Перайсьці да зьместу

Атэны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Атэны
грэц. Αθήνα
Герб Атэнаў
Дата заснаваньня: каля VII тысячагодзьдзе да н. э.
Краіна: Грэцыя
Правінцыя: Атыка
Кіраўнік: Костас Бакаяніс[d]
Плошча: 38,964 км²
Вышыня: 70—338 м н. у. м.
Насельніцтва:
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: 21
Паштовыя індэксы: 10x xx, 11x xx, 120 xx
Нумарны знак: BK, BM, BN, BP, HY, IA, IB, IE, IK, IM, IO, IP, IT, IX, IY, IZ, OA, TT, XE, XH, XP, XT, XX, XY, XZ, YA, YB, YE, YH, YZ, ZH, ZK, ZM, ZZ
Нумарныя знакі: Yxx, Zxx, Ixx
Геаграфічныя каардынаты: 37°59′3″ пн. ш. 23°43′41″ у. д. / 37.98417° пн. ш. 23.72806° у. д. / 37.98417; 23.72806Каардынаты: 37°59′3″ пн. ш. 23°43′41″ у. д. / 37.98417° пн. ш. 23.72806° у. д. / 37.98417; 23.72806
Атэны на мапе Грэцыі
Атэны
Атэны
Атэны
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.cityofathens.gr

Атэ́ны (па-грэцку: Αθήνα) — сталіца і найбуйнейшы горад Грэцыі. Месьціцца ў Цэнтральнай Грэцыі й ёсьць эканамічным, культурным і адміністрацыйным цэнтрам краіны. У раёне Атэнаў пражывае да 3,7 мільёнаў чалавек, што складае 1/3 ад агульнай колькасьці насельніцтва Грэцыі. Такім чынам на 1 км² прыпадае 7400 чалавек. Вышыня цэнтру гораду над узроўнем мора складае 20 мэтраў, у той час як рэльеф тэрыторыі гораду вельмі разнастайны, з раўнінамі і гарамі. Тэрыторыя Атэнскай аглямэрацыі — 412 км². Гэтая тэрыторыя аточаная гарамі: Эгалео (па-грэцку: Αιγάλεω), Парніта (Πάρνηθα), Пэндэлі (Πεντέλη) і Іміто (Υμηττό). Места ёсьць адным з найстаражытнейшым местам сьвету, то бок ягоная гісторыя налічвае 3400 гадоў.

Старажытныя Атэны, як горад-дзяржава, былі вельмі магутнымі ў клясычны пэрыяд Антычнасьці. Горад быў цэнтрам мастацтва, адукацыі і філязофіі. У Атэнах зьявіліся плятонаўская акадэмія і ліцэй Арыстотэля[2]. Атэны часта ўзгадваюць як калыску заходняй цывілізацыі і месца зьяўленьня дэмакратыі[3][4], у асноўным дзякуючы культурным і палітычным дасягненьняў места цягам V і IV стагодзьдзяў да н. э.[5]. Сёньня Атэны ёсьць касмапалітычным мэгаполісам, а сучасны горад займае цэнтральнае месца ў эканамічным, фінансавым, прамысловым, палітычным і культурным жыцьці Грэцыі.

Спадчына клясычнае эпохі па-ранейшаму выяўляецца ў горадзе ў старажытных помніках і твора’ мастацтва, самым вядомым зь якіх ёсьць Партэнон, які лічыцца галоўнай славутасьцю гораду эпохі раньняй Заходняй цывілізацыі. У горадзе таксама захоўваюцца старажытнарымскія і бізантыйскія помнікі, а таксама меншы лік асманскіх помнікаў.

Багіня Атэна.

У старажытнасьці назва гораду існавала ў множным ліку — (па-грэцку: Ἀθῆναι) [atʰɛ̑ːnaɪ]. Але ў 1970-х гадох назва набыла свой сучасны выгляд — Αθήνα [aˈθina].

