Каранавірусная інфэкцыя ў Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Выява віруса выяўленая з дапамогаю электроннага мікраскопа. Для добрага бачаньня вірус размалявалі жоўтым колерам.
Асноўны артыкул: Каранавірусная інфэкцыя (2019)

Каранавірусная інфэкцыя ў Беларусі распаўсюдзілася ў 2020 року з Ірану.

Першыя публікацыі пра новую «кітайскую» хваробу ў 2019 годзе пачалі нагнятаць напружаньне і страх[1][2]. Далей пачалі ў Кітаі прывязваць эканоміку да хваробы, якая пагражае чалавецтву ня больш, чым звычайны грып[3].

Захады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міністэрства аховы здароўя Беларусі пачало прымаць меры па запавольваньні распаўсюджваньня заразы. У. Каранік заявіў:

— Праца па прафіляктыцы завозу і распаўсюджваньня каранавіруса ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца ў пастаянным рэжыме, у рэжыме 24/7. Мы стараемся працаваць на апярэджаньне

— Мінздароўя пракаментаваў зьяўленьне каронавіруса ў Беларусі[4]

7 красавіка 2020 году арцыбіскуп Т. Кандрусевіч заклікаў усіх каталікоў сьвяткаваць Вялікдзень дома[5].

19 чэрвеня 2020 году Бабруйскі гарадзкі выканаўчы камітэт зацьвердзіў Рашэньне аб увядзеньні абавязковага нашэньня мэдычных масак у грамадзкіх месцах. Такі парадак увялі ў аптэках, грамадзкім транспарце і крамах, аддзяленьнях банкаў, «Белпошты» і сувязі, а таксама на вакзалах. Паводле Рашэньня, у расклад працы аптэк, банкаў, аддзяленьняў «Белпошты», крамаў, побытавых майстэрняў і страўняў увялі санітарную гадзіну для праветрываньня і абеззаражваньня. На рачным пляжы і каля вадаграяў увялі штодзённае абеззаражваньне лавак, кабінак пераапрананьня і скульптураў[6].

25 верасьня 2020 году Міністэрства аховы здароўя Беларусі абнародавала Правілы сацыяльнага дыстанцыяваньня, якія прызначаліся на час восеньскага ўздыму захваральнасьці на каранавірусную інфэкцыю. У Правілах прапановалася пазьбягаць грамадзкіх месцаў і замяніць зносіны за межамі дома на аддаленыя пры дапамозе сродкаў сувязі. Таксама віталіся аддаленая праца празь відэазванкі і канфэрэнц-сувязь, а таксама дастаўка паслуг да парога. Пры выхадзе з дома прапаноўвалася трымацца на 1,5-мэтровай адлегасьці ад іншых людзей, а пры патрэбе набліжэньня — выкарыстоўваць мэдычную маску. Падкрэсьлівалася вартасьць шматразовага мыцьця рук з мылам і абеззаражвальным сродкам цягам дня. У Правілах таксама зьмяшчаўся заклік пазьбягаць абдымкаў, поціску рукі і дотыку рукамі да твару. Дадаткова прапаноўвалася адчыняць дзьверы ў пальчатках, штодня праветрываць памяшканьні і праводзіць абеззаражваньне дзьвярных ручак, кампутарнай клявіятуры, тэлефона і пульта тэлевізара. Пры харчаваньні раілі карыстацца асабістымі сталовымі прыборамі і талеркамі, а таксама ўстрымацца ад перадачы іншым адкушанай і пакаштаванай ежы. Урэшце курцоў заклікалі пазьбягаць паленьня цыгарэтаў, у тым ліку электронных, і кальяну. Пажылых людзей і хранічна хворых на бранхіяльную астму, вірус імунадэфіцыту чалавека і рак, а таксама на хваробы органаў дыханьня і сэрца перасьцерагалі ад прыёму гасьцей у сябе дома. Таксама падкрэсьлівалася важнасьць цялесных разьмінак дома і памяркоўнага дыетычнага харчаваньня[7].

19 кастрычніка 2020 году Міністэрства аховы здароўя Беларусі зацьвердзіла Рэкамэндацыі па прафіляктыцы каранавіруснай інфэкцыі, прызначаныя для прадпрыемстваў. У Рэкамэндацыях прапаноўвалася перавесьці як мага большы лік працаўнікоў на аддаленую працу і абмежаваць нарады і сходы з удзелам звыш 5 чалавек. Віталіся электроннае ўзаемадзеяньне і тэлефонная сувязь. Таксама прапаноўвалася абмежаваць працоўныя паездкі. Прызнавалася мэтазгодным выкарыстаньне бескантактных прыладаў для адкрыцьця дзьвярэй, выключальнікаў сьвятла і прыбіральняў. Прадугледжвалася стварэньне месячнага запасу абеззаражвальнікаў. Усталёўваўся штодзённы агляд супрацоўнікаў на кашаль і падвышаную тэмпэратуру пры заступленьні на працоўную зьмену. На працоўным месцы ўводзіўся запас мэдычных масак і пальчатак, у тым ліку па масцы на чалавека на кожныя 2 гадзіны працы. Рэкамэндацыі прадугледжвалі штодзённае прыбіраньне памяшканьняў абеззаражвальнікам і мыйным сродкам, у тым ліку абеззаражваньне дзьвярных ручак і поручняў, кампутарнай клявіятуры і мышкі, тэлефона і працоўнай паверхні мэблі. Чахол мабільнага тэлефона прапаноўвалася абеззаражваць асобна ад самога тэлефона. Пагатоў, беззаражваньне сотавага тэлефона варта праводзіць штораз пасьля працоўнага дня і наведваньня транспарту ды грамадзкіх месцаў. Сярод іншага, прапаноўвалася абмежаваць зносіны між працаўнікамі розных падразьдзяленьняў прадпрыемства. Між працоўнымі месцамі вызначалася адлегласьць ад 1,5 мэтра. Выключалася выкарыстаньне агульнага кампутара і тэлефона, а таксама агульных працоўных прыладаў. Пры патрэбе супольнага выкарыстаньня іх мелі абеззаражваць да і пасьля такога выкарыстаньня[8]. 30 кастрычніка 2020 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 624 «Аб захадах прадухіленьня распаўсюду інфэкцыйнага захворваньня». Паводле Пастановы, 1 лістапада 2020 году Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі прыпыніў пропуск замежных грамадзянаў празь дзяржаўную мяжу у аўтадарожных пунктах пропуску, на чыгуначных вакзалах і ў рачных партах дзеля прадухіленьня распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі[9].

