Уладзімер Жылка
Уладзімер Жылка | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Вал.Жыл.; Вл.Ж.; І.Жылка; Макашэвіч; Л.Макашэвіч; У.Ж.; Ул.Ж. |
Нарадзіўся | 27 траўня 1900 в. Макашы, Наваградзкі павет, Расейская імпэрыя, цяпер — Нясьвіскі раён Менскай вобласьці |
Памёр | 1 сакавіка 1933 (32 гады) Уржум, Кіраўская вобласьць, РСФСР |
Пахаваны | |
Бацькі | Адам Жылка Тацяна з Раманейкаў |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, перакладнік, публіцыст, крытык |
Жанр | паэзія |
Мова | беларуская |
Дэбют | «Не плач, не плач па сыну, маці» // 1918, апублікаваны ў 1920 |
Творы на сайце Knihi.com | |
Уладзі́мер Ада́мавіч Жы́лка (27 траўня 1900, в. Макашы, Наваградзкі павет, Менская губэрня — 1 сакавіка 1933, Уржум, Кіраўская вобласьць, Расея) — беларускі паэт, перакладнік, публіцыст, крытык.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нарадзіўся 27 траўня 1900 году ў вёсцы Макашы Наваградзкага павету Менскай губэрні ў сялянскай сям’і Адама Жылкі і Тацяны з Раманейкаў. Першую адукацыю атрымаў у Гарадзейскай царкоўна-прыходзкай школе, затым — у Мірскай гарадзкой вучэльні (1914). У 1916—1917 гадох зь сям’ёй знаходзіўся ў бежанстве ў Тульскай губэрні. Да 1917 вучыўся ў Багародзіцкім агранамічным вучылішчы і пад канец году разам з бацькам вярнуўся ў Менск. Па вяртаньні стаў чальцом клюбу «Беларуская хатка» і пазнаёміўся са старшынём Беларускага тэатральнага таварыства Ядвігіным Ш. У 1918—1819 гадох працаваў аграномам у дзяржаўным маёнтку пад Менскам.
У 1920 годзе, захварэўшы на сухоты, выехаў да бацькавай радні ў в. Клецішча, а пасьля — да матчыных сваякоў у в. Падлесьсе. Пасьля Рыскага міру аказаўся ў Польшчы, дзе зблізіўся з паўстанцамі, якія дзейнічалі на Нясьвіжчыне. Пісаў для падпольнікаў лістоўкі, адозвы, вершы, усталяваў сувязі зь беларускім прагрэсіўным друкам у Вільні — «Беларускімі ведамасьцямі» і «Нашай думкай», якія выдаваў Максім Гарэцкі. Пасябраваў зь лідэрамі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА) Л. Родзевічам, братамі І. і А. Канчэўскімі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы легальных выданьняў БРА — газэтаў «Наша будучыня» і «Новае жыцьцё». Працаваў у Вільні ў Беларускай кнігарні, падтрымліваў тэатральную майстроўню пры Віленскай беларускай гімназіі.
Улетку 1922 году, каб пазьбегнуць перасьледаў і прызыву ў войска генэрала Жалігоўскага выехаў у Прыбалтыку. Некаторы час лячыўся ў летувіскім санаторыі Бірштонас, а ўвосень таго ж году пераехаў у Латвію, дзе вучыўся ў Беларускай гімназіі ў Дзьвінску. Хутка нелегальна вярнуўся ў Вільню, дзе дапамагаў Л. Родзевічу ў журналісцкай працы.
Паводле рэкамэндацыі Л. Родзевіча ў лютым 1923 году выехаў у Праскі ўнівэрсытэт стыпэндыянтам чэхаславацкага ўраду, вучыўся на філялягічным аддзяленьні філязофскага факультэту. У гады вучобы зьяўляўся адным з ініцыятараў утварэньня Арганізацыі беларускага прагрэсіўнага студэнцтва, прымаў удзел у выданьні органа гэтай арганізацыі — часопіса «Перавясла». Тут у 1923 годзе апублікавай свой праграмны твор у рэчышчы прагрэсіўнай ідэалёгіі студэнцкага руху — «У справе ацэнкі беалрускага адраджэньня».
