Перайсьці да зьместу

Каардынацыйная рада (Беларусь)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Каардынацыйная рада
Абрэвіятура КР
Дата ўтварэньня 18 жніўня 2020
Тып грамадзкая ініцыятыва
Юрыдычны статус арганізацыйны камітэт
Мэта выпраўленьне парушэньняў пры падліку галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году[1]
Штаб-кватэра Нацыянальны сьцяг Беларусі Менск
Месцазнаходжаньне Беларусь
Давераная асоба Вольга Кавалькова
Адвакат Максім Знак[1]
Прэс-сакратар Антон Раднянкоў
Выканаўчы сакратар Іван Краўцоў[2]
Асноўныя асобы Сьвятлана Алексіевіч, Сяргей Дылеўскі, Марыя Калесьнікава, Павал Латушка і Лілія Ўласава[3]
Кіроўны орган Прэзыдыюм
Матчына кампанія Сьвятлана Ціханоўская[1]
Зьвязаныя кампаніі «Народная антыкрызісная ўправа»
Бюджэт сяброўскія складкі
Колькасьць супрацоўнікаў 2
Колькасьць валянтэраў 70[4]
Сайт rada.vision/by

Каардынацы́йная ра́да — грамадзянскае аб’яднаньне Беларусі, заснаванае ў жніўні 2020 году ў Менску.

Створаная з даручэньня кандыдаткі на прэзыдэнцкіх выбарах Сьвятланы Ціханоўскай дзеля «пераадоленьня палітычнага крызісу і забесьпячэньня згоды ў грамадзтве, а таксама для абароны сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі»[1].

У студзені 2023 году МУС Беларусі прызнала Каардынацыйную раду экстрэмісцкім фармаваньнем. Паводле беларускага заканадаўства, сябрам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі[5]. Раней, у 2021—2022 гадах, беларускія суды прызнавалі інтэрнэт-рэсурсы Рады экстрэмісцкімі матэрыяламі[6].

14 жніўня 2020 году расейскі мільярдэр беларускага паходжаньня Зьміцер Мазепін (нар. 1968, Менск), які валодаў «Уралхімам» (Масква) і «Уралкаліем» (Пермскі край), абнародаваў «Зварот ад імя Беларуска-расейскай справавой рады». Гандлёва-прамысловая палата Расеі стварыла гэтую раду 19 сьнежня 2018 году пры спрыяньні расейскага амбасадара ў Беларусі Міхаіла Бабіча[7]. У звароце зьмяшчаўся «заклік... палітыкам... стварыць Камітэт нацыянальнага выратаваньня, які ад імя насельніцтва зможа размаўляць з уладай», бо «пратэсты... ня маюць яўнага лідэра», таму «афіцыйнай уладзе проста няма з кім весьці эфэктыўны дыялёг»[8]. Пра намер стварыць Каардынацыйную раду Сьвятлана Ціханоўская, якая знаходзілася ў Летуве, абвясьціла 14 жніўня. У склад Рады ўвайшлі каля 70 чалавек. 17 жніўня 2020 году, напярэдадні стварэньня Каардынацыйнай рады, сябра Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валеры Варанецкі заявіў: «Меркаваў бы правільным у гэтай сытуацыі стварыць нешта накшталт нацыянальнай рады або круглага стала, які стаў бы месцам абмеркаваньня шляхоў выхаду з крызісу і далейшага разьвіцьця нашай краіны. Натуральна, што ў ім павінныя ўдзельнічаць аўтарытэтныя прадстаўнікі ўлады і грамадзянскай супольнасьці, палітычных сілаў, грамадзкіх дзеячоў, працоўнага руху, царквы і да т. п. І, вядома, удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі»[9].

18 жніўня ў Менску прайшла прэс-канфэрэнцыя Каардынацыйнае рады для перадачы ўлады[10]. 19 жніўня быў абраны Прэзыдыюм Каардынацыйнае рады зь 7 чалавек, які ў той самы дзень ўхваліў рэзалюцыю, у якой заклікаў улады неадкладна пачаць перамовы і выпрацаваць мэханізмы для аднаўленьня законнасьці і правядзеньня новых выбараў[11].

26 кастрычніка 2020 году «Каардынацыйная рада па арганізацыі працэсу пераадоленьня крызісу» («КР») ўхваліла Прынцыпы дзейнасьці «Народнай антыкрызіснай управы» («НАУ»). 28 кастрычніка 2020 году ўтварылі саму «НАУ», якую ўзначаліў сябра Прэзыдыюму «КР» Павал Латушка[12]. У склад «НАУ» увайшлі галіновыя адмыслоўцы: Яўген Буры (гаспадарка і фінансы), Анатоль Котаў (зьнешняя палітыка і гандаль), Міхаіл Кірылюк (правасудзьдзе), Вадзім Пракоп’еў (бясьпека) і Юры Губарэвіч (вобласьці); а таксама каардынатарка Алена Жываглод. У якасьці задачаў «НАУ» вызначаліся: 1) супрацьдзеяньне прапагандзе; 2) падтрымка мясцовай самаарганізацыі, стачкавага руху і мірнага пратэсту; 3) пашырэньне сьпісу асобаў для санкцыяў з боку міжнародных арганізацыяў; 4) складаньне сьпісу праўладных прадпрыемстваў для гаспадарчых санкцыяў; 5) выяўленьне рахункаў праўладных асобаў для арышту міжнароднымі арганізацыямі; 6) прыцягненьне вінаватых у фальсіфікацыі выбараў і вулічным гвалце да адказнасьці; 7) абарона ад рэпрэсіяў грамадзянаў[13].

19 жніўня 2020 году быў абраны Прэзыдыюм КР зь 7 чалавек[14]:

У Раду ўвайшло разам 70 сябраў:

19 жніўня Вольга Кавалькова заявіла, што Каардынацыйная рада зьяўляецца адзіным прадстаўнічым органам беларускага грамадзтва. Ён створаны і будзе дзейнічаць з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай з мэтай арганізацыі працэсу перадачы ўлады і забесьпячэньня згоды ў грамадзтве. Па яе словах, каардынацыйная рада дзейнічае на падставе асноўных прынцыпаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Усе сябры рады, якія выказалі жаданьне ўдзельнічаць у яе працы, прызнаюць наяўнасьць недапушчальных парушэньняў пры правядзеньні выбарчай кампаніі і падліку галасоў на выбарах, не прызнаюць афіцыйна абвешчаных вынікаў выбараў, лічаць злачынным гвалт з боку праваахоўных органаў і лічаць неабходным вызваленьне палітычных зьняволеных. Гэта асноўныя пункты, зь якімі згодныя ўсе кандыдаты, якія падавалі заяўкі на ўступленьне ў раду[14].

Раднікі Каардынацыйнай рады падкрэсьлілі, што ніякай праграмы, пра якую пішуць афіцыйныя СМІ, у іх няма, яны ня ставяць за мэту зьмену канстытуцыйнага ладу і чакаюць, што афіцыйны Менск пагодзіцца на перагаворы дзеля вырашэньня палітычнага крызысу ў краіне[15].

Аляксандар Лукашэнка 18 жніўня на нарадзе з раднікамі рады бясьпекі назваў стварэньне рады спробай захопу ўлады з усімі вынікаючымі наступствамі. «Новы элемэнт - гэта спроба заспакоіць улады, і асабліва сілавыя структуры: мы мірныя, мы добрыя, разумееце, мы ўжо ня хочам супрацьстаяньня. Гэта так і ня так. Гэта шырма. Калі зазірнуць за яе, вы пабачыце, што адбываецца. Яны нам падкідваюць іншы бок. І патрабуюць ні многа ні мала - перадаць ім уладу. Значыць, мы гэта расцэньваем адназначна: гэта спроба захопу ўлады з усімі вынікаючымі наступствамі». Лукашэнка запатрабаваў прыняць адпаведныя меры, выключна ў рамках Канстытуцыі і заканадаўства[16].

Раднік Каардынацыйнай рады Павал Латушка ў гутарцы Свабодзе назваў падманам публікацыі СМІ аб тым, што Каардынацыйная рада нібыта выступае супраць выхаду Беларусі з Саюзнай дзяржавы і ЭАЭЗ. Таксама Павал Латушка назваў падманам заявы прэм’ера Рамана Галоўчанкі аб тым, што Рада прапануе аднавіць мяжу з Расеяй і правесьці прымусовую беларусізацыю[17]. Гэтыя пытаньні на Каардынацыйнай радзе не разглядаліся[18].

Уноч на 20 жніўня ў дом Паўла Латушкі два невядомыя мужчыны кінулі банку з чырвонай фарбай. Яго самога дома не было. На брамцы дому былі намаляваныя бела-чырвона-белыя сьцягі. Фота запэцканага будынку і гаражу яму пераслалі сябры. Сам Латушка цяпер пад аховай. У ягоны адрас паступаюць пагрозы[19].

Генэральная пракуратура 20 жніўня завяла справу ў сувязі зь дзейнасьцю Каардынацыйнай рады паводле артыкулу «аб захопе ўлады», заявіў журналістам генэральны пракурор Аляксандар Канюк: «Стварэньне і дзейнасьць Каардынацыйнай рады накіраваныя на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі. На падставе гэтага факту заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу». Артыкул прадугледжвае пакараньне да 5 гадоў зьняволеньня[20].

Рада на гэта адказала, што яе дзейнасьць законная. «У сувязі з публічнай заявай генэральнага пракурора А. У. Канюка аб узбуджэньні крымінальнай справы паводле арт. 361 КК РБ па факце стварэньня Каардынацыйнай рады, лічым неабходным яшчэ раз пацьвердзіць, што мэты Каардынацыйнай рады і спосабы дасягненьня гэтых мэтаў выразна выкладзены ў Рэглямэнце Каардынацыйнай рады і прынятай рэзалюцыі. Усе мэты і спосабы зьяўляюцца законнымі, заснаванымі на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Сябры Каардынацыйнай рады не распаўсюджвалі заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, ці ажыццяўленьню акту тэрарызму або дывэрсіі, або да зьдзяйсьненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь»[21].

21 жніўня Максіма Знака і Сяргея Дылеўскага выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт паводле крымінальнага артыкулу 361 за спробу «захопу дзяржаўнай улады, а таксама прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь». Празь некалькі гадзінаў Максім Знак выйшаў з СК і паведаміў журналістам, што ён адказаў на ўсё пытаньні сьледзтва. Допыт ніяк не паўплывае на працу рады[22].

24 жніўня ля прахадной МТЗ затрымалі сябраў Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага. Увечары стала вядома, што Кавалькова знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна[23]. У гэты ж дзень стала вядома, што на 10 раніцы 25 жніўня ў Сьледчы камітэт выклікалі экс-дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушку, а Нобэлеўскую ляўрэатку, пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч выклікалі 26 жніўня на 14:00 у Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі ў крымінальнай справе, заведзенай па факце стварэньня Каардынацыйнай рады, якая нібыта заклікала да захопу ўлады[24]

Міжнародная рэакцыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жузэп Барэль, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі, 21 жніўня заклікаў беларускія ўлады спыніць крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады і пачаць перагаворы з Радай дзеля мірнага выхаду зь цяперашняга крызісу[25].

У кастрычніку 2020 году Эўрапейскі парлямэнт узнагародзіў беларускую апазыцыю, прадстаўленую Каардынацыйнаю радаю, прэміяю імя Андрэя Сахарава[26][27].

Крытыка патрабаваньня санкцыяў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

27 траўня 2021 году старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк заявіў: «Газпрам-эфэсбоўская апазыцыя раструбіла на ўвесь сьвет свае патрабаваньні эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, прапануе пазбавіць нашу краіну сыстэмы SWIFT і інш. Эканамічныя санкцыі ня зьнішчаць Лукашэнку. Ён выплыве. За ім стаіць Пуцін і Масква, якая падтрымлівае і фінансуе антыбеларускі тэрарыстычны рэжым. А вось Беларусь і Беларускі народ гэтыя антынародныя санкцыі аслабяць, прынізяць і абрабуюць, зачыняць межы, ліквідуюць транспартныя зносіны, створаць «жалезную заслону», не дадуць магчымасьці людзям нават уцячы ад сьмерці і лукашысцкіх рэпрэсій. Становішчам скарыстаецца Крэмль, каб захапіць Беларусь пад Расею. Санкцыі мусяць быць супраць тэрарыстычнай пуцінскай улады, супраць аўтарытарнай гэбоўскай Расеі, якая спарадзіла лукашысцкі рэжым у Беларусі, якая спансуе, лукашысцкую антынародную палітыку, людабойства, рэпрэсіі, тэрор і катаваньні людзей. Пуцінская Расея ёсьць заплечам, прычынай і апорай рэжыму Лукашэнкі». У якасьці высноваў Пазьняк прапанаваў: «Зыходзячы з сапраўднай рэчаіснасьці, выгароджваньне Расеі газпрамаўска-эфэсбоўскай псэўда-апазыцыяй і патрабаваньне эканамічных санкцыяў толькі для Беларусі павінна ацэньвацца як шкодная антыбеларуская акцыя. Вобразна кажучы, яны хочуць, каб мышэй спалілі разам з гумном. Беларускія лёзунгі мусяць быць зьмененыя, адпавядаць палітычнай рэальнасьці і павінны гучэць так: “Патрабуем эканамічных санкцыяў супраць пуцінскай Расеі, якая падтрымлівае і фінансуе тэрарыстычны рэжым у Беларусі!” Тое ж самае пра сыстэму SWIFT. Варыянты могуць быць рознымі, але сутнасьць аднолькавая. Каб выбіць сатрапа зь сядла, трэба пазбавіць яго падтрымкі з Расеі»[28].

