Усебеларускі народны сход

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Усебеларускі народны сход — агульны сход прадстаўнікоў беларускага ўраду, кіраўнікоў прадпрыемстваў і прадстаўнікоў іншых галінаў гаспадаркі. Адбываецца кожныя пяць гадоў перад чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў менскім Палацы Рэспублікі. На сход вылучаюцца дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі. Урад складае каштарыс расходаў на падрыхтоўку і правядзеньне сходу ды ажыцьцяўляе яго фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне. З другога сходу колькасьць удзельнікаў складае 2500 чалавек, у тым ліку ад Менску — 400, ад кожнай вобласьці — па 350[1]. Дзейсная ўлада ацэньвае яго як «найвышэйшую форму дэмакратыі», прызначаную для абмеркаваньня найістотнейшых пытаньняў жыцьця дзяржавы[2], параўноўваючы з народным вечам.

Мажлівасьць скліканьня «рэспубліканскага сходу» замацаваная ў Законе «Пра рэспубліканскія і мясцовыя сходы»:

« Рэспубліканскі сход можа склікацца па меры неабходнасьці прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь для абмеркаваньня істотных пытаньняў дзяржаўнага і грамадзкага жыцьця і праектаў адпаведных рашэньняў. Нормы прадстаўніцтва і парадак абраньня ўпаўнаважаных удзельнічаць у рэспубліканскім сходзе, а таксама склад арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы і правядзеньні рэспубліканскага сходу ўсталёўваюцца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. »

Закон Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2000 г. №411-З «Пра рэспубліканскія і мясцовыя сходы»

Традыцыйны выступ Аляксандра Лукашэнкі перад дэлегатамі народнага сходу з праграмай сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця палітолягі называюць ягонай перадвыбарнай праграмай[3].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы сход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы сход, у якім прынялі ўдзел каля 5 тысячаў дэлегатаў, адбыўся 19—20 кастрычніка 1996 году. Упершыню адбылася яго прамая трансьляцыя на ўсіх тэлеканалах, уключна з расейскімі НТВ, РТР і ОРТ[4]. На ім ладзілася абмеркаваньне асноўных палажэньняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны і праекту зьмяненьняў і дапаўненьняў у Канстытуцыю Беларусі. Празь месяц прапанаваны праект, які пашырыў паўнамоцтвы Лукашэнкі, быў падтрыманы на рэфэрэндуме.

Празь пяць год, ужо на другім Усебеларускім сходзе, Лукашэнка абвясьціў: : «Першы зьезд адвёў краіну ад хаосу, анархіі і вайны розных палітычных групаў і груповак. Ён вызначыў курс на правядзеньне рэфэрэндуму. У гэтым найгалоўнейшая асноўная заслуга першага зьезду.»[5]

Другі сход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другі сход пад лёзунгам «За сильную и процветающую Беларусь» адбыўся 18 траўня 2001 году, за чатыры месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў. З удзелам 2500 дэлегатаў, абраных на гарадзкіх, раённых і працоўных сходах найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў усіх рэгіёнаў краіны. Паводле ўхваленай 2-ім сходам рэзалюцыі, Праграма разьвіцьця на 2001—2005 гады мела 4 напрамкі:

  1. утварэньне выніковага парадку аховы здароўя,
  2. актывізаваньне інавацыяў і ўкладаньняў,
  3. нарошчваньне экспарту тавараў і паслугаў,
  4. разьвіцьцё жыльлёвага будаўніцтва, аграпрамысловага комплексу[6].

Трэці сход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэці сход, што прайшоў пад лёзунгам «Дзяржава для народа» 2—3 сакавіка 2006 году, за два тыдні да выбараў[7], замацаваў асноўным прынцыпам дзяржаўнага будаўніцтва ў чарговай пяцігодцы патрабаваньне значна павысіць якасьць жыцьця. У ім прынялі ўдзел 2,5 тысячы чалавек[8]. Менавіта на гэтым сходзе Лукашэнка прамовіў знакамітую фразу пра тое, што «Скарына быў ня толькі беларус, ён жыў і ў Піцеры і тварыў там»[9].

2 сакавіка на сход спрабаваў патрапіць кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, але пры гэтым быў зьбіты людзямі ў цывільным пад кіраўніцтвам тагачаснага камандзіра спэцназу Міністэрства ўнутраных справаў Дзьмітрыя Паўлічэнкі[4]. Пазьней высьветлілася, што зьбіцьцё адбывалася байцамі спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз»[10].

