Раман Бандарэнка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Раман Бандарэнка
Дата нараджэньня 1 жніўня 1989(1989-08-01)
Месца нараджэньня Менск, СССР
Дата сьмерці 12 лістапада 2020(2020-11-12) (31 год)
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Прычына сьмерці забойства
Месца пахаваньня Паўночныя могілкі
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут і Менскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы коледж
Занятак маляр

Рама́н І́гаравіч Бандарэ́нка (1 жніўня 1989, Менск12 лістапада 2020, Менск) — мастак, удзельнік пратэстаў супраць фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, забіты прыхільнікамі рэжыму Лукашэнкі[1][2].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў Менскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Праходзіў тэрміновую службу ў часьці 3214 унутраных войскаў.

Жыў на вуліцы Чарвякова, навучаў дзяцей маляваць. Працаваў адміністратарам, потым дырэктарам адной зь сеткавых крамаў «Востраў чысьціні». Паводле сваякоў, ня меў праблемаў зь міліцыяй, на маршы пратэсту не выходзіў.

Увечары 11 лістапада 2020 году ў Двор Пераменаў(be) у Менску прыехалі людзі ў цывільным з маскамі на тварах і пачалі зразаць вывешаным мясцовымі жыхарамі бел-чырвона-белыя стужкі[3]. Раман Бандарэнка быў сярод мясцовых жыхароў, якія выйшлі ў двор і спрачаліся зь невядомымі[3]. Паводле сьведчаньня відавочцаў, адзін зь невядомых заатакаваў і штурхануў Рамана, але той ухіліўся ад удару. Невядомы спрабаваў затрымаць Рамана, але пазьней зьбег. Аднак адразу жа ў 22:16 Рамана затрымалі людзі ў цывільным з танаваных мікрааўтобусаў[4]. Яны даставілі затрыманага ў Цэнтральнае РУУС, дзе таго трымалі да 0:05. З РУУС Рамана даставілі ў лякарню моцна зьбітага ў вельмі цяжкім стане[5]. На наступны дзень Раман памёр[6].

Забойства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле аналізу наяўных відэазапісаў, невядомы нападнік, які першым ударыў Рамана, мае візуальнае падабенства да Дзьмітрыя Шакуты(be)[7] (рас. Дмитрий Шакута), прафэсійнага баксэра і кікбаксэра, якога зьвязваюць зь Віктарам Лукашэнкам. Таксама за зьбіцьцём Рамана назіраў чалавек, які мае візуальнае падабенства зь Дзьмітрыем Баскавым(ru) (рас. Дмитрий Басков), бізнэсоўцам і хакейным трэнэрам Мікалая Лукашэнкі(be), якога з Шакутам зьвязваюць сяброўскія дачыненьні. Чалавек, падобны на Баскава, паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, пацьвердзіў, што мае імя Дзьмітры. Гэтых асобаў (падобных да Шакуты і Баскава) раней бачылі ў іншых дварах Менску, дзе яны таксама здымалі бел-чырвона-белыя стужкі[8].

Рэакцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увечары 12 лістапада некалькі тысячаў беларусаў сабраліся ў Двары Пераменаў, каб аддаць даніну памяці Раману Бандарэнку. На наступны дзень на акцыі памяці выйшлі людзі ў Менску, іншых местах Беларусі і замежжа[3]. Акцыі памяці суправаджаліся затрыманьнямі іх удзельнікаў, напрыклад у Берасьці й Баранавічах[9].

Сьвятлана Ціханоўская выказала шчырыя спачуваньні родным нябожчыка. Яна падкрэсьліла, што Рамана Бандарэнку забілі памагатыя рэжыму Лукашэнкі: «Ён стаў нявіннай ахвярай бесчалавечнай сыстэмы, якая лічыць жыцьці людзей выдаткамі ўлады, і на яго месцы мог апынуцца кожны мірны чалавек».

13 лістапада 2020 году А. Лукашэнка заявіў: «Я шчыра спачуваю бацькам» забітага Рамана Бандарэнкі. Ён згадаў: «Сёньня раніцай... я патэлефанаваў генэральнаму пракурору і сказаў: вазьміце пад сур'ёзны кантроль гэтую крымінальную справу». Лукашэнка прызнаў: «Ужо больш за месяц, у гэтых багатых перш за ўсё кварталах яны вывешвалі бела-чырвона-белыя сьцягі і стужкі там усюды. Нават тросы нацягвалі ад дома да дома і вывешвалі... Мы апошнім часам стварылі дружыны, іх, па-мойму, каля 500 у Менску толькі, і яны таксама хадзілі і зразалі гэтыя сьцягі. У адным з двароў, як мне далажылі, яны прыйшлі зразаць сьцягі. А тыя, хто там жыве і гэтыя стужкі вывешваў (на агароджах, спартыўных пляцоўках), выскачылі з дамоў. І сваркі былі». Урэшце ён адзначыў, што Бандарэнка сьмяротна «траўмаваны быў» тымі, хто зразаў бел-чырвона-белыя сьцягі[10].