У 1924 годзе абраны дэлегатам на эўрапейскі зьезд студэнтаў у Варшаве, дзе дамогся прыёму беларускага студэнцкага зямляцтва Чэхаславаччыны ў сябры гэтае арганізацыі. У 1926 годзе як рэдактар часопісу «Прамень» паехаў у Менск, каб удзельнічаць у навуковай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу. Неўзабаве прыняў савецкае грамадзянства і застаўся працаваць у газэце «Звязда». Уваходзіў у літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк», адкуль сышоў у 1927 годзе і стаў сябрам другога аб’яднаньня «Ўзвышша». У 1928 годзе перайшоў на працу ў Менскі музычны тэхнікум. Пасябраваў з музыказнаўцам Юльянам Дрэйзіным, дапамог перакласьці на беларускую мову і паставіць сіламі студэнтаў опэру «Фаўст». Працаваў перакладнікам Беларускага дзяржаўнага кіно.
19 ліпеня 1930 году арыштаваны пад Менскам ДПУ БССР па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пры вобшуку на кватэры ў яго забралі 27 кніг, шмат лістоў і рукапісаў[1]. Не прызнаў сябе вінаватым. Пастановай калегіі АДПУ ад 10 красавіка 1931 году асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў ва Ўржуме Кіраўскай вобласьці. Жыў у сям’і І. і Е. Дзеранковых, быў выкладчыкам літаратуры ў мэдычным тэхнікуме, па сумяшчальніцтве — намесьнікам дырэктара па гаспадарчай працы. Памёр ад сухотаў. Пахаваны на мясцовых могілках. Хацеў быць пахаваным у Вільні, горадзе, які вельмі любіў. Рэабілітаваны ў 19 верасьня 1960 году Судовай калегіяй Вярхоўнага суду БССР.
Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Творчасьць У. Жылкі яскрава адлюстроўвае сьветапоглядную эвалюцыю прагрэсіўнай інтэлігенцыі, ідэалягічнага авангарда нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі 1920-х гадоў. Як творца ён аднаўляў традыцыі эўрапейскага рамантызму (пераклады з Г. Ібсэна, А, Міцкевіча, Ш. Бадлера), выкарыстоўваў здабыткі авангардысцкай паэзіі Чэхаславачыны і Польшчы (І. Волькер, Б. Ясенскі), станоўча ацэньваў досьвед савецкіх паэтаў У. Дубоўкі і Я. Пушчы. Ад рамантыкаў і нэарамантыкаў пераняў і асэнсоўваў ў кантэксьце беларускага вызваленчага руху ідэю аб адраджальнай сіле красы («Да Пэрсі Шэлі», «Няма збавеньня», «Твае блакітнасьці нязьменны» і інш.)
Выступаць у друку зь вершамі пачаў у 1920 годзе. У Вільні выйшлі асобнымі выданьнямі паэма «Уяўленьне» (1923) і зборнік вершаў «На ростані» (1924). У Менску выдадзены зборнікі «З палёў Заходняй Беларусі» (1927), «Вершы» (1970), «Пожні» (вершы, пераклады, крытычныя артыкулы, 1986).
Пераклаў «Слова пра Якуба Шэлю» Б. Ясенскага (1932), а таксама асобныя творы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсэна, Ш. Бадлера, І. Волькера і інш.
Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Уладзімер Жылка. Антон Лявіцкі. (Ядвігін Ш.) // Беларускі звон : тыднёвая часопісь. — 1922, 4 сакавіка. — № 6 (3). — С. 1.
- Уладзімер Жылка. Душа мая… (Верш) // Беларускі звон : тыднёвая часопicь. — 1922, 11 сакавіка. — № 7 (32). — С. 3.
- Ул. Жылка. «Чырванее заход ад мароза...» / рэдактар-выдавец А. Амельяновіч, рэдактар Л. Родзевіч // Наша будучына : газэта. — Вільня : «Друк», 1923, 6 студня. — № 1. — С. 2.
- Ул. Ж. «Як ўсё ў жыцьці — яшчэ вясна...». / рэдактар-выдавец А. Амельяновіч, рэдактар Л. Родзевіч // Наша будучына : газэта. — Вільня : «Друк», 1923, 3 лютня. — № 5. — С. 3.
- Ул. Жылка. Нікнеі ў мгле старана… (Верш) // Новае жыцьцё : газэта. — 1923, 24 сакавіка. — № 4. — С. 4.
- Уладзімер Жылка. Уяўленьне. — Вільня: Друк. Гарбэра, 1923. — 23 с.
