Перайсьці да зьместу

Прэзыдэнцкі палац (Вільня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Біскупскі палац (Вільня)»)
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Прэзыдэнцкі палац
Прэзыдэнцкі палац
Прэзыдэнцкі палац
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°41′00.66″ пн. ш. 25°17′08.64″ у. д. / 54.6835167° пн. ш. 25.2857333° у. д. / 54.6835167; 25.2857333Каардынаты: 54°41′00.66″ пн. ш. 25°17′08.64″ у. д. / 54.6835167° пн. ш. 25.2857333° у. д. / 54.6835167; 25.2857333
Архітэктурны стыль клясыцыстычная архітэктура[d]
Аўтар праекту Васіль Стасаў[d] і Лаўрын Гуцэвіч
Дата заснаваньня XIV стагодзьдзе
Статус Ахоўная зона
Прэзыдэнцкі палац на мапе Летувы
Прэзыдэнцкі палац
Прэзыдэнцкі палац
Прэзыдэнцкі палац
Прэзыдэнцкі палац на Вікісховішчы

Прэзыдэнцкі палац, гістарычны палац біскупа Масальскага або Біскупскі палац — помнік гісторыі і архітэктуры XIV—XIX стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце побач з ансамблем Віленскага ўнівэрсытэту, на гістарычным Палацавым пляцы[a]. Твор архітэктуры позьняга клясыцызму. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Палацавы ансамбль мае замкнёны плян і складаецца з уласна палаца, параднага ўнутранага двара, які прылягае да парку, Калённай залі ў будынку ранейшай кардэгарды, гаспадарчых і адміністрацыйных пабудоваў. З 1997 году тут знаходзіцца афіцыйная рэзыдэнцыя прэзыдэнта Летувы.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сваю гісторыю палац вядзе з XIV стагодзьдзя, калі вялікі князь Ягайла прывілеем ад 17 лютага 1387 году заснаваў Віленскае біскупства і надаў яму пляц: «каля места Вільні, у саду Гаштоўта». На гэтым пляцы знаходзіўся мураваны палац Гаштольдаў (Гаштоўтаў). Па пажары 1530 году, які зьнішчыў біскупскі дом каля званіцы Катэдры, біскупы перабраліся ў былы палац Гаштольдаў. Паводле іншых зьвестак, віленскі біскуп перасяліўся сюды ў 1543 годзе[1]. У XVI ст. вакол палаца пасадзілі вялікі сад.

У 1737 і 1738 гадох палац двойчы гарэў, па чым яго адбудаваў архітэктар Лаўрын Гуцэвіч дзеля біскупа Ігнація Якуба Масальскага. Апошняга павесілі ў час паўстаньня 1794 году за здраду нацыянальным інтарэсам Рэчы Паспалітай на карысьць Расейскай імпэрыі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, расейскія ўлады забралі палац у Віленскага біскупства. Тут разьмясьцілася рэзыдэнцыя генэрал-губэрнатара «Паўночна-Заходняга краю». У 1797 годзе ў палацы спыняліся маскоўскі гаспадар Павал I і яго сыны вялікія князі Аляксандар і Канстанцін, а таксама былы кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, у 1804 годзе — будучы кароль Францыі Людовік XVIII, у 1812 годзе — кароль Прусіі Фрыдрых Вільгельм III з сынам Вільгельмам. У 1804 годзе палац перабудавалі і пашырылі паводле праекту архітэктара Караля Шыльдгаўза.

У палацы пэўны час жыў расейскі вайсковы дзяяч Міхаіл Кутузаў, які двойчы займаў пасаду літоўскага генэрал-губэрнатара (1800—1801, 1809—1811). У вайну 1812 году з красавіка тут знаходзіўся маскоўскі гаспадар Аляксандар I, па заняцьці Вільні французамі — Напалеон. У канцы году ў палац вярнуўся Кутузаў, ужо на пасадзе галоўнакамандуючага расейскай арміі, а перад палацам адбылася ўрачыстая сустрэча Аляксандра I. Пазьней тут зноў неаднаразова спыняўся маскоўскі гаспадар і яго наступнікі.

З 1819 году ў палацы дзейнічала царква Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) пад тытулам Аляксандра Неўскага.