Зь міталёгіі вядома, што горад атрымаў свой назоў у гонар багіні Атэны. Легенда сьцьвярджае, што першы цар Атэнаў Кекроп, што быў напалову чалавекам і напалову зьмяёй, павінен быў вырашыць, хто будзе апекуном гораду. Сярод кандыдатураў былі толькі Атэна й Пасэйдон. Было пастаноўлена зладзіць спаборніцтва — хто зробіць найлепшы падарунак, той і будзе апекуном. Першым грукнуў сваім трызубцам Пасэйдон, і зь зямлі выбілася крынічка. Але вада апынулася салёнай.

Пасьля ж таго як па зямлі грукнула Атэна тут жа вырасла маленькае аліўкавае дрэўца. Гэты падарунак вельмі спадабаўся Кекропу й ён абраў Атэну ў якасьці апекуна, назваўшы нават свой горад ейным імём. Але праз тое, што цар ня абраў Пасэйдона, у горадзе пачало бракаваць вады. Гэты недахоп адчуваецца й па сёньня.

Іншая вэрсія распавядае, што назва гораду пайшла ад слова Атан (άθος), што блізка да слова «кветкі» (άνθος).

Атэны былі важным местам на працягу большага пэрыяду росквіту грэцкае культуры. У часы залатога веку каля 500 да н. э. да 300 да н. э. горад быў цэнтрам культуры й інтэлігенцыі, зьяўляючыся калыскай заходняй цывілізацыі. Пасьля залатога веку Атэны пакінулі свой статус заможнага гораду і цэнтру культуры й ведаў да эпохі Рымскай імпэрыі.

Мапа з пазначэньнем Першага атэнскага марскога зьвязу, які паўстаў да Пэляпанэскай вайны ў 431 году да н. э.

Філязофскія школы былі зачыненыя ў 529 годзе на загад імпэратара Бізантыі Юстыніяна I. Зь цягам часу Атэны страцілі сваю велічнасьць і ператварыліся ў правінцыяльнае мястэчка. З XIII да XV стагодзьдзя на горад прэтэндавалі бізантыйскія, італьянскія й францускія рыцары з Лацінскае імпэрыі, але ў 1458 годзе, горад быў падпарадкаваны турэцкім войскам і ўвайшоў у склад Асманскай імпэрыі. Насельніцтва гораду скарацілася ў сувязі з пагаршэньнем умоваў жыцьця пасьля падзеньня грэцкай імпэрыі. Многія раёны гораду (у тым ліку і старадаўнія будынкі) былі зьнішчаныя цягам XVII—XIX стагодзьдзяў, а горад кантралявалі некалькі груповак. Неспрыяльна адбіліся на Атэнах і частыя войны паміж Турэччынай і Вэнэцыянскай рэспублікай. Гэтак, падчас штурму гораду войскамі вэнэцыянскага генэрала Франчэска Маразыні 22 верасьня 1687 году артылерыяй вэнэцыянцаў быў разбураны Партэнон.

Атэны былі пустэльнымі й амаль бязьлюднымі, калі яны сталі сталіцай новага Грэцкага Каралеўства ў 1833 годзе. У наступныя дзесяцігодзьдзі горад, адпаведна статусу, буйнеў і разьвіваўся. У 1923 годзе горад зьведаў буйное пашырэньне пасьля Малаазійскай катастрофы, калі хаатычна былі створаныя новыя раёны для ўцекачоў з Малой Азіі.

