Завальная вуліца (Вільня)
Завальная лац. Zavalnaja | |
Агульная інфармацыя | |
---|---|
Гістарычны раён | Старое Места |
Былыя назвы | Брудная, Пазавальная, Рэфармацкая, Кармэліцкая |
На мапе | |
Вуліца Завальная ў Вікісховішчы |
Зава́льная ву́ліца[1] (лет. Pylimo gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, якая праходзіць заходняй мяжой Старога Места і зьвязвае скрыжаваньне Партовай, Ягайлы і Ісьляндзкай вуліцаў з Чыгуначнай вуліцай.
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — кальвінскі збор, Харальная сынагога і палац Тышкевічаў, помнікі архітэктуры XV—XIX стагодзьдзяў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва вуліца ўтварылася ад яе разьмяшчэньне за валам з гарадзкім мурам.
Агульныя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжаваньня з Партовай, Ягайлы і Ісьляндзкай вуліцаў. З правага заходняга боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
Перасякаецца вуліцамі Кастуся Каліноўскага (направа) і Ісьляндзкай (налева), гістарычнай Вялікай Пагулянкай (цяпер Басанавічуса, направа) і Троцкай (налева), Сьвятога Стэфана (направа) і Рудніцкай (налева). Зь правага боку адыходзяць вуліцы Наваградзкая, Вугорская, Квашэльная, Кветкавая і Садовая, зь левага боку — Клайпедзкая, Лідзкая, Жамойцкая, Шпітальная і Базылянская.
У пачатку вуліцы з правага боку знаходзіцца парк П. Цьвіркі, у сярэдняй частцы — Рэфармацкі і Наваградзкі (Дрывяны Рынак) сквэры.
Будынкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Няцотны бок
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- № 5[a] (таксама вуліца Кастуся Каліноўскага, 1) — дом (архітэктар Вацлаў Міхневіч) на рагу з гістарычнай Малой Пагулянкай, у якім у 1911—1913 гадох знаходзілася рэдакцыя газэты «Наша Ніва». Тут праходзілі розныя імпрэзы, у якіх удзельнічалі ня толькі беларусы, але і летувісы. Сярод знакамітых сяброў беларускага адраджэнскага руху тут былі М. Ластаўскене, Л. Гіра, А. Жукаўскас, Ю. Кекштас, О. Міцюце ды іншыя[3]. Тут жыў разам з сваёй жонкай Лазьдзінай Пяледай беларускі грамадзка-палітычны дзяяч Вацлаў Ластоўскі, у гонар якога на доме вісіць памятная дошка[4].
- № 39 — Харальная сынагога, збудаваная ў 1899—1903 гадох.
- № 45 — дом на рагу з Садовай вуліцай, памяшканьні ў якім на пачатку 1907 году займала рэдакцыя газэты «Наша Ніва»[2].
- № 51 — дом, у якім у 1907 годзе знаходзілася рэдакцыя «Нашай Нівы»[5].
Цотны бок
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- № 6 — дом, у якім па 1930 годзе разьмяшчалася Беларуская друкарня імя Францішка Скарыны, якая пераехала сюды з дома беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў на Людвісарскай вуліцы. Апошнім месцам знаходжаньня друкарні быў дом таксама на Завальнай, які не захаваўся[6].
- № 18 — кальвінскі збор (эвангеліцка-рэфармацкая царква), збудаваны ў 1830—1835 гадох.
- № 26 (таксама Троцкая вуліца, 1) — палац Тышкевічаў, вядомы таксама як «дом пад балванамі» (у другой палове XIX ст. пры ганку зьявіліся постаці атлянтаў, якія падтрымліваюць балькон). Камяніца існуе з XV ст. У канцы XVIII ст. яе рэканструявалі ў стылі позьняга клясыцызму. Неўзабаве палац перайшоў да роду Тышкевічаў, на заказ якіх у 1840 годзе адбылася чарговая рэканструкцыя будынка. Яўстах Тышкевіч, стваральнік Лагойскага і Віленскага музэяў старажытнасьцяў, захоўваў тут частку сваіх археалягічных збораў, якія сталі асновай для першага беларускага музэю. У 1863 годзе ў доме патаемна зьбіраліся паўстанцы. У 1884—1898 гадох у разьмешчаным тут акруговым судзе служыў адвакатам Францішак Багушэвіч. У траўні 1907 году ў будынак перабралася рэдакцыя газэты «Наша Ніва», якая працавала тут да 1908 году. Менавіта сюды надрукаваць свае творы ўпершыню завітаў Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас)[2]. У 2017 годзе на доме адкрылі мэмарыяльную дошку ў гонар беларускага клясыка[7].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Наша Ніва. № 1, 1994. С. 7.
- ^ а б в Корбут В. Па віленскім бруку. Беларускія вуліцы літоўскай сталіцы [1] // Туризм и Отдых. № 29 (664). 24 ліпеня 2008.
- ^ Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai. — Вільня, 2012. С. 36.
- ^ Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai. — Вільня, 2012. С. 42.
- ^ Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai. — Вільня, 2012. С. 35.
- ^ Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai. — Вільня, 2012. С. 70.
- ^ Кастусь Лашкевіч, 10 адрасоў паўстанцаў Каліноўскага, якія варта наведаць у Вільні, Радыё Свабода, 21 лістапада 2019 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai / К. Атаманчык і інш. — Вільня, 2012. — 145 с.
- Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN 9986-9228-2-8.