5 лістапада 2020 году абавязковае нашэньне мэдычных масак у грамадзкіх месцах увялі выканаўчыя камітэты Лідзкага раёну Гарадзенскай вобласьці, Магілёва і Чавускага раёну Магілёўскай вобласьці. 9 лістапада — Гомельскі абласны выканаўчы камітэт. 10 лістапада — Бабруйскі гарадзкі выканаўчы камітэт, а таксама выканкамы Асіпавіцкага, Клічаўскага і Крычаўскага раёнаў Магілёўскай вобласьці. 11 лістапада — выканкамы Аршанскага і Полацкага раёнаў Віцебскай вобласьці. 12 лістапада — Віцебскі, Менскі і Наваполацкі гарадзкія выканаўчыя камітэты, а таксама выканкамы Мёрскага і Шумілінскага раёнаў Віцебскай вобласьці ды Дрыбінскага, Клімавіцкага і Краснапольскага раёнаў Магілёўскай вобласьці[10]. 14 лістапада — у Берасьці і Горадні. 16 лістапада — ва ўсіх раёнах Віцебскай і Менскай вобласьцяў. На 17 лістапада 2020 году каля 30 % ложкаў у лякарнях Беларусі задзейнічалі для хворых на каранавірусную інфэкцыю. Паводле Загаду Міністэрства аховы здароўя ад 6 лістапада 2020 году № 1174, на практыку ў лякарні накіравалі звыш 2500 студэнтаў старэйшых курсаў мэдычных унівэрсытэтаў для лекаваньня хворых на каранавірус[11]. 18 лістапада 2020 году абавязковае нашэньне мэдычных масак пашырылі на ўсе раёны Берасьцейскай, Гарадзенскай[12] і Магілёўскай вобласьцяў. У выніку нашэньне масак стала абавязковым па ўсёй Беларусі.

7 сьнежня 2020 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 705, якую Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь абнародаваў 10 сьнежня 2020 году. Паводле Пастановы, якая набывала моц 21 сьнежня 2020 году «празь 10 дзён пасьля афіцыйнага апублікаваньня», прадугледжвалася «прыпыніць перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь (РБ) на выезд з РБ грамадзянамі РБ, а таксама замежнымі грамадзянамі, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражываньне на тэрыторыі РБ». Пагатоў, прыбыўшыя ў краіну «абавязаныя знаходзіцца на самаізаляцыі на працягу 10 каляндарных дзён з дня прыбыцьця ў Рэспубліку Беларусь і не падлягаюць далейшаму пропуску празь дзяржаўную мяжу РБ да заканчэньня тэрміну самаізаляцыі». Урэшце, замежныя грамадзяне старэйшыя за 6 гадоў «павінныя мець арыгінал або копію мэдычнага дакумэнта на папяровым носьбіце або ў электронным выглядзе, які пацьвярджае адмоўны вынік лябараторнага дасьледаваньня на КАВІН-19»[13]. У сувязі з каронавіснай інфэкцыяй у 2020 годзе фармацэўтычныя заводы Беларусі на мяжы сваіх магутнасьцяў адгрузілі 7-кратна больш такіх лекаў ад запаленьня лёгкіх, як атракурыюм, мерапенем і цэфтрыаксон. Таксама 4-кратна больш чым у 2019 годзе паставілі азітраміцыну і парацэтамолу. Пры гэтым, праз павышаны ўнутраны попыт пастаўкі за мяжу 146 відаў лекаў ад запаленьня лёгкіх, якія выпускалі ў Беларусі, упалі на 12 млн $, што складала месячны абсяг адгрузкі[14]. У 2020 годзе да лячэньня каранавірусу прыцягнулі 45 % мэдсясьцёр і 35 % лекараў Беларусі. Лік лябараторыяў для пробы на каранавірус праз палімэразную ланцуговую рэакцыю павялічылі 16 да 59[15].

На люты 2021 году дапускалася лячэньне на даму, калі: тленанасычанасьць крыві перавышала 95 %, частасьць дыханьня складала менш за 20 рухаў за хвіліну, адсутнічала задышка і стэроідныя супрацьзапаленчыя лекі дапамагалі зьбіць тэмпэратуру ніжэй за 39 градусаў. Для выяўленьня ДНК і антыгенаў каранавіруса бралі мазок з носа. Шляхам палімэразнай ланцуговай рэакцыі (ПЛР) вызначалі антыцелы да віруса, якія сьведчылі пра перахварэласьць або хваробу. Кампутарная тамаграфія лёгкіх праводзілася пры запаленьні іх злучальнай тканкі. Агульны аналіз крыві выкарыстоўвалі, каб выявіць ступеню павышэньня ліку лейкацытаў у пэрыфэрычнай крыві і нэўтрафільных леўкацытаў пры зьніжэньні ліку лімфацытаў. Біяхімічны аналіз крыві праводзілі, каб адсачыць зьмяненьне ліку С-рэактыўнага бялку, фэрыцыну і Д-дымэраў, як маркера трамбозу. Да 5-га дня хваробы прымянялі «Рэмдэсівір» для прыглушэньня размнажэньня віруса. У якасьці гарачкапаніжальнага лека прапісвалі парацэтамол разам з частым піцьцём. У лякарнях для прадухіленьня залішняй вытворчасьці цытакінаў імуннай сыстэмай выкарыстоўвалі глюкакартыкастэроіды і тацылізумаб, а для папярэджаньня трамбозу крывяносных ссудзінаў — супрацьзгусальныя лекі. Цягам 1,5 месяцы пасьля ачуняньня прапісвалі лекі, які паніжаюць згусаньне крыві, каб прадухіліць тромбаўтварэньне. У дадатак да нашэньня масак і рэсьпіратараў для прадухіленьня заражэньня лекары раілі прамываць нос фізыялягічным або мыльным растворам пасьля паходу на вуліцу. Таксама зьвярталася ўвага на карысьць прыёму вітамінных комплексаў, якія ўлучалі аскарбінавую кісьлю, вітамін Д і цынк[16].

Прышчэпка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

17 лютага 2021 году скончылася вакцынацыя супраць каранавірусу сярод лекараў Беларусі, якая ахапіла 20 944 чалавекі[17]. На 8 красавіка 2021 году ад каранавірусу прышчапілі 92 000 чалавек (1 % насельніцтва)[18]. 6 траўня 2021 году ў Беларусі стварылі ўласную прышчэпку ад каранавірусу[19]. На 8 траўня 2021 году 1-ю дозу прышчэпкі ад уханьскага каронавірусу атрымалі 301 100 чалавек, а звыш 178 700 прайшлі поўны курс прышчэпліваньня[20]. На 4 чэрвеня 2021 году ад уханьскага каранавірусу прышчапілі 296 200 жыхароў Беларусі (3,2 % насельніцтва). Перавагу аддавалі хранічна хворым і сталым асобам у веку за 60 гадоў, а таксама лекарам і настаўнікам, працаўнікам аптэк і гасьцініцаў[21]. На 15 ліпеня 2021 году прышчапілі звыш 747 500 (8 %) жыхароў Беларусі[22]. На 22 жніўня 2021 году поўны курс прышчэпліваньня ад уханьскага каранавірусу прайшлі 1,27 млн жыхароў Беларусі (13,5 %)[23].

На 1 лістапада 2021 году больш за 2,214 млн (24 %) жыхароў Беларусі прайшлі поўны курс прышчэпліваньня[24]. На 28 сьнежня 2021 году звыш 3,6 млн жыхароў Беларусі прышчапіліся ад каронавіруснай інфэкцыі[25].

Захваральнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

27 лютага 2020 году выяўлены першы выпадак заражэньня на каранавірус у краіне. Ім стаў падарожны з Ірану. 1 сакавіка 2020 году МАЗ заявіла аб 4-ох хворых[26][27][28]. Паводле стану на 4 сакавіка 2020 захварэлі 6 чалавек[28][29][30].

