Дзяды 30 кастрычніка 1988 году (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мітынг-рэквіем «Дзяды»
Дата30 кастрычніка 1988 (35 гадоў таму)
МесцаМенск

Мітынг-рэквіем «Дзяды» адбыўся 30 кастрычніка 1988 року ў Менску.

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ініцыятарамі правядзеньня мітынгу выступілі арганізацыі, якія на той час зваліся «нефармальнымі». На хвалі «перабудовы» яны займаліся пытаньнямі рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў, літаратурай, а таксама аховай вакольнага асяродзьдзя, паступова, аднак, пераходзячы да палітычных пытаньняў.

Першая значная акцыя па адзначэньні «Дзядоў» у Беларусі адбылася ў 1987 року ў менскім парку імя Янкі Купалы, зладзілі яе моладзевыя таварыствы «Тутэйшыя» ды «Талака». 29 кастрычніка 1987 мінула 50 гадоў з «Чорнай ночы», калі расстралялі 132 беларускіх інтэлігентаў, таму разам з аднаўленьнем народнай традыцыі арганізатары мелі на ўвазе антысталінскі (і нават антысавецкі) падтэкст[1].

Арганізацыю мітынгу-рэквіему ў 1988 року ўсклала на сябе Таварыства маладых літаратараў пры Саюзе пісьменьнікаў Беларусі «Тутэйшыя» на чале з Алесем Бяляцкім. 14—17 кастрычніка 1988 року Алесь Бяляцкі і Анатоль Сыс зьвярнуліся ў выканаўчыя камітэты раённых Саветаў народных дэпутатаў і ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, каб атрымаць дазвол на правядзеньне шэсьця і гістарычна-літаратурнага беларускага сьвята-мітынгу «Дзяды», на якім зьбіраліся ўшанаваць памяць продкаў.

Да арганізацыі мітынгу далучыліся наваствораныя 19 кастрычніка 1988 року «Мартыралёг Беларусі» і аргкамітэт па стварэньні Беларускага Народнага Фронту пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Падрыхтоўка адбывалася ў новай інфармацыйнай атмасфэры — пасьля публікацыі тэксту Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». Такім чынам асноўным акцэнтам сёлётніх Дзядоў мела стаць ушанаваньне памяці і раскрыцьцё праўды пра рэпрэсіі.

24—25 кастрычніка ўлады адмовілі ў правядзеньні мітынгу (афіцыйнае рашэньне Менгарвыканкаму надрукаваў «Вечерний Минск»). Ініцыятараў мітынгу выклікалі 26 кастрычніка ў пракуратуру Менску, дзе іх афіцыйна папярэдзілі пра магчымае парушэньне заканадаўства. Арганізатары тым часам распаўсюдзілі інфармацыю пра плянаваную акцыю, у тым ліку распаўсюдзіўшы ўлёткі (28 кастрычніка пры іх распаўсюджаньні быў затрыманы Алесь Пушкін).

Хада падзеяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З мэтаю запабегчы правядзеньню мітынгу ўлады задзейнічалі вялікія сілы: 30 кастрычніка на акцыю былі прыцягнутыя 600 міліцыянтаў ня толькі Менскага гарнізону, але й курсанты навучальных установаў МУС СССР, 30 міліцэйскіх і 2 пажарныя машыны. Рух па дзьвюх апошніх станцыях мэтро быў спынены, і ўдзельнікі акцыі мусілі дабірацца да месца мітынгу пешкі.

Кульмінацыя падзеяў 30 кастрычніка адбылася пасьля 14-й гадзіны ў раёне сквэру па вуліцы Каліноўскага (блізу Маскоўскіх могілак). Грамадзяне, якія йшлі да месца правядзеньня Дню памяці продкаў ва ўрочышча Курапаты, былі жорстка разагнаныя міліцыянтамі з ужываньнем сьлезацечнага газу «чаромхі» і гумовых дручкоў. Былі затрыманыя 72 чалавекі. Разгон мітынгу непасрэдна курыраваў міністар унутраных справаў БССР Віктар Піскароў[2].

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ініцыятары мітынгу ўсю віну за разгон усклалі на ўлады, назваўшы гэта праяваю сталінізму. Разгон акцыі быў нэгатыўна ўспрыняты шматлікімі творчымі зьвязамі, прадстаўнікамі інтэлігенцыі. Прававую ацэнку падзеям дала адмыслова створаная камісія на чале з старшынём Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Георгіям Таразевічам. Вынікам дзейнасьці камісіі стала пастанова Прэзыдыюму ад 14 лістапада 1988 року, у якім арганізатараў мітынгу абвінавацілі ў намеры выкарыстаць шэсьце ў мэтах, што «ня маюць нічога агульнага з рытуалам паміну», нягледзячы на забарону.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]