- Уладзімер Жылка. На ростані: вершы. Цыклы: Бацькаўшчына; З палеткаў і лясоў; Спатканне з Эрасам; Думы і настроі. — Вільня: Беларускае выдавецкае таварыства, 1924. — 46 с.
- Уладзімер Жылка. З палёў Заходняй Беларусі: вершы. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1927. — 128 с. — 3000 ас.
- Ул. Ж. Ліст у рэдакцыю часопіса «Полымя». / Рэдакцыйная калегія: Зьміцер Жылуновіч, Янка Ліманоўскі, Ігнат Шыпіла // Полымя : часопіс. — Менск: «Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі», 1927. — № 8. — С. 205–207.
- Уладзімір Жылка. Творы. Да 20-х угодкаў сьмерці / пад рэдакцыяй і з камэнтарамі Ант. Адамовіча. — У Ню Ёрку: 1953. — 102 с.
- Сцягі і паходні: творы паэтаў з былой Заходняй Беларусі / укладаньне, прадмова У. А. Калесніка. — Менск: Беларусь, 1965. — 254 с. — 3600 ас.
- Уладзімер Жылка. Вершы / укладаньне, прадмова У. А. Калесніка. — Менск: Беларусь, 1970. — 134 с. — 2000 ас.
- Уладзімір Жылка. Пожні: вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / укладаньне, прадмова У. Калесніка. — Менск: Мастацкая літаратура, 1986. — 150 с. — 2300 ас.
- Уладзімер Жылка. Творы. Паэзія. Эсэістыка / укладаньне, прадмова У. А. Калесніка. — Менск: Мастацкая літаратура, 1996. — 286 с. — 6000 ас. — ISBN 985-02-0325-0
- Уладзімер Жылка. «Выбраныя творы». — Менск: Беларускі кнігазбор, 1998. — 358 с. — 6000 ас. — ISBN 985-6318-19-X
- Уладзімер Жылка. «Матылі». Вершы. Паэмы. Пераклады. / Прадмова Валерыі Куставай. — Менск: Мастацкая літаратура, 2009. — 189 с. — (Школьная бібліятэка). — 2000 ас. — ISBN 978-985-02-1122-4
Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Адам Міцкевіч. «Акерманскія стэпы» / з польскай мовы пераклаў Уладзімер Жылка // Наша будучына : газэта. — Вільня : «Друк», 1922, 8 сьнежня. — № 1. — С. 2.
- Георгі Шылін. Страшная Арват; Шайтан: апавяданьні / з расейскай мовы пераклаў Уладзімер Жылка. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1927. — 100 с. — 7000 ас.
- Бруно Ясенскі. Слова пра Якуба Шелю: паэма / з польскай мовы пераклаў Уладзімер Жылка. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1932. — 66 с. — 3000 ас.
- Рыгор Эпік. Сустрэча: аповесьць / з украінскай мовы пераклаў Уладзімер Жылка. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1932. — 186 с. — 3000 ас.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Калеснік У. Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі / Сямёнава А. I.. — Менск: Мастацкая літаратура, 1977. — 328 с. — 2000 ас..
- Уладзімер Калесьнік. Пражскі эпісталярый. // Усё чалавечае. Літаратурныя партрэты, артыкулы, нарысы. — Менск: Мастацкая літаратура, 1993. — С. 224—327. — ISBN 5-340-00932-7.
- Калесьнік, У. А. Жылка Уладзімір // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 2. Верабей — Іваноў / Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 464—467. — 541 с ISBN 5-85700-075-0
- Уладзімір Жылка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Мікола Трус. Vivere memento!: Старонкі «сямейнага альбома» Уладзіміра Жылкі: да 110-годдзя паэта. // Роднае слова : штомесячны навуковы і метадычны часопіс. — 2010. — № 5 (269). — С. 4—6.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
![]() |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Нарадзіліся 27 траўня
- Нарадзіліся ў 1900 годзе
- Памерлі 1 сакавіка
- Памерлі ў 1933 годзе
- Нарадзіліся ў Нясьвіскім раёне
- Беларускія паэты і паэткі
- Беларускія перакладчыкі
- Беларускія публіцысты
- Беларускія крытыкі
- Асобы Дзьвінску
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Сябры літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк»
- Сябры літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша»
- Асуджаныя па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»
- Памерлі ад сухотаў