Чацьвёрты сход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Транспарант на плошчы Незалежнасьці (Менск)

Чацьвёрты сход, скліканы з мэтай рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзянаў удзельнічаць у абмеркаваньні пытаньняў дзяржаўнага і грамадзкага жыцьця, праходзіў у Менску 6—7 сьнежня 2010 году, перад чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі. У ім прымаюць удзел 2,5 тыс. чалавек. Сход трансьляваўся па ўсіх дзяржаўных тэлеканалах, а таксама па беларускім радыё[11]. Паводле ўхваленай 4-ім сходам рэзалюцыі, Праграма разьвіцьця на 2011—2015 гады мела 8 напрамкаў:

  1. разьвіцьцё чалавечага патэнцыялу, улучна з павышэньнем узроўню дабрабыту, ростам нараджальнасьці і павелічэньнем працягласьці жыцьця, умацаваньнем здароўя грамадзянаў і павышэньнем якасьці адукацыі;
  2. карэннае асучасьненьне гаспадаркі, стварэньне новых навукаёмістых, высокатэхналягічных вытворчасьцяў;
  3. заахвочваньне прадпрымальніцтва і дзелавой ініцыятывы;
  4. рост экспарту тавараў і паслугаў, збалянсаванасьць і выніковасьць зьнешняга гандлю;
  5. разьвіцьцё імпартазамяшчальных вытворчасьцяў;
  6. устойлівае разьвіцьцё рэгіёнаў;
  7. будаўніцтва якаснага і даступнага жытла;
  8. павышэньне выніковасьці аграпрамысловага комплексу[12].

Трапіць на сход плянаваў Уладзімер Някляеў[13]. За ягонае вылучэньне было сабрана 27 000 подпісаў, а таксама праведзены сход грамадзянаў Ленінскага раёну Менску[14]. Аднак на сход упаўнаважаных Ленінскага раёну, які непасрэдна абіраў дэлегатаў, яго не дапусьцілі.

Пяты сход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пяты сход праходзіў у Менску 22—23 чэрвеня 2016 году.

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апанэнты ўлады выказваюць сумнеў у мэтазгоднасьці скліканьня падобных мерапрыемстваў. Часам сход гіранічна называюць «Усебеларускім хуралам»[15][16].

Удзельнік першага Ўсебеларускага сходу Ўладзімер Ганчарык называе плянаваньне будучых пяцігодак на гэткіх сабраньнях «прапагандысцкім крокам», матывуючы гэта тым, што ўсе падобныя сходы адбываюцца за некалькі тыдняў да прэзыдэнцкіх выбараў, а значыць, існуе магчымасьць выбару іншага кандыдата[17]. Акрамя таго, на ягоную думку, прынятыя пастановы не выконваюцца:


« Я прааналізаваў перадвыбарчую праграму Лукашэнкі 2006 году. У ёй было тры прынцыповыя моманты. Па-першае, за пяцігодку нам абяцалі эўрапейскі ўзровень жыцьця (па зарплатах, мэдыцынскім абслугоўваньні і г.д.). Па-другое, жыльлё мусіла стаць удвая таньней. Па-трэцяе, інфляцыя не павінна была быць вышэй за 5%. Што ж маем насамрэч? Інфляцыя вырасла ў два разы. Жыльлё не патаньнела. Па ўзроўні жыцьця, заробках мы ня толькі з разьвітымі краінамі Эўропы, але з той жа Польшчай ня можам раўняцца. Больш за тое, раней мы мелі большыя, чым у Расеі, пэнсіі, але цяпер і ў гэтым прайграем. Вось вам і абяцаньні, агучаныя на папярэднім Усебеларускім народным сходзе. »

—У. Ганчарык, Вайтовіч і Ганчарык: Усебеларускі сход — фігавы лісток для ўлады

Невыкананьне Лукашэнкам абяцаньняў, зробленых на першым падобным сходзе ў 1996 годзе, закідаў таксама ягоны ўдзельнік Міхаіл Чыгір перад чарговым сабраньнем 2001 году[18].

Удзельнік другога Ўсебеларускага сходу акадэмік Аляксандар Вайтовіч зазначае, што сход не прымае ніякіх рашэньняў, а ўсё адбываецца па загадзя сплянаваным сцэнары[17]. З гэтай прычыны на сходы не дапускаюцца ўдзельнікі, якія маюць «альтэрнатыўныя погляды».

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памятны штэмпель, прымеркаваны да Трэцяга Ўсебеларускага сходу

У 2006 годзе «Белпошта» выпусьціла мастацкую капэрту з арыгінальнай маркай «Трэці Ўсебеларускі народны сход». У часе працы сходу на Менскім паштамце праводзілася адмысловае памятнае гашэньне[19].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аляксандар Лукашэнка (20 лютага 2001) Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 лютага 2001 г. № 80 «Аб скліканьні другога Ўсебеларускага народнага сходу» Дакумэнты. Зьвязда, № 38 (24154). Праверана 28 сьнежня 2011 г.
  2. ^ Сяргей Каралевіч (4 сакавіка 2006) Аляксандар Лукашэнка: «Зрабіць Радзіму моцнай і квітнеючай» Улада і грамадзтва. Зьвязда, № 50 (25639). Праверана 28 сьнежня 2011 г.
  3. ^ Ольга Шестакова (14 кастрычніка 2010) Всебелорусское народное собрание пройдет за две недели до выборов(рас.) Палітыка. «Камсамольская праўда ў Беларусі». Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  4. ^ а б Усебеларускі народны сход: што аб ім ведаюць? Што аб ім думаюць? Палітыка. «Гавары праўду!» (22 ліпеня 2010). Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  5. ^ Уступнае слова прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі на другім Усебеларускім народным сходзе Розгалас. Зьвязда, № 102 (24218) (23 траўня 2001). Праверана 28 сьнежня 2011 г.
  6. ^ Рэзалюцыя другога Ўсебеларускага народнага сходу Улада і грамадзтва. Зьвязда, № 101 (24217) (22 траўня 2001). Праверана 28 сьнежня 2011 г.
  7. ^ Чацвёрты Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 6–7 снежня Выбары-2010. «Наша Ніва» (13 кастрычніка 2010). Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  8. ^ Чацьвёрты Усебеларускі народны сход Дасье. БелТА (3 сьнежня 2010). Праверана 28 сьнежня 2011 г.
  9. ^ Лукашенко: Скорина был не только белорус, он жил и в Питере(рас.) Грамадзтва. TUT.BY (2 сакавіка 2006). Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  10. ^ Всебелорусские собрания как «высшая форма демократии» в Беларуси(рас.) Навіны. TUT.BY (14 кастрычніка 2010). Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  11. ^ У Менску праходзіць Усебеларускі народны сход Палітыка. Радыё «Свабода» (6 сьнежня 2010). Праверана 6 сьнежня 2010 г.
  12. ^ Рэзалюцыя IV Усебеларускага народнага сходу Грамадзтва. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (7 сьнежня 2010). Праверана 28 сьнежня 2011 г.
  13. ^ Някляеў пайшоў па слядах Казуліна Выбары-2010. «Наша Ніва» (19 ліпеня 2010). Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  14. ^ Іна Студзінская (4 лістапада 2010) Някляева не ўпаўнаважылі трапіць на Ўсебеларускі сход Палітыка. Радыё «Свабода»Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  15. ^ Валер Карбалевіч (12 лістапада 2010) Всебелорусский хурал — ностальгия по КПСС(рас.). Грамадзянская кампанія «Гавары праўду!». Праверана 6 сьнежня 2010 г.
  16. ^ Некляева не пустили на всебелорусский «хурал»(рас.). Навінасны партал www.udf.UDF (3 лістапада 2010). Праверана 6 сьнежня 2010 г.
  17. ^ а б Кастусь Лашкевіч (4 сьнежня 2010) Вайтовіч і Ганчарык: Усебеларускі сход — фігавы лісток для ўлады Палітыка. TUT.BYПраверана 4 сьнежня 2010 г.
  18. ^ Юры Сьвірко (15 траўня 2001) Міхаіл Чыгір заклікаў «Другі ўсебеларускі народны сход» рэкамэндаваць Лукашэнку не вылучацца Грамадзтва. TUT.BYПраверана 4 сьнежня 2010 г.
  19. ^ Третье Всебелорусское народное собрание. Информационный листок № 3 (230)(рас.). «Белпошта» (27 лютага 2006). Праверана 4 сьнежня 2010 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Усебеларускі народны сходсховішча мультымэдыйных матэрыялаў