  1. ^ а б в г Рэглямэнт // Каардынацыйная рада па арганізацыі працэсу пераадоленьня крызісу, 2020 г. Праверана 25 жніўня 2020 г.
  2. ^ Сакратарыят // Каардынацыйная рада па арганізацыі працэсу пераадоленьня крызісу, 2020 г. Праверана 25 жніўня 2020 г.
  3. ^ а б Прэзыдыюм // Каардынацыйная рада па арганізацыі працэсу пераадоленьня крызісу, 2020 г. Праверана 25 жніўня 2020 г.
  4. ^ а б Склад // Каардынацыйная рада па арганізацыі працэсу пераадоленьня крызісу, 2020 г. Праверана 25 жніўня 2020 г.
  5. ^ Сотрудников Офиса Тихановской записали в экстремисты (рас.) Голас Амерыкі Праверана 2023-03-22 г.
  6. ^ Республиканский список экстремистских материалов
  7. ^ Зянон Пазьняк. Вяртаемся да прачытанага // «Беларуская салідарнасьць», 11 чэрвеня 2021 г. Праверана 21 жніўня 2021 г.
  8. ^ Зьміцер Мазепін. Зварот ад імя Беларуска-расейскай справавой рады (рас.) // «Уралхім», 14 жніўня 2020 г. Праверана 21 жніўня 2021 г.
  9. ^ Вольга Мядзьведзева. «Меркаваў бы правільным у гэтай сытуацыі стварыць нешта накшталт нацыянальнай рады або круглага стала» // Зьвязда : газэта. — 18 жніўня 2020. — № 159 (29273). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  10. ^ Пра што гаварылі на прэс-канфэрэнцыі чальцы Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады. ВІДЭА, Радыё Свабода, 18-09-2020
  11. ^ «Патрабуем, каб улада пайшла на дыялёг». Як будзе працаваць Каардынацыйная рада, Радыё Свабода, 20-08-2020
  12. ^ Зянон Пазьняк. Паралелі // Партал «Беларуская салідарнасьць», 29 кастрычніка 2020 г. Праверана 17 сьнежня 2020 г.
  13. ^ Пазыцыі // «Народная антыкрызісная ўправа», 2020 г. Праверана 17 сьнежня 2020 г.
  14. ^ а б Каардынацыйная рада для перадачы ўлады абрала прэзыдыюм. Хто ў ім?, Радыё Свабода, 19-08-2020
  15. ^ Каардынацыйная рада спрабавала званіць у Адміністрацыю прэзыдэнта, але беспасьпяхова, Радыё Свабода, 19-08-2020
  16. ^ Лукашэнка пра каардынацыйную раду апазыцыі: гэта спроба захопу ўлады з усімі вынікаючымі наступствамі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 жніўня 2020 г. Праверана 25 жніўня 2020 г.
  17. ^ Технически оборудовать границу с Россией стоит почти Br3 млрд - Головченко, БЕЛТА, 20-08-2020
  18. ^ Латушка зьняпраўдзіў «фэйкі» аб пазыцыі Каардынацыйнай рады да саюзу і мяжы з Расеяй, Радыё Свабода, 21 жніўня 2020
  19. ^ Павал Латушка пад аховай, яго сямʼя за мяжой, у дом кінулі чырвонай фарбай, Радыё Свабода, 20-08-2020
  20. ^ Генпрокурор: «По факту создания Координационного совета заведено уголовное дело», Intex-press, 20-08-2020
  21. ^ Генэральная пракуратура завяла справу ў сувязі зь дзейнасьцю Каардынацыйнай рады, падазраюць «захоп улады», Радыё Свабода, 20-08-2020
  22. ^ Сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак выйшаў са Сьледчага камітэту пасьля допыту, Радыё Свабода, 21-08-2020
  23. ^ Кавалькову перавялі ў ізалятар на Акрэсціна, Наша Ніва, 24-08-2020
  24. ^ Сьвятлану Алексіевіч выклікалі ў Сьледчы камітэт у справе аб закліках да «захопу ўлады», Радыё Свабода, 24-08-2020
  25. ^ Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу адрэагаваў на крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады. Радыё Свабода, 21-08-2020
  26. ^ 2011 - 2020 | Preisträger | Sacharow-Preis | Europäisches Parlament
  27. ^ Премія Європарламенту імені Сахарова присуджена опозиції Білорусі. Украінская праўда (2020-10-22). Праверана 2020-10-23 г.
  28. ^ Зянон Пазьняк. Аб лёзунгах і санкцыях // Партал «Беларуская салідарнасьць», 28 траўня 2021 г. Праверана 7 чэрвеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]