Галіна Сямдзянава
Галіна Сямдзянава | |
Народны дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь) | |
---|---|
Намесьніца старшыні Партыі БНФ, старшыня Юрыдычнай камісіі, старшыня Рэвізійнай камісіі | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзілася: |
28 лютага 1947 Гдыня, Польская Рэспубліка |
Памерла: | 18 верасьня 2011 |
Партыя: | Партыя БНФ |
Адукацыя: |
Галіна Георгіеўна Сямдзянава (28 лютага 1947 — 18 верасьня 2011) — беларуская палітык і грамадзкая дзяячка, дэпутатка Вярхоўнага Савета 12 скліканьня, сябра Беларускага народнага фронту і Партыі БНФ[1].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галіна Георгіеўна Сямдзянава нарадзілася ў Гдыні (Польшча) ў сям’і савецкага марскога афіцэра і мэдсястры.
Скончыла Куйбышаўскі політэхнічны інстытут, працавала ў абароннай прамысловасьці на інжынэрскіх пасадах.
Вярнуўшыся ў Беларусь, Галіна Сямдзянава пачала працу ў Камітэце народнага кантролю[2], узначальвала Наваградзкі раённы КНК.
Палітычная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1990 г. Галіна Сямдзянава была выбраная народным дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларускай ССР ад Наваградзкай выбарчай акругі № 262.
У Вярхоўным Савеце Галіна Сямдзянава ўвайшла ў дэпутацкую групу Апазыцыя БНФ[2], была старшынём яе Рэвізійнай камісіі. Працавала ў Камісіях Вярхоўнага Савету па экалёгіі і рацыянальным выкарыстаньні прыродных рэсурсаў; па таварах народнага спажываньня, гандлі і паслугах насельніцтву; у Часовай камісіі Вярхоўнага Савету па прывілеях[1].
Галіна Сямдзянава была суаўтарам Канцэпцыі пераходу Беларускай ССР да рынкавай эканомікі (восень 1990 г.). Удзельнічала ў распрацоўцы і прыняцьці дзясяткаў заканадаўчых актаў, у тым ліку Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусі, законаў для спэцыяльнай сэсіі Вярхоўнага Савету 24-25 жніўня 1991 году, калі была абвешчаная незалежнасьць Беларусі[1].
24 жніўня 1991 г., за дзень да наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце сілы канстытуцыйнага закону, Галіна Сямдзянава была чалавекам, які першы ўнёс бел-чырвона-белы сьцяг у залю паседжаньняў Вярхоўнага Савета[3].
Яна была аўтарам заканадаўчых прапановаў, накіраваных на стварэньне арміі Рэспублікі Беларусі. Старшынявала ў Беларускай асацыяцыі вайскоўцаў «Вяртаньне», якая пасьля распаду СССР дапамагла вярнуцца ў Беларусь больш як чатыром тысячам вайскоўцаў, у тым ліку з зонаў узброеных канфліктаў.
У 1996—1997 гадах уваходзіла ў Сакратарыят Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, які працягваў працу пасьля гвалтоўнага разгону 1996 году.
У Партыі БНФ Галіна Сямдзянава займала пасады намесьніцы старшыні (2002—2006), старшыні Юрыдычнай камісіі, старшыні Рэвізійнай камісіі (да 2010).
У 2008 годзе была накіраваная ад БНФ у Цэнтральную камісію па выбарах і рэспубліканскіх рэфэрэндумах, у 2010-м — у Менскую гарадзкую камісію па выбарах прэзыдэнта.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Ня стала Галіны Сямдзянавай 18.09.2011 Радыё Свабода
- ^ а б Вянок памяці. Галіна Сямдзянава Алесь Дашчынскі 19.09.2011 Радыё Свабода
- ^ Пазняк: Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сцяг у Вярхоўны Савет Вольга Міцкевіч 19.09.2011 Эўрарадыё