Па Другой сусьветнай вайне горад быў акупаваны нямецкім войскам. 21 красавіка 1967 году быў зладжаны ўзброены пераварот, калі ў краіне ўсталяваўся вайсковы рэжым. У 1974 годзе ў Грэцыі зноўку аднавіўся дэмакратычны лад. У 1980-я гады стала відавочным, што смог з заводаў і сталае павелічэньне колькасьці самаходаў на вуліцах гораду, а таксама брак належнай свабоднай прасторы празь перагрузку, ператварыліся ў найбольш важныя праблемы Атэнаў. Шэраг захадаў супраць забруджваньня, зробленых уладамі гораду ў 1990-х гадах, у спалучэньні з значным паляпшэньнем інфраструктуры гораду, значна зьмякчыла забруджваньне і ператварылі Атэны ў значна больш функцыянальны горад. У 2004 годзе Атэны зладзілі летнюю Алімпіяду 2004 году. Да гэтага спартовага сьвята было пабудавана значная колькасьць новых спартовых аб’ектаў, але, нажаль, частка зь іх была закінутая пасьля Алімпіяды і ніколі больш не выкарыстоўвалася.

Атэны месьцяцца ў цэнтральнай раўніне Атыкі. З усіх бакоў горад аточаны гарамі, як то Эгалео (з захаду), Парніта (з поўначы), Пэндэлі (з паўночнага-ўсходу) і Іміто (з усходу). З паўднёвага-захаду абмываецца залівам Сароніка. Горад падзелены ракой Кіфіса, што цячэ з Пэндэлі-Парніты, аддзяляе Пірэй ад астатняй часткі Атэнаў.

Асаблівасьці мясцовасьці выклікаюць эфэкт тэмпэратурнай інвэрсіі, праз якую ўтвараецца падвышанае забруджваньне. Амэрыканскі горад Лос-Анджэлес мае аналягічныя цяжкасьці з забруджваньнем атмасфэры.

Глеба ў Атэнах камяністая й амаль неўрадлівая, складаецца з атэнскага лупняку й вапняку.

Панарамны выгляд на Атэны.

Атэны маюць субтрапічны засушлівым клімат у той час, калі паўднёвай частка гораду месьціцца ў паўпустэльні, з надзвычай доўгім пэрыядам сонечнай актыўнасьці на працягу году (2884 сонечных гадзінаў на год[6]) і са значнай колькасьцю ападкаў, якія назіраюцца пераважна зь сярэдзіны кастрычніка да сярэдзіны красавіка. У летні час ападкі звычайна прымаюць форму залеваў з навальніцай. Дзякуючы свайму разьмяшчэньню ў дажджавым цені за гарой Парніта, атэнскі клімат значна больш сухі ў параўнаньні зь іншымі месцамі Міжземнаморскай Эўропы. У гарыстых паўночных прадмесьцях, у сваю чаргу, існуе некалькі іншая кліматычная мадэля, якая мае, як правіла, больш нізкія тэмпэратуры на працягу ўсяго сэзону. Туман вельмі незвычайная зьява для цэнтру гораду, але часьцей мае месца на ўсходзе, за хрыбтом Іміто.

Зіма мяккая, зь сярэднім паказьнікам тэмпэратуры ў студзені 8,9—10,3 °C. Сьнегапады не зьяўляюцца звычайнымі зьявамі, але ў апошнія дзесяцігодзьдзі Атэны зьведалі некалькі моцных сьнегападаў. Вясна й восень лічацца ідэальным сэзонам дзеля агляду славутасьцяў і ўсіх відаў актыўнага адпачынку. Лета можа быць асабліва гарачым. Паводле зьвестак Нацыянальнай абсэрваторыі Атэнаў сярэдні дзённы максымум тэмпэратуры на працягу ліпеня складае 35,1 °C .

Горад сумна вядомы сваёй моцнай сьпякотай, якая пануе звычайна на працягу ліпені й жніўня, калі гарачыя паветраныя масы перамяшчаюцца па ўсёй Грэцыі з поўдня ці паўднёвага-захаду. Пры такім раскладзе тэмпэратура ў такі час павышаецца вышэй за 38 °C[7]. Атэны трымаюць рэкорд самай высокай тэмпэратуры ў Эўропе, калі 10 ліпеня 1977 году была зафіксаваная тэмпэратура роўная 48 °C[8].

Сьнегапад у Атэнах у лютым 2021 году.

Але празь вялікую тэрыторыі, якую ахоплівае атэнская аглямэрацыя, існуюць прыкметныя кліматычныя адрозьненьні паміж часткамі гарадзкой канглямэрацыі. Зімой паўночныя прадмесьці, як правіла, больш вільготныя і халаднейшыя, у той час як некаторыя паўднёвыя прадмесьці характарызуюцца як самыя засушлівыя месцы ў Грэцыі. Моцны сьнег зрынуўся на Атэны паміж 14—17 лютага 2021 году. Тады сьнег пакрыў увесь горад, ад паўночных прадмесьцяў да самых аддаленных прыбярэжных паўднёвых[9]. Глыбіня покрыва складала ажно 25 сантымэтраў у цэнтральных Атэнах[10]. Нават Акропаль цалкам быў пакрыты сьнегам[11]. Нацыянальная мэтэаралягічная служба адзначыла, што гэта адна з самых інтэнсіўных сьнежных бураў у горадзе за апошнія 40 гадоў[10]. У Атэнах 24 студзеня 2022 году таксама паведамлялася пра моцны сьнег, а сьнежнае покрыва сягала 40 сантымэтраў[12].

 Кліматычныя зьвесткі для Атэнаў 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 21 23 28 32 36 42 42 43 38 37 28 22 43
Сярэдні максымум t, °C 12,5 13,5 15,7 20,2 26,0 31,1 33,5 33,2 29,2 23,3 18,1 14,1 22,5
Сярэдняя t, °C 10 10 12 15 19 23 27 27 23 19 15 11 17
Сярэдні мінімум t, °C 5,2 5,4 6,7 9,6 13,9 18,2 20,8 20,7 17,3 13,4 9,8 6,8 12,3
Абсалютны мінімум t, °C −4 −6 −1 0 6 14 16 16 12 7 −1 −4 −6
Норма ападкаў, мм 57 47 41 31 23 11 6 6 14 53 58 69 416
Крыніца: Турыстычны партал, bbc.co.uk
Вуліца Эрму ёсьць галоўнай камэрцыйнай вуліцай гораду.

Горад ёсьць фінансавай сталіцай Грэцыі. Паводле зьвестак за 2014 год Атэны як сталічная эканамічная зона зарабілі 130 мільярдаў даляраў ЗША ВУП паводле пакупніцкай здольнасьці, што складала амаль палову вытворчасьці ўсёй краіны. Атэны занялі 102-е месца ў сьпісе сусьветных эканамічных мэтраполіяў у сьвеце, а іхні ВУП на душу насельніцтва ў тым жа годзе складаў 32 тысяч даляраў ЗША[13].

Вялікая колькасьць грэцкіх буйных кампаніяў маюць свае галоўныя сядзібы ў Атэнах. Акрамя таго, буйныя сусьветныя карпарацыі таксама маюць сваё прадстаўніцтва ў грэцкае сталіцы, як то Ericsson, «Соні», Siemens, Motorola, «Самсунг», «Майкрасофт», Teleperformance, Novartis, Mondelez і Coca-Cola. Банкаўскі сэктар прадстаўлены Нацыянальным банкам Грэцыі, Альфабанкам, Эўрабанкам, Банкам Грэцыі ды Пірэйскім банкам. Атэнская фондавая біржа сур’ёзна пацярпела за часам крызы дзяржаўнай запазычанасьці Грэцыі і пастановы ўраду да пераходу да кантролю над капіталам улетку 2015 году. Агулам эканоміка Атэнаў і Грэцыі моцна пацярпела за тыя часы, але ўжо ў 2017 годзе пасьля працяглай рэцэсіі адбыўся невялікі рост на 1,4% у 2017 годзе[14]. Турызм таксама робіць асноўны ўнёсак у эканоміку гораду, які ёсьць адным з галоўных напрамкаў Эўропы дзеля адпачынку.

Культура й сучаснае жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нацыянальны археалягічны музэй.
Храм прысьвечаны Зэўсу.

Археалягічны цэнтар

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Горад ёсьць адным з асноўных сусьветных цэнтраў археалягічных дасьледаваньняў. Акрамя нацыянальных установаў, як то Атэнскі ўнівэрсытэт, Археалягічнае таварыства, некалькіх археалягічных музэяў (у тым ліку Нацыянальны археалягічны музэй, Эпіграфічны музэй, Бізантыйскі музэй, а таксама музэі ў старажытных Агоры, Акропалі й Керамэйкасу), горад таксама ёсьць домам для Дэмакрытавай лябараторыі Археамэтрыі, а таксама шэрагу рэгіянальных і нацыянальных археалягічных установаў, якія ёсьць часткай грэцкага дэпартамэнту культуры. Акрамя таго, Атэны месьцяць 17 замежных археалягічных інстытутаў, якія заахвочваюць навукоўцаў, у тым ліку замежных, і садзейнічаюць дасьледаваньням. У выніку, Атэны маюць больш за дзясятак археалягічных бібліятэкаў і тры спэцыялізаваныя археалягічныя лябараторыі, акрамя таго тут ладзяцца некалькіх сотняў спэцыялізаваных канфэрэнцыяў і сэмінараў штогод. Таксама ў Атэнах ладзяцца дзясяткі археалягічных выставаў.

Найбольш важныя музэі Атэнаў ўключаюць у сябе Нацыянальны археалягічны музэй, найбуйнейшы археалягічны музэй у краіне й адзін з найбольш выбітных міжнародных музэяў, бо ён утрымлівае шырокую калекцыю старажытнасьцяў, ягоныя экспанаты ахопліваюць пэрыяд больш за 5000 гадоў, пачынаючы з позьняга нэаліту й заканчваючы рымскай Грэцыяй; Музэй Бэнакі зь некалькімі філіяламі, дзе ў кожным маецца свая калекцыя, у тым ліку рэчаў старажытнага часу, бізантыйскай і асманскай эпохаў і кітайскае мастацтва; Бізантыйскі й хрысьціянскі музэй, адзін з самых знакамітых музэяў бізантыйскага мастацтва; Нумізматычны музэй, дзе назьбіраная ўнікальная калекцыя старажытных і сучасных манэтаў; Музэй Кікладзкага мастацтва, дзе месьціцца шырокая калекцыя кікладзкага мастацтва, у тым ліку знакамітыя фігуркі зь белага мармуру, і, нарэшце, Новы Музэй Акропалю, адкрыты ў 2009 годзе, замяніўшы стары музэй на Акропалі. Новы музэй стаўся значна больш папулярным, гэтак улетку 2009 году яго наведалі каля аднаго мільёну чалавек. Малыя й прыватныя музэі таксама засяроджаныя на грэцкай культуры й мастацтве.

Адэон Герода Атычнага.

Атэны ёсьць домам для 148 тэатральных пляцовак, больш, чым у любым іншым горадзе сьвету. Самая знакамітая зь іх — старажытны Адэон Герода Атычнага, дзе ладзіцца Атэнскі фэстываль, які доўжыцца з траўня па кастрычнік штогод. Акрамя таго ў горадзе месьціцца значная колькасьць кінатэатраў на адчыненым паветры, якія зробленыя ў антычным стылі. Таксама ў Атэнах маецца велізарная колькасьць канцэртных заляў, у тым ліку Атэнская канцэртная заля (Megaron Moussikis), якая прыцягвае сусьветнавядомых выканаўцаў. Атэнскі плянэтарый адзін з найбуйнейшых і самых сучасных плянэтарыяў ў сьвеце[15].

