фанэтыцы й этымалёгіі. У 1917 годзе выдаў працу «Як правільна пісаць па-беларуску», у 1918 годзе (разам з Я. Станкевічам) — «Беларускі правапіс». Аўтар брашуры «Польская акупацыя на Беларусі» (1920), працы «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» (1928, прысьвечаная гісторыі БРГ і БСГ). Дасьледаваў гісторыю нарадавольніцкага руху, выступаў з дакладамі й рэфэратамі па гэтым пытаньні. Вывучаў мову скарынаўскіх выданьняў і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 году («Чатырохсотледце першага кодэксу беларускага права», 1929; «Статут Вялікага Княства Літоўскага на фоне эвалюцыі нацыянальных адносін у Беларусі», 1930, і інш.). Аўтар зборнікаў літаратурна-крытычных працаў «Нашы песьняры» (1918), «Адбітае жыцьцё» (1929). Апублікаваў шэраг працаў па гісторыі беларускай культуры, мастацтва й літаратуры: «Пуцяводныя ідэі літаратуры», «Жыдоўскае пытаньне ў беларускай літаратуры» (абедзьве 1921), «Вязьніца Адама Міцкевіча» (1923), «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалёгіі і адбіцьце яе ў літаратуры» (1926) і інш. Асобныя артыкулы і нататкі прысьвяціў жыцьцю і творчасьці М. Багдановіча, А. Бурбіса, М. Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Ф. Багушэвіча, Я. Коласа, Я. Купалы, Цёткі, К. Сваяка й інш. Пераклаў на беларускую мову працу М. Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі» (1919), «Элемэнтарную альгебру» А. Кісялёва і падручнік В. Остэрлёфа і Я. Шустэра «Сусьветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» (1921), адзін зь перакладчыкаў Новага запавету і Псалтыра (Хэльсынкі, 1931) і інш.

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

7 сакавіка 2018 году ў Менску ў рамках мерапрыемстваў да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі быў усталяваны памятны знак у гонар братоў Антона й Івана Луцкевічаў. Памятны знак разьмешчаны на месцы дамоў Зоф’і Луцкевіч па колішняй Садовай вуліцы (цяпер парк імя Янкі Купалы), дзе браты жылі ў 1896—1906 гадах[4].

У прыватным музэі Анатоля Белага ёсьць памятная дошка «Заснавальнікам БНР», на якой разьмешчаны, сярод іншых, барэльеф Антона Луцкевіча[5].

На віленскіх могілках Роса месьціцца кенатаф Антона Луцкевіча.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Белорусы. СПб., 1909;
  • Нашы песьняры: літаратурна-сацыяльныя нарысы. Вільня, 1918;
  • Ekanamičnaja ewalucyja i biełaruski ruch. Wilnia, 1918;
  • Польская акупацыя на Беларусі. Вільня, 1920;
  • Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры. Вільня, 1921;
  • Вільня ў беларускай літаратуры. Вільня, 1925;
  • За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых беларускіх паліт. арганізацый. Вільня, 1928 (перавыданьне: Мн., 1991);
  • Адбітае жыцьцё. Вільня, 1929;
  • Янка Купала як прарок адраджэньня: Публічная лекцыя, чытаная ў Вільні, Рызе і Дзьвінску. Вільня, 1932(33);
  • Białorusini i ich organ «Homan». Lwów, 1935;
  • Злучаныя Штаты ад Балтыкі да Чорнага мора // Свабода. 1990. № 2;
  • Дзённік // Полымя. 1990. № 4—5;
  • Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва / Укладанне, прадмова, камэнтары, індэкс імёнаў, пераклад з польскай і нямецкай А. Сідарэвіча. Мінск, 2006.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР / Подг. к печати, введение и комментарии В. Н. Михнюка, Н. М. Климовича и А. Н. Гесь. Мн., 1997;
  • БП, т. 4;
  • Бяляцкі А. У іпастасі літаратурнага крытыка // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
  • Бяляцкі А. Антон Луцкевіч // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. Мн., 1999. Т. 2;
  • За дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Дакументы і матэрыялы… Лёндан, 1960;
  • Каханоўскі Г. Бацька Івана і Антона // ЛіМ. 1990. 2 лістап.;
  • Конан У. Антон Луцкевіч: філасофія і эстэтыка нац. Адраджэння // Голас Радзімы. 1994. 10 сак. — 7 крас.;
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Сідарэвіч А. М. Антон Луцкевіч: ад краёвасці да незалежніцтва (1916—1918) (агляд крыніцаў БДАЛМ) // Архіўныя чытанні І-ІІІ: матэрыялы навуковых канферэнцый, Мінск, 2003—2005 гг. / Укл.: Г. В. Запартыка і інш.; навук. рэд. А. В. Мальдзіс. Мінск: РІВШ, 2006. С. 209—222.
  • Сідарэвіч А. Антон Луцкевіч і Янка Купала // Тэрмапілы. 2003. № 7. С. 161—204.
  • Сідарэвіч А. Антону Луцкевічу — 120 // Наша слова. 2004. 25 студзеня. № 4. С. 5.
  • Сідарэвіч А. Вучаніца і настаўнік: супраца // Дзеяслоў. 2003. № 7. С. 177—181.
  • Сідарэвіч А. 3 жыцця Антона Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 18, 25 студз., 1 лют.;
  • Сідарэвіч А. Луцкевічы і Луцэвіч. Мінск: Фонд імя братоў Луцкевічаў, 2003. 58 с.
  • Сідарэвіч А. Маленькая містыфікацыя // Наша ніва. 2006. 3 лютага. № 5. С. 34-36;
  • Сідарэвіч А. Падзеі ў Віленскай Беларускай гімназіі і А.Луцкевіч. Беларуская санацыя і нацыянал-фашызм // Наша слова. 2004. 28 красавіка. № 16. С. 3-4.
  • Сідарэвіч А. Хроніка пераломнага часу: А.Луцкевіч як ідэолаг і правадыр нацыянал-фашызму і нацыянал-дэмакратыі // Дзеяслоў. 2004. № 1. С. 167—192;
  • Сидоревич А. Антон Луцкевич: Главы из книги // Нёман. 1990, № 7;
  • Тарасюк Л. Беларуская паэзія пачатку XX ст. ў ацэнках А. Навіны (Луцкевіча) // Веснік БДУ. Сер. 4. 1994. № 2;
  • ЭГБ, т. 4;
  • Янушкевіч Я. Луцкевічы // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. Вып. 4. Мн., 1994;
  • Bergman A. Antoni Łuckiewicz (1884—1946). Szkic biograficzny // Przegląd Historyczny. 1974. T. LXV, y. 4.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Атрымана пасведчанне аб смерці Антона Луцкевіча «Наша Ніва», 2 чэрвеня 2011
  2. ^ а б Лявон Луцкевіч
  3. ^ а б ЭГБ, т.4
  4. ^ Максім Ляшко (7 сакавіка 2018) У парку Янкі Купалы ў Мінску ўсталявалі мемарыяльную дошку ў гонар братоў Луцкевічаў. nn.by. Праверана 7 сакавіка 2018 г. Архіўная копія ад 7 сакавіка 2018 г.
  5. ^ Вячаслаў Кулік Створаны першы помнік заснавальнікам БНР. svaboda.org. Архіўная копія ад 22 студзеня 2018 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Антон Луцкевічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў