Раман Пратасевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Раман Пратасевіч
Роман Протасевич.png
Дата нараджэньня 5 траўня 1995(1995-05-05)[1] (26 гадоў)
Месца нараджэньня Менск, Беларусь
Грамадзянства Беларусь[1]
Месца вучобы Ліцэй БНТУ[d] і факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
Занятак рэдактар, журналіст, палітычны актывіст і галоўны рэдактар
Месца працы Эўрапейскае радыё для Беларусі, Радыё «Свабода» і «Свабодная Эўропа», Нехта і мерк. Азоў (полк МУС Украіны)[d][2][3]

Рама́н Зьмі́травіч Пратасе́віч (5 траўня 1995) — беларускі журналіст і блогер, палітычны зьняволены(be).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6 ліпеня 2011 году 16-гадовым юнаком быў затрыманы на маўклівай акцыі пратэсту ў Менску. Яго адпусьцілі як непаўналетняга, паведаміўшы бацькам і ў Ліцэй БНТУ, куды Раман паступіў. Пасьля гэтага разам з бацькам забраў дакумэнты зь Ліцэю і падаў у школу № 94 у Першамайскім раёне (мікрараён Вялікі Лес, вул. Бяляева, д. 25). Пасьля ўдзелу ў маўклівых шэсьцях у жніўні-верасьні 2011 году ўступіў у «Малады фронт», дзе ўзначаліў прэс-аддзел. Увосень 2011 году вылучаўся на выбарах у Моладзевую палату пры Менскім гарадзкім Савеце дэпутатаў[4]. У 2011—2014 яго неаднаразова затрымлівалі за тое, што адміністраваў апазыцыйныя суполкі ў сацыяльных сетках і прымаў удзел у пратэстных акцыях. Навучаўся на журналісцкім факультэце БДУ, але быў адлічаны, як ён сам распавядаў, паводле палітычных матываў.

У ліпені 2014 году ў 19-гадовым веку стаў байцом тактычнай групы «Пагоня» ва Ўкраіне. Увосень 2014 году на падставе адбору трапіў у полк «Азоў» патрульнай службы міліцыі спэцпрызначэньня Міністэрства ўнутраных справаў Украіны, які браў удзел у Антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіне. Пад пазыўным «Кім» удзельнічаў у абароне Марыюпалю (Данецкая вобласьць) ад 17-й мотастралковай брыгады Расеі, а таксама ў вызваленьні Шырокіна (Марыюпальскі раён) ад 9-га палка марской пяхоты Расеі. 22 сакавіка 2015 году ў пасёлку Шырокіна атрымаў аскепкавае раненьне грудной клеткі і кантузію ў выніку мінамётнага агню. Празь месяц пасьля лекаваньня вярнуўся ў полк «Азоў», які з 11 лістапада 2014 году быў у складзе Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. На верасень 2015 году служыў у Марыюпалі[5][6][7].

У 2017—2018 гадах атрымаў стыпэндыю Вацлава Гаўла і стажаваўся на Радыё «Свабода». У 2019 годзе працаваў на «Эўрапейскае радыё для Беларусі»[8]. Таксама супрацоўнічаў з шэрагам іншых прыватных выданьняў. У студзені 2020 году зьехаў у Польшчу і заявіў, што будзе прасіць там прытулак, бо ў Беларусі можа трапіць пад палітычна матываваны крымінальны перасьлед. Эміграцыя была зьвязаная з «справай Чудзянцова», сябрам якога ён зьяўляўся. Стаў рэдактарам тэлеграм-каналу «Нехта», але сышоў з пасады ў верасьні 2020 году[9].

5 лістапада 2020 году Ўправа Сьледчага камітэту па Менску абвінаваціла яго і Сьцяпана Пуцілу ў ладжаньні пасьлявыбарчых пратэстаў у жніўні—верасьні 2020 году паводле 293-га артыкула «Арганізацыя масавых беспарадкаў» Крымінальнага кодэксу Беларусі. Таксама, паводле 342-га артыкула Крымінальнага кодэксу, іх абвінавацілі ў ладжаньні супольных дзеяньняў, што «груба парушаюць грамадзкі парадак». Урэшце, паводле 3-й часткі 103-га артыкула КК Беларусі, супраць абодвух усчалі крымінальную справу за «ўзбуджэньне сацыяльнай варожасьці» паводле прафэсійнай прыналежнасьці да праваахоўнікаў і чыноўнікаў праз тэлеграм-каналы[10]. 16 лістапада 2020 году ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі часоваму паверанаму ў справах Польшчы Марціну Вайцяхоўскаму перадалі ноту з копіяй запытаў Генэральнай пракуратуры Беларусі аб выдачы Пратасевіча і Пуцілы. У гэтых нотах да Генэральнай пракуратуры і Міністэрства юстыцыі Польшчы іх вінавацілі ў стварэньні тэлеграм-каналаў «Нехта» і «Нехта Лайв»[11].