Атэны былі папулярным месцам для турыстаў яшчэ ў часы антычнасьці. За апошняе дзесяцігодзьдзе, інфраструктура гораду й сацыяльна-побытавае забесьпячэньне гораду значна палепшылася, у прыватнасьці ў сувязі з падрыхтоўкай да Алімпійскіх гульняў 2004 году. Грэцкі ўрад, абапіраючыся на Эўрапейскі Зьвяз, фінансуе буйныя інфраструктурныя праекты, як то мадэрнізацыя міжнароднага аэрапорту[16], пашырэньне сыстэмы Атэнскага мэтрапалітэна, будаўніцтва новай аўтамагістралі.

Цягнік атэнскага мэтрапалітэну.
Атэнскі трамвай.

Атэны — галоўны транспартны цэнтар у краіне. У горадзе маецца найбуйнейшы аэрапорт і найбуйнейшы порт Грэцыі. Між тым, порт Пірэй таксама ёсьць найбуйнейшым транспартам кантэйнерным портам у Міжземным моры і найбуйнейшым пасажырскім портам у Эўропе.

У горад магчыма патрапіць дзьвюма дарогамі: нацыянальнай аўтастрадай Атэны—Лямія, якая ўваходзіць у горад з поўначы, і нацыянальнай аўтастрадай Атэны—Карынт, якая вядзе на захад гораду. Атэны таксама дасяжныя праз порты Пірэй, Рафіна й Ляўрыён. Каля гораду працуе сучасны Міжнародны аэрапорт Элефтэрыяс Бэнізэляс («Ελευθέριος Βενιζέλος»), ён месьціцца з усходу ад Атэнаў і зьвязаны з горадам чыгункай і аўтадарогай.

Сыстэма грамадзкага транспарту ў Атэнах складаецца з тралейбусаў, аўтобусаў, а таксама рэйкавага транспарту, як то мэтрапалітэну, прымескіх электрацягнікоў й трамваяў. У дадатак Атэны ёсьць першым грэцкім горадам, дзе дзейнічае мэтрапалітэн. Увесь грамадзкі транспарт абсталяваны кандыцыянэрамі.

Атэнскі мэтрапалітэн адзін з найбольш сучасных у сьвеце на сёньняшні дзень. Ён складаецца з трох лініяў, якія на мапах пазначаюцца рознымі колерамі. Зялёная лінія найстарэйшая ў сучасным мэтрапалітэне, і выкарыстоўваецца дзеля сувязі Пірэю й Кіфісіі, праходзячы праз цэнтар Атэнаў. Дзьве іншыя лініі, якія атрымалі чырвоны і сіні колеры, будаваліся ў 1990-х гадах, і пачалі сваю працу толькі ў 2000 годзе, перад пачатакам Алімпійскіх гульняў. Гэтыя лініі праходзяць выключна пад зямлёй, на глыбіні 20 мэтраў. Сярэдняя шырыня тунэлю складае 9 мэтраў. Чырвоная лінія злучае Аё-Дымітрыё з Пэрыстэры, а сіняя лінія злучае Эгалео з аэрапортам. Пасьля пашырэньня ў 2022 годзе і адкрыцьці новых станцыяў порт Пірэй на сёньня злучыўся лініяй з атэнскім аэрапортам.

Атэнскі трамвай ёсьць хуткасным відам транспарту, рухаецца з дакладнасьцю да хвіліны, як мэтро. У Атэнах маюцца толькі дзьве галіны трамвайных маршрутаў, і абедзьве зь іх цягнуцца ўздоўж мора. Адна пачынаецца ад порту Пірэй і ў раёне пляжу Эдэм аб’ядноўваецца з іншай, якая цягнецца зь іншага боку. Далей трамваі ідуць па адным маршруце да цэнтральнай плошчы Сынтагма.

На гару Лікавітас можна ўзьняцца на фунікулёры, траса якога праходзіць ўнутры ўзгорка. Ён працуе ад самага ранку да ночы. У Атэнах функцыянуе вялікая колькасьць таксі, якія дапамагаюць разгрузіць грамадзкі транспарт. Атэнскае таксі таньнейшае за таксі іншых краінаў, але яны прапануюць паслугі больш нізкай якасьці.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]