У 1824—1832 гадох праводзілася чарговая рэканструкцыя палаца паводле праекту архітэктара Васіля Стасава. У выніку гэтай рэканструкцыі на тэрыторыі былога саду ўтварыўся Палацавы пляц, на якім у 1832 годзе збудавалі фантан.

У 1898 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады на месцы фантана паставілі помнік Мураўёву-вешальніку. У 1901—1915 гадох у будынку кардэгарды разьмяшчаўся музэй Мураўёва-вешальніка.

Па Першай сусьветнай вайне ў палацы пэўны час жыў Юзэф Пілсудзкі. Будынак займаў фактычны кіраўнік Сярэдняй Літвы генэрал Люцыян Жалігоўскі, тут спыняліся прэзыдэнты міжваеннай Польскай Рэспублікі Станіслаў Вайцяхоўскі і Ігнацы Масьціцкі. На першым паверсе знаходзілася кватэра віленскага ваяводы, у залях на другім паверсе ладзіліся ўрачыстыя прыёмы.

Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады перарабілі палац пад Дом афіцэраў. Тут дзейнічаў кінатэатар, у парку — летні тэатар[2]. У 1975 годзе праводзілася рэстаўрацыя палаца. У 1980-х гадох будынак выкарыстоўваўся як Палац працаўнікоў мастацтваў з чатырма залямі (Вялікай, Белай, Чырвонай, Зялёнай), гасьцінай і фае.

Па аднаўленьні незалежнасьці Летувы частку памяшканьняў палаца пэўны час займала амбасада Францыі. У канцы 1995 году пачаліся рэстаўрацыйныя працы, па сканчэньні якіх у 1997 годзе палац стаў афіцыйнай рэзыдэнцыяй прэзыдэнта Летувы.

Помнік архітэктуры позьняга клясыцызму, або ампіру. Мае сымэтрычна-восевую кампазыцыю і стрыманы дэкор. У выніку рэканструкцыі 1824—1832 гадоў заходнюю частку палаца разабралі да падмуркаў і ўлучылі ў склад новага будынка, а ўсходнюю — збудавалі наноў. Пры пераабсталяваньні пад прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю над галоўным фасадам разьмясьцілі герб Летувы. Над парапэтам з гербам узьнялі сьцяг, які сьведчыць пра знаходжаньне прэзыдэнта ў палацы і наогул у Вільні.

Палац — прастакутны ў пляне будынак з трыма рызалітамі. Галоўны фасад, які выходзіць на пляц, і дваровы фасад дэкаруюцца аднолькава ўрачыста, але маюць пэўныя адрозьненьні. На галоўным фасадзе рызаліты злучаюцца дзьвюма дарычнымі калянадамі ў адзін просты шэраг. Цэнтральны рызаліт завяршаецца парапэтам, рызаліты з краёў будынка — нізкімі трыкутнымі франтонамі. Сярэдні рызаліт дваровага фасаду вылучаецца іянічнай калянадай з васьмі калёнаў з бальконам — галерэяй другога паверху. Бакавыя рызаліты высоўваюцца наперад.

Першы паверх мае калідорны плян, на другім паверсе захавалася характэрны для палацаў такога тыпу анфілядны плян. Залі другога паверху, дэкараваныя ў XIX стагодзьдзі, маюць ляпныя кампазыцыі на столях.

Пры рэканструкцыі палаца пад рэзыдэнцыю прэзыдэнта Летувы ў памяшканьнях, у якіх захаваліся элемэнты дэкору або існавала інфармацыя пра характар гэтых элемэнтаў, аднаўляўся гістарычны інтэр’ер. У памяшканьнях першага паверху ранейшы дэкор не захаваўся: новая мэбля і абсталяваньне падбіраліся і вырабляліся з арыентацыяй на матэрыялы і формы, уласьцівыя позьняму клясыцызму. Зьнішчаныя пры ранейшых перабудовах інтэр’еры заходняй часткі другога паверху спраектавалі наноў.

Насупраць палаца стаіць 1-павярховы будынак кардэгарды з дарычным парталам.

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — S. Daukanto a. 3
  1. ^ Venclova T. Wilno. Przewodnik. — Vilnius, 2006. S. 111.
  2. ^ Maceika J., Gudynas P. Vilnius: Vadovas po miestą. — Vilnius: Politinės ir grožinės literatūros leidykla, 1960. P. 147.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]