Турма №8

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Турма № 8»[1]
Дата ўтварэньня 15 траўня 1984 (39 гадоў таму)[1]
Юрыдычны статус папраўчая ўстанова
Месцазнаходжаньне Жодзін, Менская вобласьць, Беларусь
Матчына кампанія Управа Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі па г. Менску і Менскай воблсьці
Колішняя назва лячэбна-працоўны прафілякторый (да 1992 г.), сьледчы ізалятар № 8 (да 1999 г.)

Турма́ № 8 — турма ў Жодзіне, заснаваная ў траўні 1984 году.

Стала вядомай як месца ўвязьненьня шматлікіх палітычных зьняволеных з 2020 г., пасьля гвалтоўных разгонаў шматтысячных мірных пратэстаў, выкліканых сфальсыфікаванымі прэзыдэнцкімі выбарамі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак узьведзены ў 1984 г. у якасьці «лячэбна-працоўнага прафілякторыя». У 1992 г. ЛПП быў пераўтвораны ў сьледчы ізалятар № 8 Менскага абласнога выканкама. У 1999 г. быў адчынены адмысловы корпус для пажыцьцёва асуджаных[2].

У турме ўтрымліваюцца вязьні ў чаканьні сьледзтва і пажыцьцёва асуджаныя[2].

Палітычныя рэпрэсіі. Парушэньне правоў вязьняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

СІЗА можа ўтрымліваць да 1500 чалавек, але былыя вязьні паведамляюць пра фактычнае значнае перавышэньне гэтае лічбы[2][3].

У турме было некалькі выпадкаў самагубства і раптоўных сьмерцяў, якія праваабаронцы зьвязвалі ў тым ліку з гвалтам з боку адміністрацыі[3]. У 2015 годзе кантралёр Жодзінскай турмы быў асуджаны за «давядзеньне да самагубства» і «перавышэньне службовых паўнамоцтваў» на 6 гадоў калёніі[3].

Былы палітычны вязень Валер Леванеўскі(be) скардзіўся на самаўладзьдзе і злоўжываньні з боку турэмнага пэрсанала[2].

Ніжэй сьведчаньні іншых палітвязьняў.

Аляксандар Казулін:

«Такім людзям нельга працаваць зь вязьнямі празь іх схільнасьць да садызму і праяў жорсткасьці, схільнасьць да правакацыяў у дачыненьні да вязьняў, ад чаго яны атрымліваюць асалоду»[3].

Зьміцер Дашкевіч:

«Зьбівалі, малацілі так, што звон стаяў. І пры мне зьдзекаваліся. Жодзінская турма мае дрэнную славу. Шмат што залежала ад начальніка, маглі паставіць шалёнага, маладога, якому трэба было выслужыцца. Так што я цалкам дапускаю, што людзей даводзілі да самагубстваў і маглі зьбіць да сьмерці»[3].

Эдуард Пальчыс:

«І паводле ўмоў утрыманьня, і паводле стаўленьня да сядзельцаў гэта вельмі жорсткая турма. Калі чалавеку стане кепска, вялікая верагоднасьць таго, што ён можа загінуць праз адсутнасьць мэдыцынскай дапамогі. Лекара не даклічасься. Зь лекаў ад усіх хваробаў даюць асьпірын і вугаль.

Я сам ня бачыў, каб кагосьці зьбівалі, але расказвалі, што такое было. І пра аднаго апэратыўніка ходзіць такая слава, што вельмі жорстка абыходзіцца з арыштантамі. Для асобных няўгодных проста ствараюць невыносныя ўмовы. У некаторых камэрах проста няма чым дыхаць, элемэнтарна няма кіслароду. Памяшканьне разьлічана на 10 чалавек, а ўтрымліваецца 15. 14 зь іх кураць, і няма вэнтыляцыі. І той, хто ня паліць, проста задыхаецца. Я цалкам дапускаю, што зь няўгоднымі там маглі расправіцца, што людзей там зьбівалі і катавалі.

Хоць у верасьні я сядзеў у Жодзіне, інфармацыі пра тое, што ў турме хтосьці памёр, не было. Я даведаўся пра сьмерць арыштаванага ўжо пазьней, на Валадарцы, з газэты»[3].

Пасьля падзеяў 2020 г.[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Былыя арыштанты 2020—2021 гг. таксама паведамляюць пра факты зьбіцьця мужчын у СІЗА Жодзіна. Паводле сьведчаньняў, для жанчын сьвядома ствараліся кепскія ўмовы: забіраліся ўсе матрасы, коўдры, кнігі і часопісы, гульні, ручкі, на ноч не выключалася сьвятло[4].

«У камеры стала пятнаццаць чалавек на дзесяць месцаў. Хлопцы спалі проста на падлозе.

Нам не далі павячэраць: на 15 чалавек прынеслі пяць рыбак, запяканку і два кубкі гарбаты. Ну як гэта на ўсіх дзяліць? Мы ад усяго адмовіліся. На наступны дзень усёй камерай напісалі 40 скаргаў на імя начальніка ўчастка. У яго знесла дах, прыбег, крычаў, што дадасць яшчэ людзей у камеру. Чапляліся, што няправільна матрацы ляжаць, а на наступны дзень увогуле ўсё забралі, пагражалі, што забяруць перадачы. Начальнік камандаваў, каб не было нічога мяснога, бо гэта хутка псуецца, а да 4 красавіка трэба з’есці ці знішчыць усе сухафрукты і арэхі. Маўляў, калі не з’ясцё, то ўсё будзе выкінута. У нядзелю ў нас быў грандыёзны шмон, шукалі арэхі, гарбату, усё на свеце»[4]

«На Жодзіне пасля 25 сакавіка расцяжкі і ўдары пачаліся. Пазабіралі матрацы з падушкамі, у васьмімясцовай камеры нас 13 чалавек знаходзілася. Спалі на падлозе. Вентыляцыі не было. Як атрымалі перадачы, праз два дні забралі ўсе кнігі, часопісы, асадкі, алоўкі. Соль з прыправамі нават. Уначы будзіць праверкамі адмыслова сталі»[4]

Вязьні скардзіліся на незадавальняючыя санітарныя ўмовы і факты заражэньня каранавірусам падчас знаходжання ў ІЧУ Жодзіна[5]

13 лютага 2021 г. у ІЧУ Жодзіна былі памешчаныя 59 затрыманых наведнікаў і ўдзельнікаў канцэрту беларускіх панк-гуртоў[6].

Вядомыя вязьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля падзеяў 2020 г.[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Каляндар памятных і юбілейных датаў Жодзіна на 2019 год (травень, с. 8) (рас.) // Жодзінскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 2018 г. Праверана 28 красавіка 2021 г.
  2. ^ а б в г «Здесь тоже творится история». Чем известна Жодинская тюрьма № 8 и ее следственный изолятор ["Тут таксама творыцца гісторыя". Чым вядомая Жодзінская турма № 8 і яе сьледчы ізалятар] (па-расейску) — Ex-Press.by, 15 верасьня 2020 г.
  3. ^ а б в г д е Нядобрая слава Жодзінскай турмы — Радыё Свабода, 16 лістапада 2016
  4. ^ а б в На Акрэсціна камеры заліваюць хлёркай, у Жодзіна збіваюць, у Магілёве будзяць сярод ночы. У якіх умовах утрымліваюцца арыштанты? — Вясна (цэнтар), 6 красавіка 2021
  5. ^ Снег в камере и жребий за место на нарах: белорусы о «сутках» в изоляторах [Сьнег у камэры і жэраб за месца на нарах: беларусы пра «суткі» ў ізалятарах] (па-расейску) — Deutsche Welle, 25.02.2021
  6. ^ Спіс затрыманых на канцэрце «Разбітае сэрца пацана». 59 затрыманых змясцілі ў ІЧУ Жодзіна — Вясна (цэнтар), 15 лютага 2021

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]