Казімер Ягелончык
Казімер IV польск. Kazimierz Jagiellończyk | |
![]() | |
Казімер Ягайлавіч | |
![]() | |
29 жніўня 1440 — 7 жніўня 1492 | |
Каранацыя | 25 жніўня 1440, Вільня |
Папярэднік | Жыгімонт Кейстутавіч |
Наступнік | Аляксандар |
Кароль польскі | |
25 жніўня 1447 — 7 жніўня 1492 | |
Каранацыя | 25 жніўня 1447, Кракаў |
Папярэднік | Уладыслаў III Варнэньчык |
Наступнік | Ян I Ольбрахт |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 13 лістапада 1427, Кракаў |
Памёр | 7 жніўня 1492, Горадня |
Пахаваны | Вэвэльскі сабор, Кракаў |
Нашчадкі |
Казімер, Ян I Ольбрахт, Аляксандар, Жыгімонт Стары агулам: 13 дзяцей |
Каралеўскі дом | Ягелоны |
Дынастыя | Ягайлавічы |
Жонка | Альжбета Аўстрыйская |
Бацька | Ягайла |
Маці | Соф’я Гальшанская |
Узнагароды |
Казімер IV (Казімер-Андрэй Ягайлавіч; польск. Kazimierz Jagiellończyk; 30 лістапада 1427, Кракаў — 7 чэрвеня 1492, Горадня) — вялікі князь літоўскі (1440—1492), кароль польскі (1447—1492). Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вялікім князем Казімера абрала незалежніцкая партыя на чале зь Янам Гаштольдам пасьля забойства Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 годзе, у выніку чаго ліквідавалася дзяржаўная унія з Польшчай[6].
Пры абраньні абяцаў вярнуць у склад Вялікага Княства Літоўскага Валынь і Падольле, захопленыя Польшчай, што пазьней і выканаў. У 1444 годзе канчаткова вярнуў ад Польшчы ў склад ВКЛ Дарагічынскую зямлю.
Пасьля сьмерці свайго старэйшага брата Ўладыслава, караля польскага, быў запрошаны на польскі пасад. Але Казімер доўгі час не пагаджаўся, яго не адпускалі князі і баяры ВКЛ, якія не жадалі нават пэрсанальнай уніі з Польшчай, але пасьля ўсё ж такі пад уплывам маці даў згоду. У чэрвені 1447 году абраны каралём Польшчы, але прысягу даў толькі ў 1453 годзе.
У 1454 Казімер ажаніўся з Альжбетаю, дачкою памёрлага імпэратара Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі Альбэрта II. У Казімера і Альжбеты было трынаццаць дзяцей:
- Уладзіслаў Ягелончык (1456—1516) (з 1471 кароль чэскі)
- Ядвіга Ягелонка (1457—1502)
- Сьв. Казімер (1458—1484)
- Ян I Ольбрахт (1459—1501) (з 1492 кароль польскі)
- Аляксандар Ягелончык (1461—1506)
- Сафія Ягелонка (1464—1512)
- Альжбета (1465—1466)
- Жыгімонт Стары (1467—1548)
- Фрыдэрык Ягелончык (1468—1503) (біскуп кракаўскі, кардынал)
- Альжбета II (1472—1480)
- Ганна Ягелонка (1476—1503)
- Барбара Ягелонка (1478—1534)
- Альжбета III (1483—1517)
Унутраная палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Намагаўся ўмацаваць вялікакняскую ўладу, аднак гэтага не ўдалося, таму мусіў пашырыць правы фэўдалаў і шляхты.
У 1441 годзе здушыў выступ смаленскіх месьцічаў, а ў 1490—1492 гадох выступы сялянаў на поўдні ВКЛ і Польшчы. У 1471 годзе ліквідаваў удзельныя княствы.
У 1447 годзе выдаў так званы Казімераў прывілей, якім пашырыў правы фэўдалаў ВКЛ, гарантаваў права ўласнасьці на зямлю, вольны выезд за мяжу, права судзіць залежных ад іх людзей. У прывілеі прадугледжвалася, што зямлю і дзяржаўныя пасады ў ВКЛ маглі атрымліваць толькі мясцовыя фэўдалы. Пры Казімеру вырасла роля дарадчага органу — паноў-рады і ўзмацніўся яе ўплыў на дзейнасьць вялікага князя. У 1457 годзе выдаў прывілей, паводле якога жыхары ВКЛ маглі вольна выяжджаць за мяжу, акрамя варожых краінаў, у тым ліку для набыцьця адукацыі. Надаваў матэрыяльную дапамогу студэнтам зь дзяржаўнага скарбу. У 1468 годзе выдаў Судзебнік — першую спробу кадыфікацыі крымінальнага і працэсуальнага права ВКЛ.
Прадстаўнікі незалежніцкай партыі, незадаволеныя збліжэньнем з Польшчай, у 1480-х гадох зладзілі змову супраць Казімера, але яе выкрылі.
Выданьнем Няшаўскага статуту распачаў эпоху палітычнага панаваньня ў Польшчы шляхецкага стану.
Вонкавая палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пры Казімеру васалам Польшчы зрабілася Мазавецкае княства, было далучанае Асьвяцімскае княства.
У выніку трынаццацігадовай вайны з крыжакамі ў 1454—1466 гадох паводле Торунскай дамовы 1466 году Польшча вярнула Памор’е, атрымала Заходнюю Прусію, а Тэўтонскі ордэн трапіў у васальную залежнасьць. Казімеру давялося амаль штогод адбіваць татарскія напады.
Станоўча прыняў намеры наўгародзкіх баяраў на чале з Марфай Барэцкай далучыць Ноўгарад да ВКЛ, але Іван III пасьля доўгай аблогі захапіў Ноўгарад і жорстка расправіўся з баярамі.
У дынастычнай палітыцы дамогся абраньня свайго старэйшага сына Ўладзіслава каралём Чэхіі, а потым і Вугоршчыны[7].
Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паводле меркаваньня летувіскіх дасьледнікаў, быў апошнім вялікім князем, які валодаў летувіскаю моваю[8].
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Іканаграфія вялікага князя Казімера
Ян Матэйка, XIX стагодзьдзе
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б в г Encyclopædia Britannica
- ^ а б в г Lundy D. R. The Peerage
- ^ а б в г GeneaStar
- ^ а б в г Internetowy Polski Słownik Biograficzny
- ^ а б Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Бэрлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118990217 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016.
- ^ Грыцкевіч А. Казімір IV // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 14.
- ^ Грыцкевіч А. Казімір IV // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 15.
- ^ Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. — S. 114.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Герасімчык, В. Праклён Ягелона. "Рукі каралёў сягаюць далёка" // Наша гісторыя, №5, 2018, с. 50-52. ISBN 2617-2305
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Казімер Ягелончык — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|