У заяве ад 13 лістапада 2020 году ЭЗ зганіў жорсткасьць з боку пераапранутых у цывільнае супрацоўнікаў міліцыі й выказаў спачуваньні сям’і і сябрам Рамана Бандарэнкі[11][12].

15 лістапада ў Менску прайшоў марш памяці Рамана Бандарэнкі. Першапачаткова сілавікі рэжыма Лукашэнкі перашкодзілі ўтварыцца вялікай калёне дэманстрантаў. Людзі разьбягаліся, але ўпарта вярталіся на маршрут да «Плошчы Пераменаў». Супраць дэманстрантаў былі ўжыты спэцсродкі: святлошумавыя гранаты й сьлезацечны газ. Некаторых затрыманых моцна зьбівалі дубінкамі. Марш у Менску завяршыўся разгромам «Плошчы Пераменаў(be)»[13], на якую прыбыла велізарная колькасьць сілавікоў рэжыма Лукашэнкі, якіх было ў некалькі разоў больш, чым пратэстуючых. Усё скончылася масавым затрыманьнем і зачысткаю ды апаганьваньнем мэмарыялу Рамана Бандарэнкі[14][13]. Трансляцыю падзеяў з «Плошчы Пераменаў(be)» вёў «Белсат» (журналісткі тэлеканалу Кацярына Бахвалава(be), Дар'я Чульцова былі пасьля гэтага арыштаваны, а ў лютым 2021 году атрымалі па два гады зьняволеньня[15])[16].

Пратэсты ў памяць Рамана Бандарэнкі таксама прайшлі ў Гомлі, Віцебску, Гародне, Баранавічах, Лідзе, Салігорску, Маладэчне, Жодзіну, Берасьці, Навагадку й іншых гарадох[13].

Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека выказалася наконт забойства і заклікала ўлады да публічнага расьсьледаваньня[17].

19 лістапада 2020 году амбасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе Джым Гілмар(uk) выступіў з заявай адносна забітага Рамана Бандарэнкі й таго, што яго суайчыньнікам не дазволілі аплакваць страту, паколькі сілы бясьпекі ўжылі гвалт, каб разагнаць і арыштаваць больш за 1200 чалавекаў, бязьлітасна зьнесьлі стыхійныя помнікі ў Менску й па ўсёй краіне 15 лістапада, назваўшы такія дзеяньні прыкметай «беспакаранасьці, з якой беларускія сілы бясьпекі працягваюць жорсткае падаўленьне мірных дэманстрантаў»[18].

26 лістапада 2020 году Эўрапейскі парлямэнт абмеркаваў сытуацыю на Беларусі[19][20]. Вынікам абмеркаваньня стала прыняцьце рэзалюцыі «з нагоды працягу парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасьці забойства Рамана Бандарэнкі», падтрыманай абсалютнай большасьцю дэпутатаў, з заклікам «хуткага, дбайнага, бесстаронняга й незалежнага расьследаваньня сьмерці»[21].

На 27 лістапада 2020 году крымінальная справа па факту сьмерці Бандарэнкі не ўзбуджана, у той час як былі затрыманы па крымінальнае справе журналіст TUT.BY Кацярына Барысевіч і ўрач Арцём Сарокін, якія паведамілі медыцынскую інфармацыю, што забіты быў абсалютна цьвярозы, што абвяргае словы Аляксандара Лукашэнкі й Натальлі Качанавай пра тое, што Бандарэнка быў пьяны. Міжнародная амністыя прызнала журналістку й лекара вязьнямі сумленьня. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Барысевіч палітычнай зьняволеннаю[22]. Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі сказаў, што ўлады змагаюцца не з праблемаю, а са СМІ: «Яны думаюць, што калі прэса ня будзе пісаць пра Бандарэнку, то людзі не даведаюцца пра гэтае. Яны, вядома ж, усё пазнаюць, але СМІ ўсё адно трапляюць пад удар»[23].

Расьсьледаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 лютага 2021 году Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу «па ч.3 арт.147 Крымінальнага кодэксу Беларусі па факце наўмыснага прычыненьня цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць Бандарэнкі Рамана Ігаравіча»[24].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Belarus: Mann nach brutaler Attacke in Minsk gestorben(ням.). Der SpiegelПраверана 2020-11-12 г. Архіўная копія ад 2020-11-12 г.
  2. ^ James Shotter. (2020-12-02) Violent crackdown fails to silence Belarus protesters(анг.). Financial Times(be)Праверана 2020-12-05 г. Архіўная копія ад 2020-12-02 г.
  3. ^ а б в Ольга Орлова. Вышел и не вернулся (рас.) // Брестская газета. — 2020. — № 47 (936). — С. 8.
  4. ^ Выкрадзены на «плошчы Пераменаў»» і зьбіты Раман Бандарэнка памёр, Радыё Свабода, 12 лістапада 2020 г.
  5. ^ «Шанцаў зусім мала». Збіты на «плошчы Перамен» Раман Бандарэнка знаходзіцца ў Бальніцы хуткай дапамогі, Наша Ніва, 12 лістапада 2020 г.
  6. ^ Памёр збіты Раман Бандарэнка з Плошчы перамен, Наша Ніва, 12 лістапада 2020 г.
  7. ^ Мужчина в сером костюме, который напал на Романа на «Площади перемен», очень похож на известного спортсмена, TUT.BY, 14.11.2020 г.
  8. ^ Бондаренко на Площади Перемен на землю завалил человек, похожий на топ-бойца, который играет в команде Баскова с сыном Лукашенко, Tribuna.by, 14.11.2020 г.
  9. ^ Служба информации «БГ». В Бресте задерживали на улице, в Барановичах — в аптеке (рас.) // Брестская газета. — № 47 (936). — С. 3.
  10. ^ Лукашэнка даручыў узяць пад сур'ёзны кантроль расьсьледаваньне акалічнасьцей сьмерці Рамана Бандарэнкі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 лістапада 2020 г. Праверана 15 лістапада 2020 г.
  11. ^ Беларусь: заявление пресс-секретаря Европейской службы внешних действий в связи со смертью Романа Бондаренко. EEAS - European Commission. Праверана 2020-11-13 г.
  12. ^ Еўрасаюз прыгразіў Мінску новымі санкцыямі з-за гібелі Рамана Бандарэнкі. Наша НіваПраверана 2020-11-13 г.
  13. ^ а б в Ольга Орлова. Вышел и не вернулся (рас.) // Брестская газета. — 2020. — № 47 (936). — С. 8.
  14. ^ nashaniva.by
  15. ^ Польскі прэзыдэнт заклікаў улады Беларусі амніставаць асуджаных журналістак «Белсату»Радыё Свабода, 18 лютага 2021 г.
  16. ^ Журналістак «Белсату» Андрэеву і Чульцову пакаралі 2 гадамі турмы за стрым з «плошчы Перамен». ФОТА і ВІДЭАРадыё Свабода, 18 лютага 2021 г.
  17. ^ OHCHR | Press briefing notes on Belarus(анг.). Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (2020-11-13).
  18. ^ On Human Rights Violations in Belarus(анг.). Амбасада ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе(en) (2020-11-19). Праверана 2020-11-26 г. Архіўная копія ад 2020-11-26 г.
  19. ^ Logo YouTube por Hernando.svg Відэа // in time Ukraine. 26 ноября 2020.
  20. ^ Усиление санкций, отмена ЧМ по хоккею и «внутренний терроризм». Евродепутаты эмоционально обсудили ситуацию в Беларуси // TUT.BY, 26.11.2020
  21. ^ Санкции, международное расследование преступлений. Европарламент принял новую резолюцию по Беларуси(рас.). TUT.BY (2020-11-26). Праверана 2020-11-26 г. Архіўная копія ад 2020-11-26 г.
  22. ^ Журналиста TUT.BY Катерину Борисевич перевели в СИЗО на Володарского. Письма ей почти не доходят(рас.). TUT.BYПраверана 2020-11-30 г. Архіўная копія ад 2020-11-30 г.
  23. ^ Ходьба по минному полю. Как в Беларуси сейчас работают журналисты(рас.). Нямецкая хваляПраверана 2020-12-04 г. Архіўная копія ад 2020-12-04 г.
  24. ^ Генпракуратура распачала крымінальную справу па факце сьмерці Рамана Бандарэнкі // Газэта «Зьвязда», 18 лютага 2021 г. Праверана 19 лютага 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]


Нерасьсьледаваныя зьнікненьні і сьмерці вядомых людзей у сучаснай Беларусі
Раман Бандарэнка | Алег Бябенін | Аляксандар Віхор | Віктар Ганчар | Васіль Гроднікаў | Зьміцер Завадзкі | Юры Захаранка | Генадзь Карпенка | Анатоль Красоўскі | Мікіта Крыўцоў | Анатоль Майсеня | Аляксандар Тарайкоўскі | Вераніка Чаркасава | Генадзь Шутаў

Глядзіце таксама: Сьпіс загінулых падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі (2020)