У сакавіку 2021 году стаў рэдактарам тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга»[12]. 4 траўня 2021 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 174 «Аб пазбаўленьні вайсковых і спэцыяльных званьняў» 86 былых вайскоўцаў і супрацоўнікаў праваахоўных ведамстваў, сярод якіх быў бацька Рамана — падпалкоўнік запасу Зьміцер Іванавіч Пратасевіч[13]. Дагэтуль ягонага бацьку не працягвалі да адказнасьці і не затрымлівалі, бо той ня браў чыннага ўдзелу ў пасьлявыбарчых пратэстах. Аднак пасьля жніўня 2020 году за ім пачалі сачыць, пасьля чаго той увосень 2020 году зьехаў у Польшчу да сына разам з жонкай[14]. Да восені 2019 году бацька 29 гадоў знаходзіўся на вайсковай службе, падчас якой працаваў старэйшым выкладнікам катэдры ідэалягічнай працы Вайсковай акадэміі Беларусі[15].

Зьняволеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Захоп самалёта рэйсу Ryanair 4978

Нацыянальная служба выведкі Грэцыі выявіла, што ад часу прыбыцьця Пратасевіча ў Грэцыю на канфэрэнцыю 9—16 траўня 2021 году ў Атэнах за ім віжавалі прынамсі 3 замежныя выведнікі. Пасьля канфэрэнцыі Пратасевіч адправіўся з расейскай грамадзянкай Соф'яй Сапегай адпачываць на Крыт, дзе выведнікі працягнулі за імі віжаваць. Міністэрства ўнутраных справаў Грэцыі выявіла на запісах камэраў відэаназіраньня з гасьцініцаў, на Крыце і ў Атэнскім лётнішчы, што 3-ма віжамі былі выведнікі з расейскімі пашпартамі. Гэтыя ж трое фатаграфавалі Пратасевіча ў Атэнскім лётнішчы пры пасадцы на самалёт, які ляцеў над Беларусьсю[16]. 23 траўня 2021 году знаходзіўся на борце рэйсу Ryanair 4978, які выконваў рэйс АтэныВільня і быў змушаны да пасадкі ў Нацыянальным аэрапорце «Менск», дзе быў арыштаваны[17][9], разам зь ім затрымалі яго сяброўку, грамадзянку Расеі Соф’ю Сапега(de)[18]. 24 траўня 2021 году сумеснаю заяваю дзевяці арганізацыяў, сярод якіх «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтар, быў прызнаны палітычным зьняволеным(be)[19]. 31 траўня 2021 году шэфства над палітычным вязьнем узяў Джэм Эздэмір, дэпутат Бундэстагу[20][21].

3 чэрвеня 2021 на тэлеканале АНТ выйшла перадача з удзелам Рамана Пратасевіча і Марата Маркава, абазначаная як інтэрвію Пратасевіча. Перадача выклікала шматлікую крытыку і была расцэненая многімі як элемэнт катаваньня Пратасевіча[22][23][24][25]. 4 чэрвеня 2021 году палітоляг Аляксандар Шпакоўскі заявіў, што «інтэрвью і сэрыя наступных — гэта частка дасудовага пагадненьня грамадзяніна Пратасевіча са сьледчымі органамі». Шпакоўскі адзначыў, што згодна з артыкулам 69-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі «ў выпадку заключэньня і выкананьня ўмоваў дасудовага пагадненьня аб супрацы тэрмін або памер пакараньня ня можа перавышаць паловы максімальнага тэрміну або памеру найбольш строгага віду асноўнага пакараньня. ... Акрамя таго, да такіх асобаў не прымяняецца санкцыя ў выглядзе сьмяротнага пакараньня». Таксама Шпакоўскі згадаў, што «згодна з ч.2 арт.72 КК канчатковае пакараньне ня можа перавышаць максімальны тэрмін або памер пакараньня, прадугледжаны за найбольш цяжкае з учыненых злачынстваў. Найбольш цяжкім злачынствам зьяўляецца «змова» (ч.1 арт.357), максімальная санкцыя 12 гадоў». Урэшце палітоляг зрабіў выснову, што калі Раман Пратасевіч «выканае ўсе ўмовы дасудовага пагадненьня, гэтаму грамадзяніну можа пагражаць ня больш за 6 гадоў пазбаўленьня волі»[26].

