Рыская мірная дамова 1921 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рыскі мір 1921 году
Рыская мірная дамова 1921 году
Карыкатура, 1921 г.
Карыкатура, 1921 г.
Тып дамовы Мірная дамова
Падпісаная 18 сакавіка 1921
 ·  месца Рыга (Латвія)
Набыла моц 30 красавіка 1921
 ·  умовы польска-расейскі падзел Беларусі ды Ўкраіны
Тэрмін дзеяньня неабмежаваны
Страціла моц 17 верасьня 1939 (84 гады таму)
Падпісанты Ян Домбскі
Адольф Ёфэ,
Эмануіл Квірынг
Бакі Польшча
Расейская СФСР,
Украінская ССР
Статус скасаваная
Мовы польская, расейская, украінская

Рыская мірная дамова 1921 году (Рыскі падзел) — пагадненьне пра спыненьне Польска-савецкай вайны 1919—1921 гадоў і нармалізацыю адносінаў. Дамове папярэднічала прэлімінацыйная мірная дамова 1920 году.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рыская мірная дамова была заключаная 18 сакавіка 1921 у Рызе паміж РСФСР і УССР з аднаго боку, і Польшчай з другога.

Беларускія дэлегацыі ні ад БССР, ні ад БНР не былі дапушчаныя да падрыхтоўкі і падпісаньня дамовы. Аднак польскі гісторык Зьдзіслаў Віньніцкі занатоўвае за Вадзімам Круталевічам, што фармальна бакі вайны не ваявалі зь Беларусьсю, таму беларуская дэлегацыя не магла быць бокам дамовы[1]. Дэлегацыя БССР прысутнічала ў Рызе з самага пачатку перамоваў, але яе паўнамоцтвы не былі прызнаныя польскім бокам. Расейскі бок таксама ня быў зацікаўлены ва ўдзеле беларускіх прадстаўнікоў у працэсе выпрацоўкі пагадненьня, паколькі гэта магло разбурыць дыпляматычную камбінацыю і нават сарваць заключэньне міру (ва ўмовах нежаданьня РСФСР рыхтавацца да зімовай кампаніі). Ад імя БССР выступала РСФСР. БНР апэлявала да вядучых эўрапейскіх дзяржаваў праз Раду амбасадараў у Парыжы, але сябры Антанты падтрымлівалі Польшчу, якая была адным з асноўных элемэнтаў пасьляваеннай вэрсальскай сыстэмы.

Малавядомым зьяўляецца факт, што ў сустрэчах камісіі па тэрытарыяльных справах удзельнічаў у якасьці экспэрта беларускі камуніст Аляксандар Чарвякоў[2]. Паводле прэамбулы, расейская дэлегацыя падпісала дамову «з даверанасьцю» ўраду БССР і УССР[3]. Артыкул другі дамовы прызнаваў «незалежнасьць» (у арыгінале: «niepodległość», «независимость») «Украіны» й «Беларусі» [4].

Вялікабрытанія на працягу савецка-польскай вайны неаднаразова рабіла захады па спыненьні вайны і выпрацавала прапановы па разьмежаваньні, — «лінія Кэрзана» павінна была ўсталяваць усходнюю граніцу Польшчы па мяжы расьсяленьня палякаў, з аднаго боку, і беларусаў і ўкраінцаў, з другога. Расея адмаўлялася ад ангельскага пасярэдніцтва і перамоваў з Польшчай да паразы Чырвонай Арміі пад Варшавай у жніўні 1920, якое прывяло да пералому ў вайне і, урэшце, перамогі Польшчы.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канчатковы варыянт савецка-польскай граніцы прайшоў значна далей на ўсход ад лініі Кэрзана. Да Польшчы адышла 4,5-мільённая Заходняя Беларусь плошчай больш за 110 тыс. км². Кіраўнік савецкай дэлегацыі А. Іёфэ, увогуле, прапаноўваў саступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (да Бярэзіны) наўзамен на тэрытарыяльныя саступкі ўва Ўкраіне, аднак польскі бок не прыняў гэтую прапанову.[5] Апроч таго, Расея пагадзілася вярнуць Польшчы розныя культурныя каштоўнасьці і выплаціць 30 млн руб. золатам. У далейшым савецкія выплаты па дамове рабіліся інструмэнтам міжнароднага ціску, напрыклад, пры спробе заключэньня савецка-польскіх гандлёвых пагадненьняў (1925)[6].

Рыскі мір не прызналі і асудзілі: кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, дзеячы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў, прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі БССР (у тым ліку Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімер Дубоўка), Першая (1921, Прага) і Другая (1925, Бэрлін) Усебеларускія канфэрэнцыі.

Таксама Рыскі мір не прызнала і асудзіла Ўкраінская Народная Рэспубліка.

Канец вайны не прынёс супакою мірнаму насельніцтву памежжа. Рабункі, кантрабанда, атакі бальшавіцкіх бандаў не былі рэдкімі. Толькі ў 1924 годзе паліцыя зафіксавала на польска-савецкім памежжы 189 рабункаў і дывэрсійных нападаў ды 28 актаў сабатажу, у якіх удзельнічала каля 1000 чалавек. Імаверна, найбольшымі гэтакімі здарэньнямі былі: бандыцкі напад на Стоўбцы ды напад на цягнік каля Лунінца[7][8]. Усе гэтыя акцыі мусілі засьведчыць, што польская адміністрацыя некампэтэнтная й ня можа гарантаваць бясьпеку сваіх грамадзянаў. У сувязі зь дзейнасьцю дывэрсантаў польскія ўлады актывізавалі палянізацыю[8].

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18—19 сакавіка 2021 году Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зладзіў міжнародную навуковую канфэрэнцыю «Рыскі мір 1921 году ў лёсе беларускага народу» да 100-годзьдзя яго заключэньня. 18 сакавіка на канфэрэнцыі выступіў рэктар Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі Вячаслаў Даніловіч, які заявіў: «Рыская мірная дамова — гэта трагічная старонка ў гісторыі Беларусі. Наш народ быў разьдзелены на дзьве часткі. Заходнія рэгіёны Беларусі амаль 20 гадоў знаходзіліся ў складзе Польшчы. Для беларусаў восень 1939 году, калі адбылося ўзьяднаньне нашага народу, — акт гістарычнай справядлівасьці. Для нас гэта каштоўна: калі б не было гэтых падзеяў, невядома, як разьвівалася б Беларусь далей. Палова нашага народу ў выніку магла быць проста асымілявана, таму што ў міжваенны пэрыяд польскімі ўладамі на тэрыторыі Заходняй Беларусі праводзілася палітыка палянізацыі і ў выніку магла быць намнога большая, чым цяпер у Польшчы, колькасьць так званых праваслаўных палякаў»[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005, ISBN 83-88178-26-1, s. 114.
  2. ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005, ISBN 83-88178-26-1, s. 108.
  3. ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005, ISBN 83-88178-26-1, ss. 109-110.
  4. ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005, ISBN 83-88178-26-1, s. 110.
  5. ^ А. Грыцкевіч. Слуцкае паўстанне. На крутым павароце гісторыі
  6. ^ В. М. Цынкевіч. Беларуска-польскія гандлёва-эканамічныя сувязі ў 1923—1939 гг. // Белорусский журнал международного права и международных отношений. №2, 2002.
  7. ^ Jerzy Paciorkowski, Płonąca granica, Policja 997, nr 12 (57), grudzień 2009, ISSN 1734-1167, s. 36.  (пол.)
  8. ^ а б Jerzy Paciorkowski, Służba na wygnaniu, Policja 997, nr 1 (58), styczeń 2010, ISSN 1734-1167, s. 14.  (пол.)
  9. ^ Даніловіч: Рыскі мірны дагавор разьдзяліў беларускі народ на дзьве часткі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 сакавіка 2021 г. Праверана 2 лістапада 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]