Сьцяпан Латыпаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Сьцяпан Латыпаў
Дата нараджэньня 11 красавіка 1980(1980-04-11) (42 гады)
Месца нараджэньня
Занятак прадпрымальнік, арбарыст
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Латыпаў.

Сьцяпа́н Сярге́евіч Латы́паў (11 красавіка 1980, Янаўскі раён, Берасьцейская вобласьць) — беларускі бізнэсовец, палітзьняволены Беларусі. 1 чэрвеня 2021 году паспрабаваў зьдзейсьніць акт самагубства ў залі суда, заявіўшы пра катаваньне падчас ўтрыманьня пад сьледзтвам.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Навучаўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Па прафэсіі арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5 разраду. Жыў каля «Плошчы Пераменаў(be)» (Сморгаўскі тракт, 1) у Менску.

Прайшоў прафэсійную падрыхтоўку і сэртыфікацыю ў Вялікай Брытаніі, мае сэртыфікат IRATA (для тых, хто выконвае работы на вышыні). Сьцяпан Латыпаў мае сваё ІП, ён дырэктар «Беларба». Ён прыводзіў у парадак, «лячыў» дрэвы ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта, VIP-кліентаў, супрацоўнічаў з «Дыпсэрвісам».

Чытаў лекцыі ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце.

Арышт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Быў затрыманы 15 верасьня 2020 году ў двары жылога масыву па вул. Чарвякова ў Менску супрацоўнікамі АМАПу. ён абараняў мурал з выявай «дыджэяў перамен». У яго кватэры адбыўся ператрус. 19 й 20 верасьня па «Беларусь 1» паказалі сюжэт, у якім са спасылкаю на Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі сьцьвярджалася, што жыхар «Плошчы Пераменаў» зьбіраўся выкарыстаць супраць сілавікоў атруту, аднак у канчатковым паведамленьні Сьледчага камітэту пра завяршэньне расьсьледаваньня гэтая вэрсія адсутнічала[1].

Неўзабаве яму выставілі абвінавачаньні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • частак 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і непадпарадкаваньне патрабаваньням прадстаўнікоў улады);
  • часткі 2 арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў)
  • часткі 4 арт. 209 (махлярства ў асабліва буйным памеры). Нібыта «ў пэрыяд з красавіка 2019 году па верасень 2020 году абвінавачаны шляхам падману і ўвядзеньня ў зман завалодаў грашовымі сродкамі 16 юрыдычных асобаў на агульную суму больш як 123 тысячы рублёў».

Пазьней зьявілася інфармацыя аб тым, што ён затрыманы ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе па арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі). 19 верасьня ў этэры некалькіх дзяржаўных тэлеканалаў быў прадэманстраваны сюжэт, дзе сьцьвярджалася, што Латыпаў падазраецца ў арганізацыі незаконнага каналу пастаўкі ў краіну небясьпечных хімікатаў і меў намер выкарыстаць атрутныя рэчыва супраць супрацоўнікаў міліцыі.

25 верасьня 2020 году сумеснаю заяваю дзесяці арганізацыяў, сярод якіх Вясна, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтар, быў прызнаны палітычным вязьнем[2][3]. 15 студзеня 2021 году шэфства над палітвязьнем узяў Джордж Фулкс(en), дэпутат Палаты лордаў Вялікабрытаніі(uk)[4][5].

Суд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спрабаваў перарэзаць сабе горла асадкаю падчас суда над ім 1 чэрвеня ў Менску. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі. Сьведкі распавядаюць, што Сьцяпан стаў на лаўку ў клетцы, каб да яго не дацягнуліся канваіры, і ўставіў сабе ў горла асадку. Латыпава вынесьлі з суду непрытомным, а з будынку выгналі ўсіх наведнікаў працэсу. Яго праапэравалі ў Менскім цэнтры хірургіі, трансплянталёгіі ды гэматалёгіі, а на наступны дзень перавезьлі ў СІЗА[6].

10 чэрвеня аднавіўся суд у крымінальнай справе супраць Латыпава. Пасяджэньне адбывалася ў судзе Савецкага раёну Менску (судзьдзя — Аляксандар Воўк, дзяржаўны абвінаваўца — Уладзімер Рабаў). У будынку суду забаранілі фота- і відэаздымкі. Наведнікаў працэсу не пускалі ў залю з прычыны «запоўненасьці». На працэс трапілі сваякі, абмежаваная колькасьць журналістаў і некалькі прадстаўнікоў амбасадаў, у прыватнасьці намесьніца кіраўніка прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Эвеліна Шульц са значкам «Свабоду палітвязьням» і першы сакратар амбасады Швэцыі Конрад Рыкардсан. Пасьля інцыдэнту са спробай парэзаць сабе горла Сьцяпана прыкавалі кайданкамі да міліцыянтаў, каб больш нічога з сабой не зрабіў. Суд вырашае пытаньне аб прызначэньні судова-псыхіятрычнай экспэртызы. Дзяржабвінаваўца прапанову падтрымаў, фігурант справы — не. Адвакат таксама лічыў гэта нямэтазгодным, бо летась яна ўжо праводзілася ў Навінках. Аднак судзьдзя Аляксандар Воўк у выніку прыняў рашэньне накіраваць Сьцяпана Латыпа на судова-псыхіятрычную экспэртызу. Працэс працягнуўся пасьля яе правядзеньня[7].

На далейшых судовых пасяджэньнях Латыпаў заявіў, што падвергся пабоям пасьля затрыманьня. 16 жніўня 2021 году суд Савецкага раёну Менску (судзьдзя — Аляксандар Воўк, ужо ўнесены ў Чорны спіс Эўразьвязу 21 чэрвеня 2021 году за шматлікія палітычна матываваныя прысуды) прызначыў Латыпаву 8,5 год пазбаўленьня волі, тэрмін, які й прасіў пракурор Уладзімер Рабаў[8].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сцяпан Латыпаў // Новы час. — 2021. — № 22 (730). — С. 3.
  2. ^ Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Сцяпана Латыпава(бел.). Вясна (2021-09-25). Праверана 2021-09-14 г. Архіўная копія ад 2020-10-01 г.
  3. ^ Праваабаронцы патрабуюць вызвалення палітвязня Сцяпана Латыпава(бел.). Эўрапейскае радыё для Беларусі (2020-09-25). Праверана 2021-09-14 г. Архіўная копія ад 2020-11-01 г.
  4. ^ Members of the Swiss National Council and the British House of Lords take over godparenthood for Mikalai Dziadok and Stsiapan Latypau(анг.). Libereco – Partnership for Human Rights (2021-01-15). Праверана 2021-09-14 г. Архіўная копія ад 2021-09-14 г.
  5. ^ Debate: Progress report of the Bureau and the Standing Committee (continued)(анг.). Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы(uk) (2021-06-21). Праверана 2021-09-14 г. Архіўная копія ад 2021-07-02 г.
  6. ^ На наступны дзень пасля спробы самагубства Сцяпана Латыпава перавялі са шпіталю ў СІЗА на Валадарку, Белсат, 2-06-2021
  7. ^ Сьцяпана Латыпава накіравалі на судова-псыхіятрычную экспэртызу. Працэс адновіцца пасьля яе вынікаў, Радыё Свабода, 10 чэрвеня 2021
  8. ^ От ухода за деревьями в резиденции Лукашенко до порезанного в суде горла — кто такой Степан Латыпов и как его осудили на 8,5 лет колонии // Беларускі партызан

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]