Чытайце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б https://nn.by/?c=ar&i=262643
  2. ^ Die Amis und der Neonazi
  3. ^ Навіны Бі-Бі-Сі — 1922.
  4. ^ Раман Пратасевіч: Пра палітыку ў сям'і не гаворым // Партал «Беларускі партызан», 5 сьнежня 2011 г. Праверана 5 чэрвеня 2021 г.
  5. ^ ІК. Баец атраду «Пагоня»: У выпадку ўварваньня мы будзем першымі, хто кінецца бараніць Беларусь // Беларуская служба Радыё «Свабода», 18 верасьня 2015 г. Праверана 1 чэрвеня 2021 г.
  6. ^ Аляксей Клімаў. Па справах і словах // Зьвязда : газэта. — 29 траўня 2021. — № 100 (29469). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Арцём Гарбацэвіч. Пратасевіч і батальён «Азоў»: што вядома // Партал «Наша ніва», 27 траўня 2021 г. Праверана 5 чэрвеня 2021 г.
  8. ^ Хто такі Раман Пратасевіч // Беларуская служба Радыё «Свабода», 23 траўня 2021 г. Праверана 4 чэрвеня 2021 г.
  9. ^ а б Simone Brunner. (2021-05-24) Niemand soll sich sicher fühlen(ням.). Die Zeit(be)Праверана 2021-05-24 г. Архіўная копія ад 2021-05-24 г.
  10. ^ СК: адміністратары тэлеграм-канала Сьцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў // Газэта «Зьвязда», 5 лістапада 2020 г. Праверана 1 чэрвеня 2021 г.
  11. ^ Аб сустрэчы з Часовым павераным у справах Польшчы ў Беларусі // Міністэрства замежных справаў Беларусі, 16 лістапада 2020 г. Праверана 29 траўня 2021 г.
  12. ^ БелСат
  13. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 траўня 2021 г. № 174 «Аб пазбаўленьні вайсковых і спэцыяльных званьняў»(рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 6 траўня 2021 г. Праверана 4 чэрвеня 2021 г.
  14. ^ Сярод пазбаўленых вайсковых званьняў — бацька былога галоўнага рэдактара «экстрэмісцкага» тэлеграм-каналу // Беларуская служба Радыё «Свабода», 6 траўня 2021 г. Праверана 4 чэрвеня 2021 г.
  15. ^ Ці верыць, што з сынам абыходзяцца “па законе” — эфір з Дзьмітрыем Пратасевічам // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 26 траўня 2021 г. Праверана 4 чэрвеня 2021 г.
  16. ^ Мічэл Пратэра, часопіс «Вайс» (Нью-Ёрк). Спэцслужбы Грэцыі: За Пратасевічам у Атэнах сачылі невядомыя з расейскімі пашпартамі // Партал «Наша ніва», 3 чэрвеня 2021 г. Праверана 5 чэрвеня 2021 г.
  17. ^ euronews.com
  18. ^ Радыё Свабода
  19. ^ Immediately release political prisoner Raman Pratasevich!(анг.). Вясна (2021-05-24). Архіўная копія ад 2021-05-25 г.
  20. ^ Cem Özdemir is committed to the release of Raman Pratasevich(анг.). Libereco – Partnership for Human Rights (2021-05-31). Праверана 2021-05-31 г. Архіўная копія ад 2021-05-31 г.
  21. ^ Ольга Демидова. (2021-05-31) Один из лидеров "зеленых" Германии взял шефство над Романом Протасевичем(рас.). Нямецкая хваляПраверана 2021-06-01 г. Архіўная копія ад 2021-06-01 г.
  22. ^ Наста Захарэвіч. Чаму ня варта аналізаваць «прызнаньні» ПратасевічаРадыё Свабода, 3 чэрвеня 2021 г.
  23. ^ «Прызнаньне пад руляй аўтамата». Бацька Рамана Пратасевіча і Франак Вячорка пра «інтэрвію» Рамана ПратасевічаРадыё Свабода, 4 чэрвеня 2021 г.
  24. ^ Пратасевіч даў інтэрв’ю АНТ Наша Ніва, 3 чэрвеня 2021 г.
  25. ^ «Интервью с пленными не бывает» [«Інтэрвію з палоннымі не бывае»] — Беларускі партызан, 4 чэрвеня 2021 г. (на расейскай мове)
  26. ^ Аляксандр Шпакоўскі: Аб крымінальна-прававым аспэкце інтэрвію Пратасевіча // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 4 чэрвеня 2021 г. Праверана 12 чэрвеня 2021 г.