10 сакавіка было заяўлена пра 9 выпадкаў каранавірусу ў Беларусі[31]. 11 сакавіка Міністэрства здароўя Беларусі паведаміла пра тры новыя станоўчыя тэсты на COVID-19 у беларускіх грамадзянаў — жыхароў Менску, Горадні і Гомля. Такім чынам, у краіне на гэты дзень было 12 выпадкаў каранавірусу[32]. На 25 сакавіка 2020 году выяўлена 86 выпадкаў заражэньня. На сёньняшні дзень у Рэспубліцы Беларусь праведзена каля 23 тыс. тэстаў на COVID-19. Выпісаныя ці рыхтуюцца да выпіскі 29 пацыентаў. Працягваецца мэдыцынскі кантроль і лячэньне 57 пацыентаў. Яшчэ па двух пацыентах спэцыялісты праводзілі дадатковую праверку ў сувязі зь неадназначнасьцю атрыманых вынікаў[33]. Па стане на 27 сакавіка 2020 году выяўлена 94 выпадкі заражэньня, 32 пацыенты паправіліся[34]. Па стане на 4 красавіка 2020 году ў краіне 440 хворых, зь іх 87 выпісаных, 5 памерла[35].

На 2 траўня 2020 году ў 30% хворых на запаленьне лёгкіх выявілі каранавірусную інфэкцыю. На той дзень памерла 97 пацыентаў з каранавіруснай інфэкцыяй[36]. На 5 траўня 2020 году за 2,5 месяцы правялі 211 369 выпрабаваньняў на каранавірусную інфэкцыю, што склала 22 500 на 1 млн насельніцтва (2-е месца ў сьвеце). У ходзе выпрабаваньняў выявілі 18 350 заражаных (8,7%)[37]. На 27 траўня 2020 году ў Беларусі правялі 485 534 выпрабаваньні на каранавірус цяжкага вострага рэсьпіраторнага сындрому-2, у выніку якіх выявілі 38 956 заражаных (8%). На той час 15 923 пацыенты паправіліся і 214 памерла (сьмяротнасьць 1,3%)[38]. На 18 ліпеня 2020 году ў Беларусі правялі 1 183 007 дасьледаваньняў на каранавірус (12,6 % насельніцтва). У 65 953 чалавек выявілі інфэкцыю (5,5 % дасьледаваных). Зь іх 57 856 ачуняла і 495 памерла (сьмяротнасьць 0,7 %). Значную частку памерлых склалі асобы зь некалькімі хранічнымі хваробамі[39]. 21 жніўня 2020 году Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь паведаміла аб правядзеньні 1 455 885 выпрабаваньняў на каранавірус (15,5 % насельніцтва). Сярод іх выявілі 70 111 заражаных (4,8 % дасьледаваных). Зь іх 68 256 чалавек ачуняла і 632 памерла (сьмяротнасьць 0,9 %)[40].

На 7 кастрычніка 2020 году Міністэрства аховы здароўя Беларусі налічыла 1 976 828 пробаў на каранавірус (21 % насельніцтва). У іх выніку выявілі 81 505 заражаных (4,1 % дасьледаваных). Сярод іх 75 683 ачуняла і 868 памерла (сьмяротнасьць 1 %)[41]. Да 12 лістапада 2020 году ў Беларусі ўзялі 2 780 552 пробы на каранавірус (29,5 % насельніцтва). У іх выніку выявілі 110 455 заражаных (3,9 % абсьледаваных). Зь іх 92 843 ачунялі і 1027 памерла са спадарожнымі хранічнымі хваробамі (сьмяротнасьць 0,9 %)[42]. На 10 сьнежня 2020 году выканалі 3 517 016 пробаў на каранавірус (37,4 % насельніцтва) і выявілі 154 392 заражаных (4,3 % абсьледаваных). Сярод заражаных 132 085 чалавек ачуняла, а 1238 памерла з ускладненьнямі ад хранічных хваробаў (сьмяротнасьць 0,8 %). За папярэдні дзень ачуняла 2 135 пацыентаў, а захварэла 1939[43]. На 27 студзеня 2021 году ў Беларусі ўзялі 4 399 367 пробаў на каранавірус (46,7 % насельніцтва). Хваробу выявілі ў 241 133 чалавек (5,4 % абсьледаваных). Зь іх 227 068 ачуняла і 1678 памерла (сьмяротнасьць 0,7 %). У тым ліку за содні ачуняла 2143 чалавекі і 1651 захварэў[44].

Другая хваля пандэміі ўвосень 2020 году і ў студзені 2021 году працякала цяжэй за 1-ю хвалю, бо пераважна хварэлі людзі сталага веку, асабліва за 70 гадоў са спадарожнымі хваробамі крыві і сэрца, а таксама з ракам. Увесну ж 2020 году ў асноўным хварэлі людзі ў веку да 55 гадоў. Таксама ўвосень 2020-га пашырылася 2-фазнасьць хваробы, калі першыя дні застуды зьмяняліся ўстойлівасьцю, пасьля чаго на 8-12-ы дзень тэмпэратура павышалася да 40 градусаў і зьніжалася тленанасычанасьць крыві. Вырасла доля хворых з паносам і скурным высыпам. У 80 % хворых адзначалася інфэкцыя дыхальных шляхоў у выглядзе сухога кашлю, страты нюху, галаўнога болю, закладзенасьці носу, слабасьці і высокай тэмпэратуры. Астатнім патрабавалася шпіталізаваньне праз запаленьне злучальнай тканкі лёгкіх. Павышаная вытворчасьць цытакінаў імуннай сыстэмай выклікаў ліхаманку і слабасьць, галаўны і цяглічны боль. Залішні сынтэз цытакінаў выклікаў цытакінавы шторм, які вёў да шматсыстэмнага запаленьня ўнутраных органаў, што пагражала жыцьцю. Пры гэтым адзначалася тэмпэратура звыш 39 градусаў і раптоўнае зьніжэньне згусальнасьці крыві, рэзкае нарастаньне С-рэактыўнага бялку і інтэрлейкіну 6. У іншым выпадку назіраўся трамбоз дробных крывяносных ссудзінаў, які пашкоджваў галаўны мозаг, лёгкія і ныркі ажно да шматсыстэмнага запаленьня ссудзінаў. Пры гэтым супрацьзгусальныя лекі ўзьдзейнічалі слабей. Каля 20 % перахварэлых да 12 тыдняў (3-х месяцаў) зазнавалі пасьляінфэкцыйны сындром, які выяўляўся праз: скажэньне паху і смаку, страту нюху, боль у суставах і цягліцах, галаўны боль, цяжар за грудзінай, адчуваньне няпоўнага ўдыху, задышку і слабасьць. Часам адзначаліся праявы ссудзінаў і пухіры на скуры, выпадзеньне валасоў і зубоў. Зрэдку сустракаўся панос, бяссоньніца, спалох, арытмія, скачкі ціску, тахікардыя, страта памяці і падліхаманкавая тэмпэратура да 37,2 градуса. Акрамя лёгкіх, ад каранавіруснай інфэкцыі найчасьцей цярпелі: ныркі — у брулях зьяўляўся бялок, печань — павышаліся пячоначны фэрмэнты, скура — узьнікаў высып, ссудзіны галаўнога мозгу — здараліся бяссоньніца і панічныя атакі. Супрацьвірусны імунітэт захоўваўся 6-8 месяцаў і вызначаўся антыцеламі ды лімфацытамі, якія захоўваліся даўжэй[16].

