Лібава-Роменская чыгунка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віленскі (Лібава-Роменскі) вакзал у Менску. Цяпер на ягоным месцы знаходзіцца станцыя Менск-Пасажырскі.

Ліба́ва-Ро́менская чыгу́нка — чыгуначная лінія, якая ў 1877—1919 гадох зьвязвала беларускія губэрні Расейскай імпэрыі з партамі Балтыйскага мора і Ўкраінай.

Канцэсія на пабудову дарогі была перададзеная Галоўнаму таварыству расейскіх чыгунак у 1856 годзе, але тады яна не была пабудаваная праз адсутнасьць капіталу. Потым дамова была перададзеныя інжынэру фон Мэку. Казной чыгунка выкупленая 1 траўня 1891 году.

Агульная працягласьць дарогі склала 1275 вёрстаў. Чыгунка ўводзілася ў эксплюатацыю асобнымі дзялянкамі: Лібава — Кашадары, 294 вярсты, у верасьні 1871 году; Новая Вялейка (цяпер мескі раён Вільні) — Менск, 173 вярсты, у студзені 1873 году; Менск — Бабруйск, 139,5 вярсты, у верасьні 1873 году; Бабруйск — Гомель, 141,8 вярсты, у лістападзе 1873 годзе; Гомель — Бахмач, 184 вярсты ў студзені 1874 году. Дарога ўлучала таксама дзялянку Кашадары — Вільня Пецярбурска-Варшаўскай чыгункі. Першапачаткова ўчастак з Новае Вялейкі да Менску меркавалася пракласьці праз Ашмяны й Гарадок. Толькі ў апошні момант кірунак быў зьменены на Смаргонь — Маладэчна.

Віленскі (Лібава-Роменскі) вакзал у Менску. Выгляд з боку гораду

Скразны рух цягнікоў ад Лібавы да места Ромны пачаўся 15 ліпеня 1874 году. На тэрыторыі Беларусі дарога перакрыжоўвалася ў Менску з Маскоўска-Берасьцейскай, у Жлобіне зь Пецярбурска-Адэскай, у Гомлі з Палескімі чыгункамі. Буйнымі чыгуначнымі станцыямі на Беларусі зьяўляліся Бярэзіна, Бабруйск, Гомель, Жлобін, Менск, Маладэчна.

Важнае значэньне ў перавозках па чыгунцы адводзілася хлебным грузам. Сярэдняя загрузка таварнага вагона складала 600 пудоў. Па Лібава-Роменскай чыгунцы ў 1890 годзе было перавезена 1 085 019 пасажыраў. Збор зь іх склаў 1 281 144 руб. У 1896 годзе было ўжо перавезена 1 516 000 пасажыраў, а грузаў 185 623 пуды. Агульная сума валавога даходу склала 14 966 719 руб. У 1910 годзе было перавезена 3,5 млн пасажыраў і 355 млн пудоў грузаў.

Лібава-Роменская чыгунка ў 1911 року налічвала 444 паравозы, 439 пасажырскіх і 11 632 грузавыя вагоны. Разам з Маскоўска-Берасьцейскай, Рыга-Арлоўскай і Палескімі чыгункамі яна садзейнічала разьвіцьцю прамысловасьці, местаў, рынкавых адносінаў на Беларусі.

Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 року дарога была нацыяналізаваная і падпарадкаваная Наркамату шляхоў зносінаў РСФСР. У 1920—1921 частка Лібава-Роменскай чыгункі адышла да Латвіі, Летувы і Польшчы.[1]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 2. — Мн., 2002. С. 41—42

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 714 с.: іл. ISBN 985-6302-46-3.