Балтыйскае мора

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Балтыйскае мора з космасу

Балты́йскае мо́ра месьціцца ў Паўночнай Эўропе паміж Скандынаўскім паўвостравам, кантынэнтальнай Эўропай і Дацкімі астравамі. Мора мае сувязь з сусьветным акіянам праз Катэгат, Эрэсунд, Вялікі Бэльт і Малы Бэльт. Катэгат мае працяг праз Скагерак да Паўночнага мора і Атлянтычнага акіяна. Балтыйскае мора штучна зьвязана зь Белым морам Беламорска-Балтыйскім каналам і з Паўночным морам Кільскім каналам. На поўначы Балтыйскага мора месьціцца Батнічны заліў, на паўночным усходзе — Фінскі заліў, а на ўсходзе — Рыскі заліў.

Плошча паверхні мора без уліку астравоў складае 415 тысяч км². Аб’ём вады — 21,5 тысяч км³. Празь велізарны сьцёк рэкаў вада мае нізкую салёнасьць. Балтыйскае мора ёсьць найбуйнейшым у сьвеце морам з такой асаблівасьцю[1].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэмпэратура і лёд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карабель праходзіць празь лёдавае покрыва.

Тэмпэратура вады ў Балтыйскім моры значна вар’іруецца ў залежнасьці ад дакладнага месцазнаходжаньня, сэзону і глыбіні. У борнгальмскім басэйне, які знаходзіцца непасрэдна на ўсходзе ад вострава Борнгальм, тэмпэратура паверхні, як правіла, апускаецца да 0—5 °С узімку, але летам падвышаецца да 15—20 °С, а гадавы сярэдні паказчык складае 9—10 °C[2]. Аналягічная карціна назіраецца ў басэйне Готлянду, які разьмешчаны паміж востравам Готлянд і Латвіяй.

Штогадова Балтыйскае мора пакрытае лёдам каля 45% ад агульнай плошчы паверхні. Зьледзянелая плошча падчас такой тыповай зімы ўключае ў сябе воды Батнічнага, Фінскага, Рыскага заліваў, архіпэляг на захад ад Эстоніі, Стакгольмскі архіпэляг і Архіпэлягавае мора на паўднёвым захадзе ад Фінляндыі. Астатняя частка Балтыйскага мора не замярзае падчас нармальнай зімы, за выключэньнем абароненых бухтаў і плыткіх лагунаў, як то Курскі заліў. Лёдавае покрыва дасягае сваёй максымальнай ступені ў лютым ці сакавіку, а тыповая таўшчыня лёду ў паўночных раёнах Батнічнага заліву складае каля 70 см. Пры перасоўваньні далей на поўдзень таўшчыня памяншаецца.

Пакрыцьцё лёдам пачынаецца ў паўночных ўскрайках Батнічнага заліву, як правіла, яшчэ ў сярэдзіне лістапада, дасягаючы адкрытай вады заліва на пачатак студзеня. Батнічнае мора замярзае, як правіла, у канцы лютага. Фінскі і Рыскі залівы звычайна замярзаюць у канцы студзеня. У 2011 годзе Фінскі заліў быў цалкам пакрыты лёдам на 15 лютага. Ступень пакрыцьця лёдам залежыць ад зімы, якая можа быць мяккай, умеранай або цяжкай. Суровыя зімы могуць прывесьці да стварэньня лёду вакол паўднёвых берагоў Швэцыі і нават у дацкіх пралівах. Паводле гісторыка XVIII стагодзьдзя Ўільяма Дэрэма падчас суровых зімаў 1703 і 1708 гадоў ледзяное покрыва дасягнула дацкіх праліваў[3]. Вядома, што з 1720 году Балтыйскае мора цалкам замярзала у агульнай складанасьці 20 разоў. Самы апошні такі выпадак адбыўся напачатку 1987 году, калі назіралася суровая зіма.

Краіны вадазбору[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Талін, Эстонія
Хэльсынкі, Фінляндыя
Стакгольм, Швэцыя
Санкт-Пецярбург, Расея

Натспуныя краіны маюць выхад да мора: Данія, Латвія, Летува, Нямеччына, Польшча, Расея, Фінляндыя, Швэцыя, Эстонія. Акрамя таго Беларусь, Нарвэгія, Славаччына, Украіна, Чэхія месьцяцца ў вадазборным басэйне, але ня маюць выхаду да мора. Вадазбор Балтыйскага мора прыкладна ў чатыры разы большы за плошчу паверхні самога мора. Каля 48% ад рэгіёну пакрыта лясамі, асабліва больш за ўсё пакрыта лясамі тэрыторыя Швэцыі і Фінляндыі. Каля 20% ад зямлі вадазбору выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, асабліва ў Польшчы, Нямеччыне, Даніі і Швэцыі. Каля 17% тэрыторыі басэйну аніяк не выкарыстоўваецца, а яшчэ 8% характарызуецца як балоцістая мясцовасьць, большая частка якой месьціцца каля Батнічнага заліву і Фінляндыі. Астатняя частка зямлі зьяўляецца густанаселенай. У вадазборных басэёне ракі пражываюць каля 85 мільёнаў чалавек, пры гэтым каля 15 мільёнаў чалавек жывуць у межах 10 км ад берага і 29 мільёнаў чалавек у 50 км ад берагу. Каля 22 мільёнаў жывуць у населеных пунктах большых за 250 тысяч чалавек.

Гарады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбуйнейшыя ўзьбярэжныя гарады:

Важныя порты (пры гэтым малыя гарады):

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Альберт К. Дженсен. «Живой мир океанов». Санкт-Петербург: Гидрометеоиздат, 1994. — С. 256. — ISBN 5-286-00160-2.
  2. ^ «Our Baltic Sea». HELCOM.
  3. ^ Derham, William. «Physico-Theology: Or, A Demonstration of the Being and Attributes of God from His Works of Creation». London, 1713.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Балтыйскае морасховішча мультымэдыйных матэрыялаў