11 сакавіка 2021 году выявілі першыя выпадкі брытанскага штаму каранавіруснай інфэкцыі-2019. РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі пацьвердзіў яго наяўнасьць у некалькіх іншаземцаў з Польшчы, Украіны і Эгіпту пасьля поўнагеномнага сэквэнаваньня. Гэты штам зь лістапада 2020 году выявілі ў больш як 100 іншых краінах[45]. На 11 сакавіка 2021 году ўзялі 5 048 874 пробы на каранавірус (53,6 % насельніцтва). Выявілі 298 960 захварэлых (5,9 % абсьледаваных), зь якіх ачуняла 289 622 чалавекі і памерла 2070 (сьмяротнасьць 0,69 %). За содні ўзялі 16 800 пробаў і выявілі 837 заражаных. Пры гэтым, 1009 чалавек ачуняла і 7 памерла[46]. На 28 красавіка 2021 году ўзялі 5 815 234 пробаў на каранавірус (62 % насельніцтва). Выявілі 355 924 захварэлых (6,1 % абсьледаваных), зь якіх ачуняла 346 148 чалавекі і памерла 2522 (сьмяротнасьць 0,7 %). За содні ўзялі 17 479 пробаў і выявілі 1255 заражаных. Пры гэтым, 1198 чалавек ачуняла і 10 памерла[47]. 23 чэрвеня 2021 году ў Менску выявілі 10 заражаных індыйскім штамам уханьскага каранавіруса. У выніку Беларусь стала 86-й краінай, куды пранік гэты штам, які ўпершыню выявілі ўвосень 2020 году. Індыйскі штам меў мутацыі ў шыпападобным бялку, якія дазвалялі каранавірусу лягчэй прымацоўвацца да рэцэптара вузы і пранікаць у яе[48].

Ад пачатку пандэміі зрабілі 10 971 567 пробаў на каронавірус сярод 694 727 (6 % пробаў) заражаных ачуняў 687 191 (98,9 %) захварэлы. За содні захварэў 501 чалавек, а выпісалі 423[49].

Дзень Новыя хворыя Агулам хворых Выпісана
27.02.2020 1 1 0
03.03.2020 3 4 0
04.03.2020[50] 2 6 0
05.03.2020 0 6 0
06.03.2020 0 6 0
07.03.2020 0 6 1
08.03.2020 0 6 1
09.03.2020 0 6 1
10.03.2020[51] 3 9 3
11.03.2020[52] 3 12 3
12.03.2020[53] 9 21 3
13.03.2020[54] 6 27 3
14.03.2020 0 27 3
15.03.2020 0 27 3
16.03.2020[55] 9 36 3
17.03.2020 0 36 3
18.03.2020[56] 15 51 5
19.03.2020 0 51 5
20.03.2020[57] 18 69 15
21.03.2020[58] 7 76 15
22.03.2020 0 76 15
23.03.2020[59] 5 81 22
24.03.2020 0 81 22
25.03.2020[60] 5 86 29
26.03.2020 0 86 29
27.03.2020[34] 8 94 32
27.05.2020[38] 897 38 956 15 923
18.07.2020[39] 171 65 953 57 856
21.08.2020[40] 161 70 111 68 256
7.10.2020[41] 415 81 505 75 683
12.11.2020[42] 1098 110 455 92 843
10.12.2020[43] 1 939 154 392 132 085
27.01.2021[44] 1651 241 133 227 068
11.03.2021[46] 837 298 960 289 622
28.04.2021[46] 1255 355 924 346 148

Падазрэньні на фальсыфікацыю статыстыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

13 траўня 2020 году кіраўнік тэлеграм-каналу «Нехта» Сьцяпан Пуціла абвінаваціў Міністэрства аховы здароўя Беларусі ў значным заніжэньні распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі ў Беларусі. 11 траўня 2020 году са спасылкаю на атрыманыя дакумэнты Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Пуціла прыйшоў да высновы, што штодзённы прырост у колькасьці больш за тысячу выпадкаў хваробы быў дасягнуты «пару дзён таму», а агульная колькасьць выпадкаў інфэкцыі ў Беларусі склала 26348, пры гэтым 166 пацыентам з каранавіруснай інфэкцыяй патрабавалася штучная вэнтыляцыя лёгкіх. Паводле яго зьвестак, штодзённы прырост выпадкаў заражэньня на каранавірусную інфэкцыю з 8 па 11 траўня быў наступным: 8 траўня — +1251, 9 траўня — +1271, 10 траўня — +1183, 11 траўня — +1242[61]. Тым часам, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь па стане на 11 траўня 2020 году ўлічыла 23 906 чалавек (8,7 % абсьледаваных) з пацьверджанай пробай на каранавірусную інфэкцыю-2019 па выніках 274 060 выпрабаваньняў у 38 лябараторыях. За тыя содні правялі 10 517 дасьледаваньняў на каранавірус. Пры гэтым 6531 чалавек ачуняў і 135 памерла з хранічнымі хваробамі пры выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй[62]. Лічбы разыходзіліся на 2442 выпадкі (9 %).

13 траўня 2020 году тэлеграм-канал «Нехта» паведаміў пра 27717 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі і штодзённы прырост у 1369 выпадкаў[61][63]. Пры гэтым, Міністэрства аховы здароўя Беларусі па стане на 13 траўня 2020 году ўлічыла 25 825 выяўленых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі па выніках 296 380 дасьледаваньняў. Сярод іх 7711 чалавек ачуняла і 146 памерла[64]. Разыходжаньне ў лічбах склала 1892 выпадкі (6,8 %).

Паводле статыстыкі, прадстаўленай падчас вэбінару Беларускага таварыства анестэзіёлягаў і рэаніматолягаў 22 траўня 2020 году, у красавіку 2020 году сьмяротнасьць сярод пацыентаў з аддзяленьняў інтэнсіўнае тэрапіі каранавіруснай інфэкцыі толькі ў Менску склала 27%, альбо 117 пацыентаў у абсалютнай колькасьці, што супярэчыла афіцыйным зьвесткам Міністэрства аховы здароўя ад 1 траўня пра агульную колькасьць (г.зн. у Беларусі ў цэлым) у 93 сьмерці пацыентаў з каранавіруснай інфэкцыяй. У дадатковым афіцыйным тлумачэньні Міністэрства аховы здароўя было адзначана, што ўзровень сьмяротнасьці, прадстаўлены падчас вэбінару, адлюстроўвае зьвесткі па ўсіх пацыентах «пульманалягічнага профілю» і ўключае як пацьверджаныя сьмерці пацыентаў з COVID-19, так і сьмерці пацыентаў з «іншымі этыялогіямі пнэўманіі», што супярэчыць слайдам прэзэнтацыі вэбінару, у якіх згадваюцца выключна пацыенты з COVID-19. Пасьля агалоскі ў СМІ запіс вэбінару быў выдалены з «YouTube»[65][66].

Паводле зьвестак супрацоўнікаў аддзяленьня інтэнсіўнае тэрапіі 1-й мескае клінічнае лякарні, у некаторыя дні там рэгістравалася па 3–4 сьмерці верагодна станоўчых пацыентаў на каранавірус, у той час як афіцыйная штодзённая статыстыка сьмерцяў за гэтыя дні не перавышала 5 выпадкаў у цэлым па Беларусі[67].

