Марш за свабоду (Менск, 2020)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Марш за свабоду
Пратэсты ў Беларусі (2020—2021)
Мітынґ ля стэлы «Менск — горад-герой»
Дата16 жніўня 14:00 — вечар
МесцаНацыянальны сьцяг Беларусі Праспэкт Пераможцаў, Плошча Незалежнасьці; Менск; Беларусь
ПрычыныФальсыфікацыя вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня
Мэтывызваленьне палітвязьняў, правядзеньне справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў
Спосабымасавае шэсьце, мітынг
Удзельнікі канфлікту
Ключавыя асобы
Сілы бакоў
Ня меней за 200 тысячаў (паводле TUT.BY)[1]
400—500 тысячаў (паводле «Нашае Нівы»)[2]

Марш за свабо́ду — найбуйнейшая акцыя пратэсту за ўсю гісторыю Беларусі, якая адбылася ў Менску 16 жніўня 2020 году. Марш таксама называўся агульнанацыянальным[3] ды агульнаграмадзянскім[4].

Да акцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачаткова «Марш за свабоду» плянавалася правесьці на плошчы Незалежнасьці, але літаральна напярэдадні стала вядома, што а 12-й гадзіне дня там пройдзе мітынґ у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

Збор людзей быў аб’яўлены ў тэлеграм-каналах і назначаны на 14-ю гадзіну паводле менскага часу. Аднак людзі ўжо з 12-й гадзіны[5] выходзілі да стэлы «Менск — горад-герой» зь бел-чырвона-белымі сьцягамі зь мікрараёнаў Каменнае Горкі на захадзе і Курасоўшчыны на поўдні, ад «Менскага трактарнага заводу» й плошчы Якуба Коласа на ўсходзе, а таксама ад «Пушкінскай» станцыі мэтро. З квартала «Маяку Менску» несьлі сьцяг даўжынёй 100 мэтраў.

Хада акцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да пункту збору каля стэлы «Менск — горад-герой» людзі прыйшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і шматлікімі плякатамі, якія асуджаюць рэжым Лукашэнкі. Стэлу «Менск — горад-герой» абгарнулі ў бел-чырвона-белы сьцяг. Яшчэ адзін сьцяг усталявалі зьверху. Таксама каля стэлы амаль не працавалі сеціва й тэлефонная сувязь. Звыш 200 тысячаў чалавек сабралося вакол Стэлы «Менск — горад-герой»[6].

А 17-й гадзіне дэманстранты занялі ходнікі праспэктаў Машэрава, Незалежнасьці і Пераможцаў у цэнтры Менску, а таксама вуліцы Багдановіча, Мельнікайтэ, Няміга і Старажоўскую.

Пратэстоўцы кругабежна скандавалі «Жыве Беларусь!», «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!» (па-расейску: Один за всех и все за одного!), «Верым, можам, пераможам!», «Выпускай!», «Ганьба!» (па-расейску: Позор!), «Далучайся!», «Караева пад суд!» (па-расейску: Караева под суд!), «КДБ пад суд!» (па-расейску: КГБ под суд!), «Лукашэнка, ты звольнены!» (па-расейску: Лукашенко, ты уволен!), «Лукашэнку ў аўтазак!» (па-расейску: Лукашенко в автозак!), «МУС пад суд!» (па-расейску: МВД под суд!), «Мы не народзец!» (па-расейску: Мы не народец!), «Нас 97!», «Не забудзем, не даруем!» (па-расейску: Не забудем, не простим!), «Пакуль мы адзіныя, мы непераможныя!» (па-расейску: Пока мы едины, мы непобедимы!), «Пара мяняць лысую гуму!» (па-расейску: Пора менять лысую резину!), «Саша 3%», «Свабоду», «Сыходзь!» (па-расейску: Уходи!), «Сьвета!», «Трыбунал!» (па-расейску: Трибунал!), «Фашызм ня пройдзе!» (па-расейску: Фашизм не пройдёт!), «Ярмошыну ў турму!» (па-расейску: Ермошину в тюрьму!) і іншыя споклічы.

Прыкладна а пятай гадзіне вечару мітынґоўцы пачалі «Марш за свабоду» — канчатковым пунктам якога стала плошча Незалежнасьці. Падчас шэсьця самаходная дарога спачатку часткова, а потым цалкам была занятая людзьмі. Увечары дэманстранты занялі плошчу Незалежнасьці. Людзкая калёна расьцягнулася да плошчы Перамогі. А 19-й гадзіне лік дэманстрантаў на плошчы Незалежнасьці перавысіў 100 000 чалавек[7].

Ацэньваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дырэктар Купалаўскага тэатру, былы амбасадар Беларусі ў Польшчы й Францыі Павал Латушка падчас акцыі ў інтэрвію TUT.BY паведаміў[8]:

Менск ня бачыў такога, краіна ня бачыла такой колькасьці людзей, якія сёньня выйшлі для таго, каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. Фактычна мы сёньня можам канстатаваць, што ў Беларусі ствараецца грамадзянская плятформа, і ў яе аснову павінны быць пакладзеныя наступныя прынцыпы: не — ґвалту, так — заканадаўству, так — выкананьню законаў у нашай краіне. Наступны прынцып — мы хочам пераменаў, трансфармацыяў, каб пачаўся працэс зьменаў.

Цікавінкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гэта адна зь першых пратэставых акцыяў, калі ня першая, пра якую паведаміла дзяржаўнае мэдыя (а канкрэтна — дзяржаўнае агенцтва БелТА) лукашэнкаўскага рэжыму[9].
  • Сярэдні дэманстрант за дзень акцыі прайшоў каля 20 кілямэтраў[10].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марш за свабоду (Менск, 2020)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў