Вінцэнт Жук-Грышкевіч
Вінцэнт Жук-Грышкевіч лац. Vincent Žuk-Hryškievič | |
Прэзыдэнт БНР | |
---|---|
1970 — 1982 | |
Папярэднік: | Мікола Абрамчык |
Наступнік: | Язэп Сажыч |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
10 лютага 1903 |
Памёр: |
14 лютага 1989 (86 гадоў) |
Сужэнец: | Раіса Жук-Грышкевіч |
Адукацыя: | |
Узнагароды: |
Ордэн Пагоні (вялікі магістр ex officio) Мэдаль абароны(en) Зорка 1939—1945 гадоў(en) Італьянская зорка(en) Крыж Монтэ Касына[1] |
Вінцэнт Жук-Грышке́віч (23 лютага [ст. ст. 10 лютага] [2][3] 1903, в. Будслаў, цяпер Мядзельскі раён — 14 лютага 1989, Бэры, Канада) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, настаўнік, журналіст.
Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў беларускай рыма-каталіцкай сям’і ў мястэчку Будславе Вілейскага павету. Навучаўся ў Будслаўскай беларускай гімназіі, а затым, пасьля яе ліквідацыі, у Віленскай беларускай гімназіі, якую скончыў у 1922 годзе. Восеньню таго ж году Жук-Грышкевіч паступіў на факультэт славянскай філялёгіі й гісторыі Карлава ўнівэрсытэта ў Празе й у 1926 годзе выпусьціўся зь яго, атрымаўшы прафэсыю настаўніка сярэдняй школы.
Ужо ў 1922 годзе, падчас першых выбараў у польскі сейм, Жук-Грышкевіч быў выбарчым інструктарам ад беларускага выбарчага камітэта ў Вільні, займаўся агітацыяй жыхароў беларускіх земляў Польшчы за беларускіх кандыдатаў у польскі сейм і сэнат. Беларусы ішлі на выбары ў блоку так званых «меншасьцяў Польшчы».
У 1927—1939 гадах Жук-Грышкевіч працаваў настаўнікам у Віленскай беларускай гімназіі, дзе выкладаў гісторыю, беларускую мову й літаратуру. Акрамя гэтага, ён быў выкладчыкам беларускай мовы ў праваслаўнай духоўнай сэмінарыі й у Вышэйшай школе палітычных навук у Вільні.
У Празе Жук-Грышкевіч прымыкаў да розных беларускіх студэнцкіх арганізацый, а ў Вільні — браў актыўны ўдзел у жыцьці Беларускага «Навуковага Таварыства», «Беларускага настаўніцкага Зьвяза» і «Таварыства беларускай школы», супрацаваў з часопісамі й ґазэтамі «беларуская справа», «наша справа», «Народны звон», «Сям’я й школа» і «Маладая Беларусь». У 1935 годзе на шостым агульным зьезьдзе польскіх гісторыкаў ён даў даклад на тэму"Роля беларускіх земляў у польска-літоўскай уніі".
Другая Сусьветная вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У верасні 1939 году, па заняцьці Вільні часткамі РСЧА, Жук-Грышкевіч быў прызначаны стыльрэдактарам у газэту «Віленская праўда», але 30 верасьня быў арыштаваны супрацоўнікамі НКВД. На працягу двух гадоў ён утрымліваўся ў некалькіх турмах БССР. У 1940 годзе Жук-Грышкевічу зачыталі яго прысуд, у якім было сказана, што ён уяўляе сабой «сацыяльна небясьпечны элемэнт», ворага народа і савецкай улады, і ў сувязі з гэтым прыгаворваецца да васьмі гадоў савецкіх канцэнтрацыйных лягероў. Падчас знаходжання ў лягерах ён разам з сотнямі іншых зняволеных будаваў найбольш паўночную ў СССР — ад Белага мора да Паўночнага Ўрала — чыгуначную лінію.
Увосень 1941 году, паводле дамоўленасьці паміж Молатавым і Сікорскім, Жук-Грышкевіч быў амніставаны, па чым ён адправіўся на захад, для залічэння ў войска генерала Андэрса, якая фармавалася з польскіх грамадзянаў на тэрыторыі СССР.
Ваяваў у складзе 8-й брытанскай арміі на тэрыторыі Ірака, Палесціны, Егіпта і — потым — Італіі, дзе ўзяў удзел у бітве пры Монтэ-Касіна. Узнагароджаны мэдалямі. Па спыненьні ваенных дзеяньняў выкладаў гісторыю і псыхалёгію ў вайсковай польскай сярэдняй школе, праводзячы асобную падрыхтоўку з вучнямі-беларусамі для наступнага заснавання Беларускай арганізацыі ў Ангельшчыне, куды армія павінна была неўзабаве пераехаць. У 1946 годзе ў Лёндане гэтае заснаванне адбылося: першай па вайне беларускай эмігранцкай арганізацыяй стала «Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі». Жук-Грышкевіч стаў яго першым старшынём. У гэтыя гады ён таксама быў рэдактарам часопісаў «На шляху» і «Беларус на чужыне».
У Канадзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Грамадзкая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У студзені 1950 году Вінцэнт Жук-Грышкевіч пераехаў у Таронта, дзе працягнуў браць удзел у грамадзкім жыцьці беларускай эміграцыі. У 1951—1954 гадах ён працаваў у Таронцкім унівэрсытэце, дзе чытаў лекцыі па беларусазнаўстве. Ён жа выступіў ініцыятарам і галоўным арганізатарам 1-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якая адбылася ў 1952 годзе, арганізоўваў імпрэзы для беларускіх эмігрантаў, рабіў даклады на беларускую тэматыку, супрацаваў з эмігранцкімі ґазэтамі «Беларускі Эмігрант» і «Айчына».
У 1952 годзе ў Атаўскім унівэрсытэце абараніў доктарскую дысертацыю з вобласьці беларускай літаратуры на тэму «лірыка Янкі Купалы» і атрымаў навуковую ступень доктара філязофіі ў галіне літаратуры. Як пасьля заўважыў прафэсар Атаўскага ўнівэрсытэта Ў. Ж. Кейз, Вінцэнт Жук-Грышкевіч быў першым беларусам, якія суіскалі дактарат у Атаўскім унівэрсытэце.
4 верасьня 1953 году ажаніўся са студэнткай Таронцкага ўнівэрсытэта Раісай Жукоўскай.
У пачатку 1954 году старшыня Рады БНР у выгнаньні Мікалай Абрамчык накіраваў Жук-Грышкевіча ў Мюнхен з мэтай арганізацыі Беларускай сэкцыі радыё «Вызваленьне» і яе ўзначаленьня. Ужо 20 красавіка 1954 году першыя беларускія радыёперадачы пачалі выходзіць у этэр. Праз два гады, у красавіку 1956 году, Жук-Грышкевіч вярнуўся назад у Таронта.
Пасьля вяртаньня ў Канаду Жук-Грышкевіч працягнуў актыўную грамадзкую дзейнасьць. У 1966 годзе ім быў арганізаваны Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, у 1967 годзе — Беларускі Інстытут Навукі й мастацтва ў Канадзе (БІНІІ). Першым старшынёй абедзьвюх арганізацый стаў сам Жук-Грышкевіч. У 1965 годзе ён браў удзел у зьезьдзе Савета стагодзьдзя Канады ў Таронта ў якасьці прадстаўніка Згуртаваньня Беларусаў Канады, а ў 1967 годзе — на другім кангрэсе канадзкіх славян у Атаве, дзе прадставіў свой даклад «Беларусы й канадзкая статыстыка» і даказаў, што беларусаў у Канадзе на той момант налічвалася больш за 50 тысячаў, што было неабходна адзначыць у канадзкай статыстыцы (дагэтуль беларусаў у сьпісе этнічных груп Канады не было наогул).
Як сябра Рады Рэспублікі й старшыня Сакратарыяту Рады БНР, Вінцэнт Жук-Грышкевіч апрацаваў праект рэарганізацыі Рады БНР, зьмены статуту й стварэньня нацыянальна-палітычнай беларускай арганізацыі — Лігі БНР. Праект гэты, як дыскусыйны матэрыял, ён прадставіў на пасяджэньні 10-й сэсыі Рады БНР, якая адбылася ў красавіку 1968 году ў Нью-Ёрку. На гэтай жа сэсыі Вінцэнт Жук-Грышкевіч быў абраны першым намесьнікам Старшыні Рады БНР Мікалая Абрамчыка.
Старшыня Рады БНР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля сьмерці Абрамчыка 29 мая 1970 году Вінцэнт Жук-Грышкевіч стаў новым старшынёй Рады БНР, будучы абраным на шасьцігадовы тэрмін 11-й сэсыяй Рады БНР ад 29 сакавіка 1971 году ў Нью-Ёрку.
У пэрыяд старшынства Жук-Грышкевіча Радай БНР быў прыняты на працягу чатырох сэсыяў рады новы Статут Рады БНР. У 1973 годзе Жук-Грышкевіч заснаваў «Фонд беларускіх падручнікаў», у тым ліку, ініцыяваў стварэньне англамоўнага падручніка «Fundamental Byelorussіan — Беларуская мова», апрацаванага Валянцінай Пашкевіч, пад рэдакцыяй Антона Адамовіча. Ён займаў пасаду старшыні Рады БНР да лістапада 1982 году, пасьля чаго саступіў яго Ёсіфу (Язэп) Сажычу.
Сьмерць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вінцэнт Жук-Грышкевіч памёр 14 лютага 1989 году ў Бэры. Яго астанкі спачываюць на беларускіх могілках Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрсі, ЗША). На яго надмагільным помніку знаходзіцца выява Пагоні, арнамэнт з «Малой падарожнай кніжыцы» Францыска Скарыны й надпісы кірыліцай на беларускай мове.
Аўтар Успамінаў «25 сакавіка».
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- В. Грышкевіч. Ці існуе крызіс беларускага руху? // Маладая Беларусь : часопіс. — 1936. — № 1. — С. 63—67.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Раіса Жук-Грышкевіч. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча, Таронта, 1993, с. 69
- ^ Жук-Грышкевіч Вінцэнт Антонавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003.
- ^ Лыч, Л. Змагаўся за айчыну – спачывае на чужыне // Філаматы. — 2003. — № 1 (4). Лыч, Л. Змагаўся за айчыну – спачывае на чужыне Архіўная копія ад 12 сьнежня 2008 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Žuk-Hryškievič Vincent // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
|
|
- Нарадзіліся 10 лютага
- Нарадзіліся ў 1903 годзе
- Нарадзіліся ў Будславе
- Памерлі 14 лютага
- Памерлі ў 1989 годзе
- Памерлі ў Антарыё
- Навучэнцы Будслаўскай беларускай гімназіі
- Навучаліся ў Віленскай беларускай гімназіі
- Выпускнікі Карлавага ўнівэрсытэту
- Беларускія настаўнікі
- Жаўнеры арміі Андэрса
- Удзельнікі Другой сусьветнай вайны
- Удзельнікі бітвы пад Монтэ-Касына
- Беларусы ў Канадзе
- Прэзыдэнты БНР
- Сябры Рады БНР
- Пахаваныя на Беларускіх могілках у Іст-Брансўіку
- Кавалеры і дамы Ордэну Пагоні