Згодна з заўвагаю Лідзіі Ярмошынай ад 22 ліпеня 2020 году са спасылкай на зьвесткі Міністэрства аховы здароўя, на той момант каля 41000 чалавек былі альбо шпіталізаваныя, альбо праходзілі амбуляторнае лячэньне ад каранавіруснай інфэкцыяй, альбо знаходзіліся ў стане кантакту першага ўзроўню з вышэйназванымі. У дадатковым тлумачэньні Міністэрства аховы здароўя было адзначана, што названая колькасьць прадстаўляе колькасьць людзей, якія падпадаюць пад «усе віды мэдыцынскага назіраньня», уключаючы 6947 актыўных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, кантакты першага й другога ўзроўняў і асобаў, якія знаходзяцца ў карантыне. Тым ня менш у адпаведнасьці з уласнымі рэкамэндацыямі Міністэрства аховы здароўя, кантакты другога ўзроўню былі вызваленыя ад патрабаваньняў самакарантыну й не падлягалі назіраньню[68].

Статыстычны аналіз афіцыйных штодзённых лічбаў заражэньня на каранавірусную інфэкцыю дазволіў выказаць здагадку пра наяўнасьць штучнага абмежаваньня на агалошваньне ня больш чым 1000 выпадкаў у дзень[69].

Паводле зьвестак статыстычнага аддзелу ААН наконт штомесячнае колькасьці сьмерцяў у Беларусі ў красавіку–чэрвені 2020 году, прадастаўленых урадам Беларусі, агульная колькасьць сьмерцяў перавысіла сярэднюю лічбу за апошнія 5 год прыблізна на 5500, у той час як сярэдняя лічба за студзень–красавік не паказала прыкметнае розьніцы з папярэднімі гадамі. Паводле «Нашае Нівы», падобныя статыстычныя анамаліі ніколі не назіраліся з пачатку працы статыстычнага аддзелу ААН у 1980 годзе й маглі б адлюстроўваць фактычную статыстыку сьмерцяў ад каранавірусу ў Беларусі[70].

7 верасьня 2020 году акадэмік-кардыёляг Аляксандар Мрочак выказаў здагадку ў інтэрвію тэлеканалу «Дождь(uk)», што сьмерці ад каранавірусу ў Беларусі ў афіцыйнай статыстыцы сьмяротнасьці былі прадстаўленыя як сьмерці ад сардэчна-ссудзінных захворваньняў: «Сардэчна-сасудзістыя захворваньні складаюць 58% статыстыкі сьмяротнасьці ў Беларусі, што значна перавышае падобныя паказьнікі ў суседніх краінах. Мая прапанова, і ў мяне ёсьць пэўныя факты, якія пацьвярджаюць гэта, [...] заключаецца ў тым, што дыягназ атэрасклератычнае хваробы сэрца [пісаўся ў пасьведчаньні аб сьмерці] без уліку таго, што пацыент памірае ад дыхальнае недастатковасьці, выкліканай інфэкцыяй COVID-19». Паводле словаў Мрочака, былы міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік нясе пэрсанальную адказнасьць за фальсыфікацыю[71].

9 лістапада 2020 году намесьнік прэм’ер-міністара Беларусі Ігар Петрышэнка(be) адзначыў, што, паводле папярэдніх зьвестак, у 15–20% жыхароў Беларусі выпрацаваўся калектыўны імунітэт супраць каранавірусу, што супярэчыла афіцыйнае справаздачы Міністэрства аховы здароўя ад 9 лістапада, якая паказала ўсяго 108000 пацьверджаных выпадкаў[72].

Згодна са статыстыкай сьмяротнасьці, апублікаванай Магілёўскім ЗАГСам, у студзені–лістападзе 2020 году агульная колькасьць сьмерцяў за 11 месяцаў (4375) перавысіла агульную колькасьць сьмерцяў за ўвесь папярэдні год на 609, у той час як магілёўская статыстыка сьмяротнасьці на працягу папярэдніх 5 год ня ведала падобных скокаў сьмярцей і заставалася на адзнацы каля 3800 чалавекаў штогод. Лічбы таксама паказалі, што ў лістападзе 2020 году ў Магілёве было амаль удвая больш сьмерцяў, чым у лістападзе 2019 году. Пасьля агалоскі ў СМІ статыстыка была выдалена з сайту ЗАГСу[73][74].

Ускосныя разьлікі, вырабленыя па афіцыйных зьвестках Белстату (паказьнікі «раздробны таваразварот на душу насельніцтва» й «раздробны таваразварот»), дазваляюць выказаць здагадку, што сярэднегадавая колькасьць насельніцтва за 2020 год паменшылася на 47,8 тыс. чалавекаў. Пры скарачэньні сярэднегадавой колькасьці насельніцтва за 2018 год на 14,7 тыс. чалавекаў і за 2019 год — на 17,8 тыс. чалавекаў залішняя сьмяротнасьць за 2020 год магла скласьці каля 30 тыс. чалавекаў[75].

24 сакавіка 2021 году апытаньне некалькіх лекараў выявіла адрозьненьні ў статыстыцы па раёнах да 7 разоў, што паставіла пад сумнеў яе праўдзівасьць. Напрыклад, за 2020 год у Бабруйску й Бабруйскім раёне афіцыйна зарэгістравалі 16309 выпадкаў захворваньня на каранавірусную інфэкцыю. Гэта 6998 заражэньняў на 100 тысячаў жыхароў. Хваробу перанесла каля 7% насельніцтва раёну. У той час Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў, што каля 2% насельніцтва Беларусі хварэла на каранавірусную інфэкцыю. Ад 28 лютага 2020 да 28 лютага 2021 году ў Бабруйску і раёне памерлі больш за 360 чалавек, што складала 18 % сьмяротнасьці ад каранавірусу ў Беларусі. У той час станам на 28 лютага 2021 году Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведамляла, што ад каранавіруснай інфэкцыі памерлі 1976 чалавек. Апытаны доктар 1-й лякарні Менску таксама паведаміў пра дзіўныя суадносіны памерлых: «Толькі ў нашай лякарні ў ковідных адзьдзяленьнях штодня паміралі 3–5 чалавекаў, менавіта ад COVID-19. Пры гэтым афіцыйна ў той час паведамлялі пра 7, 8 ці 9 памерлых ад каранавірусу па ўсёй краіне». Таксама, паводле словаў аднаго зь лекараў з паліклінік Менску, мэдыкаў абмяжоўвалі ў колькасьці тэстаў: з 30–40 пацыентаў, што ўрач аглядаў за дзень, звычайна палова выклікала падазрэньне на COVID-19, але можна было накіроўваць тэставаць максымум 10; з тых 5–7 чалавекаў, што доктар пасылаў штодзень, практычна ва ўсіх хвароба пацьвярджалася. Ён жа дадаў, што ў часы, калі афіцыйна абвяшчалася пра 7–8 памерлых за дзень па ўсёй краіне, яго калегі зь менскіх лякарняў казалі яму пра 3–5 памерлых у кожнай. Міністэрства аховы здароўя камэнтар з нагоды артыкула не дало[76].

Паводле статыстыкі менскіх ЗАГСаў і ўстановаў аховы здароўя за 2020 год, доступ да якой атрымала «Мэдыязона», у сталіцы за год ад хваробы павінна было памерці значна больш людзей, чым паведамляла Міністэрства аховы здароўя, бо ў цэлым нябожчыкаў было на 5000 больш (альбо на 29%), чым у сярэднім за папярэднія 5 год. Ва ўнутранай дакумэнтацыі было зафіксавана больш за 101000 ўпершыню зарэгістраваных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі ў Менску за пэрыяд зь 5 ліпеня па 29 лістапада, у той час як афіцыйная статыстыка за той жа пэрыяд адлюстравала толькі 88753 пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі па ўсёй краіне. Паводле зьвестак «Мэдыязоны», статыстыка сьмерцяў ЗАГСаў паказала, што ў сьнежні 2020 году ў Менску ў сярэднім штодня рэгістравалася каля 15 сьмерцяў ад каранавіруснай інфэкцыі, а на 17 сьнежня прыйшоўся пік у 27 сьмерцяў, у той час як афіцыйна было паведамлена толькі пра 9 сьмерцяў у гэты дзень. Узроставае разьмеркаваньне сьмерцяў, зарэгістраваных у Менску, паказала, што ў 2020 годзе ў параўнаньні з папярэднімі гадамі сьмяротнасьць людзей ва ўзросьце 60–69 і звыш 70 гадоў павялічылася на 30,45% і 27,7% адпаведна[77][78].

Паводле дадзеных базы МУС Беларусі, доступ да якой атрымалі кібэрпартызаны, залішняя сьмяротнасьць з сакавіка 2020 году па сакавік 2021 году склала 32 тысячы чалавекаў, у той час як за гэты ж пэрыяд Міністэрства аховы здароўя паведаміла толькі пра 2247 памерлых праз COVID-19, што ў 14 разоў ніжэй[79]. Высокую верагоднасьць заніжэньня лічбаў прыкладна ў гэтай жа прапорцыі пацьвердзілі Дзьмітры Кобак з Тубінгенскага ўнівэрсытэту й Андрэй Елісееў з Цэнтру «EAST», да якіх зьвярнулася «Настоящее время(be)», у той час як абодва міністэрства праігнаравалі запыты тэлеканалу пракамэнтаваць інфармацыю[79].

Цэнзура й рэпрэсіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Актывісты «Моладзевага блёку(be)» ідуць з труной побач з вайсковай калёнаю падчас рэпэтыцыі параду да Дня Перамогі 9 траўня

30 красавіка 2020 году галоўны лекар Віцебскае клінічнае лякарні хуткае мэдыцынскае дапамогі Сяргей Лазар быў вызвалены з пасады неўзабаве пасьля публікацыі інтэрвію «TUT.BY», дзе ён раскрытыкаваў контрпандэмічныя меры, прынятыя ўрадам, і адзначыў недахоп мэдыцынскіх сродкаў аховы[80][81], тым ня менш, паводле словаў прэс-сакратара Міністэрства аховы здароўя Юліі Барадун, звальненьне Сяргея Лазара не было зьвязана з публікацыяю[81].

25 сакавіка 2020 году Сяргей Сацук, галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Ежедневжик» («ej.by»), быў арыштаваны па абвінавачваньні ў атрыманьні хабару праз тры дні пасьля публікацыі яго артыкула з крытыкаю рэакцыі беларускага ўрада на пандэмію COVID-19[82].

11 мая 2020 году два актывісты «Моладзевага блёку(be)» былі асуджаныя на 5 і 13 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту супраць правядзеньня штогадовага параду да Дня Перамогі 9 траўня на фоне пандэміі. У гэты ж дзень у будынку суда быў затрыманы яшчэ адзін актывіст «Моладзевага блёку», які чакаў пачатку працэсу над яго паплечнікамі[83].

На фоне няшчыльных антыпандэмічных мераў, прынятых дзяржаваю, зь лета 2020 году Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь спыніў прадстаўленьне сэзонных статыстычных дадзеных па сьмяротнасьці[84]. Да 2021 году ён выпускаў штогадовыя справаздачы з рознымі статыстычнымі дадзенымі, уключаючы статыстыку па сьмяротнасьці[84]. Справаздача за 2020 год была апублікаваная ў красавіку 2021 году, але без статыстыкі па сьмяротнасьці, у той час як дадатковы бюлетэнь пра натуральны рух насельніцтва таксама ня быў выпушчаны[85]. На запыты Эўрапейскага радыё для Беларусі ў красавіку і траўні 2021 году ўрадавая ўстанова адмовілася назваць прычыну апушчэньня такой інфармацыі[84][85]. Паводле «Новага часу» й Эўрапейскага радыё для Беларусі, гэта было зроблена проста для таго, каб выключыць магчымасьць падлічыць колькасьць сьмерцяў у сувязі з захворваньнем на COVID-19[85][86].

Заражэньне ў турмах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас пасьлявыбарчых пратэстаў у 2020 годзе вызваленыя пратэстоўцы паведамлялі пра выпадкі наўмыснага заражэньня каранавірусам і наступнай адмовы ў мэдыцынскай дапамозе супрацоўнікамі беларускіх турмаў[87].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Каронавірус трапіў у Беларусь? Двое ў шпіталі(недаступная спасылка)
  2. ^ Каронавірус трапіў у Беларусь? Навіны 29 студзеня
  3. ^ Каронавірус адгукнуўся ў Беларусі(недаступная спасылка)
  4. ^ Мінздароўя пракаментаваў з’яўленне каронавіруса ў Беларусі
  5. ^ Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў каталікоў адсвяткаваць Вялікдзень дома
  6. ^ «Камэрцыйны кур'ер». У Бабруйску ўведзены абавязковы масачны рэжым // Партал «Наша ніва», 19 чэрвеня 2020 г. Праверана 22 чэрвеня 2020 г.
  7. ^ Міністэрства аховы здароўя рэкамэндуе выконваць правілы сацыяльнага дыстанцыяваньня // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 верасьня 2020 г. Праверана 26 верасьня 2020 г.
  8. ^ Алена Кравец. Дыстанцыйная работа, абмежаваньне кантактаў i іншыя меры // Зьвязда. — 20 кастрычніка 2020. — № 204 (29318). — С. 1, 3.
  9. ^ З 1 лістапада Беларусь часова абмяжоўвае ўезд замежнікаў // Газэта «Зьвязда», 31 кастрычніка 2020 г. Праверана 1 лістапада 2020 г.
  10. ^ Дзе ў Беларусі афіцыйна дзейнічае абавязковы масачны рэжым // БелТА, 12 лістапада 2020 г. Праверана 13 лістапада 2020 г.
  11. ^ Алена Кравец. Задзейнічаць дадатковыя рэсурсы // Зьвязда. — 17 лістапада 2020. — № 224 (29338). — С. 3.
  12. ^ Масачны рэжым уведзены ва ўсіх раёнах Гарадзенскай вобласьці // Газэта «Зьвязда», 18 лістапада 2020 г. Праверана 19 лістапада 2020 г.
  13. ^ Беларусь уводзіць абмежаваньні ў правілы выезду з краіны ў сувязі з каронавірусам // БелТА, 10 сьнежня 2020 г. Праверана 10 сьнежня 2020 г.
  14. ^ Патрэбнасьць у некаторых леках у 2020 годзе ўзрасла ў сем разоў // БелТА, 24 лютага 2021 г. Праверана 24 лютага 2021 г.
  15. ^ Алена Кравец. Прафэсіяналізм, мабілізацыя, эфэктыўнасьць // Зьвязда. — 25 лютага 2021. — № 36 (29405).
  16. ^ а б Эдуард Дацэнка: Прафэсар пра наступствы КАВІН-19, эфэктыўныя лекі і чаканьне трэцяй хвалі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 24 лютага 2021 г. Праверана 28 красавіка 2021 г.
  17. ^ Завяршылася імунізацыя мэдработнікаў Беларусі першым кампанэнтам вакцыны «Спадарожнік V» // БелТА, 17 лютага 2021 г. Праверана 19 лютага 2021 г.
  18. ^ Першы кампанэнт вакцыны ад каронавірусу атрымалі 92 тыс. беларусаў // БелТА, 9 красавіка 2021 г. Праверана 9 красавіка 2021 г.
  19. ^ Беларусь атрымала ўласную вакцыну ад КАВІН-19 // БелТА, 7 траўня 2021 г. Праверана 7 траўня 2021 г.
  20. ^ У Беларусі за суткі — 1369 выпадкаў захворвання на КАВІН-19 // Газэта «Зьвязда», 8 траўня 2021 г. Праверана 12 траўня 2021 г.
  21. ^ Першую дозу вакцыны супраць КАВІН-19 атрымалі 6,1% насельніцтва Беларусі // Газэта «Зьвязда», 4 чэрвеня 2021 г. Праверана 4 чэрвеня 2021 г.
  22. ^ Алена Драпко. Кіраўнік СААЗ Тэдрас Аданам Гебрэісус заявіў пра пачатак трэцяй хвалі каронавіруса ў сьвеце // Газэта «Зьвязда», 15 ліпеня 2021 г. Праверана 17 ліпеня 2021 г.
  23. ^ Больш 1,55 млн беларусаў атрымалі першую дозу вакцыны супраць КАВІН-19, з іх больш за 1,27 млн ​​прайшлі поўны курс вакцынацыі // Газэта «Зьвязда», 22 жніўня 2021 г. Праверана 23 жніўня 2021 г.
  24. ^ Больш за 2,21 млн беларусаў прайшлі поўны курс вакцынацыі супраць КАВІН-19 // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 сакавіка 2021 г. Праверана 2 лістапада 2021 г.
  25. ^ Больш за 3,6 млн беларусаў прайшлі поўны курс вакцынацыі супраць каронавірусу // БелТА, 28 сьнежня 2021 г. Праверана 29 сьнежня 2021 г.
  26. ^ Чацвёрты выпадак каранавіруса пацверджаны ў Беларусі
  27. ^ МІНЗДАРОЎЯ АБ ТЕСЦІРВАННІ НА КАРОНАВІРУС
  28. ^ а б Міністэрства аховы здароўя: У беларускі з Віцебска адзін з тэстаў на каранавірус даў станоўчы вынік
  29. ^ У Беларусі з-за сітуацыі з каранавірусам узята пад назіранне 14,5 тыс. чалавек
  30. ^ Каранік: Лабараторна пацверджаныя выпадкі каранавіруса адносяцца да кантактаў першага ўзроўню
  31. ^ Коронавирус уже в Беларуси. Хроника распространения болезни. Обновляется, Intex-press 10-03-2020
  32. ^ У беларускага спартоўца знайшлі каранавірус. Уся каманда на карантыне, Радыё Свабода, 11-03-2020
  33. ^ Афіцыйны канал Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у Telegram
  34. ^ а б Афіцыйны канал Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у Telegram
  35. ^ Выступ МАЗ
  36. ^ «Усе пытаньні для таго, каб лячыць людзей, вырашаныя» // Зьвязда. — 5 траўня 2020. — № 85 (29199). — С. 2.
  37. ^ Вольга Мядзьведзева, Варвара Марозава. «Галоўнае — каб мы паводзілі сябе так, як мы цяпер паводзім» // Зьвязда. — 6 траўня 2020. — № 86 (29200). — С. 1, 2.
  38. ^ а б 24 дні ў рэанімацыі // Зьвязда : газэта. — 28 траўня 2020. — № 102 (29216). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  39. ^ а б Тэлеканал «Беларусь 1». У Беларусі зарэгістраваныя 65 тысяч 953 чалавекі са станоўчым тэстам на каронавірус // Белтэлерадыёкампанія, 18 ліпеня 2020 г. Праверана 20 ліпеня 2020 г.
  40. ^ а б У Беларусі — 70 111 выпадкаў захворваньня на каронавірусную інфэкцыю: выздаравелі 68 256 чалавек // Газэта «Зьвязда», 21 жніўня 2020 г. Праверана 25 жніўня 2020 г.
  41. ^ а б У Беларусі — 81 505 выпадкаў захворваньня на каронавірусную інфэкцыю // Газэта «Зьвязда», 7 кастрычніка 2020 г. Праверана 8 кастрычніка 2020 г.
  42. ^ а б У Беларусі выздаравелі і выпісаныя 92843 пацыенты з каронавірусам // БелТА, 12 лістапада 2020 г. Праверана 13 лістапада 2020 г.
  43. ^ а б У Беларусі за суткі — 1 939 выпадкаў захворваньня на КАВІН-19 // Газэта «Зьвязда», 10 сьнежня 2020 г. Праверана 10 сьнежня 2020 г.
  44. ^ а б У Беларусі за суткі — 1651 выпадак захворваньня на кавін-19, выздаравелі 2143 чалавекі // Газэта «Зьвязда», 27 студзеня 2021 г. Праверана 28 студзеня 2021 г.
  45. ^ У Беларусі выяўлена некалькі першых выпадкаў інфікаваньня «брытанскім» штамам КАВІН-19 // Газэта «Зьвязда», 11 сакавіка 2021 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  46. ^ а б в У Беларусі за суткі — 837 выпадкаў захворваньня на КАВІН-19 // Газэта «Зьвязда», 11 сакавіка 2021 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  47. ^ У Беларусі за суткі — 1255 выпадкаў захворваньня на КАВІН-19 // Газэта «Зьвязда», 28 красавіка 2021 г. Праверана 28 красавіка сакавіка 2021 г.
  48. ^ У Менску выявілі індыйскі штам каронавіруса // БелТА, 23 чэрвеня 2021 г. Праверана 23 чэрвеня 2021 г.
  49. ^ За суткі ў Беларусі зарэгістраваны 501 пацыент з каронавірусам, выпісаны 423 // БелТА, 28 сьнежня 2021 г. Праверана 29 сьнежня 2021 г.
  50. ^ Шесть случаев коронавируса подтверждено в Беларуси.. Министерство здравоохранения Республики Беларусь (2020-03-04). Праверана 2020-03-16 г.
  51. ^ В Беларуси еще у трех человек подтвердили коронавирус. Трех первых пациентов готовы выписывать. TUT.by (2020-03-10). Праверана 2020-03-16 г.
  52. ^ У 3 граждан из Минска, Гродно и Гомеля диагностирован COVID-19. Министерство здравоохранения Республики Беларусь (2020-03-11). Праверана 2020-03-16 г.
  53. ^ О лабораторном контроле граждан по COVID19. Министерство здравоохранения Республики Беларусь (2020-03-12). Праверана 2020-03-16 г.
  54. ^ Пациентов с коронавирусом в Беларуси уже 27. TUT.by (2020-03-13). Праверана 2020-03-16 г.
  55. ^ COVID-19 : о состоянии пациентов. Министерство здравоохранения Республики Беларусь (2020-03-16). Праверана 2020-03-16 г.
  56. ^ В Беларуси уже зарегистрирован 51 случай коронавируса Праверана 2020-03-18 г.
  57. ^ За три недели в Беларуси зафиксировано 69 случаев коронавируса, 15 пациентов уже здоровы. TUT.BY (2020-03-20). Праверана 2020-03-20 г.
  58. ^ В Беларуси — 76 случаев коронавируса. TUT.BY (2020-03-21). Праверана 2020-03-21 г.
  59. ^ В Беларуси зафиксирован 81 случай заражения коронавирусом. Самому маленькому пациенту — 3 года. TUT.BY (2020-03-23). Праверана 2020-03-23 г.
  60. ^ На сегодняшний день в Республике Беларусь проведено около 23 тыс. тестов на COVID-19. Официальный канал Министерства здравоохранения Республики Беларусь в Телеграм (2020-03-25). Праверана 2020-03-25 г.
  61. ^ а б Канал Nexta обвиняет Минздрав РБ в публикации цензурированных данных о коронавирусе(рас.). afn.by (2020-05-12). Праверана 2020-05-13 г. Архіўная копія ад 2020-05-13 г.
  62. ^ У Беларусі — 23 906 выпадкаў захворваньня на КАВІН-19. Выздаравелі 6 531 чалавек // Газэта «Зьвязда», 11 траўня 2020 г. Праверана 7 траўня 2021 г.
  63. ^ Archived copy Праверана 2020-05-13 г. Архіўная копія ад 2020-07-28 г.
  64. ^ У Беларусі — 25 825 выпадкаў захворвання на КАВІН-19. Выздаравелі 7 711 чалавек // Газэта «Зьвязда», 13 траўня 2020 г. Праверана 7 траўня 2021 г.
  65. ^ Туда включены не только случаи подтвержденной инфекции COVID-19». Минздрав прокомментировал данные о 117 умерших пациентах за апрель(рас.). Onliner.by (2020-05-22). Праверана 2020-05-22 г. Архіўная копія ад 2020-05-22 г.
  66. ^ В Сети появился слайд о том, сколько умерших было в "ковидных" реанимациях Минска. Объясняем, откуда эта цифра(рас.). TUT.BY (2020-05-22). Праверана 2020-05-22 г. Архіўная копія ад 2020-06-01 г.
  67. ^ "Признание проблемы спасло бы не одну жизнь". Врач честно рассказал о двух месяцах в реанимации с COVID-19(рас.). TUT.BY (2020-07-08). Праверана 2020-07-10 г. Архіўная копія ад 2020-07-09 г.
  68. ^ Минздрав объяснил впечатляющие цифры по коронавирусу, которые озвучила Лидия Ермошина(рас.). TUT.BY (2020-07-22). Праверана 2020-07-22 г. Архіўная копія ад 2020-07-22 г.
  69. ^ Boudewijn F. Roukema Anti-clustering in the national SARS-CoV-2 daily infection counts (анг.). — 2020.
  70. ^ Белстат не апублікаваў статыстыку смяротнасці, але перадаў яе ў ААН. Яна шакуе. Наша Ніва (2020-09-06). Праверана 2020-09-06 г. Архіўная копія ад 2020-09-06 г.
  71. ^ Мрочек: В официальной статистике смерти от COVID-19 спрятали в "Болезни системы кровообращения"(рас.). TUT.BY (2020-09-07). Праверана 2020-09-07 г. Архіўная копія ад 2020-09-07 г.
  72. ^ Правительство о стратегии борьбы с COVID-19, испытании вакцины и коллективном иммунитете(рас.). БелТА (2020-11-09). Праверана 2020-11-10 г. Архіўная копія ад 2020-11-09 г.
  73. ^ У Магілёве за лістапад памерла амаль у 2 разы больш людзей, чым у лістападзе 2019-га. Наша Ніва (2020-12-29). Праверана 2020-12-29 г. Архіўная копія ад 2021-03-10 г.
  74. ^ У лістападзе 2020 у Магілёве памерла ў 1,8 разоў больш людзей, чым год таму. Эўрапейскае радыё для Беларусі (2020-12-29). Праверана 2020-12-29 г. Архіўная копія ад 2020-12-29 г.
  75. ^ В XXI веке скрыть правду невозможно: от коронавируса в 2020 году в Беларуси умерло около 30 тысяч человек?(рас.). Intex-press (2021-03-10). Праверана 2021-03-19 г. Архіўная копія ад 2021-03-18 г.
  76. ^ Аляксей Знаткевіч. (2021-03-24) «Раённая анамалія»? Лічбы памерлых ад COVID-19 у Беларусі могуць быць заніжаныя ў сем разоў. Радыё СвабодаПраверана 2021-03-26 г. Архіўная копія ад 2021-03-25 г.
  77. ^ Закрыць усіх... І ўсё // Новы час. — 23 красавіка 2021. — № 16 (724). — С. 2.
  78. ^ Минск ковидный. В 2020 году в столице от коронавируса умерло больше людей, чем официально по всей Беларуси - исследование Медиазоны(рас.). Мэдыязона (2021-04-19). Праверана 2021-04-26 г. Архіўная копія ад 2021-04-19 г.
  79. ^ а б Андрей Сошников. (2021-08-09) Власти Беларуси в 14 раз занизили статистику смертности от ковида – анализ утечки, организованной "Киберпартизанами"(рас.). Настоящее время(be). Архіўная копія ад 2021-08-12 г.
  80. ^ Репортаж из той самой витебской реанимации, которая первой приняла бой(рас.). TUT.BY (2020-04-27). Праверана 2020-05-03 г. Архіўная копія ад 2020-07-21 г.
  81. ^ а б Главврача витебской БСМП уволили. Минздрав: связи с публикацией на TUT.BY нет(рас.). TUT.BY (2020-05-03). Праверана 2020-05-03 г. Архіўная копія ад 2020-06-18 г.
  82. ^ Belarusian journalist arrested for criticizing president's Covid-19 approach(анг.). Рэпартэры бязь межаў (2020-03-31). Праверана 2020-05-16 г. Архіўная копія ад 2020-07-28 г.
  83. ^ Активисты "Молодежного блока" за акцию с гробом получили 18 суток административного ареста на двоих(рас.). TUT.BY (2020-05-11). Праверана 2020-05-11 г. Архіўная копія ад 2020-07-28 г.
  84. ^ а б в Белстат растлумачыў адсутнасць звестак па смяротнасці: "Не выйшлі і не выйшлі"(бел.). Эўрапейскае радыё для Беларусі (2021-04-02). Праверана 2021-07-27 г. Архіўная копія ад 2021-07-27 г.
  85. ^ а б в Белстат аб пераносе публікацыі дадзеных па смяротнасці: "Без каментароў”(бел.). Эўрапейскае радыё для Беларусі (2021-05-17). Праверана 2021-07-27 г. Архіўная копія ад 2021-07-27 г.
  86. ^ Сяргей Салаўёў. Калі маўчанне – не золата (бел.) // Новы час. — 2021. — № 28 (736). — С. 3.
  87. ^ Virus besets Belarus prisons filled with president's critics(анг.). Associated Press (2020-12-26). Праверана 2020-12-28 г. Архіўная копія